Не, Валерык, з аднаго боку, я разумею, што парадак ёсць парадак, і калі ўсё высокае начальства ляжыць у горбе ў адным месцы, то зручней усялякія цырымоніі адпраўляць над ім, крапідлапакрапленні, імшы жалобныя і гадавіны, толькі ж у Кракаве столькі іх панапіхвалі пад катэдру, што ў вачах ад нябожчыкаў цёмна, і нецікава робіцца! Дый увогуле, нашых там замнога: на Рынку стаіць Адам Міцкевіч з Наваградка, на надворку Вавельскага замка Тадэвуш Касцюшка з-пад Косава на кані сядзіць. Сваіх герояў не было, то бачыш ты іх, хітрыя мазуры, у ліцвіноў пазабіралі
Хай бы ляжаў Сцяпан Сцяпанавіч у нашым мястэчку, эх, я баюся нават уяўляць, як бы ён тут ляжаў і што б было!!! А то прыедзеш у Кракаў, прыйдзеш да ягонае магілы, а на ёй ані свечкі, ані кветкі, адно малыя венгерскія сцяжкі. Дый туркаў зараз столькі ў Еўропу панапрыпіралася, што так і хочацца крыкнуць галосна: «Дык за што ж нашыя продкі кроў лілі?» Не, не падумай нічога дрэннага пра мяне, Валерык, я там нікога ганяць за Басфор не збіраюся, дый часы не тыя, толькі калі на мяжы Чарнагорыі і Сербіі, у мястэчку Белае Поле, муэдзін нешта незразумелае крычыць з мінарэта, то сумнавата зусім мне робіцца, Валерык
Байкі пра таямніцы, страхі, падземныя хады, жыдоўскае золата і старажытныя Gскія скарбы
І адразу ўва ўсіх пачынаюць загарацца вочы, і ўспамінаюцца старазапаветныя легенды накшталт той, што аднойчы малыя дзеці, гуляючы на горцы каля Старога замка, ўлезлі ў нейкую нару, а нара гэтая была не нарой, а толькі падземным ходам, і ішлі дзеці па ім з гадзіну якую, натыкаючыся на куфры з золатам і срэбрам, на шкілеты з мячамі і ў латах, на чарапы і косці, сыпаўся на іх са шчылінаў пясок страху набраліся на ўсё жыццё, а выйшаўшы з нары, апынуліся на супрацьлеглым беразе Нёмана, акурат паміж домам пробашча Францішканаў і касцельнаю брамаю. І колькі яны ні шукалі гэтае нары на другі дзень, нават з бацькамі, а болей ужо знайсці не маглі. З таго падарожжа засталіся толькі гэтыя ўспаміны і нейкая вельмі старажытная капейчына, якую адзін з дзяцей здагадаўся заціснуць у потнай далоньцы і вынесці на свет Божы, праўда, ён яе нікому не паказваў, а потым яна згубілася
А вось шляхецкая сямя ОБрыен дэ Ласі, перад тым як уцячы ад Саветаў у верасні 1939 года, усе свае радзінныя скарбы запакавала ў куфар і закапала пад старою таполяю каля стаўка, а калі праз многа год малодшая дачка прыехала з Аргенціны сюды, то на месцы таполі стаяла пяціпавярховая хрушчоўка І малодшая дачка, крыва ўсміхнуўшыся, сказала, што таму экскаватаршчыку, які капаў катлаван пад дом, вельмі пашанцавала
А старыя людзі распавядалі, што закрыстыян з Фары Алойзы Камяга, калі быў яшчэ ў кавалерскім стане, аднойчы па нейкіх касцельных справах пайшоў у капліцу Маці Божае Кангрэгацкае, глянуў ажно акурат каля алтара прасела каменная падлога. Крануў закрыстыян рукою камяні, а тыя і праваліліся. Пасвяціў Алойзы ліхтарыкам а там глыбокая цёмная мураваная яміна, відаць, што падземны ход, і нешта блішчыць на дне
А Марыся Маліноўская з Падкрыжакаў бачыла, казалі, апоўначы каля крыжа на раздарожжы нейкага дзіўна апранутага пана, пан у яе папытаў па-польску, як дайсці да карчмы «Раскоша», Марыся перажагналася і пан прапаў! А як паказалі ёй дзеці малюнак з энцыклапедыі, то пазнала Марыся ў пане памерлага пад канец васямнаццатага стагоддзя падскарбія надворнага літоўскага графа Антонія Тызенгаўза
А дырэктар гісторыка-археалагічнага музея знаходзіў штораніцы ў пакоі, дзе дакончыў жыццё Стэфан Баторый, пустыя пляшкі з-пад чырвонага венгерскага віна «Кекфранкош», і што хочаш, тое пра гэта і думай А Зыгмунт Гумянюк з Пярэселкі ўвосень пяны ўваліўся ў нейкую шчыліну на Нававіленскай, а вылез з гэтае шчыліны ажно на Дзевятоўцы, ля ветэрынарнай лякарні, дзе здаровіць коцікаў і сабак добры доктар Верабёў
А Саша Сурык з Гнойнікаў разам з Вовікам Кіслым прапалі аднойчы з горада на тры дні, а калі вярнуліся, то іх ніхто не пазнаў
Такіх гісторыяў старыя людзі вам могуць нараспавядаць мех з кошыкам, толькі закрыстыян Алойзы Камяга падумае і скажа, што нічога такога не было на яго памяці, колькі ён ходзіць у Кангрэгацкую капліцу А калі жывуць на Пярэселцы Гуменюкі, то пайдзіце і папытайце няма між імі аніякага Зыгмунда, і не было ніколі як і Маліноўскіх у Падкрыжаках ну смех, дый годзе!!!
І ўвогуле, шаноўныя чытачы, мястэчка нашае беднае, малое, глыбока канфесійнае, якія падземныя хады, якія Тызенгаўзы пад крыжамі, якія скарбы, хопіць ужо гэтай монтэкрыстаўшчыны! Большасць людзей тут спрадвеку ўласнымі мазалямі штодзённа зарабляла цяжкі грош на кавалак хлеба, а ўжо брыльянты і куфры з золатам скуль ім узяцца, скажэце мне?
І ўвогуле, шаноўныя чытачы, мястэчка нашае беднае, малое, глыбока канфесійнае, якія падземныя хады, якія Тызенгаўзы пад крыжамі, якія скарбы, хопіць ужо гэтай монтэкрыстаўшчыны! Большасць людзей тут спрадвеку ўласнымі мазалямі штодзённа зарабляла цяжкі грош на кавалак хлеба, а ўжо брыльянты і куфры з золатам скуль ім узяцца, скажэце мне?
Ну добра, можаце пачаць спрачацца вы, беднае яно, малое, яшчэ там штосьці Але ж не могуць усе месцічы быць беднымі хтосьці ж, хоць адзін, мусіў быць багатым, тым больш што ізраэлітаў у нас жыло ці не столькі, колькі каталікоў і праваслаўных разам, а яны, ізраэліты, людзі дасведчаныя, умелі зарабляць на рублі сто рублёў, а на тысячы мільён. Куды гэтыя сотні і мільёны падзеліся?
Ды не, адкажу я вам гэта ўсё таксама праўда, як у рэшаце вада! Большасць нашых жыдочкаў ледзь-ледзь дацягвала ад шостага да дваццаць першага, гандлюючы селядцамі з бочкі ці абаранкамі-байгелямі паштучна, так вось яны і мыкаліся з гэтымі селядцамі і абаранкамі ад трынаццатага стагоддзя па нашай зямлі, і не надта, ах, салодкім было іх жыццё, як гэта іншым здавалася, і не было ім чаго асабліва закопваць у глебу, гандлюючы такім таварам І колькі, пагляньце, у нашым слаўным G. адбылося падзеяў за няпоўную тысячу год існавання то літвіны дамовіліся з Каронаю і разам адлупцавалі крыжакоў, то вялікія князі і каралі гасцявалі і жылі ў двух замках спярша Старым, потым Новым, то шляхта збіралася на розныя паспалітыя рушэнні, сеймы і сеймікі, то грамадзяне Рэчы Паспалітай і шведы, французы і рускія, казакі Хмяльніцкага і крымскія татары, прусы і няведама якая навалач узаемна ганяліся адныя за другімі па нашай зямлі з Усходу на Захад і наадварот, і мардавалі, мардавалі, мардавалі адзін аднаго, і палілі, і знішчалі, і рабавалі, і гвалцілі, і ўсё валілася, гарэла і рушылася, а ціхія ўпартыя жыдкі, цярпліва перачакаўшы найгоршае мор, пажары ці вайну, выбіраліся з-пад руінаў, бралі ў рукі ацалелую вязку абаранкаў альбо латок з селядцамі і паволі распачыналі свой няхітры гандаль ад пачатку.
І толькі ў іхнім бізнесе нешта акрэсленае наладжвалася, капейка склёпвалася, як на іх кідаліся, як на грушу, трасці і прыціскаць, свае ж уласныя суседзі-хрысціяне, учарашнія сябры, і так, на жаль, было, пачынаючы ад караля і вялікага князя Аляксандра, і за цара Мікалая, было ў 1935 годзе пры Другой Рэчы Паспалітай, а праз чатыры гады прыперліся першыя Саветы з Усходу, а праз два гады немцы з Захаду, і спярша Саветы загадалі гандлю доўга жыць, а потым усіх жыдкоў немцы змарнавалі ў гета от табе і на! А схаваных імі кладаў ці скарбаў ніхто з мясцовых жыхароў ніколі не знаходзіў, як быццам не было іх ну і ўсё!
Не было дык не было, а толькі аднойчы, калі рабочыя разбіралі стары будынак на вуліцы Карла Маркса і не паспелі раскідаць кафельную печку-галандку, то калі прыйшлі на наступны дзень з печкі нехта ўжо павыбіваў кафлі, павымаў цэглы і НЕШТА з сабой прыхапіў, бо ляжала на бруднай падлозе бляшаная вялікая скрынка з-пад гарбаты, ясна, што пустая, і толькі
Пра Ленінаў і Сталінаў
Бьют часы двенадцать раз
Сталин думает о нас!
гэтымі словамі пачынаўся верш, які мой брат Стась чытаў на вечары ў школе.Ленин родился в апреле,
Когда расцветает земля,
Когда позабыты метели
И в рощах цветут тополя,
а гэтымі словамі пачынаўся верш, каторы ўжо я чытаў на школьным конкурсе, прысвечаным стагоддзю з дня нараджэння Правадыра.З вышэй згаданымі асобамі мястэчка нашае G. аніякімі вузамі звязанае не было. Ані Ільіч, ані Вісарыёнавіч ніколі не паставілі бота ці чаравіка на слаўныя gскія ходнікі, таксама ніхто з тутэйшых жыхароў з імі за руку не вітаўся, не меў такога шчасця Знаходзіліся, праўда, напрыканцы дваццатага стагоддзя людзі далёка не маладыя, якія, тым не менш, бессаромна лыгалі, распавядаючы байкі пра тое, што нібы «стаю я, гэта, браток ты мой, на варце ў Смольным (Зімовым палацы, Крамлі не памятаю дакладна), а тут валяць яны каля мяне, Ленін са Сталінам, як жывыя, адзін з другім, абняўшыся, як браты, а я ў мэтры каля іх стаю». Байку гэтую я на ўласныя вушы чуў ад нейкага старога, засморканага дзеда ў гумовых ботах, бедна апранутага, марнага, адным словам, дзеда. Відаць, ідэю пра стаянне ў каравуле дзеду падкінулі ягоныя больш адукаваныя дзеці альбо канюнктурныя ўнукі, каторыя мелі надзею, што дзедавыя расповеды дапамогуць нейкім чынам фінансава падправіць у лепшы бок цяжкае агульнасямейнае становішча. Але дзед пра сустрэчу з выдатнымі бальшавікамі так паскудна і малаўпэўнена распавядаў, што яму не верыў ніхто нідзе, нават, відаць, і ва ўладных калідорах, тым больш што мода на ленінскія ідэалы паволі праходзіла, носьбітаў і прапаведнікаў рабілася з кожным годам меней і меней, дзякаваць Богу, і толькі рэдкія зацятыя старыя камунякі, падобныя на класічных галівудскіх упыроў, прыносілі на дзень нараджэння пад нос бронзаваму Ільічу бедныя танныя чырвоныя гваздзікі і брыдкія вянкі з самае ніжняе паліцы крамы рытуальных вырабаў.