Дзень Святого Патрыка - Ганна Канстанцінаўна Севярынец 4 стр.


Ёй падалося, што такі вытанчаны пераход ад балбатні да лінгвістыкі, такі педагагічны кульбіт стварае атмасферу крэатыву і супрацоўніцтва. Але вучаніца так не лічыла. Яна глядзела на настаўніцу лупатымі вачыма, дзе нібы павіслі нарачанскія туманы.

 Ну? Не памятаеш? Ну паразважай!

Марына з жахам зразумела, што прыгожае, красамоўнае беларускае «дзеяслоў» заблукала недзе ў падсвядомасці, а з языка саслізнуў голенькі рускі адпаведнік:

 Канешне глагол!  радасна ўздзела яна рукі ўгору. Дзяўчынка неяк дзіўна здрыганулася. Марыне зрабілася няёмка. Здаецца, гэта гучала не вельмі па-беларуску Глагол Нешта было не тое, але што?

 Так, Наста, запішам: паўтарыць часціны мовы!

Наста паслухмяна схілілася над сшыткам і пачала пісаць. Раптам яна падняла галаву і запытала ціхім голасам:

 А нам задалі Гэта Ну Ну гэта «па-за гарой» «Па-за» гэта якая часціна мовы?

Марына пахаладзела і скамянела. Па-за Па-за Божачкі ж мае А па-руску ж гэта якая часціна? О вялікі і магутны, на каго ж ты мяне пакінуў!

 А вось якраз і (ёй хацелася сказать «выяснишь», але ж яна не ведала, як гэта будзе па-беларуску) якраз і якраз і ну, гэта самае Паўторыш!

Паўторыш Нейкі незразумелы «паўторыш» заскокаў па пакоі, як гарэза-дамавічок. На галаве гэтага «паўторыша» калыхаўся руды віхор, ён пазіраў на Марыну з пагардлівай усмешкай і круціў пальцам ля скроні. У гэты момант яна вырашыла грошай за першы занятак не браць.

 Ну, Наста, а зараз паглядзім, як ты памятаеш знакі прыпынку! Наста змрочна нахілілася над сшыткам.

 Запісвай! Э-э-э Э-э-э

На практыцы, якую Марына праходзіла на другім курсе, яна прызвычаілася прыклады для разбору прыдумваць адразу, арыентуючыся на ход урока і патрэбы вучняў. Гэтыя яе рускія прыклады заўсёды былі цікавымі, вясёлымі і актуальнымі для аўдыторыі. Але ж у выпадку з беларускай мовай яна забылася, што зараз ёй банальна не хопіць слоўнікавага запасу!

 Э-э-э Запісвай, Настачка

Наста амаль дзяўбнула носам сшытак Марына ліхаманкава перабірала пяць нейкіх выпадковых беларускіх слоў, якія няўцямна шапацелі ў галаве, як асеннія лісты на чыстых мінскіх вуліцах

 Э-э-э Пішы!

Дамейка зрабіла апошнія высілкі, напружылася, заплюшчыла вочы і выдала:

 Нечаканае «хэндэ-хох» прымусіла партызана выйсці з-за кустоў!

Наста падняла на яе вочы. У іх стаялі слёзы. Туманы рыхтаваліся праліцца дажджом.

 Пішы, Настачка! Нечаканае хэндэ-хох прымусіла Дарэчы, «прымусіла» якая часціна мовы?

Наста навалілася на стол і прастагнала:

 Глагол?

Колькі раз Сямёнаў рагатаў да колікаў, калі чуў гэты аповед! Карацей, спачатку Марына мэкала і пэкала, лупіла на трасянцы, потым у адзін момант у галаве нешта пераключылася, яна пачала бачыць беларускамоўныя сны і стала лягчэй. Потым неяк само сабой пайшло: яна нават не заўважыла, як стала карыстацца мовай у краме, на прыпынках, у паліклініцы, часам пераходзячы на рускую, змешвала мовы ў сяброўскіх размовах, якіх станавілася ўсё менш і менш людзі працавалі, стваралі семі, нараджалі дзяцей, жылі нейкім сваім жыццём, у якім Марыне не было месца, ды яна і не шукала яго, занурыўшыся ў кватэрку-маламерку са сваім неўтаймаваным Сямёнавым.

Такім чынам, да другога агульнага з Багданам Дня Святога Патрыка Марына падыходзіла ўжо той самай надзейна зачыненай ад знешняга свету, непахіснай і ўраўнаважанай Дамейкай, якая праз дваццаць год будзе сядзець у шыкоўным офісе на беразе акіяна і цвёрдым голасам канстатаваць: «Яна памерла».

Цяпер Сямёнаў бязвылазна жыў у Марыны некалькі тыдняў. Не піў, чытаў запойна Барадуліна, нешта канспектаваў, рыфмаваў, яны вялі культуралагічныя размовы, гатавалі шыкоўныя вячэры на дваіх, прагульваліся па няўтульным, але абжытым праспекце Жукоўскага, куплялі на Чэрвенскім нейкае таннае печыва, якое надта ж любілі абое, і бавілі час у звыклым, знаёмым і ад таго асабліва пяшчотным каханні. Ён чамусьці забіў на ўніверсітэт, аргументуючы тым, што да першых залікаў было яшчэ як да поўні пешшу, і ўгнездаваўся ў зацішнай і схоўнай кватэрцы побач з Марай. Часам, канешне, Марыне падавалася, што гэта следства ягонай стомы ад безграшовага і шалапутнага студэнцкага жыцця, бо на Ляўкова заўсёды кармілі, бавілі інтэлектуальнымі размовамі і дазвалялі яшчэ сёе-тое з жыццёвых прыемнасцяў, але ж ёй было добра з ім, а яму, відавочна, добра побач з ёю.

Гэта потым ужо Марына ўспомніла, што Сямёнаў раз-пораз адрываўся ад сваіх папер і неяк незвычайна, сурёзна і нібы з дакорам глядзеў на яе. Але ж у Дамейкі не было звычкі расшыфроўваць кожны позірк Сямёнава.

 Вось ірландцы, напрыклад  яны ішлі пешшу да Дома прафсаюзаў, было вільготна і нават мокра, але ж адчувалася вясна.  Яны ж амаль як мы. Колькі з іх карыстаюцца сваім гэльскім? Пяцьдзясят тысяч? І тыя вяскоўцы? Ну, эліта яшчэ. Самыя вядомыя ў свеце англамоўныя Свіфт, Шоу, Уайльд, Джойс. А ірландская культура ёсць, і яе ведаюць у свеце, і шануюць, і Патрыка ірландскага мы ведаем лепей за сваю Ефрасінню. Дзе ў нас Дзень Святой Ефрасінні? Хіба што ў святцах. Дзе ірландскія дзеці, якія ў яе гонар танчаць у якіх-небудзь іншых сталіцах? Ці нават у нашай сталіцы? Дык, мо, справа не ў мове?

 Слухай, ну што ты так спрашчаеш. Ну бывае, што на мове не размаўляюць па розных прычынах, але ж нацыя існуе, толькі калі мова ёсць. Няхай сабе ў карыстанні элітай ну дык а хто культуру робіць? Эліта ж. Астатняе быдла і так, і гэтак гумус для эліты.

 Я не пра тое, хаця адносна быдла ты не маеш рацыі. Я пра тое, чаму ірландцы таксама губляюць мову, але ж не губляюць культуры, а мы бачым паратунак культуры менавіта ў мове. Вунь у той жа Ірландыі адзін з дыялектаў ужо афіцыйна мёртвы, і як гэта паўплывала на сусветны імідж ірландскай культуры? Ніяк. Я ўпэўнена, што палова сённяшняй залы ведаць не ведае пра ірландскую мову наогул і лічыць, што ў Дубліне размаўляюць паангельску. Там так і размаўляюць. Пяцьдзясят тысяч тых, хто паўсядзённа карыстаецца ірландскай, і яшчэ менш тых, хто размаўляе на ёй змалку. І нічога. Мо, і нам не варта біцца?

 Дык яны ж бюцца,  раздражнёна буркнуў Сямёнаў.

 І навошта?

 Слухай, Мара. Ты, Мара, нічога пра Ірландыю не ведаеш. Чытала дзве старонкі пра іх літаратуру і адну пра мову. І бярэшся разважаць. Ты і пра нас нічога не ведаеш. Сваю аспіранцкую лухту толькі. Перш чым рабіць нейкія высновы, трэба пацікавіцца: а як, а чаму, а што, а дзе? А ты прывыкла: хватанула там слоўца, там два і прамаўляеш. Я не буду зараз спрачацца з табой. Мы не роўныя.

 Ты вышэй.

 Я вышэй.

Марына змоўкла. Яны ішлі, узяўшыся за рукі, знешне нічога быццам не змянілася. Але да самага Дома прафсаюзаў дайшлі моўчкі. І тут звычайная ўпэўненасць Дамейкі ў тым, што Сямёнаў нікуды не дзенецца, змянілася на такую ж упэўненасць у тым, што больш яна яго не пабачыць.

Марына ведала, што так бывае. Без аніякай прычыны. Пасярод звычайнай гутаркі. І канец. Менавіта так у яе чамусьці было заўсёды. Ні апошняга скандалу, ні размовы, ні якой значнай прычыны. Проста раз і няма. Так сышоў Міцяй, неблагі хлопец, з якім яны сустракаліся на другім курсе, так знік Дэн, доўгавалосы прыгажун з геафака, з якім нават жылі з год у ягоным вечна пустым пакоі суседняга інтэрната. Па яе ўспамінах, так знік і бацька: проста ўнутраная чаша цярпення яго перапоўнілася і ён сышоў, звыкла трымаючы ў берагах тое, што перапаўняла. Сышоў ледзь не на пальчыках, ціха, моўчкі, каб не парасплюхваць. Што адбылося паміж маткай і бацькам, яна не ведала, як і не ведала, што стане апошняй кропляй для Сямёнава і што наогул з Марынінай існасці будзе ліцца ў гэтую небяспечную чашу.

«Хутчэй за ўсё,  думала Мара,  усе мужчыны свету так сыходзілі б ад сваіх жанчын, калі б жанчыны ім дазвалялі, бо ўсе гэтыя развітальныя сваркі і высвятленне адносінаў заўсёды былі жаночай ініцыятывай. А няма ініцыятывы ну і дзякуй богу».

Яна сядзела ў зале, паступова напаўняючыся холадам прадчування, які ішоў аднекуль знізу, з прамоклых ног. Спярша занылі пальцы, потым каленкі, потым непрыемна спусцела і закруціла ў жываце, дайшло да сэрца. Паднялося вышэй і стала камяком у горле. Сямёнаў сядзеў побач, як звычайна, падскокваў, круціўся, нешта мармытаў сабе пад нос, азіраўся навокал, але калі раней ён рабіў гэта праз неўтаймаваны тэмперамент, зараз, адчувала Мара, ён проста ледзь трываў побач з ёй. Нешта раскручвалася ў ягонай галаве, нейкая спружына раздражнення і незадавальнення, і чым шчыльней яна наматвала кругі, тым больш няўтульна было Сямёнаву.

Дзеці скакалі па сцэне, уздымаючы галенастыя ногі, у салісткі былі бачныя чорныя карані з-пад рудых валасоў, пафарбаваных, відаць, хной, бо ці можна дзецям сапраўдную фарбу? Адзін з балонікаў лопнуў, і Марына падумала: «Цьфу, як сімвалічна».

Яны выйшлі на вуліцу.

 Ну, бывай, Мара. Я сёння ў інтэрнат. Бяры таксоўку. Праважаць не буду не паспею, зачыняць дзверы, сёння дзяжурыць Піначэт, ты ж памятаеш, яна не пускае.

Назад Дальше