Надбярэзінцы - Фларыян Чарнышэвіч 12 стр.


Пасядзелі так паўгадзіны і разам пайшлі да школы.

Стаяла адліга. Неба зацягнула цёмнымі дажджавымі хмарамі, раз-пораз валіў ліпкі снег і церусіў дробны дожджык. Стары снег можна было ляпіць, як размяшаную гліну. Адусюль даносіліся галасы дзятвы, што гуляла ў снежкі. У школьным двары ўсё віравала ад групак разгарачаных вучняў.

Іншым разам палякі далучыліся б да гульні, але цяпер іх мучыла трывога: ці не давядзецца адказаць за непаслушэнства? І яны не затрымліваючыся пайшлі ў клас.

Там на адным радзе лаваў групкамі сядзелі рускія дзяўчаты, на другім вучні-габрэі. Рускіх хлопцаў можна было пералічыць на пальцах.

Палякі таксама селі групкамі на пустыя лавы і пачалі чакаць.

Хутка ўвайшоў настаўнік, паведаміў, што бяседа пачнецца праз гадзіну, калі прыйдуць поп і фельчар, і наказаў усім прысутным хлопцам бегчы на двор да іншых гуляць у снежкі.

Габрэі, баючыся, што рускія будуць іх чапляць, хацелі былі застацца.

 Гаспадзін учыцель,  сказаў Барух Салавейчык, найстарэйшы між імі і па веку, і па класе,  мы ў снежкі ніколі не гуляем. Навошта нам гэтае зімовае паскудства? Мы лепей тут, на лаўках, фельчара ціха пачакаем.

 Хочаце тут у такую цяплынь лайдачыць і паветра брудзіць?!  закрычаў настаўнік.  Гульні на свежым паветры карысныя для здароўя! А ну ўсе, апроч дзяўчат, неадкладна на двор вымеліся! Каму сказаў!

Палякі і габрэі выйшлі з будынка.

 Гэта на нас ён злуецца,  шапнуў Стах Косціку.  Бачыў, як ён на нас вачыма лыпаў?

 Заўважыў, ага. Нічога, Казік сказаў, калі што, то ён ведае, дзе спраўку выдабыць.

Убачыўшы на двары габрэяў, руская дзятва ўсчала радасны крык:

 Жыды ідуць, жыды! Пуляйце ў іх давайце! Так пуляйце, каб з іх кароста абсыпалася!

 Не з адных жыдоў гэты натоўп,  сказаў настаўнік, які, выгнаўшы ўсіх з класа, накінуў на плечы палітон і выйшаў таксама.  Ціха!

Суцішыўшы крыкі, ён выйшаў у цэнтр двара і загадаў:

 Станавіцеся так: па гэтым баку,  паказаў ён левай рукой,  праваслаўныя, а па тым, за сорак крокаў, католікі, жыды і татары. Роўнымі радамі стаць, выконвайце.

Такі падзел быў ушчэнт несправядлівы, бо рускіх хлопцаў было больш за семдзесят, а ўсіх астатніх разам узятых не набіралася і сарака.

 Перамогуць нас, зваляць, што ўжо тут,  сказаў нехта баязлівы сярод палякаў.

 Зваляць і зваляць. Але трымайцеся, хлопцы, цвёрда і пуляйце моцна, каб запомнілі нашы кулі, адгукнуўся Косцік.  Калі габрэйчыкі з намі будуць, то, можа, і пабем кацапаў. Ставайце, хлопцы!

Яны разышліся ў ланцуг, як і рускія насупраць. Побач стала чацвёра татарскіх хлопцаў. Але габрэі збіліся ў купку і жыва штось абмяркоўвалі.

 Гэй, чаго не шыхтуецеся? Чаму ў рад не становіцеся, як астатнія?  крычаў настаўнік.

Барух зноў выступіў наперад:

 Гаспадзін учыцель, мы не можам станавіцца супраць рускіх людзей. Мы будзем за рускіх супраць палякаў. Мы ўжо ідзём да вас. Ком ахер, брыдэр,[9] паклікаў ён сваіх.

 Не хочам мы пархатых, не трэба!  запратэставалі насупраць.  Памочнічкі тут знайшліся! Мы з вамі хочам біцца! Станавіцеся, нехрысці пархатыя!

Габрэйчыкі зноў хвіліну параіліся, а потым паднялі рукі ўверх і, выступаючы наперад, закрычалі ў адзін голас:

 Мы ў плен здаемся! Здаемся без бою! Забірайце нас у плен!

Рускія пачакалі, пакуль «палонныя» наблізяцца, а тады сыпанулі ў іх чаргой са снежак аж завіравала.

Габрэйчыкі у гвалт, у піск, рукі ў ногі і хто куды.

 Брава, хлопцы, брава!  так гэтым тхарам і трэба,  пахваліў настаўнік.  А зараз вунь тым шляхціцам ганарлівым усыпце. Не бойцеся, снегам не пакалечыце.

Паўтара дзясятка хлопцаў кінулася ў пагоню за габрэямі, астатнія пайшлі ў наступ на дзевятнаццаць палякаў і татараў.

 Хлопцы, каб ніхто ўцякаць не смеў!  закрычаў Косцік.  Адзін раз мама нарадзіла! Трымаймася, пакуль дыхання хопіць! Пуляць моцна і проста ў морду, каб мала не здалося!

Яны сцягнуліся ў шчыльны ланцуг і пачалі адбіваць атакі. Некаторыя падчас габрэйскага гандлю наляпілі сабе па два дзясяткі снарадаў і цяпер імкліва шпулялі гатовыя.

Рускія «кулі» сыпаліся на іх заеддзю, па некалькі на кожнага за раз, балюча джгалі, перапынялі дыханне, сляпілі вочы.

Стаху і іншым меншым хлопцам праз некалькі хвілін такой буры ўжо хацелася плакаць, але яны сціснулі зубы і трымаліся. Яны сустракалі снежкі спінай, потым закрывалі локцем твар і пулялі па прыкладзе таварышаў.

 Давайце, хлопцы, давайце! Смела валіце, каб нас потым кацапы тхарамі не дражнілі! Бачыце, як за морды хапаюцца! Добра трымаемся, давайце, хлопцы!  бесперастанку падбадзёрваў Косцік.

Ён натхняў і словам, і справай: ляпіў снарады цвёрдыя і вільготныя, памерам з добрую бручку, біў трапна, а ў каго пацэліў, той вылятаў з поля плачучы. Гледзячы на яго, і іншыя зацята лупілі. Для большага выніку паскідвалі світкі.

Але яны не маглі зваяваць праціўніка, чыё войска пераважала колькасцю ў чатыры разы. Рускі ланцуг пуляў з усё большай ярасцю і галасам, паволі пасоўваючыся наперад і абступаючы палякаў злева і справа. Іх падбадзёрвалі настаўнік і натоўп дарослых, якія, пачуўшы на школьным двары нязвыклы шум, сышліся з усяго мястэчка.

«Параненыя» Косцікам хлопцы абтрасаліся ў тыле, хвіліну адпачывалі, набіраліся смеласці і вярталіся да бойкі. Пераследнікі габрэяў вярнуліся і зайшлі палякам са спіны, узялі іх у колца, каб ні адзін не вырваўся, і павольна змыкалі шэрагі. Наблізіўшыся на адлегласць дзесяці крокаў, грымнулі гістарычнымі словамі, што Сувораў сказаў Кацярыне: «Ура! Варшава наша!» і кінуліся ўрукапашную. На кожнага паляка было па тры, чатыры, а то і пяць непрыяцеляў. Адны трымалі за рукі, а іншыя ўволю пулялі снежкамі. Нарэшце пачалі валіць на зямлю.

 Брава, хлопцы, брава!  хваліў настаўнік.

 Брава, рускія! Ура нашым парням!  крычалі з натоўпу, што назіраў за бойкай.

Гульня ў снежкі ператварылася ў сапраўдную бойку. Некаторыя, каб не ўпасці на зямлю, дралі праціўнікам валоссе, білі ў грудзі, брыкаліся.

Даўжэй за ўсіх не здаваўся Косцік да яго не маглі падступіцца. Калі які зух набліжаўся тут жа адлятаў на некалькі крокаў назад, нібыта з прашчы, яшчэ і з пераваротам.

Але ўрэшце некалькі найдужэйшых хлопцаў пайшлі на яго з усіх бакоў адначасова, схапілі адзін за ногі, другі за шыю, трэці пад пахі і паклалі на лапаткі.

І пачалі помсціць. Кожны, хто атрымаў у бойцы балючы ўдар альбо злаваўся на Косціка за нейкую даўнюю паразу, падыходзіў, шпурляў яму ў твар снежкі, біў па рэбрах лапцем, шчыпаў за азадак з падкрутам.

 Вось табе, сілач! Вось табе, шляхціц шалёны! А вось ад мяне, шэршань паганы! І ад мяне, блыхасты!

 Давайце сарочку яму расшпілім і за пазуху снегу напхаем,  дадаў нехта, каму шчыпкоў падалося замала.

 Не, хлопцы, лепш яму штаны сцягнуць і голай сракай павазіць па снезе,  прапанаваў іншы.

 Так, так, голага пацягаць, як санкі!  ухвалілі ідэю рускія.  Давайце, расшпільвайце яму штаны!

«Яны ж мяне зняславяць на ўсю ваколіцу, і Былінка мая на мяне глядзець не зможа»,  мільганула ў Косціка жахлівая думка, балюча сціскаючы сэрца. І ён вырашыў бараніцца да апошняй кроплі крыві.

Напяўся колькі было сілаў, вызваліў правую руку, даў кулаком паміж вачэй таму, што на ім сядзеў, маланкава перавярнуўся спінай уверх, стаў спачатку на карачкі, а потым і на ногі, кінуўся ў адзін бок, у другі, абтрасаючы непрыяцеляў, і давай уцякаць. Ён бег да плота, спадзеючыся выламіць з яго кол бараніцца.

Дабег. Схапіў адну жардзіну пасыпалася парахня. Схапіў другую не даецца. Убачыўшы, што яго даганяюць, пераскочыў праз плот і памчаў да будынка.

Уварваўся ў найбліжэйшую стадолу, бегае, глядзіць, шукае хоць чаго прыдатнага ў рукі схапіць. Нічога няма. Па адным баку пусты воз на колах, па другім высокая горка саломы. Хоць бы кавалак дрэва. А вароты без клямкі, не замкнешся.

Часу ўжо зусім няма ні на развагі, ні на ўцёкі. Ужо чуваць галасы за сцяной, ужо ўваходзяць у вароты нападнікі.

Косцік падае на салому, адразу ж ускоквае і лезе ўверх. Нягоднікі забягаюць і караскаюцца за ім.

Косцік залез першы у самы кут пад самым дахам. Сцягнуў бот, узяўся за канец халявы і давай лупіць паскуднікаў па галовах цяжкім кутым абцасам.

 Вось табе, кацап! Вось табе, свінапас! Зараз мы з вамі разлічымся, зараз я вас навучу. Пайшоў прэч, хрэн сабачы! Валі адсюль, свінюка!  прыгаворваў ён.

Хлопцы калодамі скочваліся ўніз і з плачам хапаліся за галаву.

Праз некалькі хвілінаў усю стадолу запаланілі вучні, і паветра зазвінела ад жахлівых пракляццяў, воклічаў, падказак, камандаў і плачу. Не прызнаючы паразы, удальцы лезлі ўверх, падстаўлялі адзін аднаму плечы, спрабавалі збіць зацятага шэршня і з енкамі валіліся ўніз.

 Зараз я з вамі паваюю, зараз навучу! А вось табе, канакрад! І табе, свінапас! Лезьце, лезьце, людарэзы!  крычаў разюшаны Косцік, малоцячы ботам без разбору.

Назад Дальше