Вяртаюся я той самай дарогай, што прыйшоў, але ўсё навокал выглядае крышку іначай. Найбольш мяне ўражвае агромністая колькасць людзей на вуліцах, збольшага маладых, праз іх амаль немагчыма прабіцца. Паводле таго, як сцямнела, я ўсведамляю, што не паспею ўжо зайсці ў свой улюбёны бар, дзе павінны акурат збірацца мае сябры, і прыспешваю хаду. Павярнуўшы галаву ўлева, у бок ракі, я са здзіўленнем заўважаю, што паралельна са мной па ўзбярэжжы ракі шыбуе маленькі стары ветнамец, спрабуючы як мага хутчэй пераадолець на сваім шляху ўсе перашкоды: абмінае людзей, скача цераз машыны, выяўляючы пры гэтым спрыт, нечуваны для ягонага веку. Я згадваю пра дамоўленае пары і ўсведамляю, што, калі прайграю яго, мяне чакае нешта горшае за смерць. Я пачынаю з усяе сілы бегчы ў напрамку свайго дома, але збочваю не туды, у нейкім скверы мяне спыняе маладзён славянскага выгляду й паведамляе, што тут расейскі раён, а мне трэба да ветнамцаў. Непадалёк гурток ягоных сяброў выбівае душу з нейкага выпадковага мінака. Я зноў прашу прабачэння й абмінаю сквер, вяртаючыся на свой ранейшы маршрут, спрабую нападабняць у сваіх рухах старога ветнамца, таксама пераскокваю пару машынаў але, нягледзячы на гэта, дарога здаецца мне бясконцай. Я клянуся сабе, што больш ніколі не буду заключаць ніякіх пары, нават здымаць ніякіх фільмаў, а замест гэтага займуся кінакрытыкай уласна, гэта мой улюбёны занятак, які я закінуў дзеля практычнай творчасці, а цяпер не магу зразумець чаму. Дзядуля тым часам не адстае, але й не абганяе мяне, трымаючыся на бяспечнай адлегласці, назіркам: я заўважаю, што да яго далучыўся ўжо цэлы гурт нашмат маладзейшых ветнамцаў, узброеных нейкай арматурай. Спаборніцтва ў бегу, такім чынам, ператвараецца хутчэй у паляванне на мяне я разумею, што павінен збіць іх з панталыку, каб самому не давесці іх да свайго дому. Я згадваю, што паблізу жыве адна мая сяброўка, і заходжу да яе ў госці.
Дзверы мне адчыняе яе муж, малады русявы хлопец невысокага росту, з якім я знаёмы досыць павярхоўна і якога не баюся, трымаюся з ім самаўпэўнена: маўляў, мне да ягонай жонкі, трэба пераначаваць і г. д. Ён не супраць, мяне кладуць з краю на сямейны ложак, побач з якім месціцца тумбачка, куды я магу адкласці свае рэчы. Адчыніўшы шуфляду, я раптоўна бачу там пасрэбраны пісталет, свой нядаўна пазбыты гадзіннік, а таксама шэраг лістоў і фотаздымкаў, якія красамоўна сведчаць пра тое, што між мною і жонкай хлапца ў мінулым, прычым у гэтай жа спальні й на гэтым жа ложку, адбыўся бурлівы раман. Я ўсведамляю, што мне лепей не заставацца ў іх, згадваю пра тое, што мушу трапіць дадому хутчэй за ветнамскага дзядка, карацей, прыдумляю нейкую адгаворку й хутка збіраюся сысці. Хлопец выходзіць праводзіць мяне на вуліцу й паказаць найкарацейшы шлях дамоў. Мы ідзем па вузкай гатычнай вулічцы, на якой няма ні душы, і хлапец па-сяброўску абдымае мяне за шыю. Мяне перапаўняе пачуццё віны перад ім, пачынаюць душыць слёзы, я кажу яму: «Слухай, магчыма, мы болей не ўбачымся я павінен папрасіць у цябе прабачэння. Але не за тое, што кахаў і кахаю тваю жонку, а за тое, што раней табе ў гэтым не прызнаўся. Ты меў права гэта ведаць». «Не бяды», адказвае той, «галоўнае, што цяпер ты ў гэтым прызнаўся». Нягледзячы на зычлівасць ягоных словаў, я адчуваю, што ягоная рука сціскае маю шыю ўсё мацней, ужо зусім не па-сяброўску. «Табе туды», паказвае ён мне вольнай рукою, «там ужо чакаюць». Я разумею, што ён мае на ўвазе ветнамцаў, і іду ў паказаным кірунку, гатовы не аддаць ім сваё жыццё танна. Аднак як толькі я выходжу за рог, аднекуль злева раздаецца чарга аўтаматных стрэлаў, я падаю на капот бліжэйшай машыны й застываю ў нерухомай позе. На капоце побач са мной сядзіць чалавек у светлым плашчы і занатоўвае ў перакідным блакноце заключэнне аб маёй смерці. Я яшчэ паспяваю заўважыць, што вакол стаяць паліцэйскія машыны з сірэнамі, як у нейкім амерыканскім фільме, прыглядаюся да чалавека ў плашчы і бачу, што гэта вядомы кінаактор: ён незаўважна паказвае мне на мігі, каб я ляжаў ціха, маўляў, трэба дазняць апошнюю сцэну, дзеля гэтага ён зараз зробіць мне ўкол аднаго рэчыва, ад якога я буду здавацца дасканала мёртвым. Але ж я й без гэтага разумею, што паміраю, бо не магу варушыцца, сцякаю крывёй і адчуваю жудасны боль ад ранаў. Усё, што я бачу ў апошнія імгненні, гэта пабітае лабавое шкло машыны, на якую я ўпаў, і зіхоткія аскепкі шкла, змяшаныя з такімі ж зіхоткімі чырвонымі кроплямі на капоце.
5
Капут, канстатаваў Замоўца, адпускаючы рукой маю галаву, што бязгучна апусцілася на клавіятуру, ад чаго манітор зноў весела заміргаў па-над мною сваім прастакутным німбам, і мой погляд мімаволі адлюстраваў дробныя літары недапісанага тэксту. То-бок капец, я хацеў сказаць.
Маем тое, што ён нам вінаваты? запытаўся ягоны Напарнік.
Замоўца зірнуў на экран, прабегся вачыма па радках і скрушна пакруціў галавой.
Трасцы, вылаяўся ён. У прынцыпе, няблага, але ў параўнанні з тым апошнім сном, які яго забіў, мабыць жа, абы-што Як заўжды, найлепшае пакінуў сабе. Эх, не варта было выдаваць яму опіум
А я вам казаў, уставіў Напарнік, што ён перадазнецца.
Наступным разам кажы гучней, вызверыўся Замоўца. Хадзем адсюль.
Экзекуцыя
Вёска пазбаўляе духоўнага чалавека ўсяго і не дае яму (амаль) нічога яна штораз духоўна яго спусташае і ўрэшце знішчае.
Томас Бэрнгард, «Пляменнік Вітгенштайна»Тук-тук-тук-тук.
Тук-тук-тук.
Тук-тук-тук-тук-тук-тук.
На вёсцы мяне штодня абуджае мой даўні таварыш дзяцел. Гэта нашмат горш за будзільнік той ільга прынамсі выключыць, нават услепкі, у стане паўсну. З дзятлам зрабіць немагчыма папросту ні халеры. Ён відавочна ўпадабаў драўляны кавалак страхі проста над маёй галавой, і хоць ты яго забі, але ён заўсёды будзе вяртацца штораніцы на тое самае месца, у адзін і той жа час. Здаецца, з дапамогай азбукі Морзэ дзяцел імкнецца паведаміць мне штосьці важнае. Альбо проста хоча прадзяўбціся скрозь дрэва да маёй галавы, каб выкалупаць з яе апошнія мазгі. Падазраю, што, калі так станецца, ён будзе расчараваны яму не будзе асабліва чым пажывіцца.
Каторая гадзіна? Гэтае пытанне я задаю сабе цалкам аўтаматычна, нягледзячы на тое, што яно мяне зусім не цікавіць. Дый чаму яно павінна мяне цікавіць? Каб даведацца, колькі я спаў? Я ведаю колькі доўга. Таму мне, шчыра кажучы, нават боязна зірнуць на будзільнік. Зрэшты, адсюль яго не відаць. Дакладней, відаць, але я не бачу стрэлак у мяне слабы зрок. Канец канцоў, якая розніца, каторая гадзіна? Што гэта мяняе? Хіба нейкая лічба можа прымусіць мяне ўстаць?
Вось ужо некалькі месяцаў, якія здаюцца тыднямі, я замкнёны ў гэтай кватэры. Не, мяне ніхто не замыкаў я сам замкнуўся. Зрэшты, маню замыкаў. Замкнула жонка, пасля таго як сышла. Памятаю яшчэ, што мая годнасць не дазволіла мне затрымаць яе.
Я разышоўся з ёю нейкі час таму, на дзень святога Валянціна, так бы мовіць, зрабіў сам сабе і ёй падарунак гэта было самае лепшае і самае нявіннае, што я мог прыдумаць. Усе далейшыя крокі ў нашых адносінах, верагодна, былі б гвалтоўнымі, прычым з абодвух бакоў. Не разумею, што бачаць людзі, асабліва маладыя, у дні святога Валянціна. Чаго яны па ім так шалеюць? Падазраю, што гэтае свята наогул зладзілі, каб перашкодзіць карнавалу. Яно наўпростая супрацьлегласць і процівага паганскаму Купаллю. Купалле свята наладжвання новых стасункаў, Валянцін пацверджання старых. Купалле (заўважце, нашае традыцыйнае свята) свята здрады, Валянцін свята вернасці, у нейкай ступені нават цнатлівасці. Хіба гэта не сумна?
Зрэшты, менавіта таму на Валянціна здрада ці прынамсі бойка з каханым чалавекам ёсць найсаладзейшым з учынкаў. Хаця наш з жонкаю разыход быў прадвызначаны задоўга да таго дня: ён нагадаў мне сто разоў адкладзеную партыю ў шахматы, хіба што ролю хадоў у ёй адыгрывалі пытанні. Мне здавалася, што я загнаў яе ў безвыходнае становішча, у кут, у цуг-цванг, але яна, уяўляеце, сказала мне, што ўвесь гэты час гуляла са мною не ў шахматы, а ў паддаўкі! Такім чынам, выйшла, што яна перамагла. Чорныя здаліся. Так ува ўсім: я жыву сваё жыццё (першапачатковы сцэнар якога, відаць, аддалі на рэалізацыю больш таленавітаму рэжысёру) бяздарна і залішне таропка дакладна так, як гуляю ў шахматы. Хуткі пачатак, атака, напор які захлынаецца, будучы залішне непрадуманым, гусарскім, рызыкоўным, а потым доўгая пакута, неахвота здавацца, адчайны супраціў, невыноснае чаканне паступовага, павольнага, але пэўнага разгрому.
Чаму я ўсё-ткі насамрэч з ёю разышоўся? Напэўна, ад суму. Заўсёды надыходзіць час, калі чалавек адчувае, што пара кінуць прымаць той ці іншы наркотык. Пік маёй цікавасці да жанчын прыйшоўся на папярэднія 56 гадоў гэта быў час, які прырода дала мне на завядзенне сямі й трывалага манагамнага стасунку, аднак я легкадумна не скарыстаў яго, і цяпер прыродзе няма чаго прапанаваць мне ў якасці мадэлі звычайнага чалавечага шчасця.