Косцік пхнуў Кірпатага ў грудзі.
Ах вось так?! Паваяваць са мной хочаш?! заверашчаў Кірпаты.
Я не баюся, адказаў новенькі. Хочаш паваюем.
Ну давай. Даведаешся, колькі фунт ліха каштуе. Нападай давай.
Сам пабачыш. Давай, хоць пад пахі бяры.
Яны схапіліся і рухнулі на зямлю, Косцік зверху.
Ого, вось табе і хвосцік, дзівіліся вучні.
А некаторыя радаваліся:
Так яму, задаваку! Ён думаў, што адзін тут сілач. Так яму!
Ты мяне паваліў, падымаючыся, сказаў Кірпаты, бо пэўна ўжо нажэрся, а ў мяне і крышкі ў роце з учора не было.
Гэта праўда, ён сёння галодны, засведчылі аднакласнікі.
Ну тады падыходзьце хто падеўшы, падбухторваў Косцік. З любым вазьмуся.
Але далейшаму разбіральніцтву перашкодзіла зяўленне настаўніка.
Падчас праверкі навічкоў вучні даведаліся, што прозвішча Косціка Васілеўскі. Ён ужо крыху быў навучаны, таму пайшоў адразу ў другі аддзел.
На перапынку Васілеўскага абступілі палякі.
Ты з нашых, ты польскі? дапытваліся яны.
А як жа, польскі, польскі, адказаў Косцік.
Ты ж леснікоў сын, праўда? запытаў Стах.
Так. А ты адкуль?
Я толькі паглядзеў на цябе і нібыта пазнаў. Я з Рагоў, Балашэвічаў Стась.
Ты Балашэвічаў Стась?! Гэта ж трэба, як чалавека адзежа змяняе. Я цябе зусім не пазнаў, хоць столькі разоў у Рагах быў і цябе бачыў.
Як ты здолеў Кірпатага зваліць?
Я і двух такіх павалю, мне яны як мухі.
Ты такі моцны?! А давай будзем з табой дружыць. Я ўжо ў чацвёртым аддзеле.
Такі малы і ўжо ў чацвёртым? Дружыць згодны, калі ты хочаш. А вось раскажы мне, Стах, што гэта за два кругі на чорнай дошцы.
Гэта наш свет такі.
Такі смешны свет?!
Так. Хадзем, я табе ўсё патлумачу.
І Стах паказаў Косціку часткі свету, Расію, а потым падрабязна апавёў пра партрэты ўсіх цароў на сцяне.
А вунь той, што як канакрад глядзіць, гэта хто? асабліва зацікавіўся Косцік партрэтам Мікалая І.
Ціха! шыкнуў Стах, хапаючы яго за плячо. Гэта таксама цар!
І таксама расійскі?
Польскіх тут няма. А цяпер зірні ў кут пад ручнік.
Гэта хто?
Гэта іхны Пан Езус.
Гэта Езус у іх такі?! Аяяй, нягеглы ён нейкі. Як такому маліцца?
А ты думаеш, я яму малюся? Я толькі для выгляду вуснамі варушу, а хто ж ведае, што Ён думае. У іх амаль усе абразы такія. Як у цэркві будзем, сам пабачыш.
А што, тут трэба да цэркві хадзіць?
Так, у царскія святы ўсіх разам да цэркві ганяюць. Толькі габрэяў не чапаюць, яны ж няхрышчаныя.
* * *Вечарам Косцік адведаў Стаха на кватэры.
Адкуль у цябе такія боты дзіўныя, доўгія? спытаў Стах.
А гэта мне пан даў, за тое, што мой бацька мінулае зімы мядзведжы бярлог адшукаў.
За бярлог?
Так. Ты, мабыць, не ведаеш, як лесніку важна мядзведжы бярлог знайсці. Вось мінулай зімою мой тата знайшоў, мядзведзя ў аблаве забілі, і тата пана папрасіў мне ў навуцы дапамагчы. Пан даў дзесяць рублёў і вось гэтыя боты. Пан іх, канечне, трохі насіў, але калі падноскі ставіць і даглядаць як належыць, то на тры рокі хопіць.
Па-мойму, пан ваш той яшчэ жмінда. За мядзведжы бярлог мог бы і болей даць.
Па-мойму таксама жмінда, але тата кажа, што доранаму каню ў зубы не глядзяць і калі даюць, то браць трэба. Дык што, вярнуўся Косцік да размовы пра школу, ты такі малы, а ўжо ў чацвёртым сядзіш? То вясною экзамент здасі ўжо?
Спадзяюся, што здам.
У Смалярні аж двое такіх, што экзамент здалі: Казік Здановіч і Ясь Ладан. Я з Казікам дружу. Ты ў Смалярні калі-небудзь быў?
З нашых амаль усе былі, а я ніколі.
Ой, бачыў бы ты, які наш засценак вясёлы! Дваццаць дзве польскія хаты побач стаяць. Могілкі польскія ёсць, ёсць такі чалавек, што дзяцей у вадзе хрысціць і нябожчыкаў хавае, музыканты свае, дзяўчат многа і хлопцаў усякіх. А яшчэ ведаеш што, сцішыў ён голас. У мяне ў Смалярні дзяўчына.
У мяне таксама ўжо дзяўчына ёсць.
Ды што ты! А прыгожая хоць?
Як анёлак!
А вялікая?
Не, малая яшчэ, але ўжо смяецца, а ручкі як сцісне, дык не адразу і расчэпіш.
Што?! Стой, дык ты пра дзіцёнка гаворыш?
Дзіцёнак яшчэ, ага, мама на жніво нарадзіла.
Дык яна табе сястра, значыць.
І нават родная. Эх, ты б яе бачыў!
Ды ідзі ты з такой дзяўчынай. Я пра тую кажу, з якой жаніцца можна, як вырасцеш.
А-а, такая, каб жаніцца?! А я жаніцца не змагу, бо на ксяндза буду вучыцца.
А-а, такая, каб жаніцца?! А я жаніцца не змагу, бо на ксяндза буду вучыцца.
Калі б у мяне Каруські маёй не было, я б з табою на ксяндза пайшоў.
Праўда на ксяндза? уразіўся Стах. Падумаў крышку і спытаў:
Дык тваю дзяўчыну Каруся зваць?
Так, Каруся, а называюць яе ўсе Былінка.
Х. «Ура, Варшава наша!»
Косцік згуртаваў вакол сябе палякаў у класе, зрабіўся іх абаронцам і натхненнем. Сядзеў ён сярод малодшых, але хлопец быў дужы, моцны, бывалы, прыязны і кампанейскі. Кожны адчуваў да яго сімпатыю і давер, кожны яго любіў і дзяліўся радасцю і горам, прасіў парады, калі сварыўся з таварышамі, клікаў яго на дапамогу, а ў спрэчках пра нацыянальныя перавагі ставіў яго ў прыклад.
Сапраўднае сяброўства Косцік завязаў са Стахам, бо былі яны, лічы, суседзі і крыху знаёмыя перад гэтым. Спачатку хадзілі адзін да аднаго кожны вечар, а потым Косцік настала пераехаў да Садоўскага на кватэру. Да іх часта наведваліся Паўловічы, Мачуга, Закрэўскі, Тарка, Герасімовічы і іншыя вучні-палякі. Ніводнага вечара не было, каб да іх хтосьці не зазірнуў. Садоўскія былі не супраць. У прысвяткі ў іх збіраліся амаль усе: дапамагалі адно аднаму з цяжкімі ўрокамі, разам чыталі «Тараса Бульбу», абмяркоўвалі як умелі тыя даўнія часы казацкіх войнаў з Польшчай, хваліліся, расказвалі пра свае хутары і засценкі. Часцей за ўсіх Косцік хваліўся Смалярняй: яна ляжала за няпоўныя дзве вярсты ад іх леснічоўкі і за сем вёрст ад Вончы. Штонядзелі Косцік абавязкова хадзіў дадому, заўсёды зазіраў у Смалярню і кожны раз прыносіў адтуль свежыя навіны часта нават сенсацыйныя.
Ведаеце што, хлопцы, сказаў ён аднойчы, вярнуўшыся з дому, Казік гаворыць, што Расія зусім не такая святая і светлая, як у расійскіх кнігах напісана. Кажа, мала які цар сваёю смерцю ў ложку памёр. Што Кацярына Вялікая, святая мучаніца, такую распусту чыніла, што не вартая нават таго, каб яе на асвечаных могілках хаваць. Аляксандр Асвабадзіцель сялян распрыгоніў не ад добрага сэрца, а прымусова, бо ўсе астатнія дзяржавы сваіх людзей даўно перад ім вызвалілі. Слаўны Сувораў быў такі падступны гад, што яго і «па матушцы» не грэх аблаяць. Казік кажа, што і паловы праўды няма ў тым, што гэтыя расейцы пра сябе пішуць.
Дык, можа, і гэты Тарас Бульба слаўным зусім не быў? пыталі палякі.
Тарас Бульба быў слаўны, але ў Польшчы рыцары былі такія, што розная там бульба ім не раўня.
Іншага разу Косцік прынёс са Смалярні заклік не хадзіць у царкву.
Ведаеце, што я вам скажу, хлопцы? казаў ён. Казік гаворыць, што настаўнік не мае права нас гнаць да цэркві, і хадзіць нам туды нельга, бо грэх. А давайце, хлопцы, не пойдзем!
А давайце не пойдзем, давайце! падхапілі астатнія.
А настаўнік да нас потым не дачэпіцца? Са школы не выкіне? запытаў старэйшы Паўловіч.
Калі частка падымецца, а частка падлашчыцца захоча, тады, канечне, бунтаўнікоў ён выкіне. Але калі не пойдзем усе, нічога ён нам не зробіць, разважаў Косцік. Казік кажа, што ў яго часы палякі аднойчы ўзбунтаваліся і ўсе як адзін да цэркві не пайшлі, а настаўнік нікога не выключыў. Ну дык што, ідзём ці не?
Не ідзём, не ідзём! пагадзіліся ўсе.
Хто не згодны, гаварыце смела цяпер, каб потым, калі да справы дойдзе, не аказалася, што адзін так, а другі гэтак.
Калі ў гадавіну дому Раманавых[8] настаўнік загадаў вучням выйсці з класа і пашыхтавацца, каб ісці ў царкву, Косцік выступіў ад імя палякаў:
Гаспадзін учыцель, наша польская вера не дазваляе нам да цэркві хадзіць. Просім нас вызваліць.
Ваша польская вера не дазваляе вам да цэркві хадзіць? здзіўлена паўтарыў Грывень. О, калі так, то змушаць не буду. Добра, калі хто з католікаў не хоча ў царкву ісці, можа пайсці дадому, а папаўдні вярнуцца на бяседу. А хто хоча, можа ісці з намі.
Здавалася, ён гаворыць лагодна, але на твары можна было заўважыць цень незадаволенасці, а ў голасе пачуць пагрозлівыя ноты.
Ніхто з палякаў не стаў у шэраг. Яны разышліся і ў абед усе сабраліся ў Садоўскіх. Большасць непакоілася.
Мабыць, кепска мы зрабілі, хлопцы, што ўзбунтаваліся, сказаў Тарка.
Выкінуць са школы як піць даць, трымцеў Паўловіч.
Калі каго выкідаць будуць, валіце ўсё на мяне, бо гэта я ўсіх узбаламуціў, гукнуў Косцік.
І на мяне, бо я таксама падбухторваў, дадаў Стах.
І на мяне, далучыўся да вінаватых Закрэўскі.
Пасядзелі так паўгадзіны і разам пайшлі да школы.