Галасы (зборнік) - Макс Шчур 8 стр.


Прызнайцеся, што і вам яна здаецца амаль нармалёвай, праўда? Калі не лічыць майтак Гэта таму, што вы яшчэ не ведаеце пра яе галоўнага. Цымус у тым, што Пенсіянерка не столькі любіць сапраўдных мужыкоў ці прыборку, колькі краскі. Кветкі. Ужо ўвечары таго ж дня, калі я ўсё-ткі прымусіў сябе вярнуцца з бара дамоў, на Пенсіянерчыных дзвярах красаваў уласнаручна ёю сплецены вянок. Назаўтра па ўсім калідоры ўжо віселі карціны з выявай сланечнікаў  карцін было дзесяць, і ўсе яны былі аднолькавыя, прасцей кажучы, гэта была адная й тая ж карціна ў дзесяці асобніках. Не работы Ван Гога, не падумайце самыя звычайныя сланечнікі, па-мойму, гэта была нават фотка. Тады ўжо мне стала ясна, што кепска будзе. На наступны дзень на балконе выстраіўся шэраг гаршчкоў з чымсьці чырвоным, а ў кутку на калідоры зявіўся кактус, усяго толькі на галаву вышэйшы за мяне. На працягу месяца Пенсіянерка паваліла наўкол дома ўсе дрэвы, каб тыя не засцілі яе кветкам сонейка, а на іхным месцы разбіла клумбы, на якіх з таго часу сядзіць, што курыца на яйках. У дадатак яна пачала аплятаць падезд нейкай лазою, у якую па-майстэрску ўпляла нейкую паўзучую квітнеючую брыдоту. Калі адзін бабыль-алергік паспрабаваў супраць гэтага пратэставаць, на яго чыста выпадкова ўпаў з балкону гаршчок. Магілу алергіка Пенсіянерка пачала даглядаць настолькі самааддана, што тая зрабілася найпрыгажэйшай на цвінтары: ад кветак там літаральна не засталося жывога месца, і магіла стала нагадваць наш дом на Каляды ці іншыя святы

Праз тое, што Пенсіянерка з прынцыпу пакідае дзверы сваёй кватэры адчыненымі, каб не прапусціць найменшага руху некаторага з суседзяў, магу засведчыць, што і ў яе кватэры ад кветак няма жывога месца. Кветкі ў яе як сапраўдныя, так і штучныя, і знаходзяцца паўсюль, ад столі да хатніх тэпцяў. З размовы між Пенсіянеркай і паштаркай я ўведаў, што мая новая суседка яшчэ й выпісвае часопіс «Папараць». Адным словам, калі Пенсіянерка ў найбліжэйшы час не пераедзе з нашага дома да таго ж алергіка пад свае дарагія кветкі, то нам давядзецца неўзабаве прасякаць сабе дарогу дамоў з дапамогай мачэтэ.

Кацятніца

Кацятніца, або Катабаза, паводле паходжання не мясцовая, таму кандыдаваць на старасту зусім не можа, хаця вельмі гэтага б хацела, каб магчы лепей бараніць інтарэсы котак. Больш таго, ейныя коткі таксама пераважна не мясцовыя: яны прыехалі разам з ёю з адной не самай далёкай краіны. Іхная гаспадыня, небарака, вымушаная была адтуль хутчэй куды-небудзь уцячы ад генацыду. Маўляў, яе там хацелі пазбавіць апякунскіх правоў на котак (бо яна не магла даць ім рады), а саміх котак забраць і пасля ўсыпіць. Тады Кацятніца загнала котак у грузавік, прадала кватэру і ўцякла ў Еўразвяз, дзе, як перадавала адно сарочынае радыё, сітуацыя з правамі жывёлы нашмат лепшая. І насамрэч, тут Катабазе (хаця, па шчырасці, хутчэй яе коткам) з гуманітарных меркаванняў далі палітычны прытулак. Тым не менш быць праваабаронцай і тут аказалася нялёгка. Перадусім кватэру ёй далі нашмат меншую за прададзеную бацькоўскую у чатырох пакоях коткі змяшчаліся лёгка, а тут у яе быў усяго адзін, ды яшчэ сумесна з кухняй. Неўзабаве яна з жахам зразумела, куды ўласна прыехала. А прыехала яна ў краіну, дзе найбольшая ўва ўсім Еўразвязе канцэнтрацыя сабак, і прынамсі палова з іх належыць да баявых пародаў. Асабліва на вёсцы. З гэтага ўжо ў Кацятніцы дах паехаў конча. З таго часу яна выходзіць з хаты, толькі каб накупіць кашэчай ежы за грошы тутэйшай дабрачыннай арганізацыі «Кату пад хвост». Сама яна жыве на інвалідную пенсію, як, зрэшты, і на радзіме, пачынаючы прыблізна з пераходнага перыяду.

Усё гэта я ведаю з першых рук, то-бок са словаў самой Катабазы. Не забуду, як яна апавядала мне гэта за гарбатай падчас маіх адведак у яе халасцяцкім пакойчыку. У адведкі яна мяне запрасіла пасля таго, як убачыла, што я купляю ў краме часопіс з загалоўкам «Жарсныя котачкі па суседстве». (Часопіс быў мне вельмі патрэбны з увагі на тое, што ў нас на вёсцы жарсных котачак па суседстве няма). Адмовіцца ад яе запрашэння я ў той няёмкай сітуацыі не мог. Яшчэ большую няёмкасць я адчуваў тады, калі піў яе гарбату і еў яе хлеб з маслам убачыўшы гэта, галодныя коткі абступілі мяне і з папрокам зазіралі мне ў вочы. Дый праз кацячы смурод у кватэры мне тая гарбата не асабліва смакавала. Чым больш мне Кацятніца апавядала пра сваё няшчаснае жыццё, тым больш мне карцела ў карчму, дзе смярдзіць усё-ткі крыху больш прыемна. Калі ж яна завяршыла свой аповед фразай «Раз вы так любіце котачак, то ці не хацелі б стаць Катататам?», я ледзь не ўдушыўся гарбатай. Прыціснуўшы да грудзей свой часопіс, я ветліва падзякаваў гаспадыні за пачастунак і прапанову, але ў мяне, маўляў, няма часу. Сірацінкі-коткі выглядалі ў той момант яшчэ больш маркотна, чым дагэтуль, і былі гатовыя выпусціць мяне з хаты толькі праз уласныя трупы. Урэшце, да дзвярэй я сяк-так прабіўся. Катабаза праводзіла мяне ажно да суседняга дома. Дзень быў больш хмарны за мой настрой. Каб неяк стрымаць слёзы, Кацятніца няўпэўнена паказала пальцам на рэшту сонечнага дыску ў аблоках і прамовіла: «А я й не ведала, што сёння поўня!» Нават гэта на мяне не падзейнічала. Я ж вам не які-небудзь Брэтон, каб страціць галаву ад кожнай Надзі. Самае большае магу напісаць пра яе кніжку.

Акулярнік

Для Акулярніка характэрнае, па-першае, тое, што ён адзіны з вяскоўцаў, хто носіць не сонечныя або веласіпедныя, а сапраўдныя акуляры, а па-другое што ён лічыць псіхамі ўсіх астатніх, апроч Псіха. Усе з ягонага гледзішча поўныя ёлупы, нават Вынаходнік. Гэтае сваё гледзішча ён дае вяскоўцам зразумець тым, што іх пазбягае. Асабліва жахаюць яго маладыя маці з каляскамі, людзі на роварах, бегуны з сабакамі, Пенсіянерка, бегуны без сабакаў, сабакі без бегуноў, моладзь, мясцовы панкер, кіроўцы легкавых аўтамабіляў, пасажыры цягнікоў і аўтобусаў, паліцыянты, прадстаўніцы мясцовых уладаў, доктарка, зубная доктарка і паштарка, якой ён ніколі не адчыняе. (Спадзяюся, што не забыўся пра кагосьці з насельнікаў вёскі). Нават фіранкі ў Акулярніка бальшыню часу захінутыя наглуха, каб ніхто, крый бог, не падумаў, што ён дома. Дома ён, зрэшты, і не бывае. У асноўным на яго льга натрапіць у мясцовым бары адзіным месцы, дзе Акулярнік пачувае сябе ў бяспецы. Ходзіць ён туды не казеліць вочы на тэлік, як нармальныя людзі, а выключна і прынцыпова чытаць, нягледзячы на тое што для гэтага на вёсцы існуе вясковая бібліятэка, куды, аднак, ходзяць толькі дзеці і жанкі. Насамрэч заўсёднікі бара даўно скемілі, што Акулярнік хаваецца за кніжкай толькі дзеля таго, каб ні з кім з іх не размаўляць. Дзякуючы гэтаму Акулярнік на вёсцы нікога не ведае, апроч бармена, хаця жыве тут ужо цэлае жыццё. Час ад часу ён нешта занатоўвае ў сваім нататніку, які яшчэ ніколі нікому не паказваў. Бадай, ён лепш бы ўжо паказаў каму-небудзь геніталіі, але каму гэта на вёсцы цікава, на вёсцы ўва ўсіх усё сваё, улучна з геніталіямі, нават у Катабазы. У бары Акулярнік не пе знакамітага тутэйшага піва, а замаўляе выключна толькі знакамітае сваёй паскуднасцю тутэйшае віно, пасля чаго дзівіцца, што ў яго штодня бадун. Яшчэ ніхто з аматараў піва ніколі не сустракаў яго каля пісуару, таму пра яго бытуе пагалоска, што Акулярнік ходзіць у жаночую прыбіральню (брахня). Ёсць у яго і іншыя дзіўныя звычкі, якія на вёсцы зусім не дарэчы. Напрыклад, Акулярнік рэцыклюе смецце. Затарвацца ў гастраном ходзіць за два кіламетры пешкі. У якасці адзінага з мясцовых варятаў ён сумленна наведвае псіхіятра, які прымае непадалёк ад гастранома. Гэта сведчыць пра тое, што Акулярнік ведае, што ён псіх, а гэта ўжо сапраўды дыягназ, бо ў нармалёвых варятаў такое сустрэнеш рэдка. Згода, не буду вас далей мучыць: Акулярнік гэта я. У нататнік я запісваю гісторыі пра мясцовых варятаў. Калі вам якая-небудзь падобная гісторыя вядомая, то абавязкова мне яе дашліце: не сумняюся, што і ў вас на вёсцы варятаў хапае.

Васільевіч

Ужо два тыдні таму, адразу пасля вяртання з Гдыньскае канферэнцыі ў пытанні аглушэння шыпячых (калі вы падумалі, што герой гэтага тэксту біёлаг, які займаецца даследаваннем прычын адсутнасці слыху ў змеяў і іншых паўзуноў, то зараз жа кіньце чытаць і шуруйце займацца чымсьці болей, на вашу думку, карысным, хоць бы і даследаваннем ранішняга зместу паўзункоў уласнага дзіцяці, калі яно ў вас толькі ёсць, што несумненна дурні множацца хутка, асабліва пасля Чарнобыля), Васільевіч адчуў, што ягонае жыццё болей не будзе такім, як было дагэтуль. Краіна сустрэла яго з непаразуменнем. Гэта ж трэба, думаў Васільевіч, усяго тры дні ў іншае частцы колішняй Рэчы Паспалітай, і да болю знаёмы свет змяніўся да непазнавальнасці! Павагаўшыся з хвіліну, ён дастаў з некалі моднай скураной торбы замуляны сшытачак і выразным почыркам занатаваў вышэйзгаданы афарызм у свой шыфраваны дзённік, які вёў з сямігадовага ўзросту і ў якім з таго часу набралася ўжо добрых пяцьдзясят старонак. Сваю кволую нованароджаную думку Васільевіч спавіў, адвярнуўшыся ў куток, да тралейбуснага вакна, нібы саромеўся перад іншымі пасажырамі за самую яе наяўнасць. На іхных варожых нявыспаных тварах была напісаная нянавісць да ўсіх думнікаў свету, да якіх яны самі, вядома ж, не належалі.

Сёння Васільевічу было асабліва няўтульна сядзець на скураным сядзенні тралейбуса ён не мог засяродзіцца на тэксце ўласнае манаграфіі, якую мусіў да заўтра падрыхтаваць да друку, бо ў яго было дзіўнае адчуванне, што ён займае чыёсьці месца. Пры гэтым у тралейбусе не было ніводнага чалавека, які быў бы варты таго, каб яму гэтае месца саступіць. Вунь абапіралася на кульбу старая бабка з Камароўкі, вартая хіба толькі сякеры Раскольнікава, вунь хістаўся перапрацаваны пянтос, вунь талдычыла сабе пад нос іншамоўныя вершы дзяўчынка-школьніца, вунь з непрыхаваным прафесіяналізмам абвілася вакол шаста цяжарная малалетка-распусніца Як ніколі дагэтуль, Васільевіч адчуў сябе чужым сярод гэтых людзей, якіх язык не паварочваўся назваць ягонымі суродзічамі. Столькі гадоў ён падманваў сябе надзеяй, што здолее дагукацца да страчанай душы свайго народа, і вось цяпер адчуваў сябе парыем, якому ў гэтым горадзе няма месца нават у тралейбусе

Назад Дальше