Гандляра зацікавіла, як доўга і як шмат з прачытанага можа захоўвацца ў гэтай маленькай галаве, і праз некаторы час ён вырашыў праверыць хлопчыка, спытаўшы яго пра першы прачытаны ўрывак з Бібліі, і той у дакладнасці ўсё аднавіў. Настаўнік хлопчыка не мог стрымаць захапленне, і кожнаму распавядаў пра незвычайныя здольнасці свайго вучня. Многія пачалі прыходзіць у краму выключна для таго, каб асабіста пераканацца ў тым, што здавалася такім незвычайным, нават цудоўным. Прыходзілі як звычайныя прафаны, так і вучоныя мужы горада. Не было чалавека, якога б Антоніа пакінуў абыякавым. Асабліва дзіўна выглядала гульня, калі хлопчыку задавалі тое ці іншае пытанне, а ён імгненна даваў на яго адказ і нават называў кнігу, нумар старонкі і абзац, дзе знаходзіўся ўрывак з патрэбнай інфармацыяй. З павелічэннем патоку наведвальнікаў павялічвалася і кліентура самой крамы. Справы ішлі ўсё лепш і лепш. Гандляр не мог і чакаць такога эфекту, калі рабіў прапанову гэтаму юнаму дараванню.
Немалую ролю ў развіцці Антоніа адыграла знаёмства з выбітным бібліятэкарам Мучыа Эрміні. Той бясплатна навучаў яго мовам: латыні, грэцкай, старажытнаяўрэйскай. Акрамя таго, Мучыа шчодра дзяліўся з Мальябекі асаблівасцямі і таямніцамі свайго рамяства, даючы яму мноства парадаў па працы з кнігамі. А той, як і раней, усё так жа старанна і трапятліва ўбіраў у сябе новыя веды і навыкі. І ўжо праз некалькі гадоў, дзякуючы незвычайным здольнасцям у спалучэнні са спрыяльнымі ўмовамі іх развіцця, Антоніа Мальябекі можна было смела назваць адным з самых адукаваных людзей Фларэнцыі.
Слава пра Антоніа распаўсюджвалася так хутка і так далёка, што неўзабаве дайшла да Казіма ІІІ герцага Тасканскага з роду Медычы які прызначыў яго сваім бібліятэкарам, а з часам і захавальнікам Лаўрэнцыяны, найбагацейшай фларэнтыйскай бібліятэкі. Яго жалаванне складала восемсот ліўраў на год, але Антоніа быў гатовы працаваць і бясплатна, бо для яго адкрылася самая сапраўдная скарбніца, у якой ён праводзіў увесь час і не мог насыціцца, чытаючы з раніцы да вечара. Не выязджаючы за межы горада, Антоніа здабываў каталогі найбуйнейшых бібліятэк свету, сістэматызуючы іх згодна з распрацаванай ім сістэмай. Праз некаторы час для яго ўжо не засталося невядомых кніг ці аўтараў. Ён мог нават на памяць назваць уладальніка той ці іншай рэдкай кнігі.
Але для Антоніа Мальябекі і гэтага рабілася мала. У сваім доме ён збіраў асабістую бібліятэку з кніг ды рукапісаў. Кніг было так шмат, што яны займалі ўсю прастору, у якой неўзабаве стала досыць складана перасоўвацца нават худому чалавеку. Здавалася, дом мог існаваць без сцен, бо стосы кніг цалкам паўтаралі ўсе ягоныя контуры ды распасціраліся да самай столі. Яны знаходзіліся на першым і другім паверсе, на падлозе і на ложку, яны былі паўсюль. Праз некаторы час іх было так шмат, што нават гаспадару дома даводзілася дзяліць ложа з кнігамі. Фігура незвычайнага бібліятэкара не магла застацца незаўважанай, слава пра яго хутка распаўсюджвалася далёка за межы Фларэнцыі. Да Антоніа прыязджалі з усіх частак Еўропы: хто пагутарыць з вялікім бібліятэкарам, а хто проста паглядзець на дзівоснага кніжніка. Многіх абстаноўка дома і ўклад жыцця яго гаспадара прыводзілі ў жах. Тут было цесна і душна, здавалася, гаспадар тут не чалавек, а кнігі. Не ў меншай ступені наведвальнікаў дзівіў неахайны, у запэцканых вопратках уладальнік бібліятэкі.
Гэта і нядзіўна, бо чытанне было галоўным заняткам Мальябекі. Ён падоўгу не мыўся, не пераапранаўся, не стрыгся, вельмі сціпла і амаль мімаходзь перакусваў што-небудзь накшталт хлеба з яйкам, ды зусім не спаў. Рукавы кашуль, якія ён заношваў да лахманоў, былі запэцканыя тытунём. Валасы хаатычна разыходзіліся ў розныя бакі. Калі б гэта было магчыма, ён ніколі б не еў, не піў, не мыўся, не апаражняўся і нікуды не выходзіў бы, каб нішто не адцягвала яго ўвагі ад любімага занятка. Антоніа гняла неабходнасць адкласці кнігу, як гэта бывае, калі на некаторы час даводзіцца расстацца з родным дзіцём. Таму нават есці і мыцца ён прызвычаіўся з кнігай у руках.
Жыві ён хоць дзвесце гадоў, распарадак Антоніа зусім не змяніўся б. Мабыць, справа была не ў часе кнігі ён не чытаў, але літаральна праглынаў чым больш ён аддаваў ім часу, тым больш яны яго паглыналі. Ён быў падобны да азартнага гульца, які ўвесь час прайграе і бярэ ў пазыку. Кнігі сталі яго заганнай жарсцю, а час грашыма. Як гэта бывае ў падобных выпадках, то цяжка было разабраць, ці зяўляліся абектам гэтай прагі самі кнігі ці ўсё ж веды, якія яны змяшчалі.
Жыві ён хоць дзвесце гадоў, распарадак Антоніа зусім не змяніўся б. Мабыць, справа была не ў часе кнігі ён не чытаў, але літаральна праглынаў чым больш ён аддаваў ім часу, тым больш яны яго паглыналі. Ён быў падобны да азартнага гульца, які ўвесь час прайграе і бярэ ў пазыку. Кнігі сталі яго заганнай жарсцю, а час грашыма. Як гэта бывае ў падобных выпадках, то цяжка было разабраць, ці зяўляліся абектам гэтай прагі самі кнігі ці ўсё ж веды, якія яны змяшчалі.
Хутчэй за ўсё апошняе, інакш складана патлумачыць далейшыя падзеі, якія прывялі да стварэння таямнічай кнігі.
Аднойчы позна ноччу ў дзверы яго сакральнага сховішчы пагрукалі. Антоніа быў гэтак паглынуты чарговым рукапісам, што покліч з вонкавага свету, магчыма, так і застаўся без адказу, калі б зусім выпадкова яго ўвага не была адцягнутая на долі секунд. Пераканаўшыся, што яму не здалося, ён спусціўся ўніз ды адчыніў дзверы. На парозе стаяў хлопчык гадоў трынаццаці, яго звалі Сімоне. Антоніа Мальябекі мінула ўжо шэсцьдзясят шэсць. Бойкі хлопчык, не чакаючы, выпаліў даўно падрыхтаваны тэкст пра тое, хто ён і чаго хоча. Сімоне прасіў Антоніа прыняць яго ў вучні. Старога бібліятэкара беспардонна заспелі знянацку, але, нягледзячы на гэта, ён паспрабаваў добразычліва растлумачыць усю немагчымасць задавальнення падобнай просьбы: юны ўзрост першага ды старэчы другога, скрайняя занятасць, адсутнасць навыку настаўніка ды многае іншае. Акрамя гэтага, Антоніа, які і без таго не жадаў марнаваць час на такія дробязі як сон і ўжыванне ежы, баяўся абцяжарваць сябе яшчэ чым-небудзь, што магло адцягнуць яго ад важнага і любімага занятку. Але Сімоне быў непахісны і ўсё ж такі здолеў пераканаць бібліятэкара ахвяраваць яму хаця б па гадзіне на месяц.
Так Сімоне пачаў наведваць дом Антоніа Мальябекі кожную другую суботу месяца.
Як і ён, хлопчык паходзіў з небагатай сямі, і яму ўжо з дзяцінства давялося працаваць пасыльным. Таму іх сустрэчы праходзілі не раней за дзесяць гадзін вечара. Сімоне быў не такім здольным, як Антоніа ў яго гады, але браў хутчэй упартасцю. Ён зяўляўся поўнай супрацьлегласцю вялікага бібліятэкара: амбітны, часам дзёрзкі, настойлівы да непрыстойнасці. Мальябекі бачыў: вучоба давалася хлопчыку вельмі складана, але, нягледзячы на гэта, ён не адступаў, што выклікала яшчэ большую павагу ў старога настаўніка. Часам ён разважаў пра сваё дзяцінства, пра Сімоне і аб іх сустрэчах. Антоніа схіляўся да меркавання, што малады вучань, мусіць, заслугоўвае большай павагі, чым ён сам. У юнацтве, калі ён яшчэ працаваў у краме кнігагандляра, многія ім захапляліся. Але яму ўсё давалася значна лягчэй, бо ў яго былі нейкія прыроджаныя здольнасці, якімі яго надзяліў Бог. Сімоне ж даводзілася прыкладаць у тры, ці нават у дзясяткі разоў больш намаганняў, чым яму самому. Калі б гэты хлопчык валодаў тым жа дарам, што і ён, Сімоне абавязкова стаў бы самым адукаваным з усіх людзей, што жылі калі-небудзь.
Сімоне стаў прыходзіць усё часцей. Праз некаторы час Антоніа ўсвядоміў, што іх заняткі праходзяць ужо па два, а то і тры разы на тыдзень, ды часам доўжыліся ўсю ноч. Але раскусіўшы маленькую хітрасць, Антоніа толькі ўсміхнуўся, ды нічога не сказаў хлопчыку. Ён стаў яму амаль як сын, якога той пяшчотна і клапатліва вучыў усяму, што ведае сам. Навучыўшыся чытаць, Сімоне падзяліўся з настаўнікам марай сабраць уласную бібліятэку. Маленькі пасыльны, нават калі б адкладваў усё заробленае, і за год не здолеў бы назапасіць хаця б на адну кнігу. І Мальябекі стаў час ад часу дарыць вучню кнігі, за якія той быў шчыра ўдзячны. А крыху пазней, калі той пасталеў, уладкаваў на службу ў бібліятэку, каб нішто не адцягвала Сімоне ад вучобы.
Параўнацца памяццю з настаўнікам Сімоне не мог, але дзякуючы стараннай працы ўжо да дзевятнаццаці гадоў вывучыўся чытаць і пісаць на некалькіх мовах. Акрамя таго, ён мог пацягацца ў начытанасці і эрудыцыі з многімі вучонымі мужамі горада. Здольнасці настаўніка і ўседлівасць вучня прыносілі дзіўныя плады. Часам Сімоне станавіўся цалкам нелюдзімым і закрытым, паглыбляючыся на некалькі дзён, а то і тыдняў, ва ўласныя разважанні, старанна нешта запісваючы. У гэтыя перыяды ён не наведваў нават свайго любімага настаўніка, які настолькі прывык да зносін з Сімоне, што ўсё цяжэй пераносіў доўгую разлуку з ім.
Амбітны фантазёр Сімоне гадамі выношваў планы, марыў пра штосьці большае, чым простае паглынанне кнігі за кнігай. Ён не жадаў, як Антоніа, які меў выдатныя здольнасці, гібець кніжным чарвяком да старасці, маючы магчымасць дасягнуць большага. Яму хацелася чагосьці больш маштабнага, усеабдымнага, вялікага. Так, калі ў думках і на паперы сфармаваліся больш ці менш выразныя планы, ён вырашыў падзяліцца імі са сваім сябрам і настаўнікам. Нягледзячы на даўняе сяброўства і блізкую сувязь, яму доўгі час было боязна, як успрыме яго адкрыццё Антоніа. Але ўсё ж сабраўшыся з духам, ён наважыўся ў адзін з дзён раскрыць плён уласных спадзяванняў і памкненняў.