Уладзевы гісторыі (зборнік) - Уладзімір Мікалаевіч Сіўчыкаў


Уладзімір Сіўчыкаў

Уладзевы гісторыі

Проза

© Сіўчыкаў Ул., 2015

© Сіўчыкаў Ул., 2016

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

Візітоўка

Колькі гадоў таму падчас усесаюзнага пісьменніцкага форуму, што праходзіў у Львове, загадчык гаспадарчай часткі СП Беларусі Сямён Самуілавіч Э. шпацыраваў па горадзе ў кампаніі трох кабет, пісьменніцкіх жонак.

Захацелі зайсьці ў рэстарацыю, але шыльдачка на дзвярах запэўнівала, што вольных месцаў няма. Ды кавалер супакоіў дам маўляў, зараз патрапім. Паклікаў ён непадступнага прыдзверніка і падаў таму кардонны простакутнічак

Неўзабаве кампанія размясцілася ў шыкоўным кабінеце, а здзіваваныя дамы настойліва дапытваліся, што так падзейнічала на адміністрацыю. Сямён Самуілавіч адно толькі загадкава пасміхаўся, але пасля трэцяга кілішка Гуцульскай раскрыў інтрыгу.

На візітоўцы з гербам, якую паказаў ён і сваім цікаўным спадарожніцам, было выдрукавана:

МАКСІМ ТАНК

(Яўген Іванавіч Скурко),

Старшыня Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР,

дэпутат Вярхоўнага Савета СССР,

член ЦК КП Беларусі,

Акадэмік АН БССР.

Аказалася, што калі замаўляў у друкарні Сямён Самуілавіч візітоўкі Народнаму паэту Беларусі, дык пакінуў з дзясятак асобнікаў сабе. З гонарам паказаў ён і быкаўскія, мележаўскія, шамякінскія візітоўкі, якімі прынагодна карыстаўся, калі надакучвала прадстаўляцца Максімам Танкам.

10 лютага 1992 года.

Зязюля

Літаратар-узвышэнец паскардзіўся Змітраку Бядулю, што спаўбрат па пяры нахабна падкочваецца да ягонай жонкі, і папрасіў паўшчуваць лавеласа.

На адной з літаратурных вечарын ахвочы да жаночае ласкі кінуўся да класіка паручкацца: Вітаю вас, дзядзька Бядуля!

 І ты будзь здаровы, зязюля!  рыфмаю грымнуў у адказ патрыярх прыгожага пісьменства.

 У якім сэнсе, дзядзька Бядуля? Чаму гэта я зязюля?!  зніякавеў той.

 А ў самым простым, у самым прамым!  адказаў, як адрэзаў, звычайна вельмі далікатны ў абыходжанні класік.  Не кладзі яйцы ў чужое гняздо!

13 лютага 1992 года.

Бармен vs драматург

За тое, то падбівалі астатніх працаўнікоў узбунтавацца супраць начальства, саслалі з рэстарана гатэля Мінск двух барменаў, Валодзю з Генам. Адкамандзіравалі іх у Дом літаратара, у бар, што мясціўся на першым паверсе, у каміннай зале.

І вось неяк увечары Гена, паклаў рукі на стойку далонямі дагары і разгублена наракаў Міколу Сцепаненку, што лічыўся ў Доме літаратара за электрыка.

 Не можа быць! Такое са мною першы раз у жыцці!

 А што здарылася?  Мікола сербануў прастаўленай Генам кавы.

 Ты, мабыць, не горш за мяне ведаеш: грошы да яшчэ большых грошай самі плывуць, цягнуцца, нібыта прымагнічваюцца. Таму я заўсёды стараюся быць пры грашах, дый немалых. Калі не маю ў кішэні штукі ці дзвюх, чалавекам не пачуваюся. А сёння, сёння я сам даў кліенту лішняга чырвонца рэшты!  Гена разглядаў свае ладоні так, быццам аніколі ў жыцці іх не бачыў. Не дадаць, не даважыць, не даліць гэта я магу Але даць лішку?! А ён, ты ўяўляеш, вярнуў мне таго чырвонца!

 І хто гэта ён?  недаверліва спытаўся Мікола.

 Ды вунь той мажны барадач у джынсовым гарнітуры. Узяў для пачатку банку Шампуні ды дзве колбы Белавежы на сваю кампанію

 Ну, ты даеш! Гэта ж савецкі мільянер, драматург Лёша Дудароў! Ды за адно толькі тое, што ягоныя песы ставяць ў трохстах тэатрах, пералічваюць яму па дзвесце пяцьдзесят тысяч на год!  Мікола падаў бармену парожнюю філіжанку і паблажліва паляпаў па плячы.  Глядзі, не здай усю сваю дзённую выручку, калі раптам наведаецца сюды празаік Іван Пятровіч Шамякін!

23 сакавіка 1992 года.

Беспрацоўныя

Ніна Іванаўна Прус была ў Доме літаратара за курера і за прыбіральшчыцу аж покуль не выйшла на пенсію.

А муж у яе рабіў шафёрам. Аднаго разу патрапіў ён у аварыю, ледзь не забіў машынай дзяўчынку пры дарозе. Пасля таго доўга не мог адолець моцнае псіхічнае ўзрушэнне дый сесці за руль. Паставілі яго нават на ўлік у псіханеўралагічны дыспансер, што ў Менску на вуліцы Бехцерава, дый адпаведную адзнаку ў пашпарце зрабілі.

Але час, які найлепшы лекар, браў сваё.

Ачуняў ён. Трэба ж недзе рабіць. Але адно толькі і ўмее, што круціць баранку. Ды хто ж яму выдасць правы наноў?!

Узяў ён тады дый спаліў свой пашпарт, а ў новым, атрыманым на падставе метрык ды вайсковага білета, дамаляваў маленькую вертыкальную рысачку змяніў сваё прозвішча з Прус на Трус!

Заявіўся з тым пашпартам на Бехцерава. Атрымаў па ім даведку, што на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры не стаіць, а разам з ёю магчымасць зноў працаваць шафёрам

А вось у сына Ніны Іванаўны праблемы з працаўладкаваннем узніклі па ягонай уласнай ініцыятыве. І праявіў ён тую ініцыятыву, калі служыў у чыне лейтэнанта ў аддзеле па барацьбе з крадзяжом сацыялістычнай уласнасці і спекуляцыяй.

Доўгі час бясследна знікалі грузы, у асноўным тавары народнага спажывання, на чыгуначным перагоне БрэстМінск. Весці тую справу даручылі маладому дый ініцыятыўнаму лейтэнанту Прусу.

Каб высачыць няўлоўных раскрадальнікаў, праехаў ён сам на даху таварнага вагона ад Брэста да самой сталіцы. І што ж пабачыў?! У менскім тупіку камісія на чале з ягоным саслужыўцам падагнала да аднаго з вагонаў машыну, загрузіла ўсё, што захацела, а потым склала акт пра раскраданне.

Падаў малады лейтэнант рапарт па камандзе, і неўзабаве выклікалі яго да начальства. Сказалі ў высокім кабінеце, што такія ініцыятыўныя як ён у аддзеле непатрэбныя, паабяцалі добра працаўладкаваць і загадалі напісаць яшчэ адзін рапарт пра тое, што звальняецца па ўласным жаданні.

12 кастрычніка 1992 года.

Футра

Зімовым вечарам леглі на дно і чаркавалі ў сваёй падводнай лодцы, рэдакцыйным сутарэнні па сталічнай вуліцы Кісялёва, Уладзімір Н., Міхаіл К. ды Павел Я.

Глыбока за поўнач, у самы разгар пасядзелак прыехала на машыне жонка аўтара аповесці Левы крайні, учыніла скандал і стала цягнуць яго дахаты.

Пачаў той выбачацца перад кампаньёнамі за сваю лепшую палову, а грасмайстар фельетонаў і футбольных аглядаў па-філасофску зазначыў: Лепш бы ты, Міша, замест машыны купіў жонцы такое дарагое футра, у якім яна баялася б адна нават увечары, а не тое што ўначы выйсці на вуліцу!

26 лютага 1993 года.

Ракаўскі салавей

Вясною выступаў паэт-песеннік Авярян Дз. перад гасцямі ды супрацоўнікамі Дома творчасці і адпачынку Іслач, што па-над аднайменнай рэчкаю, непадалёк мястэчка Ракаў.

Наракаў, між іншым, на недабразычліўцаў, якія нібыта праз творчую зайздрасць і нягледзячы на рэкамендацыі Пятра Глебкі ды Анатоля Астрэйкі, дванаццаць гадоў не прымалі яго, аўтара дзесяці кніжак, у члены Саюза пісьменнікаў.

Але калі Авярян Сафонавіч заявіў, што ў Іслачы салаўіным куце у яго штодня нараджаюцца па тры песні, адна з кухарак меланхалічна зазначыла калежанцы: Мабыць, пасля кожнага сняданка, кожнага абеду і кожнае вячэры. Бо пасля вечаровага кефіру хіба што добрае напішацца?!

7 красавіка 1993 года.

Алімпійцы

Скончыла Ірына К. у політэхнічным інстытуце факультэт Аўтамабільныя дарогі і гідразбудаванні па спецыяльнасці Праектаванне, пабудова і эксплуатацыя аўтамабільных дарог.

Атрымала яна дыплом і пакіравалася працаваць майстрам, будаваць бетонную, так званую алімпійскую аўтастраду БрэстМасква.

Выйшла яна на працу, схапілася за вушы і ў першы ж дзень накатала дакладную начальніку будаўнічага трэста, што рабочыя шафёры, экскаватаршчыкі, бульдазерысты несупынна і брыдка лаюцца.

І як жа прарэагаваў той начальнік? Паабяцаў маладому спецыялісту разабрацца і нават аштрафаваць вінаватых.

Прыехаў і з алімпійскім спакоем, затое цэлым фантанам вычварных, мудрагелістых мацюкоў абклаў прараба, што падвярнуўся яму пад руку, а потым і іншых падначаленых.

10 красавіка 1993 года.

Камплімент

Доўгі час у Галіны Кліменцьеўны Макаравай узнікалі складанасці з анкетнай графою сацыяльнае паходжанне. Праблематычна было ёй аднесці сябе як да пралетарыяў, так і да сялян: дзед быў святаром, а бацька афіцэрам-белагвардзейцам.

У сярэдзіне 30-х гадоў дваццатага стагоддзя студыя Беларускага драматычнага тэатра (БДТ-І) сталася адзіным месцам, дзе асабліва не цікавіліся ейнай біяграфіяй, а таму пайшла яна вучыцца на драматычную актрысу.

З Купалаўскім тэатрам Галіна Кліменцьеўна звязала свой лёс назаўсёды. Менавіта там расквітвеў яе талент характарнай актрысы, там заслужыла яна званні Народнай артысткі Беларускай ССР, а потым і Савецкага Саюза. На тэатральнай сцэне, у кіно і на тэлебачанні давялося ёй выконваць ролі пераважна вясковых кабет Дзятлічыхі, мачахі Ганны, бабы Шуры, бабы Мані, бабы Веры

Дальше