Галасы (зборнік) - Макс Шчур 2 стр.


Я кінуўся да кніжных паліцаў з намерам па-хуткаму перадраць якога-небудзь з маіх улюбёных аўтараў. Толькі цяпер, у найбольш крытычны момант сваёй пісьменніцкай кареры, я ўсвядоміў, наколькі павярхоўна, безадказна й нехлямяжа мае славутыя калегі-папярэднікі, за рэдкімі выключэннямі, апісвалі свет сноў і галюцынацый (натуральна, у параўнанні са мной). Адкідаючы кнігу за кнігай, я ўсё глыбей расчароўваўся ўва сусветнай літаратуры з яе тупой скіраванасцю на даўно нікому не цікавы дзённы свет рэальных падзей з яго аднастайнымі псеўдапраблемамі. Чаго ж пасля дзівіцца, што людзі ў сучаснасці, апрача хіба снобаў-інтэлектуалаў, усё часцей аддаюць перавагу насычаным падзеямі й перыпетыямі серыялам, баевікам ці фэнтэзі, не кажучы пра кампютарныя гульні? На халеру простаму рабочаму чалавеку ваш гнілы рэалізм? Яму яго і ў звычайным жыцці хапае Нездарма на святы людзі так любяць глядзець па тэлебачанні казкі. Сон насамрэч гэта тое скрыжаванне, у якім фікцыя ці казка ўцелаўляецца ў праўду: калі пакласці на адну шалю ўсю так званую «сурёзную» літаратуру, а на другую самы звычайны, нават не самы яскравы сон, то відавочна, каторая з іх пераважыць

Трасца, гэта ўсё цудоўна, але што ж рабіць? Плюнуць на таблеткі й зноў перайсці на алкаголь? Але ж ёсць рызыка, што паўторыцца тое самае, што ўжо было ў Празе: насню няведама чаго, а прыгадаць, пагатоў запісаць, не здолею «Не хочаш сніць не муч паўкуляў мозгу», гучыць старая прымаўка прафесійных снавідчыкаў. Лёгка ім было казаць! «Калі можаш не сніць то й не сні» Не, толькі не гэта. Калі я ў час не пастаўлю майму Замоўцу ягонага сну, ён не проста спагоніць з мяне ўсе належныя яму грошы ён яшчэ й прымусіць мяне адпрацоўваць іх у іншым аддзеле, дзе я буду вымушаны перабівацца рэалістычнымі апісаннямі ўсякай пазбаўленай ценю фантазіі брыдоты!

Канец канцоў, пасля доўгіх развагаў і высілкаў, я ўзяў-такі тэлефон, знайшоў у спісе нядаўніх размоваў літару «З» і націснуў кнопку.

 Што, гатова?  спытаўся Замоўца не вітаючыся.

 Ну, амаль,  схлусіў я.  Але бракуе яшчэ аднаго сюжэтнага павароту

 І што? Пры чым тут я?

 Як бы вам сказаць

 Кажы хутчэй, бо ў мяне тут перад публікацыяй такі завал табе і не снілася. («Дасціпнік хрэнаў», падумаў я).

 Мне патрэбны опіум,  прамовіў я на адным дыханні, быццам называючы нейкую рэдкую фарбу, якой мне бракуе для заканчэння сваёй манументальнай фрэскі.  Пункт трэці кантракту: прэпаратамі, неабходнымі для снення, забяспечвае выканаўцу замоўца

Нейкі час панавала маўчанне відаць, Замоўца захіліў далонню слухаўку, лаючы мяне ад усяе душы на ўвесь офіс.

 Трэба сустрэцца,  урэшце пачуў я.  Дзе ты?

Я паведаміў яму каардынаты сваёй вёскі і назву адзінага тутэйшага бара.

 Праз гадзіну,  кінуў мне шэф.  І глядзі, каб было ўжо адчынена, а то я сам яго адчыню

3

Адзіная праблема з такімі рэчывамі, як апіяты, палягае ў тым, што прыснёныя пад імі сны не паспяваеш занатоўваць. Толькі сядзеш за кампютар і сяк-так сфармулюеш першую фразу, як згадваеш, што ўсё насамрэч было зусім не так і што ты забыўся на самую галоўную дэталь, якая й надае ўсяму далейшаму сну глыбокі, калі не адзіны, сэнс. Чым далей разгортваецца перад табою апісанне, тым больш дэталяў прыснёнага прыгадваеш: пальцы папросту не паспяваюць бегаць па клавіятуры. Справа ўскладняецца яшчэ й тым, што дзеянне апіяту працягваецца яшчэ доўга пасля таго, як ты прачнуўся, а гэта яшчэ больш запавольвае і так невялікі спрыт тваёй (у кожным разе, маёй) пісаніны.

Гэтым разам, аднак, усё выйшла як найлепей. Скажу без лішняй сціпласці, што я заўжды любіў дэдлайны, бо яны звычайна прымушаюць мяне сабрацца й высніць з сябе найлепшае, але тое, што мая падсвядомасць выдала мне цяпер, літаральна не паддавалася апісанню хоць, праўда, канец канцоў і паддалося. Калі не памыляюся, такі стан, у якім я знаходжуся на працягу апошніх двух дзён, у нармалёвых пісьменнікаў называецца натхненнем. Звычайна цягам так званай серыйнай спячкі, калі прачынаешся толькі для таго, каб у часе кароткага чуйнавання запісаць свежаўбачаны сон, немагчыма прысніць яго працягу: перад табой разгортваюцца зусім новыя матывы, пераплятаюцца з папярэднімі, сціраюць і заглушаюць нядаўна яшчэ такія яскравыя дэталі, якіх ты не паспеў занатаваць, твая памяць працуе яшчэ меней надзейна, чым у будзённым жыцці. То-бок лепшае ёсць ворагам добрага і ў свеце сну: лепшым у ім аўтаматычна здаецца апошняе, хаця гэта не заўжды так. Аднак цяпер творчы працэс нагадваў хутчэй школьную дыктоўку: я прачынаўся, занатоўваў частку сну, перачытваў, правяраў граматычныя памылкі, ставіў кропку разам з тым, як прымаў чарговую дозу опіуму, і зноў клаўся працаваць, каб прысніць наступную частку, не забыўшыся ні каліва з таго, што адбылося ў папярэдняй. Такім чынам, за нейкіх тры дні на вёсцы я пражыў насамрэч ці не тры тыдні  натуральна, у сне. Калі б які-небудзь Джэк Керуак замест таго, каб апісваць на працягу некалькіх сутак свае банальныя прыгоды на амерыканскіх дарогах, з тым жа імпэтам аддаўся фіксацыі сваіх сноў, у яго мог бы выйсці сапраўдны шэдэўр. А так

4

Я знаходжуся ў Празе. Мне трэба тэрмінова, літаральна да заўтра, зняць нейкі дакументальны фільм. Здымкі адбываюцца ў інтэрнацкім пакоі, галоўны герой пажылы чалавек, нешта апавядае на камеру. Пасля інтэрвю я нагадваю яму, што заўтра мы павінны дазняць ягоную сустрэчу з Бонды, чалавек абяцае прыйсці, ён нібыта добра ведае Бонды асабіста. Я нечувана рады такому поспеху. Выходжу на вуліцу, на дварэ вечар, аранжавае сонца яшчэ не зайшло. Мне трэба ісці дамоў  замест гэтага я пастанаўляю пайсці ў горад, дзе знаходзіцца адзін добра вядомы мне бардэль. Узняўшы на развітанне галаву, у акне сваёй кватэры на восьмым ці дзявятым паверсе я бачу на фоне жоўтага святла ў кухні сілуэт сваёй дзяўчыны. У думках я развітваюся з ёю, а сам хаваюся за рогам дома насупраць, спадзеючыся, што яна мяне не заўважыць. Урэшце, здымкі скончыліся раней, чым было запланавана, я паспею яшчэ схадзіць у горад і вярнуцца. Пазней магу ёй пазваніць, папрасіць прабачэння, што затрымаўся.

Я кіруюся на поўдзень, удоўж ракі. У тых раёнах ніхто не ведае мяне, бо я завітваю туды рэдка, таму ніхто не здагадаецца, з якой мэтай я туды іду. Вось калі б я скіраваў у цэнтр, дзе апроч бардэляў, уласна, нічога няма, то ўсё адразу было б ясна а так я магу прыкідвацца турыстам, які проста аглядае горад. Навокал такіх нечувана шмат натуральна, цяпер лета. Я іду па набярэжнай, якая раптоўна кудысьці знікае, зліваючыся з ракой,  каб не ісці па вадзе, я мушу збочыць і апынаюся на нейкім каменным пагорку, кшталту піраміды з чорнага мармуру, па стромкіх прыступках якой сцякае вада,  піраміда ёсць адначасова й фантанам. На яе вяршыні й на прыступках сядзяць маладыя людзі, граюць на нейкіх музычных інструментах зарабляюць грошы. Ім не падабаецца мая прысутнасць, і я імкнуся як мага хутчэй сысці ўніз, што мне не зусім удаецца прыступкі надта вузкія, коўзкія, схіл піраміды надта стромкі,  але ўрэшце я зноў апынаюся ўнізе й магу працягваць свой шпацыр. Мясціны мне знаёмыя: паблізу знаходзіцца новапабудаваны гандлёвы дом, цэнтр жыцця гэтага гістарычнага раёна, вакол шмат старых і новаадкрытых крамаў, рэстарацый, кінатэатраў  недзе тут павінен знаходзіцца той невялічкі начны клуб, у якім я ўжо аднойчы быў. Вось толькі ў мяне мокрыя нагавіцы, і мне прыкра, што людзі могуць прыняць мяне за бяздомнага. Да таго ж мне прыкра, што час ідзе, пачынае цямнець, а я ўсё яшчэ не знайшоў патрэбнай мне забаўляльнай установы.

Калі я дасягаю мэты, то бачу, што начны клуб ператварыўся ў звычайны шапік досыць неахайнага выгляду ён з белай фанеры, размаляваны ўсялякімі графіці  і ўсярэдзіне, як відаць праз вокны, збіраюцца цемнаскурыя людзі з мясцовых бандзюганаў, прапануючы мінакам танныя скрадзеныя рэчы, наркотыкі й дзяўчат для эскорту. Мне робіцца сорамна, што такі абект мог быць мэтай майго шпацыру, але я не падаю выгляду й заходжу туды, быццам дзеля таго, каб набыць нейкі недарагі сувенір,  мой выбар спыняецца на каштоўным фірмовым гадзінніку й не менш каштоўным пярсцёнку. Гадзіннік, маўляў, будзе мне, а пярсцёнак я падару сваёй дзяўчыне, каб яна даравала мне спазненне й не задавала лішніх пытанняў.

Раптоўна я адчуваю, што галодны, і пастанаўляю зайсці ў першую-лепшую з паблізных рэстарацый. Мне карціць выпіць віна, але яно там задарагое, а грошай у мяне засталося зусім мала. Я выбачаюся перад гаспадаром, што перадумаў есці, і збіраюся сысці. Той паведамляе мне з нічога ніякага, што мяне хоча бачыць кухар, ветнамец: маўляў, ён крыўдуе на мяне, і я павінен папрасіць прабачэння ў яго. Я не маю нічога супраць, мне дужа няёмка, і я паслухмяна іду ўніз, дзе гатуюць. У невялічкім скляпенні пад столлю вісіць туша нейкай жывёлы, з якой сцякае кроў. Мяне сустракае нейкі малады азіят, які кажа, што дзядуля выйшаў, але неўзабаве вернецца маўляў, ён вельмі пакрыўджаны, бо я сваёй адмовай есці абразіў іхныя нацыянальныя пачуцці й традыцыі. Я пытаюся, чым магу кампенсаваць сваю нетактоўнасць, і малады чалавек прапануе мне пары: калі я дабяруся дадому раней за ягонага дзядулю, мне будзе даравана. Я пагаджаюся, каб як мага хутчэй знікнуць з гэтага месца, але ўжо на выхадзе пачынаю пра гэта шкадаваць лепш бы я ў знак кампенсацыі пакінуў ветнамцам гадзіннік і пярсцёнак. Тут я заўважаю, што іх у мяне ўжо няма, але ўгаворваю сябе не пераймацца, урэшце, я ж толькі нядаўна іх набыў па смешна нізкім кошце, таму ніякай вялікай страты не пацярпеў. Галоўнае цяпер выпіць па дарозе віна і як найхутчэй дабрацца дадому.

Назад Дальше