І так звыкла, так натуральна увайшла яна ў вобраз, што падчас кіназдымкаў паводле Мележаўскай трылогіі адзін дзядок у палескай вёсцы доўга прыглядаўся да яе, а потым не ўтрываў дый кажа: Бачу, етыя арцісты тут усё разыгрываюць, прыдурваюцца. А што ты, звычайная вясковая баба, таўчэшся спаміж іх, што ты тут робіш?! У мяне вунь хата пустая Дык, можа, пайшла б лепей да мяне за гаспадыню? Не сумнявайся, са мною бязбедна, як у Бога за пазухай жыцьмеш!
12 красавіка 1993 года.Бюст
Антыкамуніст, немец-перакладчык Норберт Р. падгаварыў слыннага паэта Анатоля С. прыбраць з вачэй бюст Леніна, што стаяў у холе на другім паверсе Дома літаратара. Анатоль здолеў не толькі зняць з двухметровай увышкі стэлы цяжэзарны бюст правадыра пралетарыяту, а і аднесці яго, прыткнуць носам у кут паміж канферэнц-залаю і прыёмным пакоем старшыні Рады Саюза пісьменнікаў.
А тут якраз пачалі падыходзіць удзельнікі міжнароднага семінара перакладчыкаў беларускае літаратуры. Запахла літаратурным палкоўнікам еўрапейскім скандалам.
Гукнулі яны свежаспечанага дырэктара Дома літаратара Віктара Л., якога паспелі ўжо ахрысціць Вадаправодчыкам, бо па спецыяльнасці ён, і праўда, быў сантэхнікам. Але той не змог нават зрушыць бюст і не прыдумаў нічога лепшага як прыкрыць яго зрэбнай посцілкаю.
А наступнае раніцы пад пагрозаю не падпісаць заявы на адпачынак ці нават таго-сяго зволіць сабраў дырэктар-сантэхнік каманду з шафёраў ды электрыкаў.
Цягнуць пралетарыі бюст Ільіча, а паэт за іхнімі спінамі здзекуецца: Я адзін зняў, а вы, слабакі, і ўпяцёх паставіць не патрапіце!
Але памыліўся. Ледзь не адціснулі пралетарыі нагу свайму дырэктару, але ўзгрувасцілі гіпсавы стод на ранейшае месца.
А пяцідзесяцігадовы сантэхнік так упацеў, так сасмягнуў, покуль кіраваў палітычна-гаспадарчай акцыяй, што даў найменне Смага зборніку сваіх вершыкаў ды з маладым запалам кінуўся выдаваць яго ў Бібліятэчку часопіса Маладосць.
14 красавіка 1993 года.Зайздрасць
Пасля творчага адпачынку вяртаўся Янка С. з абхазскага выраю, з Дома творчасці і адпачынку Піцунда. Палёт праходзіў нармалёва, хіба што не надта камфортна пачуваўся пісьменнік сярод дэлегатаў усесаюзнай канферэнцыі, глушцоў і нямкоў ад нараджэння.
Раптам самалёт лёг на правае крыло і пачаў мяняць курс. Паміж радоў крэслаў паспешліва прайшла сцюардэса, а неўзабаве ў салоне прагучала абвестка, што па тэхнічных прычынах экіпаж мусіць зрабіць аварыйную пасадку проста на мора.
Глянуў спалатнелы Іван Данілавіч, а суседзі ягоныя ціхамірна дрэмлюць або па-ранейшаму бесклапотна вядуць свае дыялогі моваю жэстаў ды выразнай артыкуляцыі.
Вось тады на імгненне і пазайздросціў пісьменнік глушцам і нямкам.
Але, дзякаваць Богу, усё абыйшлося, і самалёт удала прызямліўся ў Адэскім аэрапорце.
15 красавіка 1993 года.Паспачуваў
Сустрэў у рэдакцыйным калідоры Юрыя С. калега-літаратар Алесь Г. і са спачуваннем спытаўся: Нешта ты пахмурны?
Ды вось, браце, не шансуе апошнім часам Жонка хварэла тры месяцы пралежала ў лякарні. А цешча дык увогуле інфаркт перанесла й ледзь выкараскалася, паспавядаўся Юрась. Дый напісаў апошнім часам нямнога усяго толькі дзьве гумарыстычныя аповесці
13 ліпеня 1993 года.Абрэвіятуры
Уладкавалася была на працу ў акадэмічны Інстытут мовазнаўства імя Якуба Коласа жонка паэта Міколы М.
Прыйшла яна ў сектар, на непасрэднае мейсца працы, і вельмі пакрыўдзілася на прынятую там абрэвіятуру жопіс, якую адрасавалі супрацоўніцам ЖОнкам ПІСьменьнікаў.
Папрашу ня блытаць, рашуча заявіла кабета. Мой муж не просты, не звычайны пісьменьнік, а паэт!
Загадчык сектара Аляксандр Мікалаевіч Б., якому расказалі пра жаночую крыўду, меланхалічна разважыў: Ну што ж, калі яна ЖОнка ПАЭТА, дык давядзецца нам усім у адносінах да яе выкарыстоўваць іншую абрэвіятуру, іншае скарачэнне: ЖОПАЭТА!
21 студзеня 1994 года.Сузіранне
Славутая перакладчыца японскага клясыка Басё на расейскую мову Вера Маркава нарадзілася ў Менску. Гэта яшчэ адна нітачка, яшчэ адна містычная сувязь паміж Японіяй і Беларуссю, якіх, пры жаданні, можна знайсьці нямала.
Сузіранне
Славутая перакладчыца японскага клясыка Басё на расейскую мову Вера Маркава нарадзілася ў Менску. Гэта яшчэ адна нітачка, яшчэ адна містычная сувязь паміж Японіяй і Беларуссю, якіх, пры жаданні, можна знайсьці нямала.
Турыстаў у Японіі прывозяць на пляцоўку, адкуль відаць Фудзіяма, і пакідаюць там на некалькі гадзін. Тыя абураюцца: што мы будзем рабіць тут столькі часу?! Сузіраць прыгажосць, чуюць яны ў адказ.
Пэўна, і ў беларусаў ёсць гэткае ж імкненне да цярплівага сузірання хараства. Спыніцца, засяродзіцца й сузіраць гэта вельмі карысна. Любы беларус можа прыйсьці, прыкладам, да гарадзенскай Каложы і сузіраць гэты цуд гадзінамі. Альбо прыйсці да полацкай Сафіі, да Сынковіцкай царквы-крэпасці, няспеша абходзіць іх і падоўгу любавацца іхнаю красой. Альбо папросту ляжаць на спіне дзе-небудзь на ўзлеску і бясконца глядзець на аблокі.
А калі павярнуць пытанне Ці падобныя светапогляды беларусаў і японцаў? у гумарыстычны бок, дык чалавек аніколі ня стоміцца, як бы доўга яны ні доўжыліся, сузіраць чатыры рэчы: як цячэ вада, як гарыць агонь, як яму выдаюць грошы і як іншы працуе, а ён там часам спачывае.
23 ліпеня 2004 года.Пытанні крыві
Мабыць, слушная здагадка-азарэнне: напэўна ж, нездарма апынулася ў Парыжы беларуская дзяўчына Надзея Хадасевіч з мястэчка Зембін. Хутчэй за ўсё, паклікала яе ў Францыю кроў. Паклікалі тыя кропелькі гальскае крыві, якія пацяклі, запульсавалі ў жылах яе продкаў напачатку дзевятнаццатага стагоддзя, пасля таго, як на Барысаўшчыне некалькі месяцаў кватаравалі напалеонаўскія войскі. Пад Зембіным і дагэтуль стаіць так званы Напалеонаў дамок
Дык ці не да далёкіх сваякоў выправілася напачатку дваццатага стагоддзя Надзея з надзеяй ці нават з пэўнымі гарантыямі?
Мабыць, была пэўная наканаванасць і ў тым, што сталася яна навучэнкаю, а потым і жонкаю, стваральніцай музея і захавальніцай творчай спадчыны славутага французскага жывапісца, кераміста і манументаліста Фернана Лежэ?!
Як казаў адзін з Булгакаўскіх герояў: Пытанні крыві самыя складаныя пытанні ў свеце.
5 лютага 2005 года.Найдаражэйшы каньяк
Пасля аднае імпрэзы мастакі бралі кроплю дый заспрачаліся былі, хто з іх смакаваў самы экзатычны дый самы дарагі напой.
У апошняй намінацыі пра сваю бясспрэчную перавагу абвясціў Канстанцін Ш.: Асабіста я спажываў аднаго разу каньяк за тысячу даляраў!
Заінтрыгаваныя калегі прыціхлі, каб выслухаць ягоныя аргументы.
Аказалася, што сыходзіў неяк Косця ўвечары ад знаёмцаў дый дазволіў сабе на развітанне кілішак каньяку, маўляў, дахаты даеду без прыгодаў, бо гэта зусім поруч літаральна пару кварталаў.
Аднак толькі выруліў з двара на праспект, як прыпыніў яго аўтаінспектар-ДАІшнік.
Папрасіў паказаць дакументы і, як на злосць, унюхаў у салоне сваёй дзяжурнай машыны пах спіртнога!
Натуральна, не схацеў Канстанцін страціць вадзіцельскія правы дый стаў дамаўляцца, каб разысціся з інспектарам палюбоўна, а гэта значыць праз грашовы штраф.
Раскрыў партманетку, а ў ёй толькі дробныя беларускія купюры дый сотка баксаў!
Давялося ахвяраваць далярамі
Так пяцідзесяціграмовы кілішак абышоўся Канстанціну фактычна ў сто даляраў, а паўлітровік пацягнуў адпаведна на тысячу зялёных!
25 сакавіка 2005 года.Ь
Адзін з шырока растыражаваных і выстаўленых у расейскай сталіцы плакатаў гарадскім уладам і службам давялося дэмантаваць. А вінаваты аказаўся лішні мяккі знак!
Замест Не спится ветеранам на бігбордах красавалася Не спиться ветеранам!
Гэты прапагандысцкі шэдэўр, зразумела, не знамыснасць, а вынік перадсвяточнай істэрыі або нават банальнай непісьменнасці выканаўцаў.
Але, аказваецца, мяккі знак можа быць вызначальным, знакавым і спалітызаваным ня толькі ў нашае мове і рэчаіснасці!
9 траўня 2005 года.Альтэрнатыва
Часам нядобразычліўцы, што беспамылкова адчувае па інтанацыях, пытаюцца ва Уладзі:
А ў якім вы за сябра пісьменніцкім саюзе, Уладзімір?
У адзіна правільным і самым сапраўдным, у тым самым, што быў утвораны ў 1932 годзе на загад Іосіфа Вісарыёнавіча Сталіна, у тым, у які ўваходзілі Народныя паэты і пісьменнікі Янка Купала і Якуб Колас, Аркадзь Куляшоў і Максім Танк, Міхась Лынькоў і Іван Мележ, Васіль Быкаў і Янка Брыль