Пра правадыроў наш працоўны местачковы народ у шырокай масе сваёй мала што ведаў і чуў, таму што да 1939 года жыў на тэрыторыі, часова занятай белапольскімі інтэрвентамі, як пісалася ў палітычнай літаратуры. Свабода прыпёрлася да яго з Усходу ў другой палове верасня 1939 года, і, як неадемныя сімвалы шчасця і дабрабыту, разам з ёй, апрача «варанкоў» і начальнікаў, прывандравалі на галоўныя плошчы гарадоў і мястэчак мастацкія ўвасабленні гэнае свабоды ў выглядзе помнікаў Леніну і Сталіну, але толькі на пэўны час, да прыйсця немцаў, а потым тыя, калі прыйшлі, прымусілі мясцовых жыдкоў з толькі што зарганізаванага гета гэтыя творы высокага мастацтва знішчыць. Бедная Савецкая ўлада вечна падвойна мусіла фінансаваць свае эстэтычна-прапагандысцкія манументальныя праекты.
Другі раз Леніны і Сталіны прытэпалі ў нашыя мясціны ўжо на час даўжэйшы пасля сканчэння Другой сусветнай вайны ў выглядзе трошкі лепшых бронзавых, адносна неблагіх гранітных і большасці дрэнных гіпсавых копіяў чым далей ад мястэчка G., тым горшая копія. Напрыклад, у раённым мястэчку S., што прытулілася да ўскрайку Белавежскае пушчы, Ленін тварам увогуле нагадваў мангола-татарскага захопніка скулы як апалонікі, вузкія шчыліністыя вочы, разяўлены рот агідны, словам, як чорт!!!
Тым не менш Уладзімір Ільіч лічыўся ў прагрэсіўным свеце непадважальным аўтарытэтам, і была дамова ўва ўсіх бальшавікоў: што б там ні рабілася, але муміі ягонай у Маўзалеі ніколі не зачапаць і дрэннага з ім і яго спадчынай не рабіць. А вось з парэшткамі Іосіфа Вісарыёнавіча пасля ягонае смерці і легендарнага дваццатага зезда КПСС пачаліся акрэсленыя праблемы. Высветлілася, што ўжо не такі ён быў харошы, мудры і бяскрыўдны, таму спярша ягоную мумію цішком вынеслі з Маўзалея, і, абадраўшы залатыя пагоны і гузікі з мундзіра, закапалі ля Крамлёўскай сцяны, а потым пачаліся прыбіранні шматлікіх помнікаў, і ў нашых краях таксама
Вось як гэта адбылося ў мястэчку Р., што адлегла ад нашага мястэчка G. роўна на сто дванаццаць кіламетраў. Ладзіла мясцовая сярэдняя школа баль выпускнікоў тады гэта афіцыйна было можна рабіць. Ставіліся ў актавай зале на другім паверсе сталы і доўгія шырокія лавы, сталы накрываліся, сядалі да іх настаўнікі, вучні-выпускнікі і іхнія бацькі і балявалі сабе, выпіваючы і закусваючы. Народ наш па вайне не вельмі быў заможны, так што, што маглі зрабіць у хаце рабілі ў хаце салаты і вінегрэты, што маглі куплялі ў краме. А хадзіў тады паміж будынкамі школы ўначы стораж па прозвішчы Сакалоўскі пільнаваў, дык добрыя людзі далі яму бутэльку гарэлкі, велізарную місу вінегрэту хай і табе будзе свята. Стораж годна прыняў пачастунак, падзякаваў, акуратна ўмастаколіўся пад кустамі бэзу, афуярыў гэную бутэльку, закусіў вінегрэтам і заснуў. Праз некалькі гадзінаў прачнуўся а помніка Сталіну, які стаяў на пастаменце перад будынкам школы, няма!!!
Назаўтра з ранку бедны стораж, прысеўшы ля акна на табурэтку, чакаў прыезду «чорнага ворана», малілася і плакала жонка, і выбіраўся ўжо грамадзянін Сакалоўскі ў магаданскія катаргі, праўда, на працу-такі школу вартаваць хадзіў, але тоячыся, позна ўвечары Мінуў дзень, другі і трэці, па яго так ніхто і не прыязджаў, і неяк гэта ўсё само сабою тыдні праз два забылася, і капцы як не было ніколі Сталіна ў мястэчку Р.
Так паціху гэтыя фокусныя бальшавікі сваімі ўласнымі рукамі знішчылі ўсялякі след па волаце, сейбіту і лепшым сябры фізкультурнікаў. І калі яшчэ напачатку пяцідзясятых беларускія мястэчкі і гарады былі ўпрыгожаныя двума абавязковымі помнікамі, то ў сярэдзіне шасцідзясятых застаўся ў нас толькі асірацелы Ільіч. Каля яго мы стаялі ў ганаровым каравуле кожнае дваццаць другое красавіка, яму чыталі вершы, аддавалі салюты, дзякавалі за шчаслівае дзяцінства, пісалі сачыненні і бажыліся быць заўжды гатовымі змагацца за ягоную справу. Нават дрэвы ў гонар стагоддзя з яго нараджэння пасадзілі, і то самыя найлепшыя дубы!
Прайшлі гады, дубы папрымаліся і скінулі ўвосень першыя жалуды з галінаў, ды вось толькі нешта ў Савецкім Саюзе перастала дапасоўвацца, даклейвацца і прыцірацца, і ён пачаў паціху-паціху, але развальвацца. Заўсёды, калі ў Саюзе адбывалася нешта не так, то найбольш зацятыя яго адвакаты і нахлебнікі гультаі з партбілетамі ў кішэнях верашчалі пра перабудову, пра вяртанне да ленінскіх нормаў партыйнага жыцця, да ленінскай прастаты і шчырасці. Толькі ж пазнаходзілася на той час дастаткова гісторыкаў у акулярах з тоўстымі шкелцамі, каторыя ўсе свядомыя сталыя гады праседзелі паміж пыльных паліцаў у архівах, і такога там панаадшуквалі, і пра каго б вы думалі пра самога Леніна, і не пакінулі ад гэтай ягонай кіношнай прастаты і тэатральнай шчырасці нічога.
Прайшлі гады, дубы папрымаліся і скінулі ўвосень першыя жалуды з галінаў, ды вось толькі нешта ў Савецкім Саюзе перастала дапасоўвацца, даклейвацца і прыцірацца, і ён пачаў паціху-паціху, але развальвацца. Заўсёды, калі ў Саюзе адбывалася нешта не так, то найбольш зацятыя яго адвакаты і нахлебнікі гультаі з партбілетамі ў кішэнях верашчалі пра перабудову, пра вяртанне да ленінскіх нормаў партыйнага жыцця, да ленінскай прастаты і шчырасці. Толькі ж пазнаходзілася на той час дастаткова гісторыкаў у акулярах з тоўстымі шкелцамі, каторыя ўсе свядомыя сталыя гады праседзелі паміж пыльных паліцаў у архівах, і такога там панаадшуквалі, і пра каго б вы думалі пра самога Леніна, і не пакінулі ад гэтай ягонай кіношнай прастаты і тэатральнай шчырасці нічога.
Півахлёб і ўдзельнік доўгіх словаблудных дыскусіяў у швейцарскіх кавярнях, нямецкі шпіён і здраднік інтарэсаў Вялікай Расіі, аматар палявання на бяскрыўдных перапёлак і шэрых зайчыкаў, крывавы кат расійскіх рабочых і сялян, педафіл, жыдамасон, каханак Інэсы А. уся гэтая пікантэрыя вылівалася са старонак газет у неўскаламучаныя душы працоўных СССР і знявечвала ўшчэнт просты і ясны воблік найчалавечнейшага з чалавечных. І такога народ свайму нядаўняму герою і правадыру, увасабленню разнастайных ідэалаў, ужо ніколі не дараваў. Помнікі Леніну пачалі абліваць фарбаю і шмаравідлам, пісаць на пастаментах чырвоным спрэем «Пидар и казёл», у мястэчку S., што ляжыць на паўночны захад ад мястэчка G., невядомыя злачынцы адбілі ачольніку сусветнага пралетарыяту галаву, і так ён стаяў колькі месяцаў безгаловы, пакуль не прыляпілі другую.
У мястэчку P. сталіцы Палесся нехта пусціў чутку, што ў галаве бронзавага Леніна, якога ўвесь горад называў Гоблінам, утварылася невялікая дзірка, туды падчас дажджоў паволі зацякае вада, а калі прыйдуць маразы, то Гобліна разарве на кавалкі. Чутку паўтарылі па рэспубліканскім радыё, і ўжо назаўтра з гаркама партыі прыбеглі спалоханыя таварышы з драбінамі і пачалі сантыметр за сантыметрам даследаваць і галаву, і ўсё астатняе.
А ў мястэчку Р., там, дзе вартаўнік Сакалоўскі прамяняў помнік Сталіну на гарэлку і місу вінегрэту, таксама адбылася гісторыя з помнікам Леніну. Юрак Антолькінаў і Антачак Васюкевічаў, два старыя сябры, добра нарэзаўшыся, узялі кожны ў рукі па велізарнаму калу і пайшлі ўначы звальваць Збуя (бандыта, разбойніка) так у мястэчку гэты помнік называлі.
Білі-білі каламі, а ён, хоць і гіпсавы, трымаецца! Тут стораж надышоў, пачаў свяціць ліхтарыкам, лямантаваць і палохаць міліцыяй яны пакідалі калы і паўцякалі. Адбілі Леніну толькі вялікі палец на руцэ, якой ён паказваў наперад. Замест пальца застаўся стрычаць кавалак іржавай арматурыны, і так бы Ленін з гэтаю арматурынаю стаяў, ды нейкі начальнік загадаў аднавіць палец, і мясцовыя ўмельцы зляпілі Ільічу новы, ды толькі завялікі, разы ў паўтара большы
І Юрка, і Антачка даўно ўжо няма, занеслі іх на плячах на могілкі пад Заполічы, а Янушак Мацеенчын, штовечар абыходзячы вартаю свае абекты, кідае вокам час ад часу і на помнік Леніну. «Што, Янушак, пытаюся я ў яго, баіцца начальства, каб Юрак з Антачкам не ўсталі з магілаў і не звалілі Леніна?»
Янушак у адказ толькі пасміхаецца
Гісторыя аднаго пахавання
Памяці майго прыяцеля Віктара, які колісь скончыў школу ў мястэчку G.
Дзіўна: усе людзі, пакуль жывуць на свеце то яны розныя: і высокія, і лысыя, і худыя, і гаркавыя, і брыдкія, і смешныя, мужчыны і жанчыны. Дык чаму ўсе пахаванні як дзве кроплі вады падобныя адно на адно?
Ну памёр чалавек, ведалі ўсе, што павінен памерці, таму што рак лёгкіх ці падстраўнікавая залоза гэта вам не абышто, памёр, дзякаваць Богу, ва ўласным ложку, у прысутнасці жонкі, другой ужо па ліку, праўда, але законнай! Прыехала «хуткая дапамога», канстатавала скон, у морг не забіралі, таму што і так усё было ясна І вось ляжыць нябожчык у навюськім касцюме ў труне пасярод уласнае, нядаўна адрамантаванае трохпакаёвае хрушчоўкі, у паветры пахне фармалінам і хвойкаю, патрэскваюць свечкі, і тут пачынаецца
Спярша ў дзвярах зяўляюцца дочкі, адна ці болей, якія пры бацькавым жыцці рэдка ставілі нагу на парог хаты, маючы прэтэнзіі да бацькі, чаму ён да канца тэрміну не дацягнуў з мамаю, а пайшоў да іншае кабеты. Адразу ля труны ўзнікаюць вялікія непрыгожыя вянкі са стандартнымі бяздушнымі надпісамі «Дорогому любимому папе от дочери Ани и её семьи», святочнага выгляду шасціканцовы крыж з залатымі палоскамі і таблічка з інфармацыяй, хто пад ім будзе ляжаць і абуджаць у нас вечную памяць. Дочкі будуць стабільна плакаць і мяняць кожныя некалькі гадзінаў MP3-фарматную плыту з хрысціянскімі песнапеннямі на такую ж, але іншую. Нікому там асабліва не ўвабецца ў вушы, што песнапенні не заўпакойныя, а велікодныя у такіх дробязях зараз ніхто не сячэ, ну спевы як спевы. Будзе паціху падцягацца народ, прыносіць хто што хто вышэй згаданыя гадкія пластыкавыя вянкі рознага колеру, якасці і цаны, а ў каго лепей з густам той акрэсленую колькасць хрызантэмаў ці белых гваздзікоў, перавязаных чорнаю стужкаю. Потым тут жа, пры труне, нехта пачне абавязковую размову пра тое, як добра сябе нябожчык пачуваў некалькі дзён таму, як выгульваў сабаку ці купляў яблыкі на базары, як на Новы год вазіў унука на санках і тут раптам, на табе!