Павел Севярынец
Беларусалім
Раман пра Беларусь, якая прачынаецца ў цемры
© Павел Севярынец, 2017
© Дніпро: Середняк Т. К, 2017
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
І. Ноч нараджэньня
Зорка
А зямля была нябачная і пустая,
І цемра над безданьню
Быцьцё 1:2Па-над гатэлем Беларусь задрыжэла халодная зорка. Ледзь бачная кропля сьвятла. Сьлязінка ў прадоньні.
Чалавек у чорным сьпінжаку, які стаяў на Траецкім мосьце празь Сьвіслач, плюнуў уніз. Маленькі згустак цяпла аддзяліўся ад цела і праз імгненьне пацалаваў цемру.
Чалавек ачомаўся, дрогка пацепнуў плячыма і пашукаў рэшткі цеплыні ў кішэнях. З таго часу, калі ён спыніўся тут, ля парэнчаў мосту, па-над вадой, увесь горад да самых дахаў паглынула ноч. Змрок скрадваў астатнія ўспаміны, гасіў варушэньні душы, і ўвесь сьвет незваротна страчваў сэнс.
Ён стаяў на беразе бездані бог, які за тры з паловай гады зрабіў гэтую краіну бліскучым чорным полем шахматнай партыі цаною ў сьвет.
Нябачна і пуста было вакол, толькі сьцюдзёны вецер зрэдку серабрыў рабізну на Сьвіслачы ды пара ягонага дыханьня тлела. Цёмныя рачныя качкі кішэлі ля беражку лёду, нібы чэрві на трупе. А вакол касьмічныя скарбы вагнёў. Гірлянды рубінавыя, сапфіравыя, смарагдавыя, залатыя. І шары сьвятла, распаленыя сярод холаду. Пранізьліва. Казачна. Злавесна. Прашумлівалі рэдкія машыны, а ён стаяў перад цьмянай Нямігай і ніяк ня мог зразумець.
Бліскучыя ад сьлёзаў, невыносна мілыя і такія страшныя вочы Волечкі, вывальваюцца крывавыя вантробы, выбух айфона зь іскрамі, квадратны правал у цемру і бах! канец сьвету.
У мінака сьпехам дзынькнулі бутэлькі ў сьвяточным пакунку; нейкая парачка, прыабняўшыся, прыпынілася непадалёк на мосьце, трапіла ў ягоны акаём і кранальна, да болю ў сэрцы, пацалавалася; з грукатам, ледзь не рассыпаўшы на асфальтавым стыку ўсё сваё жалезнае начыньне, праехаў тралейбус.
Перад тысячагадовай нутробай Менска, на беразе самага глыбокага лога ў беларускай гісторыі, паміж Верхнім горадам і Траецкім чалавек халадзеў ад думкі, што зараз калі хто яго і шукае, дык толькі каб забіць.
З такой самай цемры вывергнула яго на белы сьвет роўна трыццаць гадоў таму. Расплюшчыў вочы, ліпкія ад сьлізі, у краіне сьвятла і холаду, сярод белі і пырскаў крыві, рэзаны віск маці праз бой гадзіньніка перайшоў у стогн, і ўсё тое, што ён сіліўся вычхнуць, выплюнуць у гэты сьвет цераз рот, забіты родавай тваньню, выбухнула стрэламі шампанскага, салютамі і тостамі наперабой: Ооо! З Новым годам!.. З новым шчасьцем!..
Зараз, дрыжучы ад холаду, такі ж навагодні, голы і няцямны, Андрэй Белазор згадаў, як шэптам, сарамлівая ад шчасьця, маці расказвала, што ўсёй палатай спрачаліся, у якім годзе ён зьявіўся на сьвет, што ў пасьведчаньні аб нараджэньні ў яго 31 сьнежня, а ў пашпарце 1 студзеня, і што кропку, цокатам чаркі на эмаляваным падносе для інструментаў паставіў пяны дзяжурны лекар: Ша! Ціха ўсе Пацан прыйшоў у самы час.
О, у самы час ён, супрацоўнік Інстытута гісторыі Акадэміі навук, дасьледчык Залатога веку, тры з паловай гады таму прыйшоў у аграмаду цемры ў яго за сьпінай Палац Рэспублікі, толькі што арандаваны Непагасным.
На сумоўі кашчавы, змаршчыністы стары ў белым доктарскім халаце, з кругамі пад вачыма, якога ён адразу назваў пра сябе стомленым дяблам, адным мезенцам адсунуў ад сябе рэкамендацыю ягонага гуру, акадэміка Майсейчыка, ня слухаючы, расьсеяна перавярнуў аркуш, каб пераканацца, што на абароце пуста, ды так і пакінуў на стале.
А-а што тут у вас, у Беларусі ёсьць? гэты рыпучы голас вышкрабаў да дна, ну увогуле?
І праз колькі хвілінаў Белазоравых нястрымных выліваньняў пра дзясятае стагоддзе, Скарыну, Статут, віленскае барока, габрэйскія ешывы і карэньні геніяў, нецярпліва, ужо паміраючы, перапыніў:
А. а у двух словах? Проста вось ээ Беларусь. Та-ска-аць, знак.
І паглядзеў бясколернымі вачыма, якія не выражалі ўжо нічога. Павісла цішыня, вось-вось гатовая абарвацца.
Белазор утаропіўся ў аркуш белай паперы перад ім на стале і моўчкі глядзеў на яго. Беларусь. Раптам заплюшчыў вочы і сказаў:
Чорны квадрат.
Стомлены дябал дрыгнуў векам, нахіліўся і паднёс свой старэчы зморшчаны твар блізка-блізка:
Ш-што?..
Чорны квадрат. Першая сусьветная вайна, перад самай рэвалюцыяй. Наш беларускі геній Малевіч. На выставе ў Піцеры, у красным куце, дзе звычайна вешаюць абраз чорны квадрат на белым тле. Ікона новага бязбожнага часу. Так, працягваў ён з сэрцам душу вырашыў выкласьці ўсім гэтым прыхадням, маць тваю! чорны квадрат. Ну, а як інакш акрэсьліць чорную дзірку на мапе Еўропы, агароджаную з усіх бакоў, дзе пуста, чыста і парадачак, пра якую ніхто ў сьвеце нічога ня ведае, і якая нават сама без паняцьця пра тое, чым яна ёсьць?!
Доктар Ліхтштайнер, стары мудры нямецкі габрэй, ужо тады прачнуўся і паглядзеў на яго адпаведнымі выпадку квадратнымі вачыма. Ідэальны брэнд.
З адным чорным квадратам пад пахай, сьледам за афіцэрам аховы па гулкіх, яшчэ пустых залях Палацу, ён ледзь пасьпяваў за зданямі адлюстраваньняў па калідорах і надломваўся ў плітах глянцу, у мармуровым тумане прывідны сьвет, які заўтра авалодае ўсёй краінай. Постаць перад агромністым, ва ўсю сьцяну, вакном, абярнулася і калідор, бясконца адлюстраваны, праваліўся ў далячынь, разбураючы начны горад, і той, пра каго ўсе гаманілі, але ніхто ня бачыў, паглядзеў Андрэю Белазору ў вочы. Ён ледзь пасьпеў падхапіць сэрца, што раптам упала ў глыбіню.
Бяскроўны, моцна сьцяты рот і надламаныя бровы крывіліся, ня ў сілах прысутнічаць побач з расьсечанымі наўскось, нібы ўдарамі шаблі, чорнымі вачыма. Скулы западалі, і адно аграмадны лоб з залысінамі ды жалезабетоннае падбароддзе стрымлівалі гэты твар, каб ён не праваліўся ў цемень вачніцаў цалкам.
Цяпер апошнюю цыгарэту, і ўсё.
Белазор нервова выбіў з пачаку астатні патрон тытуню, выскаліўся і паднёс запальнічку. Рука дробна дрыжэла. Агеньчык ледзь трымцеў, адчайна ўнікаючы канчара.
Ён заўжды ганарыўся сваёй здольнасьцю пранікаць у сутнасьць рэчаў, бачыць схаваны сэнс. А Беларусь гэта суцэльны стоены сэнс! Зь Непагасным, цэлай імперыяй гандлёвых і забаўляльных цэнтраў, кіно і казіно, са сваёй тэлевізіяй, з хабам айці і падвалам лабараторыяў, са звышзадачай прыцягнуць сюды, у Беларусь, увесь сьвет ён, маньяк-гісторык, сам тварыў гісторыю. Беларусь, адсутнасьць сутнасьці, ледзь бачнымі абрысамі на чорных квадратах, цяпер прыцягвала, як чорная дзіра, што паглынае зоры. І калі ўся краіна, за тры гады заселеная ягонымі ідэямі, задраўшы голаў, глядзіць на тваё, выхапленае пару тыдняў таму з галавы, о, ад гэтага каму хочаш зьнясе дах.
Ад заробку, які павышаўся ў разы штомесяц, ад усіх гэтых тачак, пералётаў па еўропах ды пентхаўсаў на перамовах, а найбольш ад размаху працы так, у яго рэальна зносіла. За шэсьць дзён, з панядзелка па суботу, ты мог стварыць цэлую галактыку: білборды, экраны, кліпы акуналі раёны, кварталы, жылыя масівы ў Белазоравы мроі. Ён жыў, еў і спаў у Палацы. Ён шалёна выдыхаў цыгарэтны дым у адчыненыя вокны, запальваў каманду крыэйтараў, кампутаровых геніяў ды прадусараў і выдаваў на плазьменную сьцяну ў кабінеце Цімура новую эру.
Шкада гэтага агеньчыка. Шкада гэтай апошняй цыгарэткі. І самае галоўнае, шкада сябе самога, да сьлёзаў. Адзіны беларус, які меў шанец нарэсьце абеларусіць Беларусь.
Ён зло ўсмактаў ірдзеючае пекла ўсярэдзіну, і лёгкія перапоўніў ёдкі дым. Дым ня грэў, а выпальваў і ён моцна выдыхнуў у твар усяму сьвету.
Дым на імгненьне затуманіў катлавіну Нямігі і выпарыўся. Нібы ў кашмары, па-над ім стаялі і глядзелі незьмігутна дзьве цыклапічныя постаці: вежа Цімура ў трыццацітрохпавярховай Раял Плазе і чорны гранёны крышталь Хілтану, Дабл тры, дзе цяпер месьціўся тэлецэнтр Непагаснага.
Ён сплюнуў. Грамавы голас, выбух ва ўласным сэрцы й імпэтны, ценкі звон ашкелкаў па ўсім офісе. Ажно засіпеў, скрывіўшыся ад унутранага болю.
А тады, увесну, было так сонечна На Дзень Волі той самы дзень, калі ён, бывала, падлеткам гарлаў на бел-чырвона-белых шэсьцях Жыве Беларусь! Запомніў, бабкі гандлявалі коцікамі ля касьцёла, каталіцкае Дабравесьце І жыла Беларусь, і лёгка каўталася сьвежасьць, пах зямлі, пранізьлівы, толькі вось з-пад сьнегу Ён мераў вокам і крокам ад Цімура да Палаца той катлаван Нямігі, гнілы лог мінулага, які неўзабаве хіба адзін застанецца ад колішняга беларускага ўбоства і на хвілінку, усяго на хвілінку прыпыніўся ўдыхнуць на поўныя грудзі.
І раптам, ці то з плыні Нямігі, дзе цёк сабе міма народ, ці то з-пад зямлі, зь пераходу метро, ці проста з золю і лёгкай сонечнай смугі успыхнула. Ягоны акаём адразу зарэгістраваў нейкую беласьнежную істоту, што плаўна паднялася з правалу Нямігі проста перад ім, ахінула яго хрусталёвым зьзяньнем і пачала лёгка адлічваць па гранітных прыступачках угару, на Верхні горад, цокат ягонага сэрца цок, цок, цок.
Белая дзявочая постаць царквы дагэтуль на гары. Стройная. Уладарная.
Воля.
Белая-белая, сьнежнае сьвежасьці зь серабрыстым, яна падымалася да барокавых вежаў, яна таптала параю мармуровых калонаў, голых да аблягаючай сьцёгны спадніцы, усе правілы прыстойнасьці, паводзіла ідэальнымі клубамі так, што калыхалася глеба, яна ўсаджвала штокрок удары каралеўскіх шпілек, рана за ранай, з абыякавай асалодай халоднае прыгажуні слабееш да млосьці яму ў самую сярэдзіну, з кожным узмахам ягоных вейкаў успыхвала крыламі ўкладка сьветлых, з залацістым адлівам, валасоў і, клянуся, яе анёлава постаць з кожным узмахам ледзьве краналася зямлі.