Беларусалім. Кніга першая. Золак - Павел Канстанцінавіч Севярынец 3 стр.


Пякучая, агністая справа Узважваў цыгарэціну, і дыхавічна кшталтаваў дым. Агеньчык на вазе, ягоная апошняя зорка. Выпрабоўна выдыхнуў, спрабуючы разгледзець там свае выдыхнутыя думкі.

Вось Чалавек, думаў ён тады. Не высакалобы дзеяч, не саладзенькі барадаты бацюшка, не апоеная сабой глянцавая зорка вось ён, Чалавек, які мае ЎСЁ, і думае не пра ўладу, раскошу, а пра Шчасьце. Для кожнага. Чалавечышча. Адсюль і моц гэтае строгае, чорнае постаці. Адсюль і страшны цяжар позірку, якога не вытрымлівае аніводзін сьмяротны цяжкога, як сама сапраўдная чалавечнасьць.

Але горш за ўсё было там, за сьпінаю. Азірнуцца, нават паглядзець у той бок, да Гандлёвай, ён ня мог ужо некалькі гадзінаў. Месца, дзе сёньня Клініка з радзільняй і абартарыем. Кроў, брунатна-чырвоныя пляскі на бліскучай белай кафлі, у-эээ, аж ванітуе!.. Што выблёўвае гэтае нутро, што, яшчэ жывое, пляскае ў памыйку ягонае ці Цімурава?..

Вагню заставалася ўсё менш і менш, непапраўна менш, яго калаціла дробная дрыготка. З астатняй цыгарэтай сыходзіла ўсё ягонае жыцьцё. Дым паглынаў мазгі, тлелі лёгкія, і ён ператвараўся ў бясплотную цьмяную істоту, і выдыхаў, пакідаючы ў сухім астатку толькі нянавісьць і зло.

Адзінае, ува што яму так і не ўдалося пранікнуць позіркам, выхапіць хоць іскарку сэнсу, хоць укол сутнасьці гэта і быў чорны квадрат. Бездань, у якую вочы правальваліся з хуткасьцю свабоднага палёту. Гэта і захапляла.

 Так, стары. Для цябе ёсьць тры навіны, усе кепскія. Зь якой пачынаць?

 Усе кепскія? Цімур, ты што Кампанія мне такі падарунак на трыццацігоддзе робіць?

 А табе трыццаць? Малады яшчэ, усё наперадзе а калі?

 Ды сёньня, Цімур. Сёньня.

 Шкада, што сёньня. Ладна, зь мяне прэзент. Тым ня менш. Беларускі аддзел скарачаем, Осіфавіч, ён цяпер у нас як частка Еўразіі пойдзе.

 Еўразіі Што за чорт, як скарачаем? Ды ў нас тут аснова, а Полацк, а прыбыткі за год!..

Ён памкнуўся ўстаць, але Цімураў позірк прымагніціў яго да крэсла. Сядзець, я сказаў.

 Мы вычарпалі гэты рынак, стары, зь яго больш ня выцісьнеш, столь.  Цімур паказаў крэпкай даланёй на горла, і было ясна, што ён сыты ім, Белазорам. Кадык хадзіў, як поршань, перадаваў высілкі на жаўлакі, і туды ўжо паступалі кавалкамі і Еўропа, і Азія, і Лацінская Амерыка.  З новага году разгортваемся.

 Цімур, ды як

 На сусьветны ўзровень выходзім, Осіфавіч. Я разумею, вышыванкі, то-сё, кулёр лакаль, але, стары, Беларусь не працуе за мяжой. Ну так-сяк у Расеі, на Захадзе ўвогуле чхаць хацелі. Нашым сурёзным гасьцям пофіг. А само па сабе гэта пустое месца. Зрэшты, за гэта мы яго і любім. Тое ж самае з мовай, усе гэтыя пераклады, лацінкі, я на адных перакладчыках штомесяц тысячаў трыццаць губляю, рэальна закалябаўся ўжо Тут усе разумеюць па-руску, там ін інгліш, і харош.

 Цімур, мы ж дамаўляліся!..

 Гэта яшчэ ня ўсё. Наконт пасады замдырэктара адкладзем. Ёсьць пытаньні па тваіх паводзінах, асабліва ў сацсетках.

 Маіх паводзінах?!..

 Тав-варыш Белазор,  слова таварыш з вуснаў Цімура азначала, што ён губляе цярпеньне і ледзянее ад волевага напружаньня,  Мы выходзім, тваю маць, на новы ўзровень, ты што, ня чуў ні храна? Сусьветны стандарт. Трэба адпавядаць, так сказаць. Да, і трэцяе. Паколькі аддзел скарачаем, плюс па табе ёсьць пытаньні гадавыя бонусы, сам разумееш,  Цімур павольна апусьціў далонь на свой шыкоўны аграмадны чорны стол, і Белазор усёй сьпінай адчуў, як яго сьціскае прэс.

Перасохла ў роце; ён раптам ясна зразумеў, што яму ламаюць хрыбет, і невыпадкова менавіта сёньня. Імгненны шал напоўніў яго да краёў.

 Да, Осіфавіч І пра прыемнае. Танцаўшчыцу я ўсё-такі выбраў. Сёньня прэмера. У парадку прэзента на трыццатнік ты ўжо ўсё-такі дарослы хлопчык. Як-небудзь на днях можаш ацаніць, вышэйшы клас.  Цімур пільнаваў яго згары прыцэльна, як перад кантрольным стрэлам у галаву.

 Ды ідзі ты са сваёй Танцаўшчыцай!  Белазор рэзка падняўся на ногі, яны аказаліся ватнымі, ён ледзь не асеў ад слабасьці і ад гэтага азьвярэў канчаткова.

 Эй. Не забывайся, з кім гаворыш,  Цімур уватнуў у яго свой сталёвы позірк, і Белазор спадылба адчуў, што наліты крывёю твар цягне яго долу. Ён павярнуўся сыходзіць, скурчаны ад ярасьці, згроб са стала свой новенькі айфон, адмысловую эплаўскую замову з чорным квадратным экранам.

 Да, і Волі прывет,  наўздагон насьмешліва кінуў яму Цімур.

І тады ён разьвярнуўся, як разварочваюцца тыя, што шпурляюць молат, і серабрыстым айфонам зарадзіў проста ў гэтыя страшныя чорныя вочы.

І тады ён разьвярнуўся, як разварочваюцца тыя, што шпурляюць молат, і серабрыстым айфонам зарадзіў проста ў гэтыя страшныя чорныя вочы.

Да яго дайшоў дзіўны гук лопнутага металу, Цімур грымнуўся да сьцяны, раскінуўшы рукі, і разьляцеліся, крыляючы, зашчоўкалі па ўсім кабінеце пялёсткі корпусу, сімкі ды батарэйкі, усе адказаныя ды неадказаныя званкі, эсэмэскі, чаты, закачаныя відосы, трэкі, файлы і ўсе праекты цудоўнага жыцьця ў Непагасным мадэлі чорных кубікаў з залатымі беларускімі літарамі, разьвівальныя камплекты для дзяцей; замовы магічных крышталяў з каштоўных камянёў для пантэону Ўсяслава Чарадзея з Полацка; раскошная калекцыя старажытных рунаў ды арнаментаў у шрыфтах; дамова наконт адпраўкі на Еўрабачаньне ад Беларусі блэк-фольк-металёвага гурта Ежа багоў, запампаваныя ў памяць фантастычныя здымкі беларускага зорнага неба ад Віктара Малашчанкі на гіганцкія банеры вакол будоўляў Чорнага квадрата Рассыпаўся, нібы картачны, так і не пабудаваны домік пад Лагойскам з панэлямі сонечных батарэяў на даху, праекты аграмадных, чорнага шкла, кубічных саркафагаў па-над гістарычнымі раскопамі, і смалянога бляску кубы, пастаўленыя на рог 90 градусаў, указальнікі з адрасамі беларускай лацінкай толькі адчыненых аддзелаў Непагаснага ў Кіеве, Рызе, Варшаве, Маскве

Відавочна, у Цімура самае меншае страсеньне мозгу, а мо і раскроены чэрап, бо не ачомваўся ён прынамсі тры хвіліны Белазор пасьпеў праваліцца на ліфце ўніз, раз, выбегчы празь люстраны хол, два, мінуць ахову на галоўным выхадзе, тры, і захлынуцца ад ледзянога паветра на Кастрычніцкай плошчы.

Белазор і цяпер агаломшана павёў плячом трапіў-такі. Але гэта было адзінае, што грэла. У астатнім было ясна: крах. Дома цяпер стоадсоткава людзі Зьвера, кіраўніка Цімуравай аховы, машына на падземнай паркоўцы ў Палацы, грошы на рахунках Непагаснага. Рана ці позна знойдуць і забюць, ён не сумняваўся. Бліскучае трыццацігадовае жыцьцё раптам выбухнула ў пустым небе, толькі на міг успыхнула распаленай акалінай, як навагодні салют.

Пацалаваў самы вагонь апошні раз. Прыпекла! Рыкнуў, ёкнуў па мацеры і, мігнуўшы іскрай напасьледак, трупік пстрыкнуў зь ягоных пальцаў.

Усё.

Сярод вагнёў на яго ва ўпор глядзелі, мігцелі, высочвалі і пралічвалі яго тысячы маленькіх чорных квадратных вачэй: глянь, а гэты, аказваецца, чамусьці яшчэ жывы!

Ягоная бліскучая ўява, і шчасьце для кожнага, і непагасная вечнасьць усё гэта непамысным чынам завяршылася тут, у трыццатую ноч ягонага нараджэньня, на брудным менскім дне. Ягоны карабель ужо пацярпеў крушэньне, і зорка ўгары, над гатэлем Беларусь, не прывядзе яго нікуды. Ніколі.

Самагубства. Ты ж у нас хлопец разумны, Андрэй Белазор. Пакуль табой не заняўся хто-небудзь люты лепш самому ўдыхнуць, выдыхнуць ды й выштурхнуць сябе з гэтага сьцюдзёнага сьвету ўперад нагамі. Яго міжволі перасмыкнула пэўна, так адказвае цела на адпаведную камбінацыю ўспышак у нейронах мозгу. Па сутнасьці, з трупнага логу Нямігі гэта адзінае выйсьце.

Ён машынальна дастаў і ўзважыў на руцэ пусты цыгарэтны пачак. Полае белае цела паляцела ў цемру цяпер яно ўжо нікому не спатрэбіцца.

Срэбная запальнічка з шыпячымі драконамі. Пстрыкнуў, тупа паглядзеў на агеньчык, пагрэў зьмерзлыя пальцы. У бездань. Плясь, адгукнулася Сьвіслач.

Паркер з нагруднае кішэні, ягоная чароўная палачка, бліскучае пяро ягоных колішніх крылаў, залаты капыток, што пакідаў на белай паперы чорныя сьлядкі коштам у мільёны, быў з трэскам зламаны і паглынуты цемрай.

Жмут грошай у гаманцы. Шалёсткая рознакаляровая Еўропа; мятыя, выцертыя джынсавыя Штаты, фіялетавая Расея Мірскі замак, Нясьвіж, Бібліятэка Рваліся зь цяжкасьцю. Яны так хацелі жыць, жыць сваім каштоўным жыцьцём, дарыць камусьці радасьць; яны так хацелі, каб іх пяшчотна краналі, каб іх ня проста любілі, а кахалі ледзь не са сьлязьмі адпусьціў ён іх, роем вясёлкавых матылькоў, іскрамі-абрыўкамі

Крэдытная картка, адарваная ад сэрца, засерабрылася ў цемень сьледам.

Пашпарт. Ужо мёртвымі, нягнуткімі з холаду пальцамі ён пагартаў візы. Амерыка, цьмяныя залі паседжаньняў на прасьвет. Французская, плямы віна і да крыві скусаных вуснаў. Індыйская, з колам бесьсьмяротнасьці Знойдуць цела і першы час ня змогуць апазнаць.

Нарэшце, ключы. Ледзь адшчапіў ключ запальваньня з бралком. Новенькі чорны Spektre імгненна торкнула ў ваду, ня булькнуў. Срэбны, ад кватэры ў Сьляпянцы,  прабліскаў хрусталём і чуйнымі, паўзь сьцены, лямпачкамі, рассыпаўся асколкамі месяцовай лускі. Квадратовы, з зазубрынамі, ад кабінета Непагаснага, ягоны залаты ключык і з малінавым звонам расьсеяліся праца, палацы, пляжы з дыяментавым пяском.

Назад Дальше