Мосцік над вечнасцю (зборнік) - Сяргей Ваганаў 7 стр.


Шмат аб чым дзеці просяць дарослых на сапраўднай вайне піць есці не даць памерці не паміраць Але аб тым, каб не стралялі, не просяць. Бо якая ж гэта вайна, калі не страляць?!

Быў у маім журналісцкім жыцці эпізод, калі давялося самому ствараць «рэканструкцыю». У 1985-м, напрыканцы сакавіка, газета «Труд», дзе я тады працаваў беларускім сабкарам, з нагоды 40-годдзя Перамогі над Германіяй вырашыла зладзіць семінар галоўных рэдактараў прафсаюзных газет з краін сацлагеру. Пачаць было даручана з Брэсцкай крэпасці. А пасля ўжо рухацца «па маршрутах партызанскай славы» так было сказана ў пісьмовым даручэнні на Мінск.

Пад Івацэвічамі аўтобус сустрэлі дзяўчаты з хлебам-соллю, «газікі» і БТРы. Усім параздавалі гумавыя боты, парасселіся па «газіках» ды БТРах, і па гразкім праселым сакавіцкім снезе ды глыбокай каламутнай вадзе рушылі ва ўрочышча, дзе падчас вайны месціўся штаб Брэсцкага партызанскага злучэння. Да ўзгорка, пад якім той штаб і месціўся сярод соснаў, дабіраліся яшчэ з кіламетр пешшу, праз балота і непралазны хмызняк. Не паспеў я падумаць, што назва ўрочышча «Хаваншчына» цалкам адпавядае партызанскай патрэбе хавацца, як пачуў нейкія ўсхліпы. «Тут тут у Беларусі загінуў бацька»,  амаль нячутна прамовіла рэдактарка з ГДР. Захінуўшы шалем твар, на якім засталіся толькі счырванелыя вочы, яна ледзь перасоўвала ногі, а потым і ўвогуле апусцілася ў снег

Яна ўсхліпвала ўвесь час, пакуль мы аглядалі дыхтоўныя, з моцных бярвёнаў, хаты, дзе па версіі рэканструктараў месціліся сам штаб, шпіталь, тыпаграфія, побач лясная школа Усё гэта нагадвала хутчэй базу адпачынку. Але на парозе «штаба» нас чакаў ягоны сапраўдны, які быў падчас вайны, начальнік, у «шпіталі» той самы хірург, у «тыпаграфіі» той самы наборшчык, у «лясной школе» тая самая настаўніца. Нават мужчыны, што варылі ў вялізным катле бульбу і ахалоджвалі ў снезе бутлю з мутнаватым самагонам, абодва былі з колішніх партызанаў.

Немка працягвала бязгучна плакаць.

Я прыабняў яе за дрогкія плечы. І раптам пачуў нешта нечаканае страшнаватае і зусім не гэдээраўскае: «Яны яны жывыя А мой татачка»

І яна ізноў захлынулася нябачнымі слязьмі.

Мабыць упершыню я хутчэй адчуў, чымсьці зразумеў, якая ненатуральная для чалавека і чалавецтва гэтая зява вайна. Але ж коціцца смяротным колам праз лёсы, пакаленні, стагоддзі

Дык, можа, натуральная?

Што ж натуральнага ў тым, калі адных вайна пакідае жывымі, а іншых малоціць ушчэнт?! Не, заставацца на вайне жывымі зусім ненатуральна. Адзінае, што можа зрабіць вайну натуральнай усеагульная пагібель, усеагульнае сканчэнне жыцця на Зямлі.

Вось я і думаю: што ж фальшывага ў дзіцячых гульнях дарослых? А тое, думаю, што яны ствараюць ілюзію натуральнасці войнаў. То бок, даводзяць, што чалавецтву без войнаў не жыць.

Аляксандр Гардон, расійскі тэлевізійны гуру, пытаецца ў нябачнага апанента: «А ці памятаеце вы, як у дзяцінстве гулялі ў вайну, у «немцаў» і «рускіх»?» І выцягвае аднекуль з недасяжных глыбінь інтэлекту выснову: «Вось і вы, украінцы, зараз немцы для нас»

Такая вось ваенна-гістарычная рэканструкцыя.

Ехаў конік альбо Ўмоўная Беларусь

Бабка Кастуся, мая вясковая сяброўка гадоў настаўніцкай маладосці, неаднойчы, калі падпівала прыхаванай яшчэ за польскім часам «Выбаровай», распачынала гэтакі спеў: «Ехаў конік да вады залатыя павады. Конік не напіўся, мальчык утапіўся. Ідзе пані ратаваць нідзе сына не відаць. Ідзе пан за вадой бачыць сына пад вадой: толькі ножкі тырчаць, толькі вочкі блішчаць»

Проста жахлівая гісторыя.

 Не плач, Сярожа,  супакойвала бабка Кастуся, даспяваўшы і размазаўшы па шчацэ сваю слязу.  Усё яшчэ будзе

Бабка Кастуся з яе «мальчыкам» і аптымістычнай абяцанкай на будучыню ўзгадалася, калі прачытаў артыкул Сяргея Дубаўца «Беларусь гэта мова».

«Беларусь гэта мова»,  сцвярджае Сяргей Дубавец. Бо мова па-ягонаму гэта ўсё, што засталося ад Беларусі: « апошні рубеж адзіны інструмент і адзіная зброя шырокага цывілізацыйнага руху».

Прыгожы тэкст, прывабна завостраная думка, глыбокі падтэкст

Але, як ні паглыбляйся, вынікае, што ўсё астатняе не Беларусь, а немаведама што, якое «зноў па горла ў Расеі»

Я ведаю чалавека, які прыкладае шмат намаганняў, каб улезці ў Расею па горла. Лукашэнка? Не, апазіцыянер, так бы мовіць. Да таго ж дастаткова вядомы пісьменнік. Некалькі гадоў таму спрабаваў надрукаваць у расейскіх газетах адкрыты ліст да Пуціна, каб ён «остановил русификацию» і пасадзейнічаў вырашэнню нашага моўнага пытання. Як быццам Беларусь зноў у складзе Расіі. Дарэчы, пад лістом стаялі подпісы шмат каго з паважаных дзеячаў беларушчыны

Праз некаторы час, праглядаючы часопіс «Наш современник», вядомы сваім дэмагагічна-пячорным антысемітызмам, я заўважыў ліст нашага «змагара за мову» да Станіслава Куняева, галоўнага рэдактара і нястомнага імперца. З ліслівасцю чалавека, якога, маўляў, мала хто разумее, ён запэўніваў адрасата ў сваёй прыхільнасці і прапанаваў надрукаваць свой новы раман, які цалкам супадае з палітыкай часопіса і поглядамі яго галоўнага рэдактара

Такі вось апошні рубеж адзіны інструмент адзіная зброя

Калі распачаць бойку катэгарычных фармулёвак, то чаму б не выказацца такім чынам, што сённяшняя Беларусь гэта якраз усё астатняе, а тая Беларусь, каторая, па Дубаўцу, мова гэта, выбачайце, умоўная Беларусь, якую стварыла і якой цешыцца інтэлектуальная беларускамоўная эліта. Але падобная бойка не лепшы шлях да паразумення паміж людзьмі і рознымі дэмакратычнымі плынямі, без якога немагчымы зяднаны супраціў лукашызму.

І ўсё ж цяжка зразумець, чаму паэту (у Дубаўца маецца на ўвазе светлай памяці Валянцін Тарас) дазваляецца так званы білінгвізм, а простаму народу гэткі білінгвізм што тая шыза. Быццам паэт гэта адно, а народ нешта іншае. Навошта ж білінгвістычную шызу ды элементарную непісьменнасць чынавенства ляпіць да народа, блытаць чынавенства з ягонай лянотай і звычкай шукаць ісціну ў роце начальства з мільёнамі тых беларусаў, што трапілі ў пастку русіфікацыі?! Тым больш нельга ладзіць з мовы «прыбор», падобны прыбору для распазнання «свой-чужы». Дубавец, вядома, такі прыбор не ладзіць. «Распазнанне» само выпрастоўваецца з-пад штучных тэзісаў аб «водападзелу» і «адзінай зброі»

Цемрашальства ці проста глупства яно пярэчыць разгортванню шырокага цывілізацыйнага руху на падставе распаўсюду ведання, валодання ды ўжывання роднай мовы. Тут я с Дубаўцом згодны, нават гатовы ўсклікнуць: «Даўно пара!» Але лічыць, што мова гэта адзінае, што выцягне краіну з багны лукашызму і гарантуе сапраўдную незалежнасць, значыць не проста памыляцца ў стылі Мюнхгаўзена, а зноў, як напачатку 90-х, небяспечна збочваць у каляіну, якая насамрэч спрыяе таму, каб улезці «па горла ў Расею» накшталт Татарстана ці Удмурціі Ці там не існуюць татарская ды удмурцкая мовы? Існуюць. Нават квітнеюць. А якія-небудзь, умоўна кажучы, «неглюбскія бабулькі» заўсёды знойдуцца

Я не фармацэўт з рэцэптурнага адзела палітычнай аптэцы, але ўпэўнены, што адпаведныя лекі для Беларусі трэба гатаваць з нашмат больш складаных рэчываў. Тым больш, што для мільёнаў беларусаў, што купіліся на подлы рэферэндум аб дзяржаўным двухмоўі, яна сталася толькі ўскосна роднай. Бо цяжка лічыць роднай, ад першых слоў маці і першага буквара, мову, якая на працягу звыш паловы мінулага стагоддзя вывучалася, ды і сёння вывучаецца накшталт іншаземнай

Не напіўся конік утапіўся «мальчык» толькі вочкі блішчаць

Але гэта не шыз, а сюр.

Не шыз падвоенай свядомасці, а сюр няўмольных гістарычных абставінаў.

Ці здолее пераадолець гэтыя абставіны і стварыць новыя, спрыяльныя для беларускай будучыні, не ўмоўная, а нанова народжаная, маладая Беларусь? Здолее. Калі гэтае пытанне паўстане перад ёю як пытанне ўжо не мары, а дзеяння.

Тады і конік з «мальчыкам» напюцца чысцюткай празрыстай вады.

Мудрая ўсё ж была бабка Кастуся. Што Саламон. Толькі той «усё пройдзе», а тая «усё яшчэ будзе». Па сутнасці, тое ж

Забаронцы айчыны

23 лютага ўжо зранку я пачаў атрымліваць віншаванні ад родных і проста знаёмых жанчын. На маю сціплую заўвагу, што з-за адсутнасці арлінага зроку ні ў савецкім, ні, тым больш, у беларускім войску ніколі не служыў, жанчыны адказвалі, што гэта не мае аніякага значэння. «Мужчынскі дзень»,  гаварылі яны. «Ну, так,  жартаваў я ў адказ,  як у райцэнтраўскай лазні Хутка будзе жаночы»

Жарт успрымаўся з насцярогай, як быццам жартаваў я з чагосьці святога «Мой дзед,  ледзь не пакрыўдзілася адна з віншавальніц,  чвэрць стагоддзя праслужыў у царскай арміі А бацька у польскай, загінуў ад немцаў Нельга цурацца традыцый»

Так, пагадзіўся я, нельга.

Але адна справа традыцыі. Іншая звычкі

Савецкая ўлада знішчыла спрадвечныя традыцыі, а замест нарадзіла процьму святочных, кшталту дня 23 лютага, звычак. Але народная прага традыцый заўсёды была неўміручай. Менавіта неўміручасцю традыцый можна патлумачыць тое, што народ сам ператвараў звычкі ў традыцыі, надаючы ім зусім іншы, чалавечы сэнс, не надта паглыбляючыся ў вір гістарычных падзей, у блытаніну ўрачыстых дат

Назад Дальше