Елі, згадваючы падзеі папярэдніх боек, і наперад смакавалі, як будуць дубасіць прыхадняў сёння. Падбадзёрвалі сябе хата аж трэслася ад крыкаў і выбухаў смеху.
Стах пра набліжэнне захопнікаў не папярэджваў, таму па сняданку мужчыны апрануліся стары па-святочнаму, астатнія ў зрэбнае, абулі лапці як на сенакос, узялі кіі і рушылі між яравых хлябоў адгароджанай сцяжынай да моста тры стаі наўпрост.
Дзень быў пагодны, ясны. Па небе блукалі адзінокія воблачкі, маленькія, празрыстыя і зграбныя. Час ад часу з захаду веяў лагодны сухі ветрык, раса ўжо цалкам высахла. Чалавечы цень скурчыўся да чатырох крокаў.
Стах са сваім заўсёдным «штыхом» вартаваў пры мосце. Ён бачыў, што дарослыя набліжаюцца, нават чуў асобныя словы, але не азіраўся, натапырыўшы вушы ў бок лесу за рэчкай, выцягнуўшы шыю, услухоўваючыся: вельмі ўжо хацеў паказаць, што старанна выконвае баявое заданне, якому быў бязмерна рады.
Ну што, спытаў у яго дзядзька Уладзь, які падышоў першы, мужыкоў яшчэ не было? Можа, паўцякалі, як пабачылі цябе з гэтым штыхом?
Мужыкоў не было, але прыходзіў мядзведзь, адказаў Стах, па-ранейшаму ўглядаючыся і ўслухоўваючыся ў лес.
Мядзведзь, кажаш?
Ага, вунь там, паказаў хлопчык на гушчар, трашчала моцна і раўло, ну акурат як бык перад бітвай бушуе.
Тады і праўда мядзведзь, пацвердзіў дзядзька, падміргваючы астатнім. І што, ты не спужаўся?
Ані трошкі! Вось нават з месца не сышоў!
Чаго брэшаш, смаркач, вылаяўся на яго бацька.
Богам клянуся, татка, трашчала ў лесе, прысягнуў малы.
Колькі разоў я табе казаў не клясціся!
Татка, я забыў.
Зараз як дам на памяць. Марш дадому снедаць.
Не хачу есці, я з вамі застануся.
Я сказаў, марш дадому. І каб пры матцы сядзеў.
Ага, надзьмуўся хлопчык, учора абяцалі з сабою ўзяць, а цяпер гоніце. У мяне ж і штых ёсць, я так вартаваў
Па срацы захацеў?! крыкнуў бацька, хапаючыся за рэмень.
Стах хуценька адбег з бурчаннем Ян з дзецьмі не жартаваў.
Мужчыны паселі на насыпе грэблі ў цені бярозы. Але чакаць давялося нядоўга.
Праз некалькі хвілін за рэчкаю нешта падазрона затрашчала, і з кустоў лазы паказалася галава юнака ў шырокай фуражцы. Хлопец асцярожна высунуўся напалову, зірнуў на грэблю за мостам і, заўважыўшы рагоўцаў, нырнуў у гушчар. Значыць, разведаць паслалі. Праз імгненне тая самая галава мільгала ўжо ў зарасніках папараці.
Уладзь прапанаваў ім утраіх з малодшым братам Бронікам і Саўкам, дужым парабкам, перайсці рэчку, засесці ў зарасцях ля звужэння дарогі за грэбляй і завадатарам, што зазвычай прыходзілі раней за астатніх, справіць добрую лазню, пакуль рэшта не падцягнулася. Але стары не дазволіў.
Мы не задзірацца прыйшлі, сказаў ён, а бараніцца. Паспрабуем лагодна спачатку.
З лесу ўжо было чуваць, як пераклікаюцца людзі, іржуць коні і жарабяты. Галасы з кожнай хвіляй гучнелі. Мужчыны ступілі на апоры моста і прыслухаліся, нецярпліва чакаючы.
Галас ішоў зігзагам, як лясная сцяжына то ўлева, то ўправа, і хутка набліжаўся. Калі ветрык не варушыў цішы, да слыху даляталі асобныя пракляцці. Прыхадні ўжо дасягнулі найбліжэйшага звіву сцежкі і вось-вось мусілі зявіцца на грэблі. Мабыць, раіліся між сабою. Мінула хвілін пяць і раптам дзіка зараўло, закрычала: на грэблю высыпаў натоўп.
Уперадзе няшчыльна, па двое-трое, ішлі, крычучы, і трасучы кіямі, завадатары ў чорных, з шырокімі аколышамі фуражках набакір, з казацкімі чубамі, у белых зрэбных кашулях з чырвона-зялёнай вышыўкай на каўняры і на грудзях. Яны надзелі кашулі навыпуск, па-беларуску, і два разы апаясалі стракатай плеценай тасёмкай на паўвяршка, з кутасамі, што звісалі на левае сцягно, а таксама белыя нагавіцы і лапці-саракавушкі з рамянямі на лытках. За імі, пхаючыся, сунулася шматлюдная грамада, апранутая на той жа капыл. Кіі яны неслі на плячах і здалёк былі падобныя да вайсковай роты. Многія з іх былі дарослыя хлопцы, ужо з вусікамі, але бальшыня смаркачы дапрызыўнога веку, хаця і дужыя ўжо. Далей аж у бясконцасць цягнулася доўгая падвойная чародка дзяўчат і падлеткаў на конях. За якія паўвярсты ў бары пастухова труба бадзёра выводзіла лявоніху, абвяшчаючы, што за ўсім гэтым ідзе статак быдла.
Рагоўцы трывожна пераглянуліся, зразумеўшы, што справа кепская. Насустрач ім ішло прынамсі восемдзесят хлопцаў, і гэта не лічачы конных, а іх разам са старым усяго дзевяць. Дагэтуль нітаўцы ніколі не прыходзілі такім натоўпам.
Яны сышлі з апораў і сталі купкаю на беразе са свайго боку.
Гэй, ляхі клятыя, крыкнулі задзіракі, апынуўшыся за некалькі дзясяткаў крокаў, на чорта мост разабралі, вашу маць? А ну склалі назад, морды ляцкія!
Балашэвічы прамаўчалі.
Неўзабаве падцягнуліся асноўныя сілы нітаўцаў і, абступіўшы завадатараў, падышлі да самага моста, але па апорах пераходзіць ніводзін не наважыўся. У бок Балашэвічаў паляцелі кляцьба, лаянка і разнастайныя мацюкі.
Мяцежнікі, маць вашу! Чаго мост разбіралі? Сучыя сыны, недавяркі! Мост назад вярнулі, маць вашу, а то мы вам зараз пакажам!
Некаторыя для лепшай акрасы сваіх «матушак» пачыналі з «так і разгэтак», аж брыдка было слухаць.
Стары падаў знак, што хоча гаварыць. Натоўп крыху прыціх.
Вы чаго, хлопцы, крычыцё? прымірэнча загаварыў ён дрыготкім ад старасці і хвалявання голасам. Навошта калы на плечы пабралі, нібы на ваўкоў ідзяце альбо на сабак шалёных? Скажыце па-добраму, чаго вы ад нас хочаце.
Навошта мост разабралі, пытаемся! выступіў наперад адзін з завадатараў мужык, што адбыў службу ў войску і на праве знаўся. Ва ўсім гасударстве расійскім ніхто не можа дарогу загароджваць. Давай, старык, складзі мост і нас пусці.
Гэтая дарога не дзяржаўная, яна толькі на наш хутар і вядзе. Мы яе самі збудавалі і маем права ёю распараджацца. Людзям, якія да нас з добрымі намерамі ідуць, мы дарогі не заступім. Чаго вам трэба на нашым баку? Навошта вам мост?
На пасбішча нашае, на сервітуты, хочам з быдлам і коньмі! Вярні насціл і ўсё тут!
На гэтым баку нашы лугі і збожжа, а вашых сервітутаў ніводнага. Не вы дарогу нам пракладалі, не вы сеялі, то і пасвіць права не маеце.
Маем права! Нашы атцы паншчыну служылі! Нам цар усюды дазволіў пасвіць! Маем права, маем! пасыпаліся галасы з натоўпу.
Ні мне, ні бацьку майму вы паншчыны не служылі, адказаў Балашэвіч. Я бедны працоўны чалавек, як і вы ўсе. Дзеткі мае, ці ж вам няма пашы апроч нашага хутара? Пяцьсот валокаў лесу перад вамі ляжыць, на дваццаць вашых статкаў хопіць. Вы ж сваёй худобе больш шкоды, чым карысці, чыніце, на пяць вёрст яе гонячы. Няўжо ж у вас конь пасыцее ці карова больш малака дасць, калі на нашым лузе паскубе альбо аўса ўшчыпне? Нашто ж хочаце шкоды людзям, што, як і вы, на кавалак хлеба цяжка робяць і ў таго самага Пана Езуса вераць, га?
На тварах прыхадняў нібыта нават нейкі сорам зявіўся і збянтэжанасць. Але не на ўсіх.
А і пасыцеюць! вырвалася ў кагосьці.
Рэпы хочам! пасмялеў яшчэ адзін.
Так, рэпу давайце! Гароху зялёнага! І маркоўкі! адно за адным паляцелі патрабаванні.
Добра, дамо вам рэпы, пагадзіўся стары. А гароху не магу, ён толькі цвісці пачаў, там пакуль адно пустыя струкі. У морквы таксама завязь з пяўку. Не будзеце ж вы націны есці.
Тады рэпу давай! Нясі зараз жа! І сала! Сала нам! І мёду! І сахару! прыхадні рабіліся ўсё больш патрабавальнымі, бачачы падатлівасць ляхаў.
Мёду, хлопцы, цяпер няможна, у пчолак самая работа цяпер. Мы вам аддамо ўсё, што ў садзе ёсць, рэпы яшчэ дамо, сала, сахару таксама дамо, толькі кіньце свае калы. Кідайце, дзеткі, у рэчку, хай плывуць злым людзям на хваробу.
Многія хлопцы апусцілі калы і няўпэўнена азірнуліся вакол: здавалася, умовы іх задаволілі.
Бяжы, хлопча, дадому хутчэй, павярнуўся Балашэвіч да наймалодшага сына. Вазьмі на гарышчы кавалак сала, забяры з шафы цукар і скажы бабам, каб на агародзе ўсю рэпу вырвалі, і неадкладна сюды прыносьце.
Ты, сабака, думаеш, што нас кавалкам сахару купіш? закрычаў, выскокваючы наперад, Маталах, першы ў Нітах задзіра. Вось табе, шэршань стары!
І кінуў камень у Балашэвіча, які ўсё яшчэ стаяў, павярнуўшыся да сына. Трапіў у галаву крыху вышэй за вуха. Стары войкнуў і споўз на зямлю, сплываючы крывёй.
Ян, Марцін і Бронік кінуліся бацьку на дапамогу.
Вы толькі паглядзіце на ляха! падюджваў Маталах. Ён нам будзе выдзяляць па скрылёчку, як свінапасам! Самі возьмем! Рагі нашы, усё наша! На ляхаў, рабяты! На мяцежнікаў! Мы рускія! Пастуха абідзелі! За мной, рабяты!
Ён выставіў наперад кій і палез на сярэднюю маставую апору, спадзеючыся перабрацца, пакуль рагоўцы ў замяшанні. Па бакавых апорах за ім рушыла яшчэ двое зухаў.
Уладзь, Саўка і Людвік другі парабак загарадзілі ім дарогу. Уладзь стаў насупраць Маталаха.
Ну чакай, зараз я табе за татку ўсыплю, шаптаў ён, прысеўшы для скачка, нібы кот. Падпусціў на даўжыню кія і выцяў у плячо, скінуўшы задзіру ў рэчку. Цэліў, праўда, у галаву, але пакуль размахваўся, Маталах адхіліўся ўбок. Са сваім супраціўнікам Саўка зрабіў тое самае, а Людвік высунуўся задалёка, праз гэта слаба замахнуўся, і ягоны непрыяцель здолеў абясшкодзіць удар і вывернуцца.