Marginalis - Кiрыл Стаселька


Кiрыл Стаселька

Marginalis

© Стаселька К., 2016

© Сакалоўская С., вокладка, 2016

© ПВУП «Галiяфы», 2016

© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2016

I

У зносінах з новымі людзьмі я нярэдка магу падацца бестактоўным. Пры першай сустрэчы ад мяне можна пачуць мноства пытанняў, часам дастаткова інтымных. Пытанняў, датычных працы, заробку, сяброў, сямі, занятасці бацькоў ды некаторыя іншыя, у залежнасці ад сітуацыі. Вядома, у жывой размове яны выглядаюць не так груба і маюць больш завуаляваны характар. У любым выпадку, падобная дапытлівасць не зяўляецца вынікам маёй бескультурнасці або дрэннага выхавання. Справа ў тым, што мяне заўсёды цікавілі гісторыі, біяграфіі людзей, што мяне атачалі.

Я люблю як, напэўна, і многія, добрыя, цікавыя гісторыі, будзь яны рэальныя ці выдуманыя. Але, мабыць, сіла эфекту выдуманай гісторыі павучальнага, тлумачальнага, асцерагаючага, эўрыстычнага ды любога іншага куды слабейшая за тую, што мела месца быць насамрэч. Але біяграфіі выбітных дзеячаў, якія ў вялікай колькасці можна знайсці ў падручніках і энцыклапедыях, пакрытыя такім шчыльным пластом велічы, легенд, тлумачэнняў ды інтэрпрэтацый, што гісторыя таго ці іншага чалавека забіваецца і міфалагізуецца, губляючы сваю жыццёвасць. Іншая справа чалавек, якога вялікая гісторыя, з нашага дазволу, адносіць да разраду маленькага або звычайнага.

Шмат хто з нас, не ўсвядамляючы таго, схільны жахацца або захапляцца выключна вялікімі асобамі, якія здолелі забраніраваць сабе месца на той ці іншай старонцы школьнага падручніка: вялікія правадыры, кампазітары, вынаходнікі, мастакі, маніпулятары, геніі і многія іншыя. Шмат у чым гэта адбываецца з-за тэндэнцыі гісторыі, а дакладней гісторыкаў, ствараць іерархіі, якія мы, мабыць, рэдка спрабуем паставіць пад сумнеў. Іерархіі падзей, твораў, і, вядома ж, іерархіі гістарычных персанажаў. У падобных іерархіях Карфаген або Іспанская імперыя хутчэй зоймуць больш значнае месца, чым, напрыклад, Урарту або Кушанскае царства, а Эдмунд Гусэрль, напрыклад, будзе займаць больш пачэснае месца, чым Джыда Крышнамурці. Ды і шырока распаўсюджаная перыядызацыя сусветнай гісторыі з яе падзелам на Сярэднявечча, Новы час і гэтак далей, мае ў сваім падмурку, перш за ўсё, падзеі еўрапейскай гісторыі. Пры больш глыбокім разглядзе падобных іерархій немінуча ўзнікае пытанне не толькі адносна таго, хто іх фармуе, але, перадусім, што выступае крытэрыем. Бо варта гэтым крытэрыям змяніцца, як гістарычная іерархія і, адпаведна, наша бачанне гісторыі таксама будзе выглядаць зусім па-іншаму.

Магчыма, вы нярэдка чулі пазіцыю, згодна з якой кожнаму, калі не варта, то, па меншай меры, практычна карысна ведаць гісторыю, чулі выраз Хто ведае мінулае, той прадбачыць будучыню або што-небудзь падобнае. Гісторыя выступае, калі можна так выказацца, нечым накшталт настаўніка. Гісторыя, маўляў, дазваляе вучыцца на чужых памылках. А біяграфіі гістарычных дзеячаў могуць служыць чымсьці накшталт даведнікаў. Шмат у чым падобная пазіцыя можа быць справядлівай. Але, магчыма, не варта забываць, што ў справе вялікіх гістарычных падзей або вялікіх гістарычных дзеячаў стаўкі настолькі высокія, што яны падзеі і біяграфіі немінуча перажываюць мноства скажэнняў, праходзячы праз прызму той ці іншай перспектывы. Як некаторыя старажытныя летапісы, якія пасля зяўляліся для сучаснікаў адзінымі крыніцамі ведаў пра тыя ці іншыя падзеі, часта ствараліся са скажэннем, а то і фальсіфікацыяй рэчаіснасці, у інтарэсах аднаго з правадыроў ці князёў, так і гісторыя сама па сабе нярэдка перапісваецца, падобна таму, як гэта адбываецца ў оруэлаўскім 1984. Не заходзячы далёка, дастаткова для прыкладу зірнуць на спрэчкі паміж сучаснай Грэцыяй і Македоніяй адносна постаці Аляксандра Македонскага або самой назвы Македонія. Дастаткова спытаць пра фігуру Сцяпана Бандэры ўкраінца і расіяніна, і беларуса і літоўца адносна Вялікага Княства Літоўскага. Натуральна, не заўсёды скажэнне зяўляецца вынікам нейкага намеру. У любым выпадку, калі вы вырашыліся ўзяць вялікую гісторыю ў якасці кіраўніцтва жыццёвага, палітычнага або любога іншага, вам, хутчэй за ўсё, давядзецца сутыкнуцца з шэрагам значных пытанняў, часта і метадалагічнага характару. У некаторай ступені, вышэйназваныя нагоды далі штуршок развіццю такога накірунку, як мікрагісторыя.

Вывучэнне маленькага чалавека часам можа даць значна больш, чым вялікага гістарычнага дзеяча. А яго гісторыя можа аказацца больш інфарматыўнай, павучальнай і блізкай. Пры тым, што маленькім, вядома ж, ён зяўляецца толькі ўмоўна. Сярод нас, нашых знаёмых ці сяброў нашых знаёмых, пэўна, заўсёды можна адшукаць значную фігуру з цудоўнай гісторыяй. Можна адшукаць таго, хто здолее захапіць або напужаць не ў меншай ступені, чым талент або злы геній якога-небудзь так званага гістарычнага дзеяча. Пошукі менавіта такіх фігур часам зяўляюцца прычынай маіх бестактоўных пытанняў. І менавіта такіх герояў вы знойдзеце ў гэтай кнізе.

Але, напэўна, варта вас перасцерагчы. Бо каб я гэтага не зрабіў, вы, хутчэй за ўсё, палічылі б, што асноўным матывам кнігі зяўляецца пытанне гісторыі і тых, каго яна абышла сваёй увагай. Але ўсё ж не! Гісторыя толькі адзін з прыкладаў.

II

Бедныя раёны Фларэнцыі ніколі не адрозніваліся асаблівай цішынёй, а ў гэты дзень да агульнага гулу галасоў, крыкаў і віскаў далучыўся яшчэ адзін. У сямі Марка Мальябекі і Гіневры Бальдарыетта зявіўся сын, якога назвалі Антоніа. Адбылася гэта падзея, знамянальная не толькі для сямі Мальябекі, у XVII стагоддзі, за год да 1634 і на наступны дзень пасля 19 кастрычніка. Будзе справядлівым сказаць, што менавіта з Антоніа Мальябекі пачынаецца гісторыя кнігі, аб якой у далейшым пойдзе гаворка, але цяпер 20 кастрычніка 1633 года, і да яе зяўлення яшчэ далёка.

Бесклапотныя гады хлопчыка доўжыліся нядоўга. Як гэта нярэдка бывала ў бедных семях, Антоніа ўжо з дзяцінства ўладкавалі працаваць. Магчыма, менавіта з лавы бакалейшчыка пачалося знаёмства хлопчыка з кнігай. Яго штодзённыя абавязкі не адрозніваліся разнастайнасцю, любому іншаму яны маглі падацца самым сумным заняткам на свеце, але толькі не яму. Кожны дзень, працуючы ў краме, ён беражліва запакоўваў тавар для чарговага кліента. Для гэтай мэты Антоніа звычайна браў ліст, старонку з кнігі ці нават рэшткі старых бухгалтарскіх запісаў, якія ляжалі стосам недалёка ад прылаўка. Старанна разгладзіўшы старонку, хлопчык браў пучок кропу і ўкладваў яго па цэнтры. Затым плаўна здзяйсняў некалькі няхітрых рухаў, і тавар быў гатовы выправіцца ў рукі чарговага пакупніка або пасыльнага. Для хлопчыка гэта было чымсьці накшталт рытуалу, сакральнасць якога заключалася не ў саміх рухах і нават не ў тым, што трэба было спакаваць. Сакральнасць заключалася ў самой абгортцы.

Маленькі памочнік бакалейшчыка не ўмеў ні чытаць, ні пісаць, і наўрад ці яму сыну небагатых бацькоў пашчасціла б гэтаму калі-небудзь навучыцца. Але няведанне пісьма не перашкаджала хлопчыку атрымліваць задавальненне ад чарнільных завіткоў. А можа, нават наадварот, загадкавасць незразумелых знакаў яшчэ больш прыцягвала ўвагу дапытлівага хлопца. Кожную новую старонку ён быццам смакаваў усім сваім нутром, на імгненне зліваючыся з ёй у адно цэлае. Вочы прагна беглі па радках, нос удыхаў блажэнны водар паперы і чарнілаў, а маленькія ручкі дрыгатліва абмацвалі лісток, адчуваючы кожны выгін або шурпатасць. Нешта адначасова мілае і інтымнае было ў гэтым рытуале. Быццам юнак упершыню смакуе цуд першай сустрэчы з жаночым целам. Але пачуццё захаплення і задавальнення мяшалася з нейкай горыччу. Хлопчыку так не хацелася расставацца з лапікам паперы, так не хацелася аддаваць яго ў чужыя рукі. Страх, што абект яго сакрамэнту можа быць кім-небудзь апаганены, прыводзіў у адчай. Для Антоніо ён здаваўся жывым, і сумна было нават уявіць, што яго могуць выкінуць ці, што яшчэ горш, кінуць у комін, каб развесці агонь. Калі б яго воля, Антоніа забіраў бы кожную старонку сабе і беражліва аберагаў ад любой пагрозы: няхай то вада, агонь ці грубыя рукі, здольныя апаганіць крохкую рэліквію.

Магчыма, яго мог чакаць лёс старога гандляра, непісьменнага варята, што нюхае і мацае старыя паперкі з незразумелымі крамзолямі, калі б аднойчы хлопчыка не заўважыў кнігагандляр, які працаваў непадалёк. Той быў гэтак уражаны трапяткім стаўленнем юнага памочніка бакалейшчыка да рознага кшталту паперак, якія цяпер выкарыстоўваліся ў якасці пакавальнага матэрыялу, што неўзабаве ўзяў хлопчыка да сябе ў вучні. Рыжабароды гандляр даўно адчуў у бязграматным Антоніа нешта дзіўнае, нейкую здольнасць, нейкую таямніцу, што родніць яго з кнігамі. І пацвярджэнне гэтага пачуцця не прымусіла сябе доўга чакаць.

Хлопчык упітваў як губка ўсё, чаму вучыў яго гандляр і ўжо зусім хутка навучыўся чытаць, разумець сімвалы, якія яшчэ нядаўна здаваліся чымсьці загадкавым. Аднойчы гандляр узяўся паказваць Антоніа літары і тлумачыць іх значэнне, і той адразу ж здолеў усё паўтарыць, як быццам вучыўся грамаце ўжо даўно. Здзіўлены і ўзрушаны, ён кінуўся да адной з паліц і дастаў Біблію. Вялікую важкую кнігу ён паклаў перад хлопчыкам і той пачаў бегла чытаць тэкст, пераскокваючы ад радка да радка. З кожным днём здзіўленне і захапленне хлопчыкам расло. Хутка высветлілася, што ён памятае ўсё, што прачытаў. Антоніа мог маментальна ўспомніць дакладнае размяшчэнне любой з тысяч кніг з дакладнасцю да пазіцыі на канкрэтнай паліцы. Амаль за месяц ён вывучыў не толькі ўсе назвы кніг, але і назвы раздзелаў кожнай з іх. Для кнігагандляра гэты юны памочнік бакалейшчыка аказаўся не толькі каштоўным набыткам для кніжнай крамы, але, у першую чаргу, асабістай радасцю.

Дальше