Васіль з Сымонам замаўчалі. Яшчэ выпілі. Вінярскаму яшчэ больш паспакайнела.
Васіль, а дзе можна прачытаць тваі праізведзенія? упершыню ў жыцці па-беларуску, з натугай падбіраючы словы, спытаў Вінярскі. ён не пазнаў свайго голасу быццам нехта чужы спытаўся.
Зайдзі ў любую кнігарню, стаіць кніжка, неахвотна адказаў Васіль.
Сымон хіхікнуў, але ў той жа момант сагнаў усмешку, сказаў з прытворным жалем, уздыхнуўшы:
Народ не цэніць сваіх прарокаў. Мала купляецца беларускіх кніжак!
Дык ты ўспомніў мяне? павярнуўся Васіль да Вінярскага, гледзячы на яго сваімі дзявоча-сінімі пянаватымі вачыма; цяпер валасы ў яго абсохлі і ўжо не былі падобныя на буклі, а ляжалі акуратнай «футбольнай» прычоскай, зачэсаныя з ілба назад і з бакоў і з патыліцы падрэзаныя роўным «гаршком».
Вінярскі кіўнуў; ён адчуў, што зараз пачнецца тое, для чаго бялявы яго сюды і прывёў.
Сымон, відаць, ад таго, што так захацелася Васілю, таксама адразу ж пераключыўся на Вінярскага.
Сябра твой, Васіль? спытаў ён тым строгім, спаважным голасам, якім чамусьці лічыў патрэбным гаварыць кожны раз, калі звяртаўся да Вінярскага.
Сябра. Блізкі. А ведаеш, Сымон, як мы пасябравалі? (Далей бялявы расказваў толькі Сымону і знарок ні разу не глянуў на Вінярскага.) Год назад, Сымон, у Мінску быў май месяц. Уяві сабе ціхі, цёплы, густы вечар канца мая, «шарую гадзіну», як піша Адамчык, зялёнае Завакзалле, бэз цвіце, і грушы, і вішні, уяві маладога чалавека, які нядаўна здаў апошні экзамен універсітэта, знайшоў сабе працу карэктара ў газеце, што давала яму магчымасць застацца ў любімым горадзе, наняў танна пакойчык у адной з хат у тым самым Завакзаллі Акно нізкае, адчыняецца ў агарод, з агарода пахне расою, травой, бэзам, верабей у кусце бэзу шчабеча, жаба скача ў роснай траве пад самым акном Столік, на якім стос белых, чыстых аркушыкаў, аловак, пачак цыгарэт; а за акном, за агародам, недзе далёка ў горадзе, у адным з інтэрнатаў чакае дзяўчынка-першакурсніца Карацей, я палез, сарваўся з балкона і зламаў нагу. Апамятаўся толькі ў машыне, што везла мяне вось да іх, да гэтага Вінярскага Да ночы праляжаў у прыёмным пакоі то не маглі знайсці рэнтгенолага, то не было каму накласці гіпс, але ўрэшце сяк-так наклалі, прывезлі ў палату, скінулі, як калоду, на ложак. I дзверы зачыніліся. Ні ўколу, ні таблеткі, і каго зваць, каго прасіць?.. Боль люты, вачэй не самкнуў да самай раніцы, трэсла ўсяго, як малярыйнага. Пад раніцу прачынаецца палата, акрамя мяне, яшчэ сем чалавек, хто на выцяжках, хто трохі з мыліцамі соўгаецца. У палаце смурод, бруд, усе кураць. Заходзіць санітарка маленькая, неахайная жанчынка гадоў пад семдзесят (пасля даведаўся, што ёй трыццаць), вітаецца: «Што, забулдыгі, прачнуліся?» Ёй адказваюць радасна: «Ага! Прынесла?» Прынесла. Літровую пляшку спірту. Тут жа адзін устае, клыпае да ўмывальніка, з-пад крана разбаўляе спірт, тут жа разам з санітаркаю пахмяляюцца, падносяць тым, хто ляжыць Закурваюць і сядаюць гуляць у карты. Карты ляпаюць, спірт булькае, дым плыве, рогат стаіць а я ляжу, галаву пад падушку. Перад абходам трохі прыбраліся, выкінулі «бычкі», схавалі шклянкі, леглі ў ложкі. Заходзіць вось гэты, з касічкаю, Вінярскі. Моўчкі запісвае нешта ў сшытак і паварочваецца ісці. Крычу ўслед: «Доктар, колькі мне ляжаць?!» «Сколько нужно». Я рвуся, ледзь не падаю з ложка, каб хоць на секунду затрымаць: «Я не спаў ноч, дайце, калі ласка, укол!..» «Папрасіце сястру». Дзе яна, тая сястра, хоць бы пабачыць яе!.. Не столькі хачу ўколу, колькі таго, каб чалавек з касічкаю хоць на міг прысеў побач, зразумеў, што яшчэ ўчора быў вечар і бэз пад акном, стос белых лістоў і пахі расы а сёння смурод ад невынесеных суднаў, страшная санітарка, спірт Толькі б гэта неяк зразумеў чалавек у белым халаце і сказаў бы пару слоў: «Усё мінецца, праз дзень, ці праз тыдзень, ці праз месяц зноў будзе ў цябе і вечар, і бэз пад акном» Але не прысеў, не сказаў і след прастыў чалавека ў белым халаце, з касічкаю Ажыўляецца палата. Скідваюць грошы. Зяўляецца санітарка: «Вот, б, мая любімая палата!» Абед і разводзіцца спірт пад кранам, карты, цыгарэты Увечары ўпершыню ўбачыў сястру, прыйшла рабіць мне ўкол злая, хамка, як і ўсе яны ў той клініцы; буркнула: «Больше уколов не будет» «А як быць, я спаць не магу» «Ну и что?! Пусть родственники приносят уколы!» «Скажыце, а хто можа судна вынесці?» «У нас санитарок не хватает, приходят родственники и выносят!» I каму сказаць, што дзе ўзяць гэтых «родственников», калі іх проста няма ў Мінску?.. Толькі прыплюснуў вочы, задрамаў на міг бух! праляцела мыліца, стукнула ў сцяну над галавою Крыкнуў голас: «Нож, нож схавай» валтузня, крыкі Нечага не падзялілі карцёжнікі. Але вось супакоіліся, памірыліся, заспявалі песню. Нехта ўпаў загрымелі мыліцы Другая бяссонная ноч. Другая раніца з санітаркаю, пахмелкай спіртам, другі абход, Вінярскі з касічкаю, у бялюткім халаце, чаравікі блішчаць, малады, свежы, недаступны Ізноў ледзь не кідаюся з ложка, бо ізноў Вінярскі, ледзь спатыкнуўшыся на парог, паварочваецца сыходзіць, прашу: «Доктар, пазваніце на працу, скажыце там, дзе я!» Просьба разбіваецца аб зачыненыя дзверы Мною пачынаюць цікавіцца: чаму з імі не пю? Падсаджваецца да мяне на ложак сусед былы зэк, цяпер бомж, ляжыць тут паўгода. Адседзеў пятнаццаць гадоў за згвалтаванне і забойства. Нажом забіў чалавека. Гэтая палата для яго, відаць, камера, і ён тут «пахан». Гэта на яго ўчора крычалі «схавай нож». Вось і нож, ляжыць зверху на тумбачцы. Шклянка разбаўленага спірту, прыкрытая лустачкай хлеба, стаіць побач, каля нажа. Жыві не хачу. «Будуць выпісваць, дык я сам сабе ўсе косці паламаю, кажа мой сусед. Начорта мне выпісвацца, што мне там, на вуліцы рабіць, зноў у турму сядаць?» Вечар, карты, санітарка прывяла сяброўку, ціскаюць іх, качаюць па ложку, перакулілі судна смурод Вінярскі, вось мы з табою сядзім, выпіваем, звычайныя, роўныя людзі. Вось цяпер скажы мне: няўжо табе цяжка было даць мне таблетку дымедролу? Пазваніць да мяне на працу? Няўжо гэта так цяжка?
Вінярскі маўчаў, сядзеў як аглушаны. Усё, што гаварыў бялявы, была праўда, але Вінярскі не чакаў, што гэтую праўду можна так падаць.
Прабач, Васіль!.. ледзь выціснуў ён з сябе.
Ды што я адходлівы. Усё перакіпела. А тады ратаваўся тым, што ляжаў і ўяўляў, як забіваю цябе, таплю ў прыбіральні, цаглінаю перабіваю табе нагу і кладу на сваё месца Трохі памагала. Не ведаю, чым бы ўсё скончылася, пасля трох бяссонных начэй я быў на мяжы варяцтва (Вінярскі ўспомніў пра свае бяссонныя ночы і ўздрыгнуў) калі б, на маё шчасце, не вярнуўся з адпачынку Стэльмах. Што ён убачыў у маіх вачах не ведаю, бо я не казаў ані слова, ляжаў, да ўсяго атупелы, але мяне раптам перавялі ў палату на два месцы, прыбегла сястра, зрабіла ўкол, я праспаў цэлыя суткі, а тады, пад вечар, прыехалі хлопцы таксоўкаю і завезлі мяне дамоў. Гэта Стэльмах глянуў на запіс, зроблены ў прыёмным пакоі, даведаўся тэлефон рэдакцыі і пазваніў. Усяго толькі, Вінярскі, усе праблемы Дома, я помню, хадзіць не мог, поўзаў па падлозе, як дзіця, але ніколі ў жыцці, здаецца, не быў больш шчаслівы, чым калі вырваўся ад вас.
Скажы, Вінярскі, зноў спытаў Васіль, дык якія павінны быць дактары? Ды які б я ні быў: пяны, дурны, несімпатычны табе я ж перш за ўсё хворы, бездапаможны, аддаюся пад тваю ўладу! Ты ж даваў нейкую клятву Гіпакрата! Ды хоць зірні ты інакш, скажы хоць адно добрае слова, абнадзей гэта будзе ў сто разоў лепш за любыя лекі. Я магу зразумець жорсткасць наглядчыкаў у турме, але жорсткасць, нелюдзімасць урачоў вышэй усялякага разумення. Вашая клініка гэта ж зона, турма, у якой няшчасныя людзі мучаюцца, самі не ведаючы за што, а вы наглядчыкі спакойна ходзіце па вуліцах, глядзіце тэлевізары, спакойна ядзіце, пяце
Прабач, паўтарыў Вінярскі, не падымаючы вачэй.
Што ты апраўдваешся? Я ж сказаў, перакіпела. Я вось сяджу, выпіваю з табою, а сотні выпісаных з вашай клінікі так ніколі і не сустрэнуцца з Вінярскім, і не скажуць яму, што хацелі б сказаць, як і тыя, што ляжаць у вас цяпер, на якіх ты ўвагі не звяртаеш
Васіль памаўчаў, разліў па шклянках рэштку гарэлкі:
Прапаную выпіць за светлую памяць Івана Змітравіча Стэльмаха. Якога толькі што пахавалі, сказаў ён, гледзячы ў стол, ці то Сымону, ці то проста так, сам сабе. Усе ўтрох усталі і выпілі.
«Ён не ведае! Нічога не ведае пра грошы! падумаў Вінярскі. Ён зацягнуў мяне сюды, толькі каб выгаварыцца!»
IX
Жывым трэба думаць пра жывое, уздыхнуў Сымон і паглядзеў на пусты графін.
Пасядзелі моўчкі так заўсёды бывае, калі канчаецца першая пляшка і не клеіцца размова, але здаецца, што далёка не ўсё яшчэ сказана.
Што ж, Васіль, паставіш другую? нібы жартуючы, спытаўся стары.
Дасі грошы, дык пастаўлю. Прывык
I без таго буры, загарэлы Сымонаў твар яшчэ больш пачырванеў. Стары падхапіўся і крыкнуў на ўсю кавярню:
Сынок! Упікаць?! Мяне?! Ты што ж думаеш, напісаў пару бяздарных апавяданняў, якіх ніхто не чытаў і стаў пісьменнікам?! Многа на сябе бярэш!..
Васіль, на здзіўленне Вінярскага, аніяк на гэта не адрэагаваў. Стары, нават не кіўнуўшы на развітанне, пайшоў да выхаду, але ў дзвярах спыніўся, пачаў аглядаць залю. Ад аднаго століка яго аклікнулі. Ён ахвотна пайшоў туды, і хутка адтуль чуўся яго хрыплаваты, пакрыўджаны голас відаць, скардзіўся. Васіль паглядзеў на свой гадзіннік, сказаў:
Пасядзі, я зараз.
Вінярскі бачыў, як ён перакінуўся словам з бармэнам, той адмоўна хіснуў галавою, паказаў на дзверы за стойкаю, куды і накіраваўся Васіль. Неўзабаве выйшаў, паклаў нешта перад барменам Хутка на стале зявіўся той жа, што і першы раз, набор: графін гарэлкі, бутэрброды, мінералка і кола. Убачыўшы гэта, Сымон, як ні ў чым не бывала, вярнуўся, сеў на сваё месца. Васіль моўчкі разліў у тры шклянкі. Вінярскі здагадаўся, што такія сцэны паміж гэтымі дзіўнымі прыяцелямі адбываюцца не першы раз.
Не крыўдуй ты, Васіль, на старога прамармы-таў Сымон, падняўшы шклянку, у мяне літаратурны нюх, і я табе пры ўсіх скажу ты будучы наш гонар Э-э, ану пакажы!.. Ён схапіў Васіля за левую руку, памацаў. А дзе гадзіннік?
Васіль паморшчыўся, нічога не сказаў.
Ну, як не любіць такога чалавека?! Нічога не пашкадуе для сяброў! Мы выкупім яго, Васіль, я атрымаю ганарар
Выпіўшы яшчэ, Вінярскі адчуў, што ён таксама ўсё больш пачынае любіць гэтых людзей, іхнюю мову, іхні нязвыклы для яго свет «Гадзінніка не пашкадаваў, каб мяне пачаставаць! Мяне, забойцу Ён ведае А ў мяне за пазухай пачкі даляраў, усё гэтае кафэ можна купіць! А я не магу іх дастаць, во смешна!..»