Савецкая ўлада знішчыла спрадвечныя традыцыі, а замест нарадзіла процьму святочных, кшталту дня 23 лютага, звычак. Але народная прага традыцый заўсёды была неўміручай. Менавіта неўміручасцю традыцый можна патлумачыць тое, што народ сам ператвараў звычкі ў традыцыі, надаючы ім зусім іншы, чалавечы сэнс, не надта паглыбляючыся ў вір гістарычных падзей, у блытаніну ўрачыстых дат
Лукашэнка ўчапіўся ў гэтую блытаніну, бо менавіта з яе нарадзіўся і на ёй трымаецца рэжым ягонай асабістай улады.
Вынікам стаў самы, мусібыць, вялікі, варяцкі парадокс сучаснай беларускай гісторыі: вайна дзяржавы супраць Айчыны
Ці не абвесткай гэтай вайны зявіўся сумнавядомы травеньскі рэферэндум 1995 года?! Вайны супраць такіх спрадвечных духоўных каштоўнасцяў, як родная мова, нацыянальныя сімвалы і святыні. Вайны супраць таго, з чаго складаецца пачуццё Айчыны
Айчына, безумоўна, шырэйшае за дзяржаву, можа, нават зусім іншае паняцце. Калі дзяржава палітычнае ўтварэнне, краіна геаграфічнае, то Айчына альбо Бацькаўшчына ад Айца Ад продкаў, дзядоў, прадзедаў і бацькоў
Спекулюючы на гістарычнай недасведчанасці насельніцтва, застрашваючы яго міфічнымі пагрозамі з боку нейкіх незразумелых «бэнээфаўцаў», дзяржава ў асобе Лукашэнкі доўгі час намагалася начапіць на сябе твар Айчыны. Але нічога, апроч скажонай саўковай хлуснёй маскі, не атрымалася. Нават Бацькам ужо амаль ніхто яго не называе. Нездарма, віншуючы 23 лютага сваіх генералаў з новымі пагонамі, Лукашэнка абвясціў, што «дзяржава заўсёды будзе падтрымліваць сваіх абаронцаў». Заўважце, абаронцаў дзяржавы, а не Айчыны
Насамрэч забаронцаў Айчыны.
Дзе, у якой яшчэ краіне «абаронцы Айчыны» сілкуюцца іншаземнымі грашыма?
Дзе, у якой яшчэ краіне «абаронцы Айчыны» ці то кіраўнік дзяржавы, ці то вайскоўцы з міліцыянтамі, ці то суддзі з пракурорамі, ды іншыя памагатыя пад рознымі хлуслівымі зачэпкамі цягнуць за краты тых, хто шануе нацыянальныя герб і сцяг?
Суд над Сяргеем Каваленкам, які ўзняў бел-чырвона-белы сцяг над плошчай у Віцебску, безумоўна, працяг бясконцай ганебнай вайны дзяржавы супраць Айчыны.
Але ні забараніць, ні перамагчы Айчыну немагчыма. Нават калі яна застанецца жыць у знясіленым целе апошняга яе абаронцы.
На гэтай трохі пафаснай ноце я, магчыма, паставіў бы кропку, каб не гісторыя з касманаўтам Кавалёнкам, амаль цёзкам Сяргея па прозвішчы і, мабыць, радні па кавальскаму радаводу. Колькі бруду вылілі на яго заўзятыя, так бы мовіць, патрыёты толькі за тое, што ён адцураўся ад бел-чырвона-белага сцяга, маўляў, сцяга калабарантаў часоў нямецкай акупацыі
Па-лукашэнкаўскі абразліва ганіць савецкага беларуса, чыё дзяцінства, дарэчы, прайшло праз тую жахлівую акупацыю не лепшы спосаб пераканаць яго, далучыць да сапраўднай гістарычнай спадчыны. Тым больш, што ён сам ужо частка гэтай спадчыны.
Я добра памятаю сонечную раніцу ў вёсцы Белай пад Крупкамі, святочна-насцярожаны натоўп аднавяскоўцаў Кавалёнка і сакратара райкама, які, надрываючыся, цягнуў у беднаватую матчыну хату тэлевізар Памыляюцца тыя, хто думае, што гэта быў усплёск так званага савецкага патрыятызму. Усе, партыйны сакратар таксама, адчулі гонар за беларуса і Беларусь
Ёсць нешта глыбока агульнае паміж подзвігам Кавалёнка і патрыятычным учынкам Каваленкі абодва, самаахвярна рызыкуючы, ўзнялі Айчыну да нябёс.
Астатняе непаразуменне, якое, упэўнены, скончыцца, як толькі скончыцца гэтая, распачатая дзяржавай, вайна.
Рукі дзеда
Разгарнуліся спрэчкі вакол «дзеда Талаша» фільма з такой жа назвай, асобы і вобраза з коласаўскай «Дрыгвы».
Фільма я, на жаль, не глядзеў. А вось спрэчкі
Спрэчкі нагадалі мне знаёмага вясковага ксяндза. Кожны раз, калі я сустракаў яго на ўскрайку той вёскі, на прасёлкавым раздарожжы, ён хітравата заплюшчваў вочкі і пытаўся: «А ці не ведае пан, дзе тут шлях да Варшавы? А да Пецярбургу?»
«Пан» ужо ведаў, што ставіцца да пытанняў старога ксяндза трэба ўважліва, і насамрэч паказваць адпаведны кірунак, каб пазбегнуць ксяндзовага кійка.
Такі вось урок гісторыі з геаграфіяй.
Наогул гэта быў дзіўнаваты стары. І ўлетку і ўзімку хадзіў у дзіравай ватоўцы і чырвонаармейскай вушанцы з адбіткам пяціканцовай зоркі на ілбе Часцяком яго знаходзілі на адселеным хутары, дзе ён спаў на печы, якую сам паліў рэшткамі пасечанага сада і разбуранага гумна
Праз колькі год, калі ксёндз ужо адышоў у лепшы свет, я даведаўся, што ён добра прамёрз на гулагаўскім лесапавале. І да сканчэння жыцця не здолеў сагрэцца. Але пра тое, дзе «тут» шлях да Сібіры, не пытаўся ніколі
Такім чынам, той даўні ўрок на скрыжаванні прасёлкаў можна лічыць няпоўным.
Ці не падобныя мы ў сваім стаўленні да гісторыі на згаданага старога ксяндза? Носім да апошніх рэштак гулагаўскую ватоўку, чапляем на сябе вушанку з адбіткам чырвонай зоркі і ніяк не можам сагрэцца ля ўласнага вогнішча. А калі падаецца, што нехта збіўся з кірунку, пагрозліва падымаем кіёк
Са спрэчак вакол фільма пра «дзеда Талаша» вынікае, што яго стваральнікі паднялі на Польшчу пагрозлівы «бальшавіцкі» кіёк. У адказ «дэмакратычны» польскі кіёк: артыкул ў газеце «Rzесzpоspоlіtа» пра непараўнальна добрае з савецкім жыццё беларусаў «за польскім часам», нават пратэст польскага МЗС
Але гістарычная праўда не можа быць ні «бальшавіцкай», ні «дэмакратычнай». Інакш яна губляе самае істотнае сваё вымярэнне чалавечае.
Бо сапраўдная гісторыя краін і народаў складаецца з чалавечых лёсаў.
І гэта адзінае вымярэнне, якое дапамагае суцішыць боль ад гістарычных стасункаў. І ладзіць стасункі без болю
А тут Лукашэнка раптам плясь! У Варшаве быццам зноўку «спяць і бачаць» як аднавіць «усходнія крэсы»
Пра тое, што ў Маскве «не спяць» адпаведны маўчок А наўздагон фільм пра «дзеда Талаша», пра ягоную барацьбу супраць «белапольскіх акупантаў».
Што «акупанты» зявіліся праз бальшавікоў, грамадзянскую вайну і савецкую ўладу адпаведны маўчок
Чаму «Катынь» Анджэя Вайды не выклікала пратэсту ні афіцыйнага расійскага боку, ні простых расійцаў, акрамя «вечна жывых»? Ці не таму, што ўпершыню, мусіць, расійцы ўбачылі чалавечы твар не толькі жахлівай польскай, але і ўласнай трагедыі, твар праўды, без якой немагчыма зазнаць пачуццё гістарычнай адказнасці і віны?!
Спробы адшукаць гістарычную праўду ў спарахнелым ідэалагічным куфары, са спрытнасцю штукара выцягваючы адтуль толькі тое, што адпавядае палітычнай патрэбе, небяспечныя для стасункаў паміж народамі і людзьмі.
Але перш-наперш небяспечныя для нас саміх.
Адшукаць уласнае месца ў гісторыі і сучасным свеце немагчыма, блукаючы вакол дрыгвы і спрабуючы намацаць цвёрдую зямлю з дапамогай кіёчка.
Але ж дрыгва яна і ёсць дрыгва. Нездарма, мусіць, Якуб Колас так назваў сваю аповесць.
А фільм пра «дзеда Талаша» абавязкова пагляджу пры першай нагодзе. Цікава ўсё ж, ці здолеў Генадзь Гарбук стварыць вобраз знакамітага палешука без двукоссяў.
Яшчэ цікавей, ці супадзе гэты вобраз з маім уласным уяўленнем пра дзеда. Не з аповесці з прыватнай сямейнай гісторыі, з жыцця. Дакладней, з яго пачатку, з 1943 года.
У тым годзе мяне, двухгадовага, маці прывезла з Казані ў Маскву і, падаўшыся бліжэй да Беларусі, родных мясцін, пакінула на сваю сястру, цётку Надзею. Аднойчы яна гуляла са мной ля гатэлю «Якорь». Стаміўшыся, цётка пасадзіла мяне на высокі парапет. Але, відаць, жвавенькі быў хлопчык. У нейкі момант зехаў з парапета і быў падхоплены з лёту праходзячым міма дзядком. «Куды глядзіш, старая варона?! Ледзь дзіця не загубіла» А «старая варона», з яе слоў, аж разявіла рот, гледзячы на дзеда і ордэн Чырвонага Сцяга, што пабліскваў з-пад расхінутага кажуха
Ордэн ордэнам, у Талаша з ім свая гісторыя. Але ж і сёння мне зусім не цяжка ўявіць сабе, нават адчуць рукі дзеда.
Уратаваў ад калецтва, а, мо, яшчэ ад чаго горшага.
Жыве Беларусь
Камяні спатыкнення
«Што, немцы і сваіх габрэяў забівалі?!»
Ягонае ўзрушэнне было такім моцным, што ён абышоў камяні з усіх бакоў, убачыў сляды старанна зацёртай свастыкі
Тады, пяць гадоў таму я сустрэў яго ля «Трох камянёў», што ў розныя часы былі пастаўлены ў памяць аб тысячах габрэях з Гамбургу, Дзюсельдорфу і Брэмена, якія загінулі ў Мінскім гета і Трасцянцы. Сюды ён патрапіў выпадкова прыехаў са Стоўбцаў наведаць сябра ў лякарні непадалёк.
Я спытаў яго, колькі яму гадоў і ў якой сферы працуе. Гадоў яму аказалася за сорак, працуе інжынерам у камунальнай гаспадарцы.
Я не ведаю, чаму я спытаўся ў яго пра гэта. Мабыць, таму, што сам быў узрушаны: мне здавалася, што няма на Зямлі чалавека, які нічога не ведае пра Халакост
Мікалай зашпіліў пінжак, схіліў у задумёнасці галаву з рэдкімі русымі валасамі, потым шырока перахрысціўся і павольна накіраваўся у бок Сухой.