Трынаццаць гісторый пра мёртвага ката (зборнік) - Наталка М. Харытанюк 2 стр.


 Паслухай, Гары,  не вытрымліваю я і ўжо падчас гульні, не дачакаўшыся сваёй чаргі жаданняў, задаю яму пытанне.  Я перапісваю ўжо некалькі разоў сваё апавяданне, але шторазу спыняюся на адным i тым жа пытаннi. Кiм я хачу быць? У мяне ўвесь час круцiцца адзiн i той жа адказ але гэты адказ прыдуманы не мной, а героем Сэлiнджэра. Я хачу стаць мёртвым катом, сказаў Сімур бацькам нарачонай, калі яны запыталіся пра яго будучыню. Я таксама хачу сказаць, што буду мёртвым катом, але хіба гэта не будзе хлуснёю, Гары? Я ж не бацькам нарачонай буду адказваць, я буду адказваць свайму ўласнаму тату. І як мне сказаць яму мёртвы кот? Як мне сказаць, што самае бясцэннае ў жыцці гэта мёртвы кот, на якога ніхто ніколі не зможа прызначыць цану. І хіба я змагу перамагчы калі-небудзь свайго ўласнага тату?  я змаўкаю ненадоўга, толькі каб злавіць позірк Гары: ён углядаецца ў аблокі, зноў шукае вецер, і менавіта цяпер ён я гэта адчуваю зможа адказаць мне так, як ён адказваў падчас старой дзіцячай гульні ў інь і ян. Я нарэшце пытаю Гары ціха і ўважліва: Чым мне скончыць апавяданне, Гары? Што мне адказаць тату?

 Так i скажы яму,  прапаноўвае Гары,  Я хачу быць мёртвым катом. Пасля гэтага ён ужо не атрымае над табой перамогi.

 Але i я пасля гэтага не буду пераможцай, бо хiба гэта прыдумала я?

 Не, гэта, вядома, прыдумала не ты,  пагаджаецца Гары.  I, дзякуй Богу, пераможцай ты ўжо таксама нiколi не будзеш. Цяпер ты проста будзеш непераможнай,  кажа Гары і расплюшчвае вочы.  Мат,  кажа ён і забірае майго караля.

Ён у гэты момант глядзіць на мяне ўважліва-ўважліва. Нават выпрабавальна засмучуся ці не. Развесялюся ці застануся спакойнай. Але я нічога не разумею. Таму не ведаю радавацца мне ці пераймацца, што прайграла. Словы Гары пра непераможнасць і пра мёртвага ката ўзрушылі мяне, і я цяпер не магу думаць пра паразу маю ці яго, а таму гатовая пагадзіцца з любым вынікам з тым, што скажа Гары.

Гары і на гэты раз лічыць, што параза ягоная (значыць, я ўсё ж не вытрымала выпрабаванне задумалася пра згубленага караля?). Мяне гэта цалкам задавальняе. Мяне страшна хвалюе толькі адно якое жаданне прыдумае Гары на гэты раз.

Ён прызнаецца, што даўно марыў прапанаваць мне адну авантуру. Але баяўся спалохаць. А вось цяпер. Здаецца, цяпер можна. Гары просіць мяне сыграць з ім партыю навослеп. Таксама заплюшчыць вочы і не расплюшчваць іх да самага заканчэння партыі. Да самага мату.

Я, вядома, пагаджаюся.

Спачатку я не магу зразумець, дзе наагул само поле і дзе на гэтым полі белыя, а дзе чорныя фігуры. Але Гары падказвае мне, што рабіць у такім выпадку варта граць абедзвюма рукамі. І тады хутчэй прызвычаішся да цемры, тады забудзеш пра непатрэбныя пытанні і сканцэнтруешся на самой гульні, вельмі сурёзна кажа мне Гары.

І я пачынаю граць. Я трымаю амаль увесь час у руках драўляныя, пакрытыя лакам фігуркі, мяняю іх, перабіраю пальцамі. Прыемна здагадвацца, дзе слон, дзе ферзь, дзе ладдзя. Настолькі прыемна, што я не адразу заўважаю: нідзе няма майго караля. Перабіраць, перастаўляць драўляныя фігуркі прыносіць столькі радасці, што мне не хочацца спыняць гульню, мне хочацца адцягнуць мат як надалей. Мабыць, таму мне становіцца амаль усё роўна, што з маім ці з яго каралём. Я зусім не чую і таго, што мне некалькі разоў паўтарае Гары,  хіба можна пачуць яшчэ кагосьці, калі ты слухаеш інь і ян, адчуваеш, як яны мяняюцца, пераходзяць з поля на поле, з клеткі на клетку. У поўнай цемры.

І тады: Мат,  паўтарае Гары грамчэй.  Ты мне паставіла мат.

 Mein Gott,  падхопліваюся я.  Але я зусім не заўважыла. Я зусім не хацела, каб так хутка скончылася гульня.

Я расплюшчваю вочы і здзіўлена гляджу на Гары ён смяецца. Шчыра і зусім не сумна. Мяне гэта заблытвае канчаткова і я пытаю: Калі знік твой кароль, Гары, ты весялішся. Чаму? Хіба кароль не самае галоўнае?

 Не,  шчасліва хітае Гары галавой.  Сэнс гульні зусім не ў каралі. Сэнс гульні Але я табе ўсё ўжо і так распавёў. Ці гэта ты мне распавяла. Ці гэта нам распавёў Сэлінджэр. У гісторыі пра мёртвага ката.

Гары змаўкае на нейкае імгненне ён задаецца каанам, адстаронена глядзіць на аблокі, шукае вецер А пасля адным толькі гэстам усё мне тлумачыць: галоўнае ў шахматах не забываць пра мёртвага ката.

І ўсё. Больш ён нічога не кажа. Ён збірае свае новыя шахматы. Светла-светла ўсміхаецца і сыходзіць. Лёгка, як анёл, сыходзіць Гары ад мяне па алеі парку, а я думаю: можа быць, калі я дапішу апавяданне пра магічны тэатр і пра Гары ў ім, можа быць, тады я ўсё і зразумею. Але пакуль я не магу нават зразумець хто з нас атрымаў паразу ў апошняй партыі.

Я не магу зразумець не толькі гэтага. Я не магу зразумець, чаму Гары сыходзіць, пакідаючы мяне сам-насам з маімі яшчэ нават не прыдуманымі жаданнямі.

Я моцна засмучаюся, бо прадчуваю, што калі няма пераможаных, калі я стану непераможнай, то каму застанецца прыдумляць жаданні? Каму, Гары?  пытаю я яго, але ён ужо далёка і мяне не чуе.

А без жаданняў і шахматы не шахматы, думаю я. І старая дзіцячая гульня ў інь і ян без жаданняў таксама ніякая ўжо не гульня. А так халодныя цені аблокаў.

Мілы Гары

 Кім былі мы ва ўсёй гэтай гісторыі?  пытаю я Гары, расхінаючы фіранкі ў купэ цягніка, на якім мы паедзем дадому.

 Сірэнамі, кажа Гары, гледзячы ў вакно на Оскара.

 А чаму тады Оскар нас так лёгка адпускае? Чаму, згубіўшы ўсё, ён такі шчаслівы?

 А хіба нас можна ўтрымаць хіба сірэны застануцца сірэнамі, калі іх пакінуць каля сябе?

Я думаю над словамі Гары. Я думаю пра тое, што і праўда нічога нельга ўтрымаць у гэтым жыцці. Каля сябе. За вакном, калі мы паедзем, будуць прабягаць краявіды і назаўжды знікаць. Там, за аблокамі шэрымі і халоднымі. Я яшчэ раз сяду перачытаць гісторыю Оскара каб, можа быць, нарэшце зразумець: чаму, згубіўшы ўсё, Оскар такі шчаслівы.

Мы спакусілі Оскара на гісторыю пра загадкі не адразу. Спачатку ён адмаўляўся: казаў, што гісторыю пра сфінкса ён яшчэ да канца не прыдумаў. Яшчэ недапісаныя ўсе загадкі. Няма ўзнагародаў тым, хто іх разгадае. І што рабіць са сфінксам пасля ўсяго гэтага таксама ён яшчэ не ведае.

Але Гары так пяшчотна глядзеў на яго.

Але я так трапна разліла тры кроплі віскі на падлогу.

Да таго ж, мы былі пяныя. Мы сядзелі ў цемры у пустой халоднай кватэры Оскара і пілі віскі.

І Оскар у рэшце рэшт пагадзіўся. Ён пагадзіўся прачытаць нам сваю гісторыю пра сфінкса, пра загадкі і, вядома, пра Гары.

Зрэшты, зусім не істотна, пра што менавіта была гісторыя Оскара. Яна надрукаваная і цяпер ляжыць перада мной. Яна засталася. А я не хачу пісаць пра тое, што засталося. Маё апавяданне пра мёртвага ката. Пра тое, што немагчыма ўтрымаць. І таму з начной размовы паміж Оскарам, Гары і мною я пакіну хіба што два словы, прамоўленыя ў гэтай халоднай цёмнай кватэры. Тройчы прамоўленае Мілы Гары і не ўтрыманае вось сэнс і мэта майго апавядання.

* * *

Мілы Гары як мантра, як выратаванне для тых, хто разгубіцца, калі разгадаюцца ўсе загадкі. І калі будзе няясна, ці застаецца нешта пасля нас за шэрымі і халоднымі аблокамі.

* * *

Мілы Гары,  прашэпча спачатку Оскар разгублены і прыгожы,  калі Гары разгадае тайну яго герояў і назаўжды звабіць сюды за аблокі.

Мілы Гары,  напіша Гары лёгка і няўлоўна у мой вішнёвы нататнік назву майго яшчэ не прыдуманага апавядання. Апавядання, якое зявіцца пазней з аднаго толькі гэсту Гары з таго, як лёгка і няўлоўна ён запісвае назву ў мой нататнік.

Мілы Гары,  паклічу нарэшце я сама пяшчотная і закаханая,  калі мы ўжо сядзем у цягнік і я паспрабую паўтарыць гэты яго гэст. А ў мяне не атрымаецца.

* * *

Мілы Гары,  прашэпча спачатку Оскар.

Вось ён сядзіць перад намі ў фатэлі і нервова паліць. Ён паліць увесь час, пакуль чытае апавяданне. Таму што яго апавяданне гэта апавяданне загадак. І ўсе героі там дзяўчына, хлопец і закінуты дом ахутаныя смугой. Хаваюцца ў ранішнім тумане. Затуленыя фіранкамі, праз якія амаль нічога і не відаць.

Таму Оскару патрэбны дым. З дыму пачынаецца яго гісторыя.

У апавяданні малады чалавек бачыць сілуэт дзяўчыны за фіранкамі закінутага дому. Дзяўчына глядзіць на яго некалькі хвілін, а пасля знікае. Калі іх пазней пазнаёмяць, яна папросіць нікому не расказваць пра іх першую сустрэчу і пра закінуты дом. Але нічога і не патлумачыць. З часам, заінтрыгаваны, малады чалавек зразумее, што закахаўся. Яны заручацца. Але нават заручыўшыся, дзяўчына ні ў чым не прызнаецца так і не скажа: ні што гэта быў за дом, ні чаму яна хавае ад усіх яго тайну. І будзе далей знікаць штодня, азіраючыся і напалохана,  будзе штодня ў адну і тую ж гадзіну сыходзіць у стары закінуты дом.

Оскар чытае нам гісторыю і паліць каб ахутаць дымам сваю тайну. Гэта я разумею: тайну, якая магла ў любую хвіліну выслізнуць з яго гісторыі. Гісторыя дзяўчыны перапыняецца бо знікае дзяўчына. Знікае і дом у апавяданні Оскара бо больш туды ніхто не прыходзіць. Знікае ўсё і адзінае, што застаецца ў Оскара гэта тайна. А без яе і апавяданне б знікла. І таму Оскар з усяе сілы чапляецца за гэтую тайну, цягне да сябе і глядзіць у вочы. А хіба так можна хіба тайна застанецца тайнай, калі ёй глядзець у вочы?

Назад Дальше