Імяніннік дый госці таксама былі спрытныя на язык, а праз тое ўсе проста бакі пападрывалі.
Найчасцей абыгрываліся, варіраваліся дзве тэмы на мяжы фола.
Першая. Шаноўнае спадарства Д. прыпазнілася на свята, бо задоўга і імпэтна раўняла спіны пасля таго, як пасадзіла на дадатковым участку на былым калгасным полі гарох і бабы.
Другая. Раней у Генрыха хрэн быў добры, але потым звёўся і ўсе жанчыны сталі хадзіць па хрэн на так званы хутар, на ўскраек садовага таварыства, да Жоры, мужа Валянціны Коўтун.
3 траўня 2008 года.Сумная тэндэнцыя
На Лысае Гары, у садовым таварыстве Узгоре, здаецца, яшчэ зусім нядаўна прадалі свае лецішчы Кастусь Тарасаў, Вольга Іпатава, сын Міколы Корзуна Віктар, а сёлета выставілі на продаж свае сядзібы Сяргей Законнікаў, удовы Алеся Ставера, Карласа Шэрмана, Анатоля Грачанікава і, падобна, спадчыннікі Клаўдзіі Каліны.
Скрушна, бо на пісьменніцкіх лецішчах саміх літаратараў становіцца ўсё меней.
Затое сярод нанова абраных сяброў праўлення таварыства новыя гаспадары сядзібаў, пракурор і падпалкоўнік міліцыі.
Відавочная сумная тэндэнцыя (ад с. лац. tendentia = накіраванасць), якая сведчыць, хто сёння ў краіне робіцца заможны, а хто нішчымнее.
Дзеячы мастацтва і культуры, якія ня паслугоўваюць уладным структурам, відавочна саступаюць сілавікам і чыноўнікам, выцясняюцца імі з жыццёвае прасторы.
Мімаволі прыгадваецца чэхаўскі Вішнёвы сад.
23 ліпеня 2008 года.Помста
На беларуска-расійскім памежжы, у горадзе Неўлі ў гаспадарцы дзеда Нупрэя, які зазнаў нягоды і нястачы ваеннага ліхалецця, былі дзве вайсковыя каскі.
З адной, савецкай, сыціліся ягоныя аўчаркі, з якімі нёс ён вартаўнічую службу пры саўгасным гумне.
Другую, фашыстоўскую, прымацаваную да жэрдкі, скарыстоўваў ён як чарпак, якім час ад часу вычэрпваў, выграбаў змесціва з ямы ў прыбіральні-шпакоўні.
21 лістапада.Герб
Хлопчык-гарэза сядзеў на лаве аўтобуснага прыпынка Малая Валоўшчына поруч з бабуляй, гартаў дзіцячую энцыклапедыю і раз-пораз даймаў яе сваімі пытаннямі.
Аднаго з з іх бабуля аніяк не магла ўцяміць, а праз тое і адказаць.
Ну, што, бабуля, значыць гэты знак з тваіх часоў, з тваёй маладосці?
Які такі знак?
Ну вось гэты. Бачыш, намаляваны малаток з бананам!
Тут увесь прыпынак грымнуў рогатам.
Аказалася, што пытаўся малы пра савецкі герб (ад ням. Erbe = спадчына) серп з молатам.
Дзіва што! Малаток рэч зразумелая, а вось дзе было малому гараджаніну пабачыць серп?! А вось банан рэалія штодзённая, асабліва калі ўзяць пад увагу сёлетняе субтрапічнае, са спякотаю і ледзь не штодзённымі залевамі, беларускае лета. Банан можна ўбачыць у продажы і на вуліцы, і на базары, у супермаркеце і практычна ў кожнае прадуктовае краме.
29 ліпеня 2009 года.Штандар
Кожнага разу, як прыязджае на лецішча, уздымае Уладзя на імправізаваным флагштоку бел-чырвона-белы штандар (ад ням. Standarte, ад ст. фр. estandart = сцяг). Флагшток колісь быў вудзільнам, але калі ў дом чарговы раз забраліся рабаўнікі-вандалы і зламілі ягонае апошняе, пятае калена, дык стацыянарна замацаваў тое вудзільна пасярод ўчасткаў, а штандар наш бел-чырвона-белы лунаў як сімвал свабоды і беларушчыны на васьмі сотках.
Па-рознаму ставяцца да яго суседзі. Адны з адабрэннем і ўхвалаю. Другія паблажліва пасміхаюцца, маўляў, дзівак. Трэція робяць выгляд, што звыкліся і не зважаюць на сцяг. Касавурацца камунякі дый гэбісцкія саксоты, якія, мабыць, даўно панапісвалі даносы. Прынамсі, адзін, за подпісам Генадзя П., паказваў Уладзю былы намеснік міністра інфармацыі.
Анатоль К., ідучы звыклым маршрутам да вартоўні з тэлефонам, аднаго разу не стрымаўся і сцішаным голасам, ледзь ня шэптам спытаўся: А вы не баіцеся? Гэта ж незарэгістраваная сімволіка!
Незарэгістраваная часова і кім?! Цалкам падзяляю пачутае нядаўна: У жыцці заўсёды трэба кіравацца прынцыпам я люблю і заўсёды буду любіць сваю Радзіму, якой бы яна ні была, але ненавіджу сваю дзяржаву. Нацыянальная сімволіка, у адрозненні ад штучнай, мёртванароджанай, прасавецкай выразная, арганічная, спрадвечная. Яна была, ёсць і будзе!
А аднаго вечара зусім невядомы дзядзька наразаў кругі вакол участка, а потым усё ж папрасіў дазволу зайсьці, каб паціснуць Уладзю руку і выказаць сваё захапленне які ў братоў-беларусаў прыгожы сцяг! Аказалася, што сам ён украінец і прыехаў пагасцяваць да свайго зяця.
А аднаго вечара зусім невядомы дзядзька наразаў кругі вакол участка, а потым усё ж папрасіў дазволу зайсьці, каб паціснуць Уладзю руку і выказаць сваё захапленне які ў братоў-беларусаў прыгожы сцяг! Аказалася, што сам ён украінец і прыехаў пагасцяваць да свайго зяця.
Засмуціла аднойчы, што блізкі чалавек папрасіў зняць штандар, бо чакаў гасцей і саромеўся штандара, маўляў, даўно ўжо пара перарасці гэты ўзровень!
Адмаўляўся Уладзя разумець, як можна перарасці сапраўдную нацыянальную сімволіку?! Сваімі сцягамі, гімнамі, гербамі ганарацца амерыканцы, брытанцы, габрэі, канадцы, літоўцы, славакі, шведы. Ганарацца ўсе цывілізаваныя народы.
А беларусы што перараслі?! Ці недараслі да сусветнага ўзроўню?!
19 жніўня 2009 года.Мімікрыя
Пасля міжнароднага творча-вытворчага семінара, што праходзіў у Вільні, выправіліся выдаўцы на развітальную вячэру ў грузінскі рэстаран Adria, што непадалёк ад Радзівілаўскага палаца.
Слухай, загаварыў быў Барыс П. да Уладзіміра С. Ты добра знаешся на грузінах, дык скажы мне: афіцыянт, які прыняў наш заказ, папраўдзе грузін?
Ды не! упэўнена адказаў той. Ні ў якім разе!
Адкуль ты ведаеш? далучыўся да гаворкі Міхась Б. Ён жа такі чарнявы тыповы каўказец Магу ў заклад пайсьці, што гэта хутчэй гарадзенскі грак. Ды вы і самі зараз пераканаецеся, заявіў Уладзімір, знакам падазваў афіцыянта і спытаўся ў яго: Выбачайце, калі ласка, але мы тут паспрачаліся, хто вы па нацыянальнасці.
Я літовец, не міргнуўшы вокам, адказаў той.
Ну, дапусцім, гнуў сваю лінію Уладзімір. А адкуль родам ваша мама?
Ну, знаеце, ёсць такі гарадок Петрыкаў Ага, ужо добра! шматзначна паківаў Уладзімір. А з якіх мясцін ваш тата?
Ну, знаеце, ёсць такі гарадок Астравец
Тут выдаўцы не стрымаліся і грымнулі дружным рогатам. Вось бачыце, сябры, бацькі ў яго беларусы, а пажыў у Вільні і мімікраваў стаў пачувацца жмудзінам! Уладзімір пераможна зірнуў на калег дый прадоўжыў маральную экзекуцыю: А скажыце, калі ласка, гаспадар вашага рэстарана такі самы грузін, як вы літовец?
Ну, не зусім, яшчэ болей збянтэжыўся служка.
Мабыць, ён габрэй і адзінае дачыненне, якое мае да Грузіі, дык гэта тое, што жыве ў Амерыцы, у штаце Джорджыя? гэтым разам выказаў здагадку Міхась дый тым самым патрапіў не ў брыво, а ў вока.
Адкуль вы ведаеце? ушчэнт разгубіўся афіцыянт.
Ну добра, злітаваўся Уладзімір і падаў яму шанец на выратаванне: Ну, хоць шэф-повар у вас грузін?
Так, так самы сапраўдны грузін! стаў запэўніваць афіцыянт. Не хвалюйцеся, кухня ў нас самая натуральная, каўказская! І сацыві, і лобіа, і чахахбілі падамо як мае быць!
Ну добра, тады прынясіце нам у якасці аперытыву два паўлітровіка вашага чыста грузінскага, халоднага баржомі, які праз свайго галоўнага санітарнага ўрача ня могуць спажываць нашы з вамі, літоўцамі, суседзі-расіяне! скончыў пікіроўку Уладзімір. Як кажа дзядзька Рыгор, наш паэт-класік, акрамя бясконцай удзячнасці больш аніякіх прэтэнзій да вас не маем!
3 верасня 2009 года.De gustibus non disputandum est[1]
На ўрачыстым прыёме ў гатэлі Crownе Plaza, які чэшскае пасольства давала з нагоды Дня чэшскае дзяржаўнасці, амбасадар Баліварыянскай Рэспублікі Венесуэла ганарліва хадзіў пад ручку з пераможцаю міжнароднага конкурсу прыгажосці Міс Інтэркантыненталь-, сваёю суайчынніцаю Анэлі Кінтэра і з задавальненнем прадстаўляў яе гасцям.
Дваццацітрохгадовая прыгажуня, мадэлька і тэлевядоўца, ахвотна дарыла ўсмешкі прысутным прымалі яе ў Мінску шыкоўна. Напярэдадні пабывала яна ў Дудутках, пасмакавала страў беларускай кухні, а на футбольным манежы ў яе гонар было наладжана вечаровае шоў з феерверкам.
Калі пакінулі яе ў кампаніі жонак дыпламатаў, амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас заявіў свайму суразмоўцу: Як украініст паводле адукацыі, скажу вам, калега, што асабіста мне дык вунь тая ўкраінка-брунетка, якая стаіць поруч з венесуэлкай, куды больш падабаецца!
Я ведаю, што ў нашага венгерскага і ў нашага палесцінскага калег жонкі ўкраінкі. Але чаму вы так упэўнена сцвярджаеце, што і тая смуглянка украінка? спытаўся заінтрыгаваны амбасадар Украіны Дзмітры Ліхавы. І чаму яна падабаецца вам больш, чым сённяшняя Міс Інтэркантыненталь?