Макс Шчур
Галасы
Апавяданні і аповесць
© Шчур М., 2017
© Выдавец А. М. Янушкевіч, 2017
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2017
І. З галерэі знаёмых варятаў
Сніч
Чысты кашмар не можа цягнуцца доўга, іначай бы ён нас забіў.
Х. Картасар, «Дзённік Андрэса Фавы»1
Я сяджу ў вясковым бары і тупа ўтыкаю ў вялізны экран тэлевізара, намагаючыся не слухаць, што ў ім кажуць. Я змагаюся са спакусай дастаць нататнік і запісаць папярэднюю фразу, але баюся таго, як адрэагуе на гэты рух наваколле. Напрыклад, бармен, я перакананы, тут жа прапануе мне мініяцюрную настольную лямпу, каб я не псаваў вачэй, а бухі вясковы панк зноў будзе выбачацца за сваю цікаўнасць і пачне пытацца, што гэта я пішу ці чытаю. Да таго ж мне няма часу занатоўваць усякіх лішніх пабочных фразаў: я мушу цалкам засяродзіцца на сваім заданні. Гэта значыць, прачысціць сабе мазгі, каб магчы на працягу ночы забыцца глыбокім сном праведніка.
Што думаеш пра Украіну? пытаецца ў мяне пажылы бармен, вышрубоўваючы ручніком з памытага келіха рэшткі чыёйсьці нядаўняй асалоды.
Ды поўны капец, бяздумна адказваю я, імкнучыся падкрэсліць гутарковым выразам сваё эмацыйнае дачыненне не столькі да ўкраінскіх падзей, колькі да навакольнага асяроддзя: маўляў, я тут свой. Пра Украіну я зусім не думаю, колькі можна.
Па-мойму, яе падзеляць, прадказвае бармен і ўздымае вочы ў чаканні маёй рэакцыі марна. З другога боку, працягвае развагу ён, улады гэтага не дазволяць. Цяміш, пра што я?
Не, шчыра прызнаюся я.
Пастраляюць іх там, тлумачыць бармен. Я толькі паціскаю плячыма, і бармену не застаецца нічога іншага, як зноў пачаць уголас размаўляць з тэлевізарам, пасылаючы на тры літары як герояў і аўтараў рэпартажу, так і дыктараў у студыі.
Мне цяпер насамрэч ужо не да Украіны. Асабліва пасля ўчорашняй сустрэчы з Замоўцам, які нагадаў мне пра мае нявыкананыя абавязкі й нясплачаныя пазыкі. Некалькі маіх папярэдніх вырабаў забракавалі: цяпер я мушу адпрацаваць атрыманыя пад іх задаткі, дый яшчэ з працэнтамі, а часу на гэта вобмаль.
У бары мяне лічаць інтэлектуалам, хаця не маюць найменшага ўяўлення, чым я насамрэч займаюся. Калі б я меў дастаткова нахабства й глупства ў гэтым прызнацца, то ўпаў бы ў грамадскай іерархіі вёскі яшчэ ніжэй (калі гэта толькі наогул магчыма). Але затойваць гэтага перад вамі я не маю ніякіх падстаў: я, як ні сорамна ў гэтым прызнацца, літнегр. Працую на вялікае выдавецтва, што займаецца серыйным вырабам бестселераў. Ужо некалькі гадоў я атрымліваю ад іх заробак і пры гэтым па-ранейшаму выконваю самую чорную працу. Не, у маю задачу не ўваходзіць прыдумленне тупых сюжэтаў ці апісанне яшчэ тупейшых храпаў галоўных герояў-суперсамцоў, пералік усіх кшталтаў выкарыстанай імі зброі ці стварэнне шматзначных ключовых дыялогаў, вынаходніцтва яшчэ не выпрабаваных спосабаў забойства й сэксуальных позаў ці моўная рэкагнасцыроўка месцаў дзеяння з дапамогаю «Гугл мэпс» усім гэтым займаюцца іншыя, больш пільныя, таленавітыя й перадусім маладзейшыя калегі, кожны з якіх спецыялізуецца на нейкім адным з аспектаў будучай фікцыі. У мае абавязкі ўваходзіць толькі распрацоўка літаратурных сноў. Праз тое, што далёка не кожны з персанажаў камерцыйных выданняў здольны сніць, працы ў мяне небагата пра мяне звычайна згадваюць пад самы канец працэсу, калі раптам спраўджваюць, што дзеля рытму апавядання варта было б адлюстраваць яшчэ і гэтую траціну жыцця якой-небудзь з постацяў. Збольшага замаўляюць сны прарочыя (я іх найбольш ненавіджу праз тое, што яны звязаныя з дзеяннем), эратычныя, часам у жанры камедыі, часам такія, што павінны адкрыць нам нейкі з невядомых аспектаў папярэдняга жыцця персанажа, і г. д.
Бракуе нейкага яскравага сну для перадапошняга раздзелу, паведаміў мне ўчора Замоўца, працягваючы таўшчэзны рукапіс, чытаць які я не меў найменшага намеру. Нешта звязанае з ягоным дзяцінствам ці школьнымі гадамі, каб было зразумела, што іншай магчымасці, як падарваць сябе й таго нягодніка-тэрарыста, у яго няма. Вядома, мы нячаста завяршаем раман смерцю героя, каб пакінуць сабе магчымасць для працягу серыі, але тут я іншай стратэгіі не бачу тым больш адказная ў цябе задача. Не сапсуй нам кнігі года. Можаш дадаць крыху крывішчы, эротыкі, усё такое але я хутчэй за нешта ідылічнае Гэткі «раман у рамане» Зрэшты, табе лепш відаць. Галоўнае, каб было пераканаўча. Калі ўсё атрымаецца і ты атрымаеш. Ёсць нават шанец, што кнігу экранізуюць тады ўжо мы пра цябе не забудзем падміргнуў ён. Зрэшты, калі не экранізуюць таксама не забудзем (Я ненавідзеў гэтую ягоную манеру прыкідвацца вялікім мафіёзі й выкарыстоўваць двухсэнсоўныя фразы, пазычаныя збольшага з уласнавырабленай макулатуры). І не затрымлівайся: праз тры дні кніга павінна пайсці ў друк.
Праца ў мяне, як бачыце, у прынцыпе досыць творчая, таму я за яе гэтак і трымаюся праблема толькі ў тым, што праз хранічную адсутнасць фантазіі я вымушаны перад тым, як напісаць чарговы сон, першым чынам яго сасніць. Зрэшты, гэта абумоўлена ўжо ў першым пункце майго кантракту: сны павінны быць сапраўдныя, рэалістычныя, непадробныя. У другім пункце абумоўлена, што я не маю права выкарыстоўваць сваіх сноў у ніякіх іншых мастацкіх творах, апроч тых, што выходзяць у выдавецтве «Гіпнотыкс», якое пакідае сабе ўсе правы й г. д. Гэты пункт падобны да забароны на сэксуальныя кантакты па-за здымачнай пляцоўкай, што ёсць стандартным патрабаваннем да прафесійных порнаактораў (адна знаёмая мне казала). Калі спачатку я шкадаваў гэтага абмежавання, то з часам навучыўся сумяшчаць прыемнае з карысным і перастаў, як сапраўдны прафесіянал, саромецца таго, што мой самы інтымны сон прачытаюць мільёны (ну добра, хай тысячы) людзей і што ён будзе апаведзены ў кнізе ад імя якога-небудзь афэлка, які не мае са мною нічога супольнага. Хай так, усё адно сны гэта майно калектыўнай несвядомасці, а не мая асабістая прыдумка. Не так даўно я навучыўся, так бы мовіць, «уваходзіць у ролю» і сніць ужо ад асобы свайго персанажа, а не ўласнай. Гэтае атаясамленне цяпер дае мне магчымасць прынамсі на час сну пабыць не абрыдлым самім сабой, а сапраўдным супергероем. Таму часцяком, адкрываючы новыя кнігі нашага выдавецтва, я з ганарлівай усмешкай перачытваю пасажы, у якіх пішуць пра мяне. Вядома, ёсць у гэтым найміцкім сненні штосьці прыніжальнае, падобнае да працы прафесійнага гатавальніка наркотыкаў, што знаходзіцца ў сваіх гаспадароў-бандытаў на правах раба, але, з другога боку, калі рэчыва выйдзе ўдалым, то і ён сам атрымае ад яго належны кайф, па традыцыі пакаштаваўшы яго першым.
2
Зразумеўшы, што замову трэба выканаць у максімальна кароткі тэрмін, я тут жа пасля яе атрымання сабраў манаткі й пакінуў горад не, не ратуючыся ад Замоўцы, а хутчэй ад амнезіі, што спасцігла мяне цягам апошніх тыдняў у выніку абвастрэння майго алкагалізму. Ніколі яшчэ не было такога, каб я не памятаў сваіх сноў, а тут проста настаў нейкі творчы ступар, які я, супакойваючы сябе, выдаваў за кароткачасовы адпачынак. За горадам, у вёсцы з адзіным барам, я ўжо некалькі гадоў здымаю невялічкую кватэрку, месца знаходжання якой ніхто не ведае і якую я ў душы называю сваёй лабараторыяй: у ёй нічога няма, апрача ложка, стала, крэсла й кніжнай шафы, у якой сабраныя ўсе даступныя маёй плыткай кішэні тамы, датычныя сноў і снення, улучна з соннікамі й энцыклапедыямі. Акрамя таго, у чырвоным куце майго пакоя знаходзіцца паліца з аптэчкай, дзе сабраныя ўсе легальныя й паўлегальныя лекавыя сродкі, без якіх я, прызнаюся, не здолеў бы не тое што нешта сасніць, але й элементарна заснуць.
Адказваць за апісанне сноў досыць смешнае амплуа для чалавека, які ці не з пубертатнага веку пакутуе ад бессані. Аднак голад не цётка, таму я, зрабіўшыся прафесіяналам, сумленна звярнуўся да псіхіятра з просьбай выпісаць мне снатворныя таблеткі. За два гады мы пераспрабавалі цэлы спіс прэпаратаў з мэтай знайсці такі, які б не толькі ўсыпляў мяне ў любы патрэбны час дня і ночы, а яшчэ й спрыяльна дзейнічаў на маю падсвядомасць, дазваляючы сніць доўгія сюжэтныя сны, паводле магчымасці з хэпі-эндам, без усякіх непатрэбных кашмараў, прысутнасці маіх бацькоў і г. д. Ніколі дагэтуль яны (не бацькі, натуральна, а лекі) мяне не падводзілі, ні разам, ні паасобку, але цяпер, як на бяду, ніводны з іх не здольны быў мне дапамагчы: прачнуўшыся на наступную раніцу пасля наведвання бара, я ўсвядоміў, што не проста нічога не памятаю са свайго сну, як кагадзе, а што зусім нічога не прысніў. Мяне пакрыў халодны пот. Я хутка запіў півам прыгаршчу таблетак і зноў заплюшчыў вочы, каб прымгнуць на гадзінку-другую. Аднак паўтарылася тое ж самае: выспаўся як пшаніцу прадаўшы, да болю ў касцях, але не прысніў ізноў нічагуткі. У паніцы я пачаў гартаць свае сновыя дзённікі ў спробе знайсці нейкую ранейшую загатоўку, меней-болей адпаведную патрэбнаму сюжэту, аднак, як гэта бывае з даўнімі снамі, не здолеў жыва сабе ўявіць іхнага зместу й разабрацца ў блытаніне іхных дэталяў, што цяпер здаваліся мне невыразнымі й непатрэбнымі. Сасніць адно, але падаць пераканаўчае апісанне прыснёнага вось гэта ўжо называецца вышэйшы пілатаж
Я кінуўся да кніжных паліцаў з намерам па-хуткаму перадраць якога-небудзь з маіх улюбёных аўтараў. Толькі цяпер, у найбольш крытычны момант сваёй пісьменніцкай кареры, я ўсвядоміў, наколькі павярхоўна, безадказна й нехлямяжа мае славутыя калегі-папярэднікі, за рэдкімі выключэннямі, апісвалі свет сноў і галюцынацый (натуральна, у параўнанні са мной). Адкідаючы кнігу за кнігай, я ўсё глыбей расчароўваўся ўва сусветнай літаратуры з яе тупой скіраванасцю на даўно нікому не цікавы дзённы свет рэальных падзей з яго аднастайнымі псеўдапраблемамі. Чаго ж пасля дзівіцца, што людзі ў сучаснасці, апрача хіба снобаў-інтэлектуалаў, усё часцей аддаюць перавагу насычаным падзеямі й перыпетыямі серыялам, баевікам ці фэнтэзі, не кажучы пра кампютарныя гульні? На халеру простаму рабочаму чалавеку ваш гнілы рэалізм? Яму яго і ў звычайным жыцці хапае Нездарма на святы людзі так любяць глядзець па тэлебачанні казкі. Сон насамрэч гэта тое скрыжаванне, у якім фікцыя ці казка ўцелаўляецца ў праўду: калі пакласці на адну шалю ўсю так званую «сурёзную» літаратуру, а на другую самы звычайны, нават не самы яскравы сон, то відавочна, каторая з іх пераважыць