Белая дзявочая постаць царквы дагэтуль на гары. Стройная. Уладарная.
Воля.
Белая-белая, сьнежнае сьвежасьці зь серабрыстым, яна падымалася да барокавых вежаў, яна таптала параю мармуровых калонаў, голых да аблягаючай сьцёгны спадніцы, усе правілы прыстойнасьці, паводзіла ідэальнымі клубамі так, што калыхалася глеба, яна ўсаджвала штокрок удары каралеўскіх шпілек, рана за ранай, з абыякавай асалодай халоднае прыгажуні слабееш да млосьці яму ў самую сярэдзіну, з кожным узмахам ягоных вейкаў успыхвала крыламі ўкладка сьветлых, з залацістым адлівам, валасоў і, клянуся, яе анёлава постаць з кожным узмахам ледзьве краналася зямлі.
Глыбокі, зыркі вагонь зжыраў цела цыгарэты, і пакутліва, да страты прытомнасьці, спальваў паветра ўнутры яго.
Мадэльныя метр семдзесят сем, ммм.
Ён ішоў сьледам, быццам ягня на закланьне, і з ныючай асалодай распранаў яе са сьпіны вачыма, ад белых боцікаў да футра, да намёку на мяккую пяшчотную бялізну І яе сьветлая постаць падымалася, падымалася, і брыла ўнутры яго гладкімі голымі лыткамі да калена, да пояса, да грудзей у ягонай кіпучай крыві.
Сабор завалакло дымам, ён нема руйнаваўся. О, як жа звыродліва скалечана цяпер гэтае цела!
Яна абмінула шахматны шэраг машынаў, бел-чырвона-белы грузінскі сьцяг з крыжамі, бліскучых ільвоў на прыціхлым пляцы, цокнула праз бардзюр, на пераход да Катэдры чорнае, белае, чорнае-белае, чорнае-белае!..
І азірнулася на ягоныя крокі. Княгіні, мадэлі і ўсе цуды ягонай полавай кунсткамеры згасьлі ад аднаго яе позірку. Ён раскрыў рот і пазнаў прыгажосьць, якую ніколі дагэтуль ня бачыў. У твары яе быў жах. Найсьвяцейшая Дзева з вачыма чорнай начы.
І верыш, не менавіта ў гэты момант зазванілі званы. Забіў гадзіньнік Ратушы, і адгукнулася Катэдра, і яны з Воляй затрымцелі паміж. Дванаццаць. Званы звалі, званілі і клікалі.
Воля. Дзень Волі. Плошча Волі. Тройчы Воля Навошта было гэтае сьвятло, гэты забойчы вільготны бляск, гэтыя ўмольныя чорныя вочы на пераходзе і жар ад суладных крокаў побач, ад ветру яе валасоў, ад сьнегу? Жахнулася чуяла? Ласачка, зоранька, любая, родненькая Воля, Волечка, Воленька
Сьцерва.
Ужо тады, на Плошчы Волі, ён любаваўся ёю наскрозь, у ім сасьпела, гатовая пырснуць сокамі, прага надкусіць. Забраць усім ротам, да кіпеньня сьліны, да скаўтваньня ўсяго сябе, быццам забароненыя, найкісьлейшага слодычу, яблыкі са старога саду пад акном у Заслаўі, зь белым налівам, зь семачкамі дзесьці там, у хрусткай, поўнай млосьці, глыбіні.
Потым, потым ён усё ўглядаўся, што ж за тайна тлее ў яе ўнутры: то срэбны ланцужок у ценю валасоў, то водсьвет румянца разгараецца, рдзее ў яе шчоках ды скулах, перамяняецца, бы жар у вогнішчы, то зоркі ўваччу, то раптам, ледзь заўважны, абарвецца струной залаты волас і клубіцца навальніца, йграе броўкамі ў апушчаным абліччы. Яна не давалася; гэтая іскра ў ёй распальвала яго ўсё больш і толькі калі пад павелічальным шклом прадаўца ювелірнага салону ўспыхнулі грані дыяментавага сэрцайка і, уладкоўваючы ланцужок, даткнуўся ён да абедзьвюх ейных грудзей нарэсьце злавіў гэтую стоеную пякучую сутнасьць, гэтую рану, гэты агмень тамленьня гарачымі вуснамі.
І прадавец нахіліўся над вітрынай, уважліва разглядаючы, як на чорным аксаміце гаюць гранямі камяні.
Потым штораз ён акунаўся ў Волю, як у люстра, разглядаў у яе сьветлым ліку свае ўласныя блакітныя вочы і русыя валасы, вывучаў усе яе ўзгоркі і лагчынкі, да апошняй былінкі ў залацістай сьцежцы ад ключыцаў да пупка, выцалоўваў сузоре радзімак зьлева, пад грудзьмі, на самым сэрцы; піў стогны зь яе вішнёвага роту і прагнуў валодаць ёю адзінай, хто мог умясьціць яго.
Выдых дыму пагрозным валам пракаціўся па вуліцы, прарваўся праз мост у самыя нетры горада, і ён аблізаў халодныя вусны.
І ўсё-такі: сьвятло. Пяшчотнае і балючае сьвятло. Яе спалоханая прамяністая хваля валасоў на выхадзе з факультэта. Калі ён падехаў і распахнуў дзьверы машыны; яе белая, зьлёгку вільготная і цёплая, і важкая, ён аж дрыжэў, рука на ягоным локці І зоркі, ясныя зоркі ўваччу, калі ён, прымаючы яе куртачку ў рэстарацыі, паглядзеў ёй у аблічча, мілае да млосьці, і нясьцерпна, нясьцерпна прыгожае.
Агеньчык зжыраў цельца цыгарэціны злымі ўспышкамі, надта хутка, зь дзікай прагаю. Вочы роспачна шукалі, за што б зачапіцца.
Уцягнуў грудзьмі марознае паветра, аж зубы заняло. Пстрыкнуў вагнём. Згасьлі іскаркі.
Дахаты? Куды У Сьляпянку?.. Да маці?
Агеньчык зжыраў цельца цыгарэціны злымі ўспышкамі, надта хутка, зь дзікай прагаю. Вочы роспачна шукалі, за што б зачапіцца.
Уцягнуў грудзьмі марознае паветра, аж зубы заняло. Пстрыкнуў вагнём. Згасьлі іскаркі.
Дахаты? Куды У Сьляпянку?.. Да маці?
Мама, самотная ціхая мама, якой зрабіў дзіця невядомы падонак. Вучылка, загнобленая гістарыца Вера Ванна, самым высокім статусам у жыцьці каторай было член участковай выбарчай камісіі Што адмольвала яна кожны вечар у заслаўскай царкве на Замчышчы, што за сьвечку запальвала ды выстаўляла на ноч у вакно? Каго чакала?
У часы Вялікага Княства так рабілі. Для падарожных.
Маці распавядала гісторыю яму, маленькаму, перад сном, як казку бясконца, у дэталях, з датамі па днях, апісаньнямі замкаў і герояў, быццам сама была сьведкай былых шляхоў, каханьняў і бітваў. Толькі гісторыя, у школе і ўдома, больш у яе нічога не было. Гісторыя, самотна пражытае жыцьцё, і вось, старасьць. Кватэра, забудаваная камянямі тамоў і летапісаў, плітамі даведнікаў; руінамі ў зале, дзіцячым пакоі, калідоры і нават кухні, дзе кожны выламак успыхвае пылам, і раптам крыляе раскрытымі белымі-белымі старонкамі, і рассыпаецца ў тваіх пальцах забыты сьвет.
З тае пары ён гісторык, і бачыць душы ў зямлі і сьценах, у травах і зорах; глыбы эпохаў і ўзгорі вялікіх падзеяў у любым грудку пад нагамі; з тае пары яму дастаткова аднаго доўгага позірку, каб у глыбіні краявіду заварушыўся волат велічынёй з гару. Краіна замкаў, круглы стол караля Артура, зямля Афір, Гіпербарэя і Атлантыда усё гэта ўсплывала, калісьці, на сьвітанку часоў, патопленае ў балотах сэрца Еўропы.
Беларусь, зямная плоць ягоная, агромністае цела ягонае І пакуль сьвет умяшчаецца ў ягонай галаве, пакуль ён жывы самае важнае, цудоўнае і адзінае балючае для яго будзе тут, і найлепшае, і найвялікшае чуеце, вы ўсе! будзе тут, дзе жыву Я! Беларусь, прах ягоных невядомых продкаў, падмурак ягоных крокаў, плоць ад плоці ягонай, прастора ад зямлі да неба, месца, зь якім ён сальецца навечна, калі ўсё скончыцца тут, у цэнтры сусьвету.
Але вось і ягоная гісторыя заканчваецца.
Ты яе выгнаў?.. Зь дзіцём?!..Ты больш мне ня сын, чуеш! адкуль у яе гэтая гістэрыя, у вечнай ціхоні. Ведзьма. Сама за тры дзясяткі гадоў так і ня выдала, хто ягоны бацька.
Горкі попельны прысмак. Не, назад дарогі таксама няма.
Глыбей у змрок ён нават ня мог глядзець бо гэта там, у цемрадзі, у лагчыне, пад вялізным дрэвам на паўнеба адбылося гэтае праклятае, праклятае, праклятае зачацьце.
Гэта ён сам зьвёў Волю зь Цімурам. Топ-мадэль для Чорнага квадрату. Патрэбная Танцаўшчыца, стары. Проста танцаўшчыца, нічога болей. Ды не. Кажу табе. Прыяжджае сурёзны госьць, напрыклад, і тут хоп: чачотка, танец жывата, ну такое Патанчыла і зьнікла. Звыш-жанчына, ты разумееш, Осіфавіч? Гатовы плаціць мільён у год. Стары Канечне, баксаў.
Белазор чакаў яе, курыў цэлую ліпеньскую ноч напралёт, палаў ад рэўнасьці вунь там, на траве ля Сьвіслачы, дзе цяпер заліты каток, зь відам на Цімураву чорную вежу, на адзінае асьветленае вока цыклопа. Зьнерваваны, зьедзены згрызотамі, прыніжаны гэта ён моўчкі ўтаропіўся ў яе ненавісныя чорныя вочы на золку, сьцяў зубы і павёў у парк. Гэта ён заваліў яе ў зарасьнік ці яна яго?.. Хацеў згвалціць?.. Забіць?..
Адсюль, з гэтай чорнай начы, і зачаўся ў яе ўнутры дэман, маленькі цімур і адсюль, менавіта адсюль у адказ на сёньняшні зьдзек ворага шпурнуў ён свой айфон проста яму ў твар, ды так, што ашкелкі ад башкі выбухам заіскрылі па офісе.
Успышка. Ярасны вагеньчык, вока злога. Рваў, зьдзіраў зь яе панчохі сетачкай. Халаднаватая, вільготная зьмяіная луска абвівала цела супраць ягонае волі. Намацвала ў ім жарсьць, сьцятую нянавісьцю. Язык зьвіваўся ў зубах, гатовых сьціснуцца да крыві. Клубок. Спруцяненьне.
Аж застагнаў ад роспачы. Зараз укусіў бы!.. І дыхнуў, як дракон іскрамі.
А па-над усім, справа, аграмада гатэля Беларусь, слуп вагнёў, што з глыбіні водаў падымаецца ў неба, а насупраць бліскучая навальнічная вежа Непагаснага і там начамі ня сьпіць, пазірае ў захоплены горад Цімур.
Непагасны гэта ня бізнэс, казаў Цімур, і Белазор адводзіў вочы ад ягонага позірку. Непагасны гэта спосаб даць чалавеку шчасьце. Ні больш, ні менш. Шчасьце. І я хачу, Цімур зводзіў чэпкія, жалезныя пальцы шчэпцю, каб адзін квадратны сантыметр Непагаснага даваў поўнае шчасьце кожнаму.
Пякучая, агністая справа Узважваў цыгарэціну, і дыхавічна кшталтаваў дым. Агеньчык на вазе, ягоная апошняя зорка. Выпрабоўна выдыхнуў, спрабуючы разгледзець там свае выдыхнутыя думкі.