Лічылася, што яны жывуць разам Марына і Сямёнаў. Калі пасля выпускнога пачалася гонка па Мінску знайсці жыллё, абысці размеркаванне, напрасіцца хоць куды на працу, сяброўкі нават не ўлічвалі Дамейку ў сваіх раскладах здымаць кватэру ўтрох ці нават упяцёх. Па-першае, нікому не хацелася кожны дзень бачыць Сямёнава, тым больш па-сямейнаму у майтках, а тое і без іх, ён бы змог; па-другое, гэтая ягоная гвалтоўная беларускамоўнасць; а патрэцяе, дзеля сяброўства можна і гэтага прыдурка пацярпець, але ж перашкаджаць каханкам будаваць адносіны ну навошта? А будаваць было што, бо адносіны былі надзвычай багатымі на падзеі.
Гэты Сямёнаў усё ж такі быў нейкі ненармальны. Навошта Дамейка з ім звязалася, ніхто не разумеў. Але амаль усе зайздросцілі: не зважаючы ні на што, абодва выглядалі надзвычай ашчасліўленымі адно адным. Насуперак усяму: шалёны тэмперамент Багдана быў, на думку сябровак, невыносным. Сварыліся Дамейка з Сямёнавым па тры разы на тыдзень, і кожны раз як апошні: ён мог выскачыць з таксоўкі наўпрост на хаду, мог сысці ў ноч без капейчыны ў кішэні і без надзеі на грамадскі транспарт, мог знікнуць на тры дні, адключыўшы тэлефон карацей, гора. Дамейка, канешне, на факультэт не бегала і пары не цікавала, але ж перажывала. Не праз тое, што не вернецца яна была ўпэўненая, што вернецца, а праз тое, каб не зламаў дзе гэты бэйбус сваёй галавы. Ён вяртаўся заўсёды не пазней трэцяга дня, з вінаватым выглядам, якім-ніякім букецікам і абяцаннем мыць посуд бліжэйшы тыдзень і зранку, і ўвечары. І мыў, прынамсі, у першы дзень дакладна. У гэтыя дні да новай сваркі Сямёнава можна было прыкладаць да раны, любой, нават гнойнай, і яна б гаілася, зажывала, пакрывалася найноўшай шыкоўнай скурай. Аднойчы, у тое самае паслявыпускное лета, пабачылі, як Сямёнаў выкладаў на пляжным пяску каменьчыкамі «Марыначка каханая назаўсёды», і ўсе дзяўчаты, якія былі сведкамі гэтага надта рамантычнага ўчынку, разам падумалі: усё можна дараваць за такі надпіс, літаральна ўсё.
Карацей кажучы, лічылася, што яны жывуць разам, але два тры дні з сямі Марына снедала і вячэрала ў адзіноце з прычыны буйнага тэмпераменту і дрэннага характару бойфрэнда. І яшчэ два Сямёнаў недзе бухаў, як гэта і належыць студэнту другога курса філалагічнага факультэта. Зразумела, Дамейка з ім не хадзіла: па-першае, што рабіць у кампаніі нецвярозых малалетак аспірантцы першага года навучання, а па-другое, ёй не падабаўся пяны Сямёнаў.
Ніхто ніколі не верыў Дамейцы, што яна не перажывае, не злуецца, не крыўдуе. Але знешне так і было: яна не перажывала, не злавалася і не крыўдавала. Якраз гэтай парой яна цалкам вытлумачальна захапілася беларушчынай, паступіла ў аспірантуру на кафедру беларускай літаратуры, хоць пяць год да гэтага займалася рускай, яе там падхапілі пад белы ручанькі і пачалі люляць і выпешчваць, бо гадоў з пяць ужо ніхто ў беларускамоўную навуку не ішоў.
Першыя два гады сваёй беларускамоўнай навукі Марына потым заўсёды ўспамінала як найшчаслівейшыя ў жыцці. Адчуванне таго, што да твайго прадмета можна наўпрост, зараз, без аніякіх перашкод дакрануцца рукой, павітацца на вуліцы, пабачыць у чарзе ў краме ці спаткаць у кнігарні, для яе, рускамоўнай філалагіні, было падарункам. На сваёй першай кафедры яна займалася рускім пісьменнікам першай эміграцыі. Асецін Гайта Газданаў, які нарадзіўся і вырас у Пецярбургу, прыйшоў у літаратуру ў Парыжы, а потым працаваў у Мюнхене, быў для яе нейкай навуковай умоўнасцю. Колькі яна пералапаціла літаратуры, каб адчуць у ім ці ў яго раманах нешта асаблівае, нешта сваё, з чым хацелася б дняваць і начаваць у бібліятэках і за кампютарам Але ж нічога не знаходзілася, і яна адчувала, што дарэмна марнуе час. Другаснасць яе асабістага літаратуразнаўства, гідрапоніка яе назіранняў і высноў мучылі яе нават у снах. Што яна ведала пра Гайта Газданава? Толькі тое, што распавёў, знайшоў, падгледзеў нехта іншы.
А тут яна магла бачыць усю літаратуру на свае вочы. Трэба значыцца, сесці на маршрутку і апынуцца ў Ігумене, прайсціся па вуліцах дзяцінства Марыі Мякоты. Трэба узяць курс на Мядзел і, не даехаўшы да Пастаў, збочыць у Агароднікі Дубоўкі, а едучы назад, завітаць у Сваткі Максіма Танка. Крок налева архіў, крок направа бібліятэка. Сядзі, пішы. І жніво было багатае, і жняцоў не ставала, як казаў Міхась Скобла, і жаць было прывольна і шчасна, бо ніхто не перашкаджаў. Не вельмі цікавіліся, праўда, але ж Дамейка той чужой цікавасці і не прагла.
А тут яна магла бачыць усю літаратуру на свае вочы. Трэба значыцца, сесці на маршрутку і апынуцца ў Ігумене, прайсціся па вуліцах дзяцінства Марыі Мякоты. Трэба узяць курс на Мядзел і, не даехаўшы да Пастаў, збочыць у Агароднікі Дубоўкі, а едучы назад, завітаць у Сваткі Максіма Танка. Крок налева архіў, крок направа бібліятэка. Сядзі, пішы. І жніво было багатае, і жняцоў не ставала, як казаў Міхась Скобла, і жаць было прывольна і шчасна, бо ніхто не перашкаджаў. Не вельмі цікавіліся, праўда, але ж Дамейка той чужой цікавасці і не прагла.
Гэта было занадта цікавае і напружанае ўнутранае жыццё, каб засяроджвацца на Сямёнавым. Так тлумачыла Марына, адказваючы на прамыя і бессаромныя пытанні сябровак. Але што там было на самой справе не ведаў ніхто. Дамейка была сапраўднай «ціхушніцай», зачыненай на ўсе замкі ўсімі магчымымі ключамі.
Дарэчы, было зразумела, што пабудаваць сямю не атрымаецца. Па-першае, Сямёнаву было дзевятнаццаць, а Марыне дваццаць два. Яму зарана, ёй жа ўжо хацелася б. А, па-другое, з такімі семі не ствараюць, гэта Марына ведала па ўласнай маці. Мяркуючы па ўсім, менавіта такім быў яе бацька, якога яна памятала чалавекам-святам і які аднойчы, калі Дамейка вучылася ў шостым класе, проста знік.
Гэта тэма была для Марыны забароненай, і таму яна не стала працягваць ланцужок успамінаў у дадзеным кірунку пераключацца яна навучылася ідэальна. Лепей вярнуцца да Сямёнава. И тое не да ўсяго Сямёнава, а да яго часткі. Бо хопіць пра рознае, будзем пра патрэбнае.
Размаўлялі паміж сабой яны, натуральна, па-беларуску. Інакш з Сямёнавым было нельга. Марына не супраціўлялася: было цікава, прыемна і прыгожа, а ў ложку дык і наогул ледзь не страчвала прытомнасць ад усіх гэтых Багданавых «мая каханачка» і «пачакай крышачку, зараз і я». Дарэчы, Марыну заўсёды здзіўляла, якія непрыгожыя, грубыя словы існавалі ў беларусаў для назвы самых пяшчотных частак цела: усе гэтыя «клубы», «сцёгны» і «похвы» каго заўгодна расхалодзяць. Ці то беларусы спакон веку не ўмелі займацца любошчамі інакш, як толькі на сенавале над падсвінкамі, ці то сарамлівая шляхта не пакінула нашчадкам сваю выкшталцоную эратычную спадчыну, якая, без сумненняў, была, але, часам падавалася Марыне, можа, таму і памірала мова, што не ўмела ласкава суправаджаць каханне. Але ж Сямёнаў ніколі не карыстаўся ані «клубамі», ані «сцёгнамі», ані «цыцкамі», тое, што ён казаў ёй бясконцымі шчаслівымі начамі, было наймілейшым у свеце. І раней, і потым Марыне даводзілася чуць у сваім ложку і, вядома ж, рускую, і ангельскую, і нават аднойчы французскую, але ж ніводная не была такой гарачай, як беларуская мова Багдана Сямёнава.
Яе рускую мову ён ненавідзеў. Часам яго ажно перасмыкала, калі яна заварочвала якую-небудзь асабліва жорсткую канструкцыю са збегам зычных ці нізкай родных склонаў. Ёй і самой хацелася з ім размаўляць на той самай мове, якая раптам стала мовай кахання і неспатольнай жарсці.
Яе першы раз па-беларуску здарыўся на чацвёртым курсе і атрымаўся наогул анекдатычным.
Патэлефанавала сяброўка.
«Слухай, тутака адна кабета шукае рэпетытара для дачкі, па беларускай мове» «Э-э-э» «Ды там шосты клас дзяўчынка, ты што, не выкладзеш ёй мову?» «Ну-у-у» «Пяць даляраў за 45 хвілін, а яна яшчэ разважае!»
І Дамейка пагадзілася.
Увесь тыдзень да першага занятку яна запіхвала ў галаву родную мову. Прачытала два тамы Быкава і тры Караткевіча. Сцяўшы зубы, вывучыла на памяць аповед Змітрака Бядулі пад сакраментальнай назвай «Пяць лыжак заціркі». Прачытала перад люстэркам паэму Купалы «Бандароўна», каб замацаваць маўленне. Мова ў галаву ўваходзіла, але назад не выходзіла. Калі Марына адкрывала свае рускамоўныя вусны, з іх вылятала толькі нешта накшталт «э-э-э менавіта менавіта нешта добры дзень да пабачэння дзверы зачыняюцца дзякуй за ўвагу».
З рызыкай для інтэлекту Дамейка здабыла ў школьнай бібліятэцы падручнік белмовы для шостага класа, перагартала яго з першай старонкі да апошняй, а потым і ў адваротным парадку, і паехала да дзяўчынкі.
Ну, бадзёра пачала яна занятак, сёння мы з табой пазнаёмімся і распавядзём адно аднаму, што мы ведаем пра беларускую мову! Дарэчы, «пазнаёмімся» гэта якая часціна мовы?
Ёй падалося, што такі вытанчаны пераход ад балбатні да лінгвістыкі, такі педагагічны кульбіт стварае атмасферу крэатыву і супрацоўніцтва. Але вучаніца так не лічыла. Яна глядзела на настаўніцу лупатымі вачыма, дзе нібы павіслі нарачанскія туманы.