Джульета і экстрасэнс (зборнік) - Таццяна М. Мушынская 2 стр.


Надзя была здабытчыцай, яна мусіла круціцца на трох работах на адной стаўка, на іншых па палове стаўкі, каб яе сямейнікам хапала на самае неабходнае. Асноўнае месца працы філармонія, два разы на тыдзень музычнае вучылішча, яшчэ палова стаўкі на радыё. Калі ў вучэльні пачыналіся канікулы, Надзя магла больш займацца чарговай канцэртнай праграмай. Выкладаць яна была вымушана, а вось падрыхтоўка канцэртаў гэта для душы. Канцэртамі вялікія грошы не заробіш, дый перагружаць голас Надзя пабойвалася, але калі б Алег часцей успамінаў пра яе і Алесіка, дык і не трэба было б увесь час душыцца і шукаць дадатковы заробак.

Тэлефанаваць Алегу і прасіць аб дапамозе ці нават патрабаваць Надзя не магла. Было ў такіх просьбах штосьці зневажальнае. Калі прызнаць, што Надзіна прафесія не дае ёй магчымасці пражыць самой і забяспечыць неабходным сына, значыць, згадзіцца, што ў іхняй даўняй спрэчцы праўда на ягоным баку. Надзя нічога не патрабавала, не назаляла званкамі і, мяркуючы па ўсім, Алега такая сітуацыя цалкам задавальняла.

* * *

Грошай не хапала заўсёды. І таму гастрольныя вандроўкі за мяжу, якія ладзіліся час ад часу, успрымаліся як ратаванне. Вядома, трэба цягнуць з сабой велізарную сумку з прадуктамі. А ў ёй кансервы, пакеты з супамі і кашамі, крупы, кіпяцільнік,  каб сэканоміць на ежы і не растранжырыць, а прывезці дадому сутачныя і ганарар. Спачатку Надзі было сорамна за гэтыя тушонкі і вермішэлі: «Артыстка называецца!», але, убачыўшы, што гэтаксама робяць, выпраўляючыся за мяжу, піяністы, скрыпачы і артысты ансамбляў танца, Надзя супакоілася і ўспрымала сітуацыю з гумарам.

Амаль з кожнай вандроўкі яна прывозіла большы ці меншы стосік «зялёных». Праўда, разляталіся яны хутка. То аказвалася, што ў кватэры ўжо шмат гадоў не рабіўся рамонт, то дзіцяці патрэбен новы ровар, то трэба выкласці астранамічную суму, каб адправіць Алесіка ў загарадны летнік бясплатныя пуцёўкі адышлі ў нябыт. Стосік «зялёных» раставаў, і Надзя была вымушана згаджацца на новую вандроўку. Нават калі ўмовы гастроляў не надта дужа задавальнялі.

Частка другая

Алег

Часам Надзя задумвалася, чаму ў іх з Алегам не склалася сумеснае жыццё. Усё пачыналася так светла і радасна. Здавалася, што ўзаемных пачуццяў хопіць на ўсё жыццё.

Алег меў прыстойны голас, не надта моцны, эстраднага плану. Магчыма, эстрада вабіла яго і таму, што грошы тут прыходзілі лягчэй. Гэта табе не напаўпустыя залы філармоніі і не дзяржаўныя датацыі! Сама Надзя, спявачка класічнай арыентацыі, лічыла, што на эстрадзе ёсць розныя стылі і манеры паводзін. Але тая, якую абраў для сябе Алег, ёй не падабалася. Спачатку спрабавала пераканаць, што гэта патыхае вульгарнасцю, што песні, якія ён спявае,  адлюстроўваюць невысокі ўзровень культуры. Але праз нейкі час зразумела, што размовы марныя, і голас яе ў пустыні галосіць.

Адносіны пачалі памалу псавацца. Цяпер у паводзінах Алега Надзя ўвесь час адчувала прыхаваную ці відавочную абразу, жаданне прынізіць і зняважыць. «Прывітанне Шуберту і Грыгу!» са здзеклівай усмешкай прамаўляў ён, калі яна збіралася на свой канцэрт. Часам прозвішчы кампазітараў мяняліся у залежнасці ад таго, што павінна была сёння спяваць Надзя, і замест Шуберта і Грыга гучала: «Прывітанне Шуману і Баху!» Стрываць гэта было цяжка. Пасля такіх рэплік расказваць пра сваё не хацелася. I таму Надзя не гаварыла з ім пра свае клопаты. Ды і ягонымі справамі не дужа цікавілася.

Бацькі Алега мелі ўласную машыну. I Надзя часам з крыўдай думала: «Хай бы калі ўзяў у бацькоў машыну, каб падвезці з ускраіны горада ў цэнтр. Каб не ехаць на канцэрт у мароз або ў туман. Штораз турбуешся, што са звязкамі што-небудзь здарыцца і на ўсё астатняе жыццё зробішся прафесійна непрыдатнай. А што тады? Чым займацца?..» Але, відаць, такія высакародныя думкі ў галаву Алега не прыходзілі.

Спакваля ў яго зявіліся сябры, да якіх прыслухоўваўся болей, чым да яе парад. Яго жыццём, як і яе, былі рэпетыцыі, канцэрты, гастролі. Але цяпер да іх усё часцей далучаліся рэстараны і познія, аж да ранку, гасцяванні. Часам ён наогул не прыходзіў начаваць. Надзя трывала доўга, але аднойчы здарылася так, што Алесік захварэў, яго не было з кім пакінуць, і Надзя была вымушана тэрмінова адмяніць уласнае выступленне толькі таму, што Алег швэндаўся невядома дзе. Бацьку не цікавіла, здаровае яго дзіця ці хварэе. Тут Надзіны нервы не вытрымалі, і яна выплюхнула на Алега ўсё, што віравала ў яе душы апошнім часам.

Той моўчкі выслухаў, а потым пачаў рагатаць:

 Слухай, а можа, ты раўнуеш? Наконт гэтага ты не хвалюйся, у нас выключна мужчынская кампанія!

 Яшчэ цікавей!

 Я не тое меў на ўвазе  і Алег пачаў з захапленнем распавядаць пра свае грандыёзныя планы ў галіне шоу-бізнесу.  Я табе па сакрэце сказаў, нават не ўсім кампаньёнам такую закрытую інфармацыю давяраю!  Вочы яго літаральна гарэлі. Надзька, якія тут грошы круцяцца!

«Эх, Алег, чаму ў цябе так вочы не гараць, калі ты на сцэну з мікрафонам выходзіш?» з сумам думала Надзя, гледзячы яму ў твар.

Напэўна, Алег спадзяваўся, што ў іх сумесным жыцці яшчэ нешта склеіцца і наладзіцца.

 Кідай ты сваіх класікаў! Колькі можна іх спяваць! Ніякага наедку з іх няма Давай да нас. Спачатку цяжка будзе на эстрадны стыль перайсці, а потым уцягнешся.

«Ага, якраз! Напаўапранутая, напаўраспранутая, буду разам з тваімі дзявулямі з кабарэ нагамі махаць!  падумала сама сабе Надзя, але ўголас нічога не сказала.  Не, не можа ён змяніцца. I не збіраецца Гэта ягоная стыхія, і тут ён будзе заўсёды адчуваць сябе прывольна».

Яе маўчанне Алег, відаць, успрыняў як роздум і працягваў угаворваць:

 А можа, ты пойдзеш да мяне адміністратарам? Не памятаю, казаў ці не, што ствараю фірму, звязаную з арганізацыяй эстрадных канцэртаў і фестываляў. А яшчэ кліпы, выпуск дыскаў! Знайшліся людзі, якія пад такую справу вялікія грошы даюць. Хутка я для ўсіх спевакоў буду лепшым сябрам. У чаргу будуць станавіцца, каб на прыём да мяне трапіць  Алег задаволена ўсміхнуўся.

 Ну, не пераскочыў не кажы гоп!  сцішыла яго імпэт Надзя.  А ты не думаеш, што для адміністратара фірмы занадта мець кансерваторскую адукацыю?

 А ты не мяняешся! Хто кансерваторыю скончыў, усе такія адна толькі пыха, амбіцыі і пагарда. «Ах, гэта не класіка, гэта масавая культура!» высокім тонкім галаском перадражніў Алег, і даволі ўдала, музыказнаўцу, іх агульную знаёмую.

Надзя ледзь не засмяялася.

 Ну, як сабе хочаш! Пераконваць больш не буду. Ты не разумееш, куды жыццё ідзе. Я спрабую табе патлумачыць, а ты ўпарцішся

Пакуль Алег гаварыў, Надзя ўважліва на яго пазірала. Ці то паўплывала наяўнасць грошай у кішэні, а значыць, і смачных прадуктаў у прывабных замежных абгортках, якія ўсё часцей пачалі зяўляцца ў іх доме, ці то надта мітуслівае жыццё, але Алег пачаў хутка папраўляцца, рабіцца рыхлым і азызлым. Гледзячы на яго, Надзі цяжка было згадаць высокага хударлявага юнака, з якім калісьці вучылася разам, які з радасцю дарыў ёй кветкі пасля выступленняў. Некалі разам яны хадзілі на канцэрты і спектаклі, а потым яшчэ паўночы абмяркоўвалі ўбачанае і пачутае. Цяперашні Алег закрэсліў таго, ранейшага. Закрэсліў назаўсёды. I тут не трэба спадзявацца на перамены.

Тая іхняя размова аказалася, напэўна, апошняй надзеяй Алега, што ў іх сумесным жыцці штосьці зменіцца. Але надзеяй марнай. Разышліся яны ціха, без скандалаў і істэрык. Дзякуй богу, кааператыўную двухпакаёўку, якую Надзі яшчэ ў савецкія часы пабудавалі бацькі, дзяліць не давялося. Алег забраў рэчы і перайшоў жыць да бацькоў, балазе, там прасторная чатырохпакаёвая кватэра. А праз нейкі час сустрэўся са Светай і падаўся жыць да новай жонкі. Казалі, што яна працуе адміністратарам у ягонай фірме.

Надзя ведала ад прыяцелек, што Алег і Света не распісваліся, так сышліся, пакуль жывуць разам. Ад першага шлюбу ў Светы дзяўчынка, амаль аднаго ўзросту з Алесікам. Агульных з Алегам дзяцей пакуль няма. Неяк выпадкова Надзя ўбачыла на вуліцы Алега разам са Светай, кідкай, эфектнай бландзінкай, і сама здзівілася: ні рэўнасці, ні шкадавання, нічога не варухнулася ў душы.

А тады, на развітанне, стоячы ля дзвярэй і зірнуўшы на Надзю, Алег сказаў з усмешкай:

 Ну, пакуль, манашка!

Яна неяк праз сілу, ненатуральна ўсміхнулася:

 Ты здзіўляешся, што я табе не здраджвала? Бачыш, я і не здагадвалася! Можа, наступны раз больш пашанцуе? Сустрэнеш не манашку

Што пацягнула Надзю за язык сказаць такія словы, яна не ведала. Можа, таму, што «манашка» балюча і крыўдна разанула слых. Але самае смешнае, сталася так, як Надзя пажадала. Света аказалася добрай гулёнай, і цяпер ужо не Надзя чакала, пакуль Алег зявіцца дадому пад раніцу пасля рэстарана ці гулянкі, а Алег Свету

Тады ж, у дзвярах, ён дадаў, як заўсёды:

 Прывітанне Шуману і Грыгу!

 Дужа патрэбны ім твае прывітанні!

Дзверы шчоўкнулі. Надзя потым яшчэ доўга плакала, успамінаючы іх развітанне і з абразай кінутае «манашка». Быў у гэтым вызначэнні нейкі прыхаваны намёк. На тое, што ў ёй няма нечага істотнага, што патрэбна для звычайнага шчасця. І тады атрымлівалася, што калі ў Алега не было цікавасці да яе, дык вінаватая ў тым сама Надзя. Але час загаіў раны, усё адышло, страціла вастрыню і зрабілася ўспамінам, да якога яна імкнулася не вяртацца.

Назад Дальше