Надбярэзінцы - Фларыян Чарнышэвіч 18 стр.


Мястэчкам Бабруйск перастаў быць толькі ў XVIII стагоддзі. Падчас безгалоўя ў Рэчы Паспалітай царыца Кацярына, запусціўшы захопніцкія кіпці ў цела краіны, умацавала гэтае мястэчка на буйным тракце і ператварыла яго ў збройню для сваіх войскаў.

І з таго часу Бабруйск пачаў хутка расці. Некалькі разоў яго руйнавалі пажары, бо са стратэгічных меркаванняў тут доўга не дазвалялі ўзводзіць мур, але пасля кожнага няшчасця дамоў тут будавалася ў два разы болей, чым было. Цяпер гэта вялікі горад павятовы, праўда, але шмат у чым губернскім не саступае. Праз яго праходзіць разбітая варшаўска-маскоўская шаша, важная дзвюхкалейкавая чыгунка, а яшчэ наладжанае воднае злучэнне з вялікімі гарадамі. Будынкі тут пераважна драўляныя, што звычайна для крэсаў, але хапае і прыгожых шматпавярховых камяніцаў. Ёсць шыкоўныя вуліцы, дзе ходнікі выкладзеныя мазаікай, вялікімі, як вітрыны, вокнамі, якіх сяляне лякаліся, выйшаўшы з лясной глушы. Відаць, яшчэ ў 1908 годзе Бабруйск, апроч войска, якога ўсё яшчэ кватаравала тут шмат, і прылеглых прадмесцяў, налічваў пяцьдзясят тысяч жыхароў. Ільвіную долю, як заўжды, складалі габрэі, потым ішлі прыезджыя маскалі, стараверы і тутэйшыя беларусы, палякі, татары, немцы, а таксама крыху розных іншых народаў. Ёсць фабрыкі, канцылярыі розныя, колькі расійскіх сярэдніх школ, жаночая гімназія і рамесніцкая школа. Ёсць цэрквы гарнізонная і парафіяльная, сінагогі, стараверскі храм, кірха і малітоўныя дамы іншых канфесій.

І касцёл тут таксама быў Найсвяцейшай Тройцы. Новы, пабудаваны адразу пасля японскай вайны, калі часткова вярнулася свабода веравызнання. Паставіў яго ксёндз дэкан, а пазней канонік Красінскі, палымяны святар і патрыёт, вечныя гонар і слава ягонай памяці. Дагэтуль стапяцідзесяцітысячная парафія вымушаная была абыходзіцца маленькай капліцай. З ранейшых касцёлаў адзін перарабілі на царкву, другі, на няшчасце, згарэў. Маскалі прагнулі дашчэнту зруйнаваць надбярэзінскую сталіцу.

Цяперашні касцёл быў мураваны і веліччу пераўзыходзіў усе гмахі, усе храмы горада. Вежа высокая аж страшна ўніз зірнуць. Унутры цудоўныя калоны, прастору шмат, усюды святыя рэліквіі, увесь упрыгожаны па-мастацку. Трайны алтар са спічастымі вежачкамі, з разьбою. Найпякнейшыя каштоўныя жырандолі. Лес харугваў і багатых штандараў. Пры сценах вялізныя абразы і статуі святых. Вітражныя вокны. Лаўкі, крэслы, прастолы, спавядальні радуюць вока. Арган уражвае так, што калі б арганіст яго на поўную сілу завёў, то, кажуць, у чалавека сэрца разарвалася б. Калі білі ў званы, чуў увесь горад. Кафедральны сабор не пагрэбаваў бы будынкам і багаццем бабруйскага дэканацкага касцёла.

XIV. Шэсце

У горадзе ўсе разышліся па дамах знаёмцаў. Стах з Косцікам, Каруся, сямействы Трызнаў, Сцяпураў, Пятроўскіх падаліся да пана Хмары, што жыў у паўночнай частцы Бабруйска і да якога ў двор меліся заехаць таксама іх фурманкі.

Па прыходзе яны ўбачылі, што фурманкі ўжо там. Увесь дзядзінец быў застаўлены павозкамі, а дом запоўніўся знаёмцамі Хмары з абодвух берагоў Бярэзіны. Галас стаяў нібы на кірмашы.

Праз недахоп месца і пасцеляў маладым паслалі сеннікі на падлозе, але асобна, каб хлопцы ніякай спакусы да дзяўчат не адчулі многія ж на споведзь збіраліся. Косціка, Стаха, Лапаносага і іншых маладзейшых хлопцаў адправілі начаваць на гарышча.

Стах перакусіў крыху і палез наверх, бо пасля ўтомнага, амаль дваццацігадзіннага падарожжа яго хіліла ў сон. Адразу за ім палез і Косцік.

 Ведаеш што, Стах,  прашаптаў ён на вуха сябру, улёгшыся,  я так хачу тую харугву панесці, што не лезе ў рот ні хлеб, ні сыр, ні сала. Месца сабе не знаходжу. Як думаеш, дадуць ці не?

 Дык табе ж Уладзь ужо сказаў, што харугвы выдаюць, калі выдаюць картачкі, буркнуў Стах, засыпаючы.

 А, вось як А калі картачку не дадуць, то і харугву не?

 Хораша папросіш дадуць.

 Дык ты, можа, падкажаш, як трэба прасіць?

Адказам яму быў храп.

Косцік ляжаў і марыў пра харугву да глыбокай ночы і з гэтай марай заснуў.

Калі ж прачнуўся, па доме ўжо хадзілі. Праз шчыліны ў аканіцах прабіваліся сонечныя промні. Косцік агледзеўся, убачыў, што ўсе спяць, і з палёгкай падумаў: яшчэ не позна. Хвілінку паляжаў у задуменні і пачаў будзіць Стаха, які спаў як мёртвы. Тармасіў яго Косцік доўга, а калі ўрэшце раскатурхаў, то сказаў:

 Ведаеш што, я так хачу харугву, што ахвярую касцёлу свае шкуркі.

 Якія шкуркі?

 Ведаеш што, я так хачу харугву, што ахвярую касцёлу свае шкуркі.

 Якія шкуркі?

 Гарнастаевыя дзве шкуркі з чорнымі хвосцікамі. Я гэтых гарнастаяў мінулай зімой упаляваў падчас святочных вакацый. Габрэі мне паўтара рубля за штуку давалі, але я не прадаў. Аддам абедзве на касцёл. Нічога не пашкадую, каб даказаць, што я не горшы за Юзіка. Калі ён зноў харугву панясе, а мне не дадуць, гэты халернік зноў кпіць будзе і нос задзярэ крукам не дастанеш.

 Добра. А ты гэта лежачы вось тут прыдумаў?

 Так, а што?

 Можа, калі ля алтара прысягнуць, яно надзейней будзе.

 Мабыць, так. Злазім тады і хадзем.

За гадзіну яны сабраліся і выйшлі. Як і ўчора, надворе стаяла цудоўнае. Вуліцай крочылі адны палякі і адусюль сцякаліся да касцёла.

На ходніках з абодвух бакоў касцельнай брамы пасталі доўгія рады гандляроў ладанкамі і медальёнамі з Мінска і Вільні. Міма іх, на вуліцы і на шырокім пляцы, снавалі, як мурашкі, людзі. Знаёмцы і сваякі сустракаліся пасля расстання даўжынёю ў год, віталіся, балбаталі, разам радаваліся здароўю, пагодзе, шэсцю. Пад сценамі касцёла ксяндзы прымалі споведзь дванаццаць спавядальняў стала па абодвух баках, і ля кожнай натоўп грэшнікаў.

Хлопцы рушылі проста да касцёла. Адзін з прыезджых ксяндзоў адпраўляў імшу. Нягледзячы на ранні час, Стах з Косцікам ледзьве прабіліся ў прытвор, да кратаванай загароды. Памаліліся, Косцік прысягнуў ахвяраваць свае шкуркі, пасля чаго паспешліва выйшлі.

Даведаўшыся ад людзей што картачкі на шэсце будуць выдаваць на ганку плябаніі, абодва скіраваліся туды.

А там семінарыст акурат гэтым і займаўся. Мужчын пры ганку сабралася ўжо ладна, чарга стаяла хаты на тры. Хлопцы прабегліся па ёй вачыма і знайшлі колькі сваіх са Смалярні, але Юзіка не было.

Косцік стаў у хвасце, Стах непадалёк.

Чарга хутка расла. За Косцікам ужо стаяла дзясятка паўтара кандыдатаў, і тут зявіўся Юзік, пабачыў Косціка і грэбліва скрывіўся. З нянавісцю гледзячы адзін на аднаго, яны паволі набліжаліся да ганка.

Калі падышла Косцікава чарга, ён апусціўся на адно калена, пацалаваў семінарысту руку і сказаў:

 Калі ласка, ойча вяльможны, дайце мне харугву панесці.

 Табе харугву?  уважліва зірнуў на хлопца семінарыст, дзівячыся ці то ягонай пакоры, ці то просьбе.

 Так, вельмі прашу, вяльможны ойча,  паўтарыў Косцік ледзь не са слязьмі на вачах.

 Так моцна хочаш, хлопча? Ну добра. Стань вось тут, ззаду, і пачакай: калі старэйшыя не папросяць, аддам табе. Усяго тры засталося.

Косцік чакаў, усёй душою просячы Бога, каб за Юзікам старэйшых не аказалася.

Пасля чатырох хлопцаў, што захацелі стаяць у кардоне, харугвы папрасілі адразу двое і тут жа атрымалі, бо былі дарослыя, выглядалі прыстойна і пацвердзілі, што вартыя, мінулагоднімі картачкамі.

Косцік зразумеў, што харугвы яму не несці, і яго ахапіла туга. Але ён верыў, што за ахвяраваныя шкуркі атрымае нешта большае, чым шарагоўца ў кардоне, таму чакаў.

Дачакаўся свае чаргі і Юзік.

 Вяльможны ойча, я нёс харугву ў мінулым годзе і цяпер ласкава прашу пра тое ж,  сказаў ён, пацалаваўшы семінарысту руку.  Вось мая старая картачка.

Той павярнуўся да Косціка:

 Бачыш, хлопча, тут старэйшыя хочуць харугву.

 А што, проша ойца, ён таксама па харугву?  дзёрзка запытаў Юзік.

 Так. А ты яго ведаеш?

 Яшчэ як! Калі ойцец жадае, каб ён шэсце ўзбаламуціў, то няхай яму аддасць. Проша ойца, прысягнуць гатовы, што як толькі вялікі вецер падзьме, ён і паваліцца, харугву зганьбіць і сораму ўсім наробіць. Яму ж усяго пятнаццаць.

 Ды я за цябе на два гады маладзейшы, але мацнейшы, гэта кожны ведае,  запярэчыў Косцік.

 Мацнейшы? Ну і што з таго, што ты моцны, калі ні спрыту ў цябе, ні кемлівасці? Ты ж не ведаеш ні як трымаць тую харугву, ні як несці, ні як лініі трымацца. Проша вяльможнага ойца, ён такі дурны няздара, што нават да споведзі сам дайсці не можа, яго бацька за руку водзіць.

 Ах ты манюка!  закрычаў Косцік.  Ну, раз ты так, я таксама маўчаць не буду. Проша вяльможнага ойца, ці ж не мусіць несці харугву чысты хлопец? Альбо паскуднаму грэшніку таксама можна?

 Павінен быць чысты, а што?

 А тое, што калі ўчора бабы раку пераходзілі, ён у кустах стаіўся і ім пад спадніцы зазіраў. І вось столькі было ад яго да голых дзяўчат, колькі ад нас да таго акна.

 Брэшаш!  не згадзіўся Юзік.  Як да таго рогу было.

 Дык вось ты бессаромнік які!  усклікнуў семінарыст.

Назад Дальше