Ну чакай, зараз я табе за татку ўсыплю, шаптаў ён, прысеўшы для скачка, нібы кот. Падпусціў на даўжыню кія і выцяў у плячо, скінуўшы задзіру ў рэчку. Цэліў, праўда, у галаву, але пакуль размахваўся, Маталах адхіліўся ўбок. Са сваім супраціўнікам Саўка зрабіў тое самае, а Людвік высунуўся задалёка, праз гэта слаба замахнуўся, і ягоны непрыяцель здолеў абясшкодзіць удар і вывернуцца.
Тым часам Ян з Бронікам паднялі параненага бацьку. Ён бязвольна вісеў у іх на руках і сплываў крывёю, але быў прытомны.
Бронік, сынок, адвядзі мяне дадому, ледзь чутна прамовіў ён. А вы, дзеткі, бараніцеся колькі зможаце. Толькі прашу, не біце насмерць і самі беражыцеся.
Ні на што не зважаючы, нітаўцы ўсё яшчэ ўпарта пхаліся па апорах. Некаторыя валіліся ў раку альбо са стогнамі паварочвалі назад, а іх месца адразу ж займалі іншыя ўдальцы. Натоўп падаграваў сябе дзікім выццём, такім вуркатлівым і шалёным, што здавалася, нібыта людзей у ім тысячы цэлая татарская арда. Лезлі па-рознаму: адны асядлалі брусы і перасоўваліся на дупе, а другія абаранялі першых, выставіўшы палкі і наступаючы ззаду. Але ўсё марна: рагоўцы, стоячы на цвёрдым беразе, адбівалі любы напад без адзінага высілку.
Ужарым, рабяты! Палкамі ў іх давайце! выбіваўся асобны голас з усеагульнага крыку. Ужарым! Палкамі! Дайце палак! разыходзілася па натоўпе і ляцела па грэблі аж да конюхаў.
Падлеткі аддалі коней дзяўчатам і пабеглі па палкі.
Неўзабаве гурт атрымаў жаданыя снарады, кінуўся ў атаку і паветра ажно зазвінела, калі ў яго са свістам узняліся шматлікія калы.
Раз-пораз рагоўцы з сыканнем хапаліся за руку, плячо, галаву ці нагу, якія апыналіся пад палачным агнём, але не адступалі. Удары дзеравячынаў, ды яшчэ і пераважна струхлелых, не маглі ні аглушыць, ні пакалечыць. Рагоўцы выбіралі сушэйшыя палкі і кідалі назад у натоўп.
Нітаўцы шалелі ад злосці. Купка завадатараў на чале з Маталахам, мокрым пасля купання, пра нешта раілася за спінамі іншых. Потым паклікалі з натоўпу паўтара дзясятка наймацнейшых хлопцаў і забеглі з імі ў лес.
Па наваколлі разляцеліся гукі сякераў. У рагоўцаў дрыжыкі пайшлі па целе: на той дзялцы рос маладняк. Яны здагадаліся пра намеры непрыяцеляў, але не спалохаліся, у іх сэрцах нават надзея зявілася: падумалі, што Пан Бог такога граху нітаўцам не спусціць.
Праз некалькі хвілінаў па левым баку зарыпела, затрашчала, і ўпоперак ракі рухнула вольха. Яшчэ не сціхла рэха, а праз паваленае дрэва ўжо бегла чарада хлопцаў. Ім наперарэз кінуліся Уладзь, Саўка і Людвік і пасля гарачай сутычкі адкінулі іх назад за раку.
Рэха сякераў яшчэ грымела па лесе. Неўзабаве за пяцьдзясят крокаў ад першай вольхі павалілася другая. Уладзь пабег да яе, але па дарозе зваліўся ў балаціну, здрадліва прыкрытую слоем дзёрну, і пакуль з яе выбіраўся, паваленай кладкай перабегла ўжо шасцёра хлопцаў атачылі яго і спакойненька выцялі кіямі з усіх бакоў. І тут ужо стала не да пераправы трэба было бараніць сябе самога. Раскруціўшы кій млынком над галавою, Уладзь, нібыта ратуючыся ад сабачай зграі, пачаў павольна адступаць на цвёрды грунт. А нітаўцы тым часам беглі па кладцы шчыльным шэрагам, абступалі ўсё гусцей і кідаліся ўсё смялей. Не могучы падступіцца бліжэй праз раскручаны над галавою кій, яны пулялі палкамі, падкрадаліся ззаду і бадаліся галавой. Адзін выдраў з адонка кавалак струхлелага палена, шпурнуў Уладзю пад ногі і ледзь не паваліў.
Але на дапамогу падаспелі Бронік, які ўжо адвёў бацьку дадому і вярнуўся, і Саўка з Людвікам. Яны разарвалі колца, што абступіла Уладзя, і хлопцы ўчацвярых дружна сталі супраць нягоднікаў. Дубіны загрукаталі так, нібыта малацілі адначасова пяццю-шасцю цапамі. У Саўку нібы чорт усяліўся: ён смаліў сваім даўжэйшым за галоблю кіем па нагах і з кожным ударам валіў некалькіх, быццам траву касіў. Людвік асаблівым прыёмам выбіваў калы з рук праціўнікаў і цяў іх паміж ног, каб, як ён казаў, зрабіць іх няздольнымі да дзевак і каб на калецтва саромнага месца баяліся скардзіцца. Уладзь з Бронікам завіхаліся разам: разразалі млынкамі натоўп, імкліва скакалі то ўперад, то ўбок, то назад, бадаліся, лупілі па хрыбтах, баках, плячах, нагах. Круціліся ваўчком, кідаліся ўроссып, нібы зямля перад акучнікам картоплі. Выкарыстоўвалі ўсе вядомыя ім штукі і фокусы, напружвалі ўсе сілы, каб ашаламіць ворага сваёй рашучасцю і адвагай, зламаць завадатараў і адпудзіць астатніх ад пераправы праз раку.
І нітаўцы, відавочна ўражаныя хвацкасцю рагоўцаў, якой яны ў іх не падазравалі, і ярасцю, з якою тыя біліся, пачалі адступаць да берага. Але, заўважыўшы, што рагоўцы свядома стараюцца не біць насмерць, што амаль кожны з паваленых вяскоўцаў падымаецца сам і што некаторыя з іх нават зноў кідаюцца ў бойку, асмялелі і перайшлі ў наступ. Ужо больш чым паўсотні іх перабегла праз рэчку. Старэйшыя падюджвалі маладзейшых:
Сорам нам будзе, хлопцы, калі мы такім гуртам не дамо рады чатыром ляхам! Смялей бярыцеся! Біце чым папала! Не здавайцеся! Яны мяцежнікі! Мы рускія людзі! Бяромся, рабяты!
І яны зноў узялі рагоўцаў у колца. Мацнейшыя схапілі дубіны, астатнія білі кавалкамі дрэва. За некалькі хвілінаў расхапалі, разламалі на кавалкі цэлы адонак. Кідаліся на рагоўцаў і вішчалі як шалёныя, раз-пораз наносячы ўдары. Маталах зайшоў з тылу і выцяў Уладзя сякераю, цяжка параніўшы таго ў сцягно. Ад болю Уладзь аж падскочыў, але не ўпаў: падхапіў сякеру, адбег да брата і пад яго прыкрыццём засунуў яе сабе за пояс. Потым адной рукой заціснуў рану, а ў другой трымаючы кій, далей малаціў ворага Уладзь быў моцны і спрытны, як ніхто з Балашэвічаў.
Адзін з важакоў ударыў сякераю Броніка, але схібіў: сякера трапіла абухам у грудзі і ўпала. Бронік нахіліўся, каб па прыкладзе брата яе падхапіць, і атрымаў зверху дубінаю па галаве, зарыўшыся носам у зямлю. Разятраныя нітаўцы абляпілі яго, нібыта крумкачы падліну, і давай бязлітасна лупіць ляжачага.
Уладзь схапіў кол абедзвюма рукамі і кінуўся брату на ратунак. Падскочылі і Людвік з Саўкам. Апошні ад выгляду крыві і сякераў разюшыўся як дзікі звер.
Забю, ей-богу забю! роў ён. Калі вы тапарамі, дык і я насмерць!
Ён некалькі разоў лупануў паленам і разагнаў набрыдзь. Уладзь падняў параненага брата, узяўшы адной рукой падпахі праз плечы, а другой заціснуўшы ўласную рану, і, абараняючыся ад разлютаванага натоўпу, рушыў да грэблі да сваіх.
Тыя ўжо беглі ім насустрач, бо далей трымаць мост не было сэнсу. Дабегшы, наскокам разарвалі колца нападнікаў і, злучыўшыся разам, па канюшыне, што расла паміж лугам, садам і агароджаю, пачалі адступаць да плоту.
Барукацца з такім натоўпам было немажліва, таму толькі бараніліся, увесь час круцячы млынкі і трымаючыся шчыльным колам, каб іх не атакавалі з тылу. І толькі Саўка, якога стогны параненых гаспадароў уганялі ў шаленства, раз-пораз ярасна кідаўся да злачынцаў і, пляжачы іх паленам, помсціў за ліхадзейства.
Нітаўцы ўсё настойлівей ціснулі з усіх бакоў. Не могучы наблізіцца да рагоўцаў, якія бесперастанку круцілі кіямі, яны кідаліся ў іх палкамі здалёк, што не прыносіла ніякай заўважнай шкоды. Але тут падбеглі шчэ конюхі, паднёсшы таварышам камяні, што аказаліся больш грознаю зброяй, і цяпер то адзін, то другі раговец сыкаў і хапаўся за руку, нагу ці бок, забываючы бараніцца. Некаторыя ўдары былі такія, што ўцятыя падалі на зямлю, і да іх тут жа кідалася зграя з дубінамі. Здавалася ўжо, што рагоўцам канец, што вось-вось усярэдзіну ўварвецца гурт нападнікаў, атакуе з тылу, разабе кальцо, расцісне і перабе ўсіх дубінамі. Але кожны раз да нешчасліўца паварочваўся хтосьці з яго таварышаў, закрываў сабою, даючы мажлівасць устаць, адысці назад і, ператрываўшы першы прыступ болю, зноў уступіць у бойку. Ян нястомна падбадзёрваў хаўруснікаў:
Трымайцеся, браткі, трымайцеся! Нам бы толькі да саду, да плоту дабрацца, а там ужо гады нас не ўкусяць. Трымайцеся, хлопцы, ужо недалёка.
У садзе, што ляжаў паміж палянай канюшыны і дзядзінцам, іх чакала сямя, трымаючы калы і агнястрэльную зброю.
Усё часцей падалі рагоўцы, усё мацней сплывалі крывёю, усё павольней рухаліся але дапялі да запаветнага саду непераможаныя.
III. Смерць з касой
Стах вяртаўся дадому, злуючыся на бацьку як ніколі. А чаго ж не злавацца? Колькі разоў абяцаў узяць з сабою біцца, а цяпер праганяе, смаркачом называе ды яшчэ рэменем страшыць.
Ніколі яму гэтага не забуду, у запале паўтараў хлопчык. Вось толькі вырасту там разлічымся. Вось і куты штых у мяне ёсць А калі наверх залезці? спыніўся ён ля дуба, што рос у канюшыне. Вельмі ўжо яму хацелася паглядзець бойку.
Ён праціснуўся праз шчыліну ў плоце, прайшоў паміж лугам і канюшынавай палянай да баразны недалёка ад дуба і павярнуў да дрэва. Наблізіўшыся, зірнуў на масток. Здаецца, у ягоны бок ніхто не глядзеў. Прывязаў вяроўчынай сваю зброю да пояса і хуценька палез наверх.