Надбярэзінцы - Фларыян Чарнышэвіч 15 стр.


 Ды не толькі Карчэўскія, яшчэ Серадзінскі, Пракаповічы і амаль усе Талеркі пра гэта думаюць.

 У многіх вёсках,  уступіў у размову Сцяпура,  ёсць праваслаўныя палякі, якія да сваіх усё яшчэ хіляцца і, калі б быў касцёл, вярнуліся б да польскае веры. Возьмем, напрыклад, суседняе з намі Убярэззе: ці ж Русецкія, Шпакоўскія, Герасімовічы не палякамі даўней былі? Ці ж яны да нас не хіляцца, на нашых фэстах не бываюць? Яны толькі часова праваслаўства трымаюцца, з неабходнасці. Бо калі хворы споведзі папросіць ці памазання, або дзіця няхрышчанае заняможа, або чалавек памрэ, або нават яйка тое на Вялікдзень пасвяціць, гэта колькі часу, клопату і мітрэнгі трэба, каб прывесці ксяндза ці хаця б да яго даехаць? А поп тут, пад бокам.

 Што праўда, то праўда,  згадзіўся Гушча.  Гэта нам пашчасціла свайго багамола мець,  падкалупнуў ён Кантычку.  А калі б не ён, уся Смалярня даўно б у мужыкоў ператварылася.

Кантычка абярнуўся і паглядзеў зласліва.

 Не блазнуй, Рамане, а то як дзіця. І сваркі не падымай,  абарваў Гушчу Здановіч,  лепей разваж, як нашу праблему агульную развязаць. Мне здаецца, суседзі, што хоць нам першы раз адмовілі, трэба зноў дабівацца. Усе сілы варта пакласці, каб дабіцца дазволу і касцёл пабудаваць.

 Будзем, будзем старацца.

 Чы ж у нас няма важных людзей, што за нас заступіліся б дзе патрэбна!  усклікнуў Кантычка і тонам казальніка з амбона дадаў: Сапраўды вам кажу: хай поп хоць са скуры вылузнецца, а мы касцёл у Вончы паставім.

 І цябе там пробашчам зробім,  не стрымаўся Гушча.

 Калі снег сыдзе цалкам і падсохнуць дарогі, працягваў Кантычка,  трэба сабрацца з усімі ванчанцамі, усю справу гэтую абгаварыць разам і падаць прашэнне наноў. Гэтым разам будзем магілёўскага дэкана Святаполка-Мірскага прасіць пра заступніцтва. Як бы ні было, ён усё-ткі князь і да міністра дойдзе, і да цара.

 Царскі саветнік пан Несмяртэльны вышэйшы за дэкана, трэба яго прасіць,  запярэчыў Пятроўскі. Дазвольце пахваліцца, што я добра з ім знаёмы.

 Абодвух прасіць будзем,  рассудзіў іх Здановіч.  Дэкан падасць на дазвол, а Несмяртэльны загадае таму, да каго трапіць справа, каб выдаў.

Яны затушылі люлькі, спынілі размовы і вярнуліся да песняў.

Дзякуючы хадайніцтву Казіка, які ўвесь перапынак размаўляў пры дзвярах са Стахам і Косцікам пра справункі ў ванчанскай школе, хлопцам дазволілі прайсці паміж зэдлямі і сцяной і стаць за плячыма ў Казіка з Полькай.

Пасля трох песняў Кантычка зноў зрабіў перапынак.

 Я крыху дзіўлюся,  пачаў стары Балашэвіч, вяртаючыся да ранейшай размовы,  што Несмяртэльны з царом знаёмства завязаў, так блізка побач з ім ходзіць, а не можа палякам нейкай вольніцы расстарацца.

 Праўду кажаш, сваце,  пагадзіўся Здановіч.  Хай бы там выбіў якой палёгкі, каб нам вучыцца па-польску. А то што ж такое: габрэі па-свойму могуць вучыцца, літоўцы могуць, латышы таксама, немцы, а ў нас князі і графы ў царскіх саветніках ходзяць і нельга. Чаму Несмяртэльнаму да галавы такое не прыходзіць?

 У яго ў галаве трохі важнейшыя справы сядзяць, чым навучанне па-польску,  сказаў Пятроўскі.

 Ды нічога ў ягонай галаве няма,  запярэчыў Вінярскі. Пе там сабе з князямі, гуляе і ўсё. Навошта яму нейкай вольніцы дабівацца, калі ў самога іх колькі душа захоча.

 Ну а чаго ж, і выпе, бывае, але галавы не траціць і робіць што належыць.

 І што ж ён робіць?

 Я ведаю, што.

 Ну дык кажы, калі ведаеш!

 Зашмат тут людзей, каб я сказаў, бо гэта сакрэтная справа.

 Тут усе свае, гавары.

 Кажы, Мечык, кажы!  пачалі налягаць астатнія.

Пятроўскі з трывогай абярнуўся.

 Вы ведаеце, што Польшча на бунт збіраецца?  ціха спытаў ён.

 На бунт?!  уражана прашапталі некаторыя.

 Ужо цэлы год збіраецца. Самой сабою быць хоча. Несмяртэльны, побач з царом і міністрамі ходзячы, ім вочы замыльвае байкамі пра вернасць палякаў Расіі, каб надта да польскіх гарадоў не прыглядаліся, вось так.

Гаспадары пачалі неспакойна пераглядацца, сцішанымі галасамі паўтараючы словы Пятроўскага і каментуючы іх. Некаторыя паставіліся да навіны недаверліва, бо Мечык часамі маною не грэбаваў.

 Я ў тое, што сват расказаў, не вельмі веру,  заўважыў Сцяпура.  Калі б гэта была праўда, тады б і простым людзям па засценках паведамілі, каб кожны мог загадзя якую каламажку набыць, пораху нарыхтаваць, шашку здабыць або хаця б штых выкуць. Ці яны бунт без нас, простых людзей, рабіць хочуць?

 Ты хочаш, каб усё па засценках расказалі. А ў паліцыі што, вушэй няма? Паны рыхтуюцца да бунту вельмі сакрэтна і асцярожна. Простым людзям паведамяць толькі тады, калі надыдзе час пачынаць. І зброю раздадуць не якіясьці там пістоны, а сапраўдную, як належыць.

 Ты так гаворыш, нібы разам з панамі рыхтаваўся,  сказаў старэйшы Трызна.  Адкуль ты пра ўсё гэта ведаеш, дзе разнюхаў?

 Несмяртэльны пазамінулай зімою на ловы прыязджаў у тутэйшую пушчу і неабачліва прагаварыўся Лапату. А потым убачыў, што я ў яго за спінай стаю, і аж падскочыў. «Мечык,  кажа,  ты чуў, пра што мы тут гаварылі?» «Хвала Богу, покуль яшчэ не аглух»,  адказваю.  «Тады трымай язык за зубамі, іначай шмат людзей загубіш». Вось і трымаю, як загадалі. Вам першым сказаў, толькі нікому не перадавайце, вельмі прашу, маўчыце!

 Маўчы, сваце! Маўчыце, суседзі! Хлопцы, маўчыце!  неслася над сталамі.

 Каб ні гуку ні ад кога!  павярнуўся да хлопцаў Косцік.

Падчас наступнага перапынку Віктар, старэйшы Кантычкаў сын, Казік Здановіч і Ясь Ладан пайшлі на могілкі і чакалі там, пакуль не заняўся світанак, і тады ўдарылі ў звон.

У хаце тым часам усе ўсталі, стоўпіліся вакол стала і ўрачыста заспявалі:

 Свята светлага ўсе мы жадалі і нарэшце яго прычакалі, бо сягоння Хрыстос уваскрос, алілуя!

І сэрцы людскія затапіла радасць, дзякуй Богу за яе і хвала Яму. Галасы ўзрушана трымцелі, у вачах стаялі слёзы, а душы ляцелі ўслед за ўваскрэслым Езусам на неба, дзе сівенькі Найсвяцейшы Старац, убачыўшы адзінае Дзіця сваё, што да Яго вярталася, распраменіў твар свой і расправіў плечы, а атрады салодкіх анёлаў гралі на жалейках, лірах, арфах, кідалі Яму пад ногі кветкі дзівосныя, слалі пальмавыя галінкі, кадзілі ладанам і хорам спявалі алілуя. Алілуя! Да самога Божага трону імкнулі цяпер душы смалерчукоў, а яшчэ да сваіх блізкіх, якія ўжо на тым свеце былі, а потым вярталіся да радасцяў Вялікадня ў Смалярні, да яек свянцоных, варэнікаў, вэнджанай свініны, фаршыраваных парсюкоў, салодкіх сырнікаў і макароны на малацэ, да гульні ў біткі, да музыкі, танцаў і да суседскіх гавэндаў.

У хату ўсё заходзілі і заходзілі людзі, усе да аднаго смалерчукі, спяшаючыся на першую супольную пацеху. Са світаннем пачалі зяўляцца і хутаране з ваколіцы. Яны пераважна прыязджалі на конях, бо ў такое разводдзе цяжка было дабрацца да Смалярні іначай.

Аж да ўзыходу сонца і яшчэ далей спявалі велікодныя песні, а потым пачалі свянціць пазносілі кашы ў вялікі пакой, паставілі радамі на лавы і адкрылі ўсе. Кантычка надзеў комжу, памаліўся на лаціне па кнізе, потым распусціў бутэлечку свянцонай вады ў місе і шчодра пакрапіў Божыя дары. Скончыўшы цырыманіял, павярнуўся да натоўпу і гучна прамовіў:

 Хрыстос уваскрос!

 Сапраўды ўваскрос!  хорам адказалі людзі.

І пачалі хрыстосавацца. Некаторыя цалаваліся згодна з рускім звычаем. Хлопцы кінуліся да дзяўчат, патрабуючы велікоднага пацалунку, але тыя збольшага пагарджалі гэтым звычаем і называлі яго мужыцкім.

Косцік і Стах падышлі да Карусі Сакалоўскай:

 Хрыстос уваскрос!

 Сапраўды ўваскрос! Толькі без пацалункаў гэтых,  салодкім галаском адказала стройнае дванаццацігадовае стварэнне з бледным тварам і цёмнымі бровамі.

 Без твайго дазволу не буду,  паабяцаў Косцік.

Яна падала яму руку і спытала, ківаючы на Стаха:

 А гэта чый хлопец?

 Гэта Балашэвічаў Стась, пра якога я табе расказваў, у Вончы разам вучымся.

 А, той самы! Можа, ужо танчыць?

 Не танчыць і вучыцца не будзе,  адказаў за Стаха Косцік,  бо думае на ксяндза ісці.

 На сапраўднага ксяндза?

 Так, на такога, які спавядае.

 А-а, ну, калі так  яна пільна ўгледзелася ў Балашэвіча.  Тады, можа, і ў біткі нельга?

 У біткі можна,  адказаў Стах.

 Можна? Тады стукнемся з табою па абедзе.

 Ды я стукнемся.

Вакол дзяўчат чуліся вітанні, патрабаванні пацалункаў, воклічы, цмоканне. Юрлівейшыя хлопцы хапалі дзяўчат за шыю і здабывалі пацалункі гвалтам. Юзік Аленскі так усіх дзяўчат пахапаў.

 Хлопцы, абараніце мяне ад яго,  папрасіла Каруся ў Стаха з Косцікам, заўважыўшы, што Юзік набліжаецца да яе.

 Не бойся, абаронім,  запэўніў Косцік, узяў за руку і засланіў сабою ад нахабы.

 Дарма яе хаваеш, не буду я яе цалаваць, не хачу,  паведаміў Юзік.  Нават калі сто рублёў заплаціць, не захачу.

 Брэшаш!  пакрыўдзілася абражаная Каруся.  Кажаш, што і за сто рублёў не хацеў бы, а сам да мяне заўжды смалою ліпнеш!

Назад Дальше