Таксіст, нахабны, як і ўсе яны начным часам, назваў проста неверагодна вялікую суму. Вінярскі моўчкі адлічыў грошы і адразу расплаціўся.
Толькі б ніхто не заўважыў! Толькі б не прыйшоў у клініку сённяшнім вечарам Стэльмах! Цяпер Вінярскі добра разумеў, што адзіны яго ратунак, калі нікога няма, паставіць назад «дыпламат», выправіць шпінгалеты, нават пераначаваць у кабінеце, на кушэтцы. А там, раніцаю, усё выдумаецца. Галоўнае, грошы будуць цэлыя. Няхай Стэльмах пра ўсё здагадаецца ну і што? Сорам вочы не выесць. Затое ён, Вінярскі, зможа зноў жыць, як і жыў.
Ён стрымліваў сябе, прасіў сябе не расслабляцца раней часу мала што там цяпер можа быць у кабінеце! але ў душы ўсё расла, усё шырылася няўрымслівая радасць ад таго, што ўсё скончана. Яму не здавалася ўжо ні дурной, ні смешнаю сама сітуацыя: столькі сіл было патрачана, каб грошы ўкрасці, і ўсё для таго, каб усімі сіламі старацца вярнуць іх назад
Каля бальніцы ён выскачыў з машыны і хутка пайшоў у двор. Падняў галаву, спатыкнуўся і не паверыў сваім вачам здалося, што той жывы, страшны сваёй будзённасцю сон працягваецца. У кабінеце гарэла святло.
У нейкім атупенні ён стаяў, глядзеў на светлае акно, на клёны, кусты, якія холадна свяціліся сваімі зялёнымі лістамі ў святле бальнічных ліхтароў. Падумаў чамусьці: «А што, калі я зусім не грошы ўкраў, я ж не паглядзеў нават». Трэба было неяк канчаць усё гэта. Трэба было ісці здавацца. Як здавацца, што казаць? Што знайшоў «дыпламат» у двары? Усё дурнота, глупства Хто яму паверыць?
Ледзь перастаўляючы ногі, Вінярскі пацёгся назад, на вуліцу, падняўся на ганак галоўнага корпуса і пазваніў. Адразу ж за ледзь асветленымі шклянымі дзвярыма праплыла постаць вахцёркі.
I вы прыехалі? расчыніўшы дзверы і прапускаючы яго, сказала яна і ўздыхнула.
Што значыць і вы?.. А хто яшчэ прыехаў? прамармытаў Вінярскі, заходзячы ў вестыбюль і азіраючыся.
Вахцёрка замкнула дзверы, зайшла следам і стала перад ім, гледзячы знізу ўверх, сцягваючы на грудзях накінутую на плечы хустку, маленькая і нязграбная, як чарапаха.
Дык хто прыехаў? стараючыся быць развязным, паўтарыў Вінярскі. Міліцыя ці хто?
Пры чым тут міліцыя? Жонцы трэба званіць, строга сказала вахцёрка.
Чыёй?
Стэльмахавай.
А што такое?
Іван Змітравіч у рэанімацыі цяпер. З сэрцам кепска. Я думала, вы таму і прыехалі
Не верачы раптоўнай здагадцы, ад якой перахапіла дыханне і застукала ў скронях, баючыся распытваць далей, Вінярскі як быў з «дыпламатам» у руцэ павярнуўся, каб бегчы ў свой корпус.
У кабінеце схапіла, сказала яму ў спіну вахцёрка. Прыйшоў сюды гадзін у сем, такі рады а чаго прыйшоў?..
Дзверы ў кабінет былі адчыненыя. У дзвярах Вінярскі сутыкнуўся з медсястрою яна саступіла, прапускаючы яго. Ён, задыханы, спыніўся ў парозе, аббег вачыма кабінет, стараючыся за раз не прапусціць нічога, усё зразумець з гэтага агляду. Кушэтка стаяла пасярод кабінета; барадаты тэрапеўт з суседняга аддзялення ў кутку мыў рукі і нават не зірнуў на Вінярскага, затое Сцяпанаў, які сядзеў за сталом Стэльмаха і нешта напаўголаса гаварыў, убачыўшы Вінярскага, змоўк і ўтаропіўся ў яго. Акрамя гэтых двух і сястры, што выйшла, не было нікога. Моцна пахла спіртам.
А дзе прамовіў Вінярскі, паказваючы на кушэтку.
Сцяпанаў страсянуў галавою і перастаў глядзець так дзіўна.
У рэанімацыі, наверсе, адказаў ён.
Ёсць надзея?
Мала. Доўга ляжаў тут, позна знайшлі Інфаркт!
Нічога дзіўнага, з такой камплекцыяй, адазваўся тэрапеўт, павярнуўшыся і выціраючы рукі аб кішэні халата.
Вінярскі прайшоў да акна палавінкі былі прачынены, як ён і пакідаў. «Бачыў хто, ці не, што шпінгалеты зламаныя?! Сказаць зараз пра гэта? Ці зрабіць выгляд, што нічога не заўважаю і проста хачу прычыніць акно?..» Ён узяўся за ручку.
Не трэба, пачуўся ззаду голас Сцяпанава. Хай праветрыцца.
Я падымуся наверх, сказаў тэрапеўт, пазваню, калі што.
Сцяпанаў правёў яго да парога і ў парозе зноў пагаварыў з ім пра нешта; калі тэрапеўт пайшоў, павярнуўся да Вінярскага:
А ты як тут сярод ночы?
Выпадкова ехаў на таксі, з Жанаю Убачыў з вуліцы, што святло гарыць Жана, сяброўка, жыве ў Вяснянцы, можаце праверыць
Па мне хоць у Серабранцы! усміхнуўся Сцяпанаў. Я проста гляджу ты з чамаданчыкам.
А, гэта так, браў з сабою, Вінярскі асцярожна паклаў «дыпламат» на стол дзіркаю ўніз. Але як тут Стэльмах апынуўся? Уночы У яго ж адпачынак з учарашняга дня.
Мала што. Забыў нешта, прыйшоў забраць.
А як яго знайшлі?
З суседняга корпуса ўбачылі, што святло гарыць.
Адтуль жа не відаць нашага акна.
Вінярскі ведаў, што так гаварыць нельга, але спыніцца не мог.
Ізноў здзівіўся Сцяпанаў:
Удзень, можа, і не відаць, а ўночы ўсё тут свеціцца Ды і бачылі яго. Зайшоў і няма, і няма.
Ён Вінярскі сабраўся з духам, нічога не казаў?
Якое казаў. Сіні ўвесь. Вось страшная, дурная смерць доктара ў бальніцы!
Ды якая смерць? Нічога невядома яшчэ! Пакуль у рэанімацыі нічога яшчэ невядома!
Сцяпанаў памаўчаў, сказаў:
Я ў сябе буду, і пайшоў.
Калі за ім зачыніліся дзверы, Вінярскі зноў, на гэты раз добра, уважліва агледзеў кабінет. Дзверцы антрэсоляў у шафе былі зачынены, крэсла каля шафы не стаяла. Але гэтага не магло быць! Ну, няхай крэсла ў мітусні, у беганіне маглі адсунуць, але каму трэба было зачыняць дзверцы, да якіх не дацягнуцца з падлогі рукою нават высокаму чалавеку?! Няўжо
Вінярскаму ўявілася, як прыходзіць шчаслівы Іван Змітравіч, блізарукі, нават не заўважае, што з акном нешта не тое, становіцца на крэсла, корпаецца пад папкамі Пуста! Яму робіцца блага. Ён злазіць ці мо нават падае з крэсла Не, не падае! У тым і справа, што ён адразу здагадаўся, хто злодзей! I, не жадаючы «падстаўляць» яго, злодзея Вінярскага, зачыняе дзверцы, знаходзіць сілы злезці, адсунуць ад шафы крэсла і толькі тады валіцца на кушэтку Калі б ён пакінуў расчыненымі дзверцы ды крэсла каля шафы маглі б западозрыць, што яму стала кепска пасля таго, як ён нешта ўбачыў там, у шафе Ці павінен быў убачыць і не ўбачыў Пачаліся б разборкі, і рана ці позна выйшлі б на Вінярскага
Выходзіла, што стары доктар свядома, смерцю сваёй ратаваў Вінярскаму жыццё.
«Ды што за смерцю?! жахнуўся раптам Вінярскі. А калі выжыве?! А калі нават памрэ, перад тым, як памерці, тысячу разоў усё расказаць можа!»
Ён сяк-так паправіў шпінгалеты, закрыў акно хоць у вочы не так кідаецца, схапіў невядома чаму «дыпламат» і пабег да Сцяпанава.
Калі ён зайшоў, Сцяпанаў клаў на апарат тэлефонную трубку. Вінярскі глянуў яму ў вочы і ўсё зразумеў.
Трэба жонцы званіць ціха сказаў Сцяпанаў.
Вінярскі прысеў на крэсла каля парога. У вісках у яго тахкала: «Гэта я забойца, я забойца, я забойца»
VII
Дождж на пахаванні заўсёды натуральна; прырода нібы сама смуткуе па нябожчыку, плача, шкадуе яго Рэдкі дождж, нізкія цёмныя хмары, крыжы, помнікі, пах сырой могілкавай цвілі, высокія, мокрыя, строгія дрэвы, кроны якіх абляпілі чорныя вароны і зрэдку крычаць, у тон ціхаму галашэнню Усё гэта так падыходзіць да настрою людзей, што сабраліся разам, кінуўшы ўсе справы, на самую важную ў жыцці, самую страшную цырымонію назаўсёды закапаць у зямлю аднаго з іх.
Зрэшты, людзей на пахаванне Стэльмаха прыйшло нямнога. Дождж, нібы разумеючы, што гэта на развітанне, шчодра крапіў труну, белы, мёртвы твар чалавека ў труне, церусіўся на жоўты, гліністы жвір каля ямкі, і жвір проста на вачах меншаў, асядаў і нібы сам прасіўся, каб яго хутчэй вярнулі дамоў ссунулі назад у яму. Стоячы вакол ямы, людзі пераміналіся, пацепвалі плячыма, крадком пазіралі на нізкае неба, на гадзіннікі, перашэптваліся.
Якое дажджлівае лета
Труну, хоць труну трэба было ўзяць пад плёнку
Яму ўжо ўсё роўна
Не разумею, чаму нельга раскрыць парасон?..
На пахаванні розныя прыкметы, розныя рытуальныя дзеянні набываюць асаблівае значэнне нават самы зацяты які-небудзь нявернік міжволі пачынае сачыць за сабою і за іншымі і рабіць тое, што ўсе. Сапраўды, ніхто не раскрываў парасон, хоць наўрад ці хто ведаў, можна гэта ці не. Быццам нейкая ланцуговая рэакцыя ўзнікла паміж людзьмі, і адзін глядзеў на другога, і кожны баяўся першы зрабіць нешта будзённае, жыццёвае, што магло б парушыць цырымонію. Ніхто не курыў.
Вінярскі стаяў па другі ад труны бок ямы, утуліўшы галаву ў плечы, схаваўшы рукі ў кішэні курткі, пад густой акацыяй, з якой яшчэ больш, чым з неба, капала, і, як і ўсе, не раскрываў парасон, хацеў курыць, але не асмельваўся. Ён толькі ў думках хваліў сябе, што, збіраючыся сюды, у апошні момант замест свайго заўсёднага белага плашча надзеў шырокую скураную куртку. Цяпер было і цяплей, і куртка была чорна-шэрая не белы ж плашч на пахаванне! а самае галоўнае, куртка была прасторная і ўнізе, на поясе, сцягвалася, таму пакунка з грашыма, што ляжаў за пазухай, зусім не было відаць. I рукі былі вольныя.