Фелікс!
Дыба кінуў сякеру, якою узяўся ўжо абчэсваць бервяно, падышоў да яго.
Марыя Іпатаўна хоча ў Італію зездзіць, як ты на тое глядзіш? Бюджэт вытрымае наш?
Вытрымае, не хвалюйцеся. Дыба засмяяўся, затуліў вочы рукою ад сонца, падаўся да цесляроў.
Дарога далася нялёгка. Доўгія стаянкі, рамонт экіпажа, перапады тэмпературы усё патрабавала цярплівасці і фізічнай загартоўкі.
На дзіва, Пелагея, за якую баялася графіня, аказалася нават больш трывалай, чым яна сама. Сядзела побач з Міхеем на козлах, утрапёна сачыла за мясцовасцю і час ад часу рабіла на мапе нейкія пазнакі. Рэкі і рэчкі, азёры, балоты нішто не заставалася ёю незаўважаным, усё рабілася прадметам тапаграфічных вышукаў. І калі 20 траўня ўзбіліся ўрэшце на Апіеву дарогу, мапа нагадвала ссечаную дробам мішэнь.
Вечны горад сустрэў іх сонечнымі промнямі. Час летняе задухі яшчэ не пачаўся, і паветра было свежае і лагоднае. Старая сіцылійка, у якой спыніліся па рэкамендацыі адной княгіні, далёкай сваячкі Андрэя Мікалаевіча, за памяркоўную плату саступіла падарожніцам тры прасторныя, упрыгожаныя пад старасветчыну пакойчыкі.
Калі графіня часам адчувала сябе няёмка з-за немагчымасці харчавацца на шырокую нагу, дык Пелагею гэта зусім не бянтэжыла. Піца, якую гатавала ім кухарка сіцылійкі, яе задавальняла цалкам, і яна час ад часу, каб пацвеліць цётку, брала з сабою на вуліцу колькі кавалкаў.
Першы тыдзень прысвяцілі агляду форумаў. Заімшэлыя, паўразбураныя пабудовы Пелагеі не спадабаліся. Затое слон на пляцы Мінервы выклікаў гэткую буру эмоцый, што Марыя Іпатаўна вымушана была зрабіць ёй заўвагу.
Напрыканцы другога тыдня наведалі ватыканскія музеі. Пабыць за экскурсавода ўзахвоцілася дачка гаспадыні Лаура. Яна збольшага гаварыла па-крайнаўску, да таго ж няблага арыентавалася ў экспазіцыях.
Велізарная колькасць жывапісу вельмі хутка стаміла падарожніц. Затое ўсё кампенсавалася ў галерэі мапаў. Ледзь трапіўшы ў яе, Пелагея знерухомела ў здранцвенні перад выяваю-боцікам і абрысамі выспаў наўкола яе. Трыццаць дзве мапы ў сучасным і старажытным выглядзе літаральна заваражылі яе, так што Марыі Іпатаўне давялося нават вяртацца па пляменніцу з наступнае залы.
Пелагея, што такое?
Дзяўчына схамянулася, неахвотна пасунулася следам за графіняй у накірунку Сікстынскай капліцы.
У капліцы было тлумна.
Пелагея прыхінулася плячом да перагародкі, зірнула ўгору. Біблейскія персанажы цьмяна паблісквалі аголенымі торсамі ды тварамі паўз тоўшчу векавога друзу. Пра асобных яна чула яшчэ ў Крайне ад дзяка. А вось імя мастака, які ўсю гэтую прыгажосць ладзіў, як ні намагалася, хоць дзяк, памятала, і казаў, узгадаць не магла. Адзінае, што ведала дакладна, дык гэта тое, што маляваў ён стоячы ці седзячы з задзёртаю галавою на падстаўках пад самым плафонам, так што вада і фарба ручаямі ліліся небараку на бараду і ў вочы.
Зала была раздзеленая ўпоперак перагародкай.
Тут папу выбіраюць, патлумачыла Лаура. Вунь уваход. Яго замуроўваюць, а ў каміне разводзяць агонь. Размуроўваюць, як дым пасвятлее.
Працэдура падалася Пелагеі цікавай, яна нават пакратала дзверы рукамі. І хуценька пайшла прэч з памяшкання. Хацелася есці, ды тут, у музеі, жаваць піцу было неяк няёмка.
Кожны дзень прыносіў новую хвалю спёкі, і Марыя Іпатаўна, баючыся, каб Пелагеі не зрабілася блага, вырашыла вяртацца дахаты. 14 чэрвеня накуплялі правіянту і прэзентаў для графа і ягонай сястры, апошні раз выправіліся ў вандроўку па горадзе.
Купі сабе што-небудзь на памяць, сказала графіня і спынілася ля крамы з біжутэрыяй.
Добра. Пелагея ўзяла грошы і, як толькі Марыя Іпатаўна адвярнулася, шмыганула ў дзверы побач.
Праз пяць хвілін яна вярнулася.
Вось, купіла, сказала весела і разгарнула новенькую, з пахам друкаркі, мапу Італіі.
5
1817
Павэлак
(з этнаграфічных запісаў сябра гуртка «Шубраўцы» Віленскага ўніверсітэта Юльяна Пачопкі для «Брукавых ведамасцяў»[3])
Усякая трасца на чалавека, ага. Тыфус табе, а то ўвосень скуллё ўкашацца. Ну, і лечыш цыбулінай. Прыкладзеш нанач раненька, глядзіш, і прарвець. А знак усё адно астанецца. І ўсё на беднага. Пан, як што, ляжаць і ляжыць сабе. А ты роб.
Посля вайны дужа хварэлі. Мерцвякоў усюдых, як блох тых, было, па ямах засыпалі. Каторых палілі. Тыфус узняўся, а тады й крываўка. Семямі касіла. Страшна. На двор выйдзеш і дрыжыш, каб ад суседзяў не пераляцела. Мае бацькі і дзве сястры з крываўкі паўміралі.
Усякая трасца на чалавека, ага. Тыфус табе, а то ўвосень скуллё ўкашацца. Ну, і лечыш цыбулінай. Прыкладзеш нанач раненька, глядзіш, і прарвець. А знак усё адно астанецца. І ўсё на беднага. Пан, як што, ляжаць і ляжыць сабе. А ты роб.
Посля вайны дужа хварэлі. Мерцвякоў усюдых, як блох тых, было, па ямах засыпалі. Каторых палілі. Тыфус узняўся, а тады й крываўка. Семямі касіла. Страшна. На двор выйдзеш і дрыжыш, каб ад суседзяў не пераляцела. Мае бацькі і дзве сястры з крываўкі паўміралі.
У вайну тэж паскудна было. Перва маскаль наляцеў. Хранцуз далёка йшчэ быў, дык яны заўчэсня. Мальцаў у войска адразачку, а мужыкоў рабаваць. Хлеб, яйко якое, млечына усё выметуць. У пана Кандратовіча дзесяць коней узялі, жыта яшчэ чатыры падводы, срэбра. Самога ў крэпасць пасадзілі, паневаж[4] проці йшоў. Але мы ня велька па ім бедавалі. Блаж быў пан, жулікаваты. Дзеўку каторую бедную возьмець у пакоі, яна й родзіць тады. Сам з польскага мовіў, і нам загадваў. Сястра ягоная, Канстанцыя, і Тамаш, брат, саўсім другое дзела.
Тады, посля троху, хранцуз прышоў. Пры шаблях усе, гунуровыя. Аканом панскі з маскалёў быў, дык яго застрэлілі адразу, каб не баразніў. Маладзейшых мужукоў у войска пабралі і знова цягнyць. Сто гарнцаў мёду з пасекі вывезлі, касцёл і цэркву ў мястэчку падчыстую вымелі.
Біліся дужа. У нас не, нічога, а во ля мястэчка многа палягло. У ліпцы колька дзён чорна а чорна было ад дыму. Гарматы так білі у вушох залягала. Многа палягло. Каторых шаблямі пасеклі, каторыя пад коней трафілі. Ранілі многа. З маскалёў адзін быў прыбіўшыся да нас ранены. Даглядалі яго, пакуль з падводай за ім не прыехалі. Посля, палепшаўшы, знова прыязджаў, без рукі ўжо. Бывала, ходзіць усё наўкол пакояў, разглядаець. Лядоўню дужа ўпадабаў.
Цяперака во калек многа, ля касцёла ў мястэчку ў нядзелю, як рабакоў тых у бруху. Ага, болі касцёлы ў нас, ксяндзы пры іх, клерыкі. Цэркваў тэж троху ёсці. Упярод, пры вуніі, начыя былі, пераробілі.
Зямля ўсякая: і пясок, і гліна. На пяску, як дождж, добра расцець, у сухое лета па нізябінах. Сёлета дрэнь ураджай, авёс сам два[5] калі надойдзець. Арэх тока нішто. Арэхі добра: натрасеш увосень і ясі ўсю зіму.
Пакоі ня рушым, так стаяць. Анэгды прыязджалі з воласці, аглядалі. Бытта новы пан маецца прыехаць, а хто, скуль невядома. Каб жа добры трафіўся.
Дзераўца гэта углісам[6] даўней называлі. А Кандратовіч як пасяліўся, адразачку флянец прышчапіў і году загадаў зваць. Як палякі адыйшлі, падгніваць стала. Дык адзін вухарац зрэзаў вяршліну і да дзічкі прышчапіў. І добра зробіў, а то шкода ж. Улетку ад слонца схувацца і паесць тэж. У вайну ягадамі ратаваліся. Расцець бо велькае і ягад многа. У галаву бець, праўда. Пры Кандратовічу, бывала, як што зайдзець з мужукамі, рабункі якія, яго даець. Тады зразу і паспакайнеюць. Перад вайной было, былі ўзняўшыся, каб чыншу мені плаціць. Дык ён загадаў ахмістрыні раўгені наварыць і даў. Трое сутак спалі, як забітыя.
Вучыцца не, ня вучымся. Пашто нам? Добра робіць граматы не надабя. Чувалася, бытта збіраюцца адчыняць школу, а што з таго будзець, паглядзём. Мая Антолька да навукі здатная. Па ксёнжках чытаць наўчылася. Цяперака да ксяндза ходзіць катахізмаў цвічыць. Хваліць ксёндз, кажаць, разумная.
Назвіска[7] наша? Старынскія. Ага, тутака жывём, вун хата ля става
6
1818
Кліны
Перастань! Пелагея вызваліла руку, нямоцна, больш дзеля прыліку, чым насамрэч, квэцнула хлопца па плячы. Цётка ўбачыць, будзе нам абаім.
Бронак адсунуўся ад яе, стаў ля шафкі з парфумаю.
Я рукі тваёй папрашу.
Яшчэ што! Забудзься пра гэта. Яна разгарнула складзеную ў чатыры столкі мапу, прыклала яе да вольнага месца на сцяне між акном і дзвярыма. Вось тут добра будзе, праўда? Падай клей.
Што гэта?
Копія вайсковага ўмацаванага лагера. Дзядзечка прэзентаваў.
Бронак падаў клей.
Пелагея намазала іспод мапы клеем, прыціснула да сцяны.
Зацяжкая, не хоча трымацца. Ці, можа, клей благі. Памажы мне.
Хлопец стаў ззаду, дыхнуў ёй у шыю, прыклаў далонь да мапы.
Пелагея рэзка павярнулася да яго, парывіста абняла.
Каханне маё
А ты маё, вызваляючы галаву, каб паглядзець, ці зашчэпленыя дзверы, сказала Пелагея і ціха засмяялася.