Надбярэзінцы - Фларыян Чарнышэвіч 19 стр.


 Брэшаш!  не згадзіўся Юзік.  Як да таго рогу было.

 Дык вось ты бессаромнік які!  усклікнуў семінарыст.

 Не слухайце вы яго, ойча, не зазіраў я пад спадніцы, я дзяўчат проста падражніць хацеў.

 Гэта адно і тое ж,  настойваў Косцік.  А яшчэ ён дзяўчыну, якую Зоськай завуць, рукамі чапаў дзе не трэба!

 А ты святы ці што?! У цябе сваёй няма і ты з ёй не любішся?! Проша ойца, ён таксама з дзеўкай любіцца! Да самага Бабруйска яе торбу і чаравікі нёс!

 Так, у мяне ёсць дзяўчына, але я яе ніколі дзе не трэба не лапаў, не падглядаў ніколі, нават не цалаваў яшчэ! Не тое што ты са сваёй Зоськай.

 Я гляджу, вам вашыя картачкі лепей на скуры выпісаць!  раззлаваўся семінарыст.  Бясстыднікі! Чым у такім узросце раманы круціць, чытаць бы вучыліся ў вольны час, каб на ўсё жыццё доўбнямі не застацца! Не, ну вы іх бачылі? У іх ужо дзяўчаты ёсць і яны з імі амуры круцяць! А чытаць хоць умееце?

 Я вельмі добра чытаю і пішу,  пахваліўся Юзік.

 Я таксама вучуся, проша ойца,  сказаў Косцік.

 Вучышся-вучышся, а па-якоўску і дзе!  зноў перайшоў у наступ Юзік.  Ён, проша ойца, у нас у Смалярні па-польску вучыцца не хоча і ходзіць да расійскай школы ў Вончу.

 А што ж ты такі падступны, Юзік!  закрычаў Косцік.  Ды я ж таксама хацеў, Казіка прасіў! Навошта ты так? Мяне, проша вяльможнага ойца, у смалярскую школу не ўзялі, каб рускія не заўважылі, што чужы хлопец увесь час некуды ходзіць, не даведаліся, што ёсць польская школа, і не данеслі ўрадніку. Я з татам хадзіў прасіць, але не прынялі. Таму вучуся ў расійскай, але ля рускіх абразоў не малюся і да цэркві не хаджу. Кажу шчыра, як на споведзі! Нават іншым польскім хлопцам наказваю сваіх мовы і веры трымацца і ад мужыцкіх нападак бараню. Можа, вяльможны ойча думае, што я маню, дык я сведку прывяду Балашэвічавага Сташка, які разам са мною ў ванчанскай школе вучыўся і ўжо экзамент здаў. Ён усю чыстую праўду раскажа: і колькі разоў я з мужыкамі за сваіх хлопцаў біўся, і як у царскае свята падгаварыў іх да цэркві не хадзіць, і як мы ўзбунтаваліся і не пайшлі, і як настаўнік потым з помсты прымусіў нас ваяваць з рускімі.

 Ваяваць з рускімі?

 Так. Спачатку гэта нібыта ў снежкі было, але рускіх было шмат, а мы ад кацапаў уцякаць не хацелі і паддавацца ім таксама. Тады многім з нашых кроў з носа пусцілі.

 Вас пабілі да крыві?!

 Да крыві, проша ойца. Я Сташка паклічу, ён вам усё раскажа. Вунь ён, пад клёнам стаіць.

 Не трэба, я табе веру,  семінарыст дастаў гадзіннік, спраўдзіў час, зірнуў на чаргу і папрасіў: Раскажы сам, хлопча.

За чвэрць гадзіны Косцік апавёў пра свой бунт супраць паходу ў царкву і тое, што было потым, калі ён, забраўшыся на кучу саломы ў стадоле, збіў разятраную хеўру ботам.

 Хват ты сапраўдны!  пахваліў яго семінарыст і пацалаваў у лоб.  І будзеш служыць найважнейшую службу ў шэсці панясеш балдахін над канонікам.

 Я? Балдахін?  не паверыў сваім вушам Косцік.

 Так, хлопча. Вось,  семінарыст уручыў яму картачку,  аб адзінаццатай падыдзеш да бакавых дзвярэй у закрыстыю і атрымаеш белыя пальчаткі і комжу з чырвонай накідкай.

 А мне, ойча вяльможны, будзе харугва?  спытаў Юзік.

 Табе? Не, ты пойдзеш арганныя мяхі надзімаць.

 Я мяхі?! Ойчычак вяльможны, чаму, за што?!  залямантаваў Юзік.

 Маўчы, паклёпнік, не тое зняслаўлю цябе перад усімі. Пайшоў куды кажу!

Косцік двума крокамі падскочыў да Стаха:

 Сташку! Я балдахін над канонікам панясу!

 Ты?! Балдахін?!

 Балдахін, Бог мне сведка. А Юзік ведаеш што? Мех арганны будзе надзімаць, а не харугву яму!

Стах зарагатаў.

 Не смейся, а то семінарыст убачыць і падумае, што ты з яго.

 Ды як жа ты яго ўпрасіў? Пра што вы размаўлялі?

 Юзік не хацеў, каб я нёс харугву, і абылгаў мяне: маўляў, і няўдалы я страшна, і тата за ручку мяне да споведзі водзіць, і што я па-польску не хачу вучыцца, а хачу па-расійску.

 Вось жа манюка!

 Хадзем да Хмары, дарогаю падрабязна раскажу.

Яны пайшлі, там паснедалі і праз гадзіну вярнуліся. Служылі галоўную, урачыстую, імшу. У касцёле і на пляцы цісканіна была жахлівая. Два шэрагі польскіх жаўнераў з бабруйскага палка і цывільных мужчынаў, стоячы плячо да пляча, перагарадзілі праход ад брамы на пляцы аж да прэзбітэрыя ў касцёле. Гэтым праходам карысталася духавенства, чальцы Камітэта і магчымыя ўдзельнікі ўрачыстага шэсця. Таксама праз яго выносілі жанчын, калі якая самлее. Працаўнікам арганізаванай канонікам неадкладнай дапамогі продыху не было.

Косцік скіраваўся ў закрыстыю, а Стах застаўся на пляцы.

А палове на дванаццатую загучалі званы. Натоўп калыхнуўся, трыманы кардонам праход да касцёла пашырыўся, і адтуль пачала выходзіць працэсія.

Наперадзе ішоў сівенькі стары ў комжы, несучы драўляны крыж з Мукай Гасподняй. За ім на адлегласці пятнаццаці крокаў выйшла калона такіх самых старых, у комжах і з запаленымі свечкамі ў руках. Сярод іх быў і смалярскі Кантычка.

Услед за старцамі, ідучы на такой самай адлегласці, Казік Здановіч і Ясь Ладан вынеслі дзве харугвы з выявамі арханёлаў Міхала і Габрыэля.

Затым пранеслі харугву Найсвяцейшай Тройцы, у гонар якой быў асвечаны касцёл,[11] з мноствам белых і амарантавых стужак. Гэтую харугву нёс семінарыст выхаванец каноніка, а стужкі найпрыгажэйшыя жыхаркі Бабруйска.

Следам выплылі чародкі дзяцей, у якіх было сёння першае прычасце: спачатку дзяўчаткі ў белых сукенках з пабожна складзенымі ручкамі, потым хлопчыкі з кнігамі.

За дзецьмі шляхцянкі з маёнткаў вынеслі абраз Маці Божай Майскай,[12] апавіты жывымі кветкамі і зёлкамі, а далей пайшлі атрадамі адборныя юнакі і дзяўчаты прыгожыя, у самым соку: сто дваццаць дзяўчат кожная ў белым, з вэлюмам на галаве, з лілеяй у руцэ,  сорак хлопцаў-гімназістаў у мундзірах з пазалочанымі гузікамі і ўрэшце сто смуглявых хлопцаў, апярэзаных тальмахамі. Сэрца стукала, грудзі разрываў гонар ад таго, што на крэсавых землях столькі красы і сілы ёсць, столькі абаронцаў веры, прыхільных задуме святой каралевы Ядвігі.

А потым уперамешку пайшлі штандары з незлічонымі стужкамі, лес харугваў, выявы і скульптуры святых дастойнікаў. Усё было ўбранае ў квецень і зелень, усё ў атачэнні моладзі ў белым.

Калі яны ўсе прайшлі, на пляц ступіла духавенства. У першых дзвюх чацвёрках семінарысты і вікарыі з дэканатаў і большых парафіяў. Потым пробашчы: глускі, старадарожскі, асіповіцкі, шацкі, блонскі, бярэзінскі, свіслацкі, шклоўскі, быхаўскі, жлобінскі, шацілаўскі і парыцкі. У апошняй дэканы: слуцкі, ігуменскі, рагачоўскі і рэчыцкі.

Затым ксёндз канонік Красінскі, праваруч ад якога ішоў магілёўскі дэкан ксёндз Святаполк-Мірскі, а леваруч царскі саветнік Несмяртэльны, самы высокапастаўлены чыноўнік краю, нёс святочную дараносіцу. Косцік Васілеўскі і трое яго аднагодкаў, усе ў карункавых комжах з чырвонымі накідкамі, трымалі на імі балдахін. Ксёндз пробашч Буйноўскі кадзіў перад імі, а чатыры маленькія дзяўчынкі сыпалі пад ногі кветачкі, увесь час прысядаючы. За імі ішоў аркестр з вялізным хорам, якімі дырыжаваў мясцовы капелан. Яны гралі й спявалі хвалу Найсвяцейшаму Таемству.

А потым ужо, за суплётам чацвярнога кардону, што прыкрываў хор, навальнічнай лавінаю цёк незлічоны натоўп. Пакуль праходзіла працэсія, ён як вокам кінуць стаяў шчыльнай масаю, шырокім морам у касцёле, на пляцы ля касцёла, на вуліцы, пры платах. Нават з дахаў суседніх дамоў сачылі, як плывуць калоны моладзі, харугвы і святыні, лічылі і дзівіліся раскошы шэсця, слухалі ўрачысты гук званоў і радаваліся ўсёй душою. Пры зяўленні балдахіна натоўп ускалыхнуўся, раптоўна забулькатаў і з усіх бакоў рынуў да яго.

Але дасягнула мэты толькі вузкая ручаіна, што змагла праціснуцца праз браму,  рэшта бурліва хвалявалася наўкола, рыхтык ніва зялёнага жыта ў ветраны дзень. Ніхто там больш не валодаў сабою. Самых дужых мужчын насілі туды-сюды раскалыханыя людскія хвалі, нібы штармавое мора маленькую шчэпку.

Кожныя некалькі хвілінаў праз браму праходзіў тысячны натоўп а акіян на пляцы заставаўся бурным і бяскрайнім. Часам групкі закаркоўвалі ўваход, і тады цісканіна пры браме рабілася яшчэ большай.

А званы ўжо змоўклі, абвяшчаючы, што канонік затрымаўся пры адным з алтароў, пастаўленых у горадзе. Людзі сцішыліся і схілілі галовы, шэпчучы малітвы.

Праз хвіліну званы зноў бомкнулі, і натоўп зноў забурліў, фантанамі пырснуў на вуліцы і рушыў далей за працэсіяй. Здавалася, гэтай рацэ, што мігцела фарбамі каляровых жаночых хустак і мужчынскіх лысінаў, не будзе канца: яна ўсё расла і лілася ў бясконцасць. Урэшце касцёл спаражнеў, пляц апусцеў, агаліліся платы і дахі а парадзелыя групкі ўсё сцякалі з завулкаў, выходзілі з брамаў і веснічак, злучаліся і працягвалі шэсце.

І вось скончылася. Стотысячныя лавіны плылі па горадзе, абвяшчаючы і прыгнечаным, і прыгнятальнікам, што пасля двухсот гадоў русіфікацыі, забароны вучыцца на роднай мове, закрыцця касцёлаў, пасля хрышчэння дзяцей са змяшаных семяў у царкве, схілення да праваслаўя праз прыняцце на дзяржаўную службу, надзяленне зямлёй і іншыя спосабы пасля ўсяго нават на дальніх крэсах былое Рэчы Паспалітае засталося яшчэ шмат польскага народа народа, які, хоць і страціў часткова мову продкаў, яшчэ добра ўсведамляе сваю адметнасць, палае гарачаю верай. І яднаюць яго нечуваныя салідарнасць і братэрская любоў, і жыве ў ім душа.

Назад Дальше