У таго, хто ўмела марыць, мары здзяйсняюцца, і зараз я жыву побач з чыгункай. Кожны, хто ляціць у хуткім цягніку з Мінска ў Маскву, кожны, хто цягнецца пасажырскім з Баранавіч у Віцебск, абавязкова праязджае пад маімі вокнамі. Калі я развешваю на балконе белыя прасціны ці чырвоныя сукенкі, кожны з цікаўных падарожнікаў можа пабачыць асартымент маіх адзежных шафаў. Калі тата едзе з Віцебска ў Мінск хуткім, ён абавязкова тэлефануе мне акурат ля майго дома і жартуе ў слухаўку чэхаўскім: «Проезжая мимо станции, у меня слетела шляпа». Пакуль мы абодва смяёмся, ягоны цягнік набліжаецца ўжо да Калодзішчаў.
Я стаю на сваім балконе і гляджу на чыгунку з пятага паверха далёка відаць. Я бачу, як узнікае з мінскага небыцця сіненькі шнурок электрычкі, бачу, як паўзе праз зялёныя палі чорны вужака таварняку, бачу, як знікае ў жодзінскім напрамку імклівы хуткі. «Брысь!» коратка пасвіствае ля станцыі вясёлая электрычка. «Імчу-у-у-у!» папярэджвае шэра-сіні, надта ж дзелавы штадлер. «Сыхо-о-о-о-одзь!» басам патрабуе нетаропкі грузавы, перад якім перабягаюць рэйкі бязбоязныя месцічы. Ён цягне даўгое цела праз станцыю, ля яго наглуха зачыненых вагонаў уецца мяцеліца, уздымаецца невялічкі снегавы тарнада, і людзі на пероне адварочваюцца, каб не пакалола завеяй твар. Белай фарбай пазначаны на вагонах станцыі прыпіскі, і гэта так далёка, за тысячамі снежных кіламетраў, у такім лютым холадзе
Заскокваю ў вагон гэты цягнік на маёй станцыі стаіць толькі хвіліну, незадаволена гудзе і торгаецца з месца. Да наступнай раніцы я буду па-за часам і па-за прасторай лес, снег і жоўтыя агеньчыкі невядомых вёсак, у якіх нехта жыве, кахае і плача, і пакуль той, хто плача, супакоіцца, я буду ўжо далёка, ля іншай вёскі, і іншыя людзі будуць слухаць ціхі звон крышталю ў сваіх старэнькіх сервантах, абуджаных блізкім цягніком, і на галоўках калекцыйных парцалянавых лялечак, якія даюцца ў дадатак да каляровых часопісаў у мясцовым «Белсаюздруку», будуць калыхацца белыя каруначкі. У маім мабільніку скончыцца зарадка, і ніхто не купіць квіткоў у маё купэ, і я буду сядзець там адна, кожную хвіліну пераадольваючы кіламетры чужых прастораў і чужых часоў, і незаўважны пыл ад колішніх пажараў на лунінецкіх тарфяніках будзе класціся шэрым воблачкам на мае валасы.
5
Марына ніколі не магла пэўна сказаць, ці насамрэч яна кахала Міцяя, Дэна ці Сямёнава, не кажучы ўжо пра тых, з кім падзяляла дарослую адзіноту пасля, але яна ведала дакладна: Максіма Багдановіча так.
Закахалася яна ў дзявятым класе, калі падчас рэспубліканскай алімпіяды ўсю іх абласную каманду павезлі ў сталічны музей Багдановіча. Канешне, яна ўжо ведала і «Слуцкіх ткачых», і «Вераніку», і «Трыялет», і нават «Пагоню», вершы ёй падабаліся, але каб чытаць беларускае запоем такога з ёй яшчэ не здаралася, а тут, пасля музея, здарылася. Яна добра памятала тое імгненне, калі сэрца правалілася некуды ў бездань. Як заўсёды ў дзявочых безданях, гэта здарылася нечакана і нелагічна. Экскурсавод, каментуючы нейкі здымак, раптам сказала не экскурсаводскім, а чалавечым голасам: «А наогул ён быў такі высачэзны, нават рослыя дзяўчыны ледзь даставалі яму да пляча». І сэрца Дамейкі закалацілася недзе ў жываце. Яна нібыта пабачыла: сінія вочы, чорныя, чамусьці ўскалмачаныя валасы, хударлявая, знявечаная сухотамі, прыгорбленая постаць, доўгія рукі з нервовымі пальцамі, дзіцячая ўсмешка такі знаёмы, такі родны. Гэты Максім Багдановіч, які раптам так відавочна апынуўся побач з ёй, вельмі ж нагадваў аднаго дзесяцікласніка, які калісьці падабаўся Дамейцы, але ж той быў проста дзесяцікласнік, а гэты паэт.
І пачалося. Марына перачытала, перагледзела і перавучыла на памяць усё, што можна было перачытаць і перагледзець у тыя бязгуглавыя часы. Ужо потым яна адшукала ў сеціве і біяграфію Ганны Какуевай, і фотаздымкі маленькай Веранікі, і той самы агульны фотаздымак, з якога быў выразаны нейкі вусаты незнаёмец, якога мы ўсе лічым Багдановічам А тады інтэрнэту не было. Чытаем тыя праснакі, якія надрукаваныя ў падручніках, астатняе дадумваем. А закаханыя дзяўчыны як прыгожа яны дадумваюць! Яе Багдановіч быў чароўным. І сапраўдным.
Менавіта таму Марына потым, у аспірантуры, і надалей, у навуковым жыцці, заўсёды адмаўлялася пісаць навуковыя тэксты розных жанраў па творчасці Багдановіча. Хіба што нарысы для беларускамоўных падлеткавых выданняў, пакуль яшчэ яны існавалі. Дзіцячае каханне, першае і адзінае на ўсё жыцце, сапраўднае, у якім не было ні расчараванняў, ні крыўдаў, ні непаразуменняў, каханне ўзаемнае, бо для каго ж яшчэ ён напісаў усе свае вершы, як не для яе, самай удзячнай і самай пільнай чытачкі. О, гэтыя вочы закаханай дзяўчыны! Яны бачаць чалавека такім, якім яго стварыў Гасподзь. Але ж з гэтага захапляльнага відовішча навуку не зробіш.
У Марыны былі ўласныя стасункі з кожным героем гісторыі Багдановіча.
Ці магла яна, напрыклад, добра ставіцца да Максімавага бацькі, Адама Ягоравіча?
Дарэчы, усе гэтыя літаратурныя мамы і таты, якімі яны ёсць у школьных падручніках, заўсёды падаваліся Марыне нейкімі кардонавымі. Нават такія жахлівыя адносіны, якія суправаджалі нараджэнне і маленства Лермантава, у падручніках заўсёды выглядалі салодка і глазуравана, нешта накшталт «не сышліся характарамі». Цяжарная ад прыгоннага конюха нешчаслівая Марыя Арсеннева, не вельмі пераборлівы ў сродках, нішчымны маёр Юры Лермантаў, які пагадзіўся схаваць ганьбу суседкі за нядрэнную ўзнагароду, трагічныя тры гады, якія павінны былі правесці побач гэтыя неблагія, але пакрыўджаныя лёсам людзі, нелюбоў, сваркі і нават бойкі У такіх бацькоў і зявіўся будучы геній і менавіта таму ён геніем і вырас, напэўна. Але ж чамусьці дзецям прапануецца з маленства вучыць рознае хрэстаматыйнае трызненне.
Гэтак жа было і з Адамам Ягоравічам. Засвоіўшы з падручніка вобраз Максімавага бацькі, палымянага барацьбіта за беларушчыну, выбітнога навукоўца, тытана думкі і сынавага паплечніка, яна ўжо студэнткай была непрыемна здзіўлена ягонымі мемуарамі нейкі самаўлюбёны дзядзька, якога цікавіў толькі ён сам і ягоная вядучая роля ў выхаванні геніяльнага сына. Потым была дзіўная рускамоўная цытата з яго ўспамінаў пра першую жонку, Машу Мякоту, Максімаву маці: «Подвижная, всегда весёлая, с искристыми глазами, с косой чудовищной величины» Гэтая каса пачварнай велічыні яшчэ доўга пераследавала Марыну: тут Адам Ягоравіч прабалбатаўся. «Пачварная» каса ўсё тлумачыць: і немагчымасць любіць хаця б каго-небудзь, акрамя сябе, і нячуласць да прыгажосці, і ўтылітарнае мысленне, і эстэтычны цынізм. Здзівіўшыся пачварнай касе, Марына ўжо не здзіўлялася ні таму, што бацька-этнаграфіст, аказваецца, цкаваў сына за бесперспектыўную цікавасць да беларушчыны, ні таму, як ён мучыў трэцюю жонку, нешчаслівую і верную Аляксандру Апанасаўну, малодшую сястру першай, Марыі Такая звычайная гісторыя: малодшая сястрычка, шалёна закаханая ў мужа старэйшай Дачакалася свайго Адама: той пахаваў Марыйку, потым Аляксандру Волжыну, тую самую Волжыну, праз якую Багдановічы аказаліся сваякамі Пешкавых-Горкіх. Марыне падабалася гэтае групавое фота: высачэзны вусаты Максім Горкі з жонкай Кацяй Волжынай, высачэзны вусаты Адам Багдановіч з жонкай Сашай Волжынай, абедзве сястры у белых паркалёвых сукенках, два гракі і дзве галубкі. Во, напэўна, радаваўся фатограф, пазіраючы на шыкоўныя пары праз абектыў. Аляксандра Волжына пражыла з Адамам толькі год і памерла, вызваліўшы шлях той Аляксандры, якая ўжо колькі год чакала каханага. А той вырашыў ужо больш не вянчацца, зажыў з ёю так, без усялякіх-якіх, і яна амаль не выходзіла на вуліцу, саромеючыся свайго становішча, і толькі нараджала і нараджала яму сыноў.
Але ж галоўным аргументам супраць бацькі былі ягоныя адносіны з сынам. Марына не магла дараваць Адаму Ягоравічу Максімавай смерці: калі ягоны сын паміраў у Ялце, а ён прыехаў па справах у Сімферопаль
Колькі там ад Сімферопаля да Ялты? Восемдзесят кіламетраў па трасе? Пяцьдзясят напрамкі? Дамейка не магла чытаць тых старонак успамінаў Адама Ягоравіча, дзе ён валіў сваю ўласную бацькоўскую віну то на рэвалюцыю, то на мітынгі, то на снег пад Гомелем, то нават на самаго Максіма маўляў, на лісты не адказваў, на сустрэчы не ездзіў. Восемдзесят кіламетраў! Праз любую рэвалюцыю можна зездзіць, асабліва ведаючы, які расхрыста і небарака твой сын, які зараз памірае без ежы, без чыстай кашулі, без лекаў, без сяброў, без кахання.
Ды што тут казаць. Бацька не любіў жывога і непаспяховага сына. Але ж калі той стаў класікам
Аднойчы Дамейка выказалася вось так наконт Адама Ягоравіча на нейкім банкеце, які па навуковай завядзёнцы фіналіў чарговую канферэнцыю. Выказалася ціха, але эмацыйна, старой прафесарцы з Гародні. Калі б не надта смачнае чырвонае віно, Марына б ніколі і нікому, але віно пілася як гарбата, а прафесарка падавалася зусім свойскай. Яна паслухала Дамейку моўчкі, паківала галавой, а потым запыталася: «А ў вас дзеткі ёсць, Марыначка?» «Пакуль не», адказала Дамейка і ў адзін момант адчула, што ўсё папярэдне сказанае было непрыгожым трызненнем саплівай смаркачкі. «Будуць, абавязкова будуць», чамусьці сумна сказала прафесарка і цяжка ўздыхнула.
Не, Марыне не хацелася залішне дэманізаваць Адама Ягоравіча. Ён быў бацька, па-першае, а па-другое, усё ж такі беларушчына да яраслаўскага гімназіста Максіма ішла з ягоных, з бацькавых рук. Але ж тых матылькоў, якіх бацька-этнограф з навуковымі мэтамі лавіў і прышпільваў на мяккі аксаміт калекцыі, сын нейкім цудам ажыўляў і выпускаў на волю. І яны, шпаркія, лёгкія, віліся па-над белым пухам вішняў, бессмяротныя, бездакорныя, светлыя, вечныя. І наогул, ёй падавалася, што беларуская літаратура для Максіма, улічваючы яго складаныя адносіны з бацькам і наогул матрыцу адносінаў бацькоў і сыноў, была ідэальнай самарэалізацыяй. І справу бацькаву працягваў, і супрацьстаяў яму. Зерне, якое абвяргае колас, зяўляючыся ягоным параджэннем.