Хай сімвал, а я дазволу не даю!
Ды зразумей ты: мы ж не для сябе для цябе стараемся, табе дабра хочам, і твайму Андрэю
Ён мне не кажа, што яму там кепска! Ну падумай сама школьнікаў куды вадзіць на 9 мая? На могілкі? Дзяцей у піянеры прымаць перад дубовым крыжам?
Вадзіце куды хочаце. А брацкая магіла гэта ж прыгожа, велічна, культурна Здалёк відаць. Чыста прыбрана, літары золатам напісаныя Хай золатам, хай серабром, а я дазволу не даю. Вам трэба, дык выкопвайце я рыдлёўку пазычу.
Глядзі, дажартуешся! намякалі ёй. Табе трэба ўвогуле маўчаць, бо, калі на тое пайшло, з гэтай гісторыяй трэба яшчэ разабрацца
Гісторыя і праўда была няпростая; усяго ў ёй было намешана: супадзенне, неверагоднасць, збег абставін і нават крыху містыкі. Ад першага дня вайны радавы Андрэй, як і ўсе, ваяваў у сэнсе, адступаў, быў у акружэнні пад Смаленскам, удзельнічаў у абароне Масквы, а ў 43-м, калі вызвалялі Беларусь, так супала, што акурат іхняй дывізіі выпаў гонар ачышчаць ад немцаў родны горад і сваю Чэшскую Слабаду Як угледзеў салдат знаёмыя краявіды, як забілася сэрца, так і пабег, не хаваючыся ад куль, што свісталі над галавою, па сваёй вуліцы, ускочыў у двор, прытуліўся да абрыкосавага дрэва І асеў Сэрца не вытрымала! Так і памёр на месцы. Аднапалчане, сцягнуўшы пілоткі, пастаялі крыху, паслухалі, як галосіць над нядаўнім іхнім жывым таварышам, а цяпер нябожчыкам, маладзіца-ўдава Вайна ёсць вайна, яшчэ не такое здараецца, не рэдкасцю было, калі чалавек сярод франтавой віхуры паміраў сваёй смерцю Але каб вось так, на ганку роднага дома!.. Крышку пастаялі і далей, трэба было працягваць наступленне, не даваць немцам апамятацца; вызвалены маленькі горад з ваколіцамі быў усяго толькі нязначным эпізодам у грандыёзнай аперацыі. А салдат застаўся ляжаць у роднай зямельцы на мясцовых могілках пад дубовым крыжам. Калі неўзабаве ўзнавіў працу ваенкамат, Домну адну з першых выклікалі туды. Вярнулася жанчына з цэлым багаццем: згушчонка, тушонка, хлеб, селядцы, павідла, а галоўнае, з новенькімі дакументамі, у якіх рашучая пячатка пацвярджала, што яе муж сапраўды гераічна загінуў пры вызваленні Чэшскай Слабады, і цяпер яна афіцыйна зяўляецца ўдавой франтавіка. Неўзабаве аформілі прадуктовыя карткі на дзяцей, потым пенсію, ільготы усё як належыць, і нават пазней, у сувязі з 10-годдзем, 20-годдзем заканчэння вайны, ці проста на 9 мая яшчэ выклікалі ў гарсабес і ўручалі розныя каштоўныя падарункі або грашовую невялічкую дапамогу. Недзе ў 60-я, калі ўзнікла мода на манументы, брацкія магілы, абеліскі, пастаменты з бетонным салдатам у касцы і з партызанам з гранатай, у Слабадзе таксама заварушыліся, выбралі месца каля аэрадрома, на высокім пагорку, каб здалёк было відаць, і вырашылі перазахаваць астанкі партызан і падпольшчыкаў у агульную магілу, а над ёй узвесці стандартны мамумент. Вось тут Домна нечакана праявіла ўпартасць: Не даю дазволу! Ён ляжыць і есці не просіць.
Начальства ўсіх калібраў: слабадское, гарадское, ваенкаматаўскае, з аддзела культуы і ідэалогіі, з райсабеса спачатку нават разгубілася. Гэтая Домна проста збіла іх з панталыку, пераблытала планы, паставіла ў няёмкае становішча. Ды яшчэ і ўзнік нейкі ледзь не палітычны аспект, двухсэнсоўнасць, рэлігія карацей, чорт ведае што.
Спачатку Домну ўпрошвалі. Потым пачалі злавацца, папярэджваць, пагражаць.
Глядзі! Бо калі на тое пайшло, мы ўміг дакажам, што ён ніякі не герой, а проста памёр сваёй смерцю, без удзелу ў баявых дзеяннях. Каб ён хоць прапаў без вестак, ці хоць сваёй смерцю памёр, але дзесь далёка, не на вачах, і каб пахаваны быў таксама далёка тады б яшчэ мог лічыцца героем. А так? Па сутнасці? Калі разабрацца? Ні тое, ні сёе, нейкая несуразная смерць Ужо дакладна не подзвіг.
А Домна заладзіла сваё: Адступіцеся! Па дакументах ён франтавік-герой. Вы мне самі дакументы выправілі!
Як выправілі, так і ануліруем. Дакументы і ануліраваць можна.
Ануліруйце! Як у вас совесці няма
Любому цярпенню, нават начальніцкаму, прыходзіць канец. Як ты з намі, так і мы з табою. Калі ў цябе прынцыпы, дык у нас тым больш. Сказана зроблена. Узялі і сапраўды пазбавілі пенсіі, ільгот словам, усяго.
Ануліравана! Цяпер ты не ўдава героя вайны, цынічна заявілі ёй. Больш не будзе табе ні грошай, ні льгот, яшчэ і медалі забярэм. Забірайце! Сабе начапляйце ды насіце! Не трэба мне вашыя медалі і вашыя грошы абы вы сябе не абдзялілі!
І яшчэ прымусім вярнуць за ўсе гады, што ты несправядліва атрымлівала. І тушонку вернеш Грошы я на дзяцей траціла, а тушонку куплю ежце! Хай вашы дзеці так наядзяцца мяса, як мае! дзёрзка адказвала ганарыстая, непакорная ўдава.
Тым больш, што дзеці ў яе да таго часу павырасталі, а Стах і Стэфан дык нават паспелі адслужыць і ажаніцца.
Але ў душы, канечне ж, перажывала. Людзі бачылі несправядлівасць, спачувалі ёй, раілі: Напішы ў Маскву.
Не буду я пісаць ні ў Маскву, ні ў Берлін! Хіба ён вінаваты, што загінуў не так, як ім хочацца?
Уся гэтая гісторыя пачалася даўно, калі Марк яшчэ не быў жанаты, а Петрыка нават на свеце не было, цягнулася вось ужо цэлых адзінаццаць гадоў і перыядычна не давала маці спакою.
Адзінаццаць ці то ўжо больш, на дванаццаць месяцаў, пачынала множыць маці, збівалася. Ды павышэнні кожны год Кватэру, палац можна было б адбудаваць! Каб хаця палавіну тых грошай і Марку не трэба было б у заробкі ездзіць, гібець у той Сібіры Даўно б у мікрараёне жылі Ці хаця б Петрыку вунь адкладвалі А так абы-што! Не ўбівайся, донечка Гэта не тыя грошы, якіх шкадаваць трэба.
Дык крыўдна ж вельмі, несправядліва! Можа, варта было б саступіць? Хай бы перазахавалі Цела мёртвае, а грошы ж жывыя. Мо і цяпер не позна, калі б вы саступілі, дык і яны за ўсе гады разлічыліся б
Бабуля Домна падціскала вусны і ўпарта маўчала. Ды і маці казала ўжо без энтузіязму. Яна як хутка загаралася, так і астывала, і ў канцы рабілася поўнай саюзніцай бабы Домны; ужо ёй самой было няёмка, што лішні раз развярэдзіла сямейную драму.
Выліўшы душу, выказаўшыся, яна зараз жа пачынала шкадаваць, апраўдваць свякруху, і вінаваціла ўжо не Домну, а тых маўляў, хоць бы, бессоромнікі, ільготы пакінулі: зубы паставіць, за электрычнасць менш плаціць, у транспарце бясплатна ездзіць, у чарзе не стаяць, ну, мала што. І канчалася ўсё аднолькава скрушнымі жаночымі ўздыхамі і цвёрдым перакананнем: Няма справядлівасці на свеце!
3
Яшчэ баба Домна любіла ладзіць вячоркі. Раз у два-тры месяцы ў яе збіраліся такія ж, як яна, пенсіянеры. Прыходзіла сямейная пара Аўрам з Марыйкаю, Аўрам у вышытай сарочцы, з баянам, жонка у белым з чырвонымі пеўнямі фартуху. Адзінокая Марта, хворая на расшырэнне вен, сядзела ў Домны яшчэ з раніцы, чакала; пра яе расказвалі, што яна ўмудрылася за ўсё жыццё ніводнага дня не працаваць, ціхім ходам перажыла многіх здаровых, нават і тых, у каго не было расшырэння вен; зімой чытала кніжкі і глядзела тэлевізар, а ўлетку грэла на сонцы ногі з і праўда выпуклымі, чорнымі, як пяўкі, венамі. Зяўляўся Зміцер, колішні пастух, мясцовы паэт і спявака, прыгожы статны дзед, з белым кліночкам барады; адзіны на ўсю Слабаду чалавек, які з самага маленства насіў акуляры з круглымі шкельцамі, з пазалочанымі дужкамі; жартавалі, што ён нарадзіўся ў малюсенькіх акулярчыках, якія потым раслі разам з ім, гэты ніколі не быў жанаты, але, відаць, валодаў нейкай незвычайнай, магічнай сілаю умеў перадаваць сваю знешнасць на адлегласці, і ў слабадскіх жанчын сяды-тады нараджаліся хлопчыкі, надта ж на яго падобныя. Дапаўняў кампанію яшчэ адзін бабыль, гарбаты Якаў. Гэты прыходзіў з пілой пад пахаю і з лукам, зробленым з сагнутай лазіны, самым звычайным, як дзеці робяць, толькі замест капронавай цецівы ў яго была нацягнута жалезная струна. Петрыка ён называў унучкам і любіў гайдаць на назе.
Петрык таксама прымаў пасільны ўдзел у падрыхтоўцы вячорак. У яго абавязкі ўваходзіла калоць малатком абрыкосавыя кастачкі і выбіраць адтуль ядры. На іх настойвалася славутая Домніна абрыкосаўка.
Рассаджваліся за круглым сталом, з любоўю Домнай сабраным. Усё было акуратна раскладзена па талерачках, прыгожа нарэзана: каўбаса, мяска, гуркі-памідорчыкі, салаты-цыбулькі, яйкі сырыя і вараныя Урачыстая, радасная, памаладзелая Домна разлівала з графіна ў чаркі залаціста-жоўтую абрыкосаўку. Выпівалі, закусвалі. Аўрам чапляў на плячо шлейку баяна. Домна брала бубен. Якаў згінаў пілу звычайную, якой дровы рэжуць, з паліраванымі ручкамі, і пачынаў вадзіць па белым палатне сваім самаробным смыкам. Гучала яшчэ прыгажэй, чым на скрыпцы! Піла то згіналася, то разгіналася, вібрыравала і выдавала такія жалобныя гукі, што заходзілася сэрца. Зміцер пачынаў спяваць, пабліскваючы акулярамі. Да яго далучаліся астатнія. З расчыненага вакна, у якім ветрык пухіром надзімаў фіранку, на ўсю вуліцу неслася зладжаным хорам: