Ды хаця б таму, што яна мая жонка!!! Хадземце, я вас зараз пазнаёмлю!
Сітуацыя нагадвала знакамітую сцэну, калі самы папулярны герой Артура Конан Дойла, дэтэктыў Шэрлак Холмс дабрадушна пацвельваў свайго сябра і біёграфа доктара Уотсана. Глядзеў ён нібыта на незнаёмага праходжага праз акно кватэры місіс Хадсан і расказваў пра таго неверагодныя падрабязнасці.
А потым прызнаўся небараку, што пераказваў дэталі біяграфіі, апісваў свайго роднага брата Майкрафта Холмса!
24 верасня 2009 года.Піжоны
Спаслаўся адзін дзяржаўны дзеяч на нібыта шматлікія просьбы, і ў адзін дзень праспект Машэрава стаўся праспектам Пераможцаў.
Затое Машэрава перакінуў хоць і бліжэй да цэнтра горада, але на меньш прэстыжную транспартную артэрыю. Да таго ж панізіў у статусе: усё ж вуліца, а не праспект, як гэта было раней.
А яшчэ надумаўся паставіць памятны знак Машэраву і адным стрэлам забіць трох-чатырох зайцоў.
Па-першае, легітымізаваць, замацаваць у свядомасці мінчукоў і гасцей сталіцы новую назву замест Варвашэні.
Па-другое, адпрэчыць нават думку пра імаверны помнік Машэраву, маўляў, скульптурная адмеціна, хай сабе і барэльеф, ужо ёсць.
Па-трэцяе, канчаткова заблытаць недасведчаных з датамі перанайменняў праспекта.
Але і сам гэты памятны знак стаўся аплявухай дачцэ колішняга партыйнага і дзяржаўнага кіраўніка, якая намервалася была выставіць на прэзідэнцкіх выбарах сваю кандыдатуру, а таксама ўсім ягоным паплечнікам і прыхільнікам.
Паводле законаў манументальнага (не садова-паркавага!) мастацтва, выява мусіць быць большай за натуральны памер чалавека. А з Машэрава зрабілі паленца з метар вышынёю, гэткага Бураціну, хіба што не драўлянага. Ну ніяк не цягне тая выява на знакамітага і значнага дзеяча! Рука правадыра павінна была б паказваць як мінімум шлях у светлую будучыню. А тут атрымаўся піжон (ад фр. pigeon = голуб пусты франтаваты малады чалавек) у модным плашчыку ды яшчэ з рукамі ў кішэнях! Хаця, можа, добра яшчэ, што не зрабілі калгасным кіраўніком з кошыкам бульбы.
А вось у плане піжонства паспрачацца з выявай Пятра Міронавіча можа хіба што скульптурная выява Уладзіміра Ільіча, што на галоўнае плошчы ў Заслаўі. Так званы правадыр сусветнага пралетарыяту з задавальненнем жыў у еўрапейскіх сталіцах на партыйныя, а дакладней на буржуйскія грошы, на грошы такіх фундатараў як рэвалюцыянер-авантурнік Аляксандр Парвус, народжаны ў Беразіно як Ізраіль Лазаравіч Гельфанд.
Здаецца, вось-вось ступіць Ільіч на заслаўскі асфальт з лонданскага паба ці з брусельскага бістро. Левая рука ў яго ўтульна пачуваецца ў кішэні нагавіцаў, а пальцы правай фацэтна закладзеныя за борт моднай камізэлькі. Яму б яшчэ кацялок замест кепкі на галаву дый кіёчак пад паху!
7 лістапада 2009 года.Макавеі
Зайшлі два маладзёны на дачны ўчастак да Вальжыны Н., спачатку спыталі, а потым сталі патрабаваць, каб павырывала і аддала ім макі.
Гаспадыня абуралася, адпрэчвала нязваных гасцей, але тыя не зважалі нават на яе мужа, які на шум выйшаў з дому.
Слухай, цётка, не раві! Аддавай макі па-харошаму, покуль мы яшчэ добрыя!
Нішто сабе, добрыя убіліся на чужую сядзібу без дазволу ды яшчэ тут камандаваць будуць!
Канечне, добрыя! Другія даўно сілком павырывалі б тое, што трэба, змультавалі б табе кусты дый павытоптывалі б грады. Урэшце, сваё патрабуем!
Вольга ледзь не захлынулася ад абурэння: Гэта што ж тут ваша?!
А тое, што трэба! Хіба ты гэтыя макі садзіла?! Мы ж па вясне і падсыпалі насення на твае ўскапаныя грады! А верабі пад суседскім плотам, думаеш, чаго валяюцца ў пяску дагары нагамі? Надзяўбліся нашых канопляў Якіх яшчэ канопляў?!
А вунь тых кусцікаў з жоўтымі мяцёлкамі. Спытайся ў свайго мужыка: ён у цябе ў акулярах, на разумнага падобны.
Дык вы ў нас, аказваецца, арандатары?!
Слухай, цётка, харош далдоніць! Нам няма калі у нас у шалашы на ўзлеску сяброўка загінаецца, а ты тут пустое болабоніш! Ломка ў чалавека, урубаешся?
Дык вы наркаманы?! ледзь ня села долу гаспадыня.
Ага, зараз табе даведкі з наркадыспансера пакажам!
А што, як я ў міліцыю пазваню?!
Звані, калі мазгі ў цябе курыныя. Самой жа потым горш будзе!
Тут Віталь, мужчына пенсійнага веку, мякка папрасіў жонку сысці ў дом, пааддаваў няпрошаным візіцёрам злашчасныя макі, а пасля той ліхтугі доўга і разважліва супакойваў узнерваваную кабету: Ну, падумай сама. Падумай, як след і без эмоцый! Вось мы зедзем у горад, а яны можа яшчэ тыдзень прабавяцца ў сваім будане. А як будуць разюшаныя, дык прыцягнуцца ў любы момант дый навычвараюць тут, што ўздумаюць. Захочуць, шыбы пабюць, а захочуць і яшчэ што горшае ўчыняць, каб папомсціцца! Узімку вунь з дзясятак дамоў абрабавалі, а дзе былі тыя вартаўнікі, дзе была тая міліцыя?! Павер, мы перад такімі прыхаднямі і злодзеямі практычна безабаронныя
Крадуць, а прыемна!
Пэўны час працаваў Павал К. у газеце-штотыднёвіку і за літаратурнага аглядальніка.
Аднаго дня ў нібыта незалежнага выдаўца Уладзіміра С. ён спытаўся: А ведаеце, што кніжкі вашае фірмы, якія вы прыносіце нам на анонсы і на рэцэнзіі, знікаюць?!
Гэта як? спытаўся заінтрыгаваны выдавец.
А так! Народу ў нас тут пракручваецца шмат. Акрамя нашай, месцяцца ў гэтым памяшканні яшчэ дзве рэдакцыі, а таксама і грамадская арганізацыя, што ёсць юрыдычнай гаспадыняю выгоднага пункта ў цэнтры сталіцы. Прыходзяць сюды і аўтары, і навучэнцы Калегіума, і наведнікі семінараў, перакладчыцкіх майстар-класаў Ну дык і што?