Надбярэзінцы - Фларыян Чарнышэвіч 14 стр.


XII. Клопаты і мары смалерчукоў

Двор Балашэвічаў быў на іншым канцы мястэчка. Купілі яны два дамы, але занялі пакуль што адзін крайні. З вуліцы быў пакой з грубкай і рускай ляжанкаю, пасярэдзіне, ад ганка,  невялічкія сенцы, ззаду кухня з вялікай печчу і сталовы пакой, які часткова служыў спальняй.

Цяпер іх дом быў самы населены ў Смалярні і, нягледзячы на зусім нядаўні пераезд, больш за ўсіх пульсаваў радасцю. Усе хадзілі і размаўлялі нібыта ахопленыя гарачкаю. Малодшых братоў Стаха, што палалі аж залішнім энтузіязмам, бацька пару разоў мусіў нават рэменем суцішаць: хлопчыкі вельмі радаваліся вялікай колькасці дзвярэй і, бегаючы туды-сюды, стваралі проста невыносны шум.

Пасля вячэры дзядулька, дзядзькі і цёткі пайшлі да суседа, Амбражэя Ладана, на «ўсяночную». Праз гадзіну Стах, нагаварыўшыся з маці й братамі і налюбаваўшыся малой сястрычкай, разам з бацькам таксама рушыў туды.

У хаце Ладана было поўна людзей спявалі жалобныя песні па Езусе. На ганку стаяла купка падлеткаў.

Калі Балашэвічы праходзілі міма іх, адзін з падлеткаў схапіў Стаха за рукаў і, пачакаўшы, пакуль Ян зойдзе ў дзверы, спытаў:

 Гэта твой бацька?

 Ага, мой.

 Як цябе зваць?

 Стась Балашэвіч. І мне ўжо дванаццаць гадоў. Гэта каб вы не думалі, што я смаркач нейкі.

 Дванаццаць?  усклікнуў суразмоўца.  Вы паглядзіце на яго! Дык мы аднагодкі. То я над табою старшыняваць буду, згодзен?  дадаў ён праз імгненне.  Я Адась Сцяпура.

 Старшыняваць гэта як?

 А ты яшчэ не ведаеш? У нас у Смалярні «закон» такі ёсць, што малодшыя старэйшых слухаюцца. А калі равеснікі, то старшынюе мацнейшы, так што калі не хочаш добраахвотна падпарадкоўвацца, будзеш са мной біцца.

 Я нічыйго старшынства не прызнаю, і вашага «закону» таксама. Пусці мяне, пайду спяваць.

 Не, братка, спачатку ты з намі паспяваеш. Пайшлі біцца, бо калі адмовішся, мы цябе тхаром абняславім, і ніводзін хлопец сяброўства з табою мець не захоча.

 Думаеш, баюся? Ну і хадзем, калі табе так хочацца.

Яны адышлі да сярэдзіны дзядзінца на роўнае месца, зацягнулі рамяні, паплявалі ў далоні і ўзяліся загрудкі. Адразу нахіліліся ўперад, каб не даць паваліць сябе на спіну. Грамада, абступіўшы іх, падахвочвала крыкамі. Хлопцы мелі прыкладна аднолькавую сілу, таму барукаліся аж чвэрць гадзіны: гнулі адзін аднаго, пхалі ззаду, падымалі за пояс у паветра, круцілі ва ўсе бакі, напіналі цягліцы, хітравалі па-рознаму усё марна. Урэшце Адась неяк схітрыўся моцна Стаха пхнуць, рэзка таргануў да сябе, падставіў нагу і заваліў на бок. Потым перавярнуў на лапаткі і спытаў:

 Здаешся ці яшчэ хочаш?

 Не паддавайся! Яшчэ раз давай! Тры разы трэба, Бог тройцу любіць!  закрычалі хлопцы.

 Болей не хачу, камандуй,  абвясціў Стах.

 О, давай пяць!  усцешыўся Адась, узяў Стаха за руку, дапамог падняцца і абтрэсці смецце.  Але ж ты і моцны, няслабы такі, хваліў ён былога саперніка, каб у вачах таварышаў падняць каштоўнасць сваёй перамогі. Косці ў цябе трывалыя і спрыту шмат.

А праз хвіліну дадаў:

 Калі б ты сабе яшчэ крыві прыбавіў і жылы мацнейшымі зрабіў, то невядома, ці справіўся б я з табою.

 Што значыць «крыві прыбавіў»?  здзівіўся Стах.

 А ты думаеш, што сіла да цябе сама прыйдзе? Сілу трэба ўмець збіраць.

 Як жа яе збіраць?

 А гэта, браце, ужо сакрэт. У Смалярні такіх нас толькі двое хто ведае.

 Раскажы і мне, Адаську, калі ласка!  узмаліўся Стах.

 Каб ты мяне потым паваліў? Ладна, як аднагодку раскажу, але не ўсё. Хадзем.

Ён узяў Стаха за плячо і адвёў ад хлопцаў у бок вуліцы.

 Толькі помні: нікому не кажы таго, што я табе расказаў. Слухай. Раніцаю трэба зесці нашча дзве прыгаршчы сухога бобу. Пасля сняданку ну, прыкладна калі сонца над пушчай зявіцца тры сырыя морквіны і дзве капусныя храпкі. Па абедзе дванаццаць арэхаў, саміх ядраў, і кавалак скуркі ад сала, не меншы за карабок запалак. Вечарам, перад сном,  галоўку цыбулі з соллю, толькі без хлеба, дзве галоўкі часнаку і запіць усё бярозавым квасам. Тры месяцы так трэба рабіць, дзень за днём.

 І гэта дапаможа?

 Ну глядзі. Я ж спачатку нават слабейшы за цябе быў, а як пачаў усё гэта есці, бачыш які моцны зрабіўся! Калі не верыш, то вось што скажу: ад бобу чалавек хутчэй наядаецца, ад морквы кроў прыбывае, ад капусных храпак мяса цвярдзее і робіцца мускуламі, ад арэхаў мацнеюць косці, ад свіных скурак жылы, а ад цыбулі, часнаку і бярозавага квасу ў чалавека зяўляюцца тыгрыныя спрыт і злосць.

 І праўда ўсё падыходзіць,  прызнаў Стах.

 Слухай далей. Калі садзішся за стол есці, пачынай першы, а заканчвай апошні. Малака, масла, сыру, мёду, ягад і макароны ў рот не бяры, бо гэта бабская яда, ад яе мужчына слабее, цішэе і на нішто сыходзіць.

Далейшым інструкцыям па назапашванні сілы перашкодзіла зяўленне ў варотах Васілеўскага з сынам: яны неслі свянціць кош ежы.

 Косцік, братка!  нягледзячы на цемру, пазнаў сябра Стах.

 Гэта ты, Сташку?  Косцік таксама пазнаў яго па голасе.

Ён пакінуў бацьку з кашом і падышоў.

 Як маешся? Даўно вярнуўся?

 Вось сёння. Ужо нават цёмна было.

 Толькі сёння? А чаго ж у хату спяваць не ідзеш?

 Ды я ішоў, але мяне Адась затрымаў на ганку хацеў, каб я з ім біўся, а цяпер вось расказвае

 Чаго са смаркачамі важдацца, хадзем у хату.

І яны пайшлі.

У вялікім пакоі было больш за сотню людзей рознага веку, і мужчыны, і кабеты. Месцы займалі па парадку: за трыма састаўленымі сталамі ўздоўж папярочнай сцяны сядзелі старцы, другія пасля старцаў па важнасці гаспадары і найлепшыя спевакі. На васьмі шырокіх зэдлях, пастаўленых у рад перадам да стала,  старыя матроны, бацькі, маткі, дарослыя панны і кавалеры. Маладзейшыя хлопцы табуном тоўпіліся ў дзвярах, а дзяўчаты абселі ложак і лавы.

Свяцілі дзве вялікія лямпы, каб кожны мог падглядаць у кніжку. Спявалі «О садзе аліўны».

Стах з Косцікам сталі пры ганку разам з іншымі хлопцамі.

 Зараз пакажу табе самых важных людзей у Смалярні, прашаптаў Косцік на вуха сябру.  Глядзі, там, пры стале. Вунь той стары з доўгай белай барадою пад абразамі Казікаў дзед Караль Здановіч, найстарэйшы ў Смалярні чалавек. Толькі двое тут у нас такіх, хто руку яму не цалуе. Паміж Здановічам і тваім дзедам, вунь той, з кароткай барадой і ў акулярах,  гаспадар дому Амбражэй Ладан па мянушцы Кантычка. Яму не так шмат гадоў, але паважаюць яго нароўні з Каралем, бо вельмі пабожны і кіруе ў засценку духоўнымі ўсякімі рэчамі. Па другую руку ад твайго дзеда, гэты лысы з гузам на ілбе,  Раман Гушча, таксама вельмі стары чалавек. Кажуць, ён дваццаць гадоў служыў у расійскім войску і на турэцкай вайне быў. Іх сямю называюць Дударамі, бо ўсе граюць на кларнетах. Стары Дудар Кантычку часта задзірае кпіць з яго праз вялікую пабожнасць. За Дударом Сцяпура, вельмі паважаны гаспадар і іграч на скрыпцы, з усімі сваімі сынамі, Сакалоўскі, бацька маёй Былінкі, двое братоў Трызнаў і Вінярскі. А вунь той у канцы, які ўпоперак стала сядзіць, з вялізнымі вусамі, гэта Мечык Пятроўскі, празваны Манюткам і Воўчабілетнікам.

 Гэтага я пазнаў, ён з людзьмі да нас у Рагі прыязджаў ад мужыкоў бараніць. А чаму Воўчабілетнік?

 А яго асудзілі і гэты самы воўчы білет выдалі.

 Яго судзілі?!

 Ды за глупства нейкае: кажуць, пяны быў і на казённых людзей «па матушцы» лаяўся. Тата мой лепей ведае.

 Ён, відаць, вельмі злосны.

 Ды не, гэта толькі здаецца праз доўгія вусы і чорную бараду.

 Ну а дзе твой знакаміты Казік?

 Казік? А паглядзі на правы канец стала, трэці ад свайго дзеда гэта ён.

 Вунь той? Нейкім слабым выглядае.

 Так, ён не вельмі моцны, але добры і разумны. Ля яго, бліжэй да нас, сядзіць Полька Вінярская, найлепшая сярод нашых дзяўчат спявачка, а за ёй, плячом у наш бок,  Ясь Ладан, сыновец Кантычкі, другі хлопец у Смалярні, які ў Вончы экзамент здаў. А Каруську маю ты ўжо бачыў?

 Дзе ж я мог яе бачыць?

 Вунь на ложку сядзіць, у цёмнай сукенцы з белым карункавым каўнерыкам. Бачыш?

 Ага Ладны каўнерык.

 Яна і сама ладная, вось пачакай, бліжэй потым пабачыш.

Песня скончылася, і Кантычка абвясціў перапынак. Мужчыны набівалі люлькі, круцілі папяросы, курылі і размаўлялі. Моладзь перамаўлялася напаўголаса, каб не перашкаджаць старэйшым.

 Дык ты, сваце, кажаш, што поп дазвол затармазіў?  спытаў у Пятроўскага Кантычка.

 Кажу што ведаю. А мне апавялі людзі, што на ўласныя вушы чулі, як поп сказаў: пакуль я жывы і свяшчэннікам тут, палякі касцёла ў Вончы не паставяць.

 А чым жа гэтай кудлатай халеры наш касцёл замінае!  абурыўся Сакалоўскі.

 Калі б не замінаў, то дазволіў бы. Ён добра ведае, што калі мы касцёл пабудуем, шмат яго цёпленькіх парафіянаў навернецца ў польскую веру.

 Я чуў, што ўся сямя Карчэўскіх навярнуцца хоча,  уставіў Здановіч.

 Ды не толькі Карчэўскія, яшчэ Серадзінскі, Пракаповічы і амаль усе Талеркі пра гэта думаюць.

Назад Дальше