Праспект Незалежнасці (зборнік) - Яўген Ф. Шунейка 3 стр.


У 1913 г. адбыліся шчаслівыя перамены і ў прыватным жыцці сталага мастака. Ён узяў шлюб з маладой дзяўчынай з Вільні, Рэгінай Рук (18921939), дачкой дырэктара Віленскага аддзялення таварыства страхавання, і праз пэўны час стаў бацькам шасці дзетак: дачушкі Яніна, Ева, Барбара, сыны Эдуард, Аскар, Андрэй.

Перыяд Першай сусветнай вайны, рэвалюцыйных падзей, далучэнне Віленшчыны да адроджанай польскай дзяржавы Ф. Рушчыц перажыў з бацькамі, жонкай Рэгінай (Гінай, як ён ласкава называў сваю верную сяброўку жыцця), малалетнімі дзецьмі ў Вільні і Багданаве, многім рызыкуючы, але не жадаючы пакідаць дарагіх для сябе мясцін, хоць яны і трапілі ў прыфрантавую зону, не раз пераходзілі з рук у рукі падчас барацьбы за новыя дзяржаўныя межы. У красавіку 1919 г. Ф. Рушчыц вяртаецца ў Вільню, дзе становіцца сябрам Камітэта адраджэння Віленскага ўніверсітэта. У верасні ён абіраецца прафесарам, а потым і дэканам мастацкага факультэта. Адбылася яго вялікая мара адрадзіць прафесійную мастацкую адукацыю ў Літве і Беларусі, якая была гвалтоўна перапынена ў 1831 г. Для гэтага мастак меў выдатны педагагічны вопыт, прыдбаны ім на прафесарскіх пасадах у створанай ім Школе прыгожых мастацтваў у Варшаве (19041907) і ў Кракаўскай Акадэміі мастацтваў (19071908).

Няма ніводнага выпускніка сучасных польскіх Акадэмій мастацтваў, які б не ведаў ролю Ф. Рушчыца ў фарміраванні пачаткаў прафесійнай адукацыі ў іх маладой краіне, якая атрымала сваю незалежнасць 1918 г. І хоць Рушчыц аддаў перавагу развіццю віленскай мастацкай адукацыі, але застаўся прыхільнікам адзінай культурнай прасторы, якая сфарміравалася ў часы Рэчы Паспалітай паміж рознымі славянскімі народамі і іх іншаэтнічнымі суседзямі. Пра гэта сведчыць канцэпцыя першай выставы польскага мастацтва ў 1921 г. у парыжскім Гран Пале, якую арганізаваў Ф. Рушчыц. Уваход на выставу быў акцэнтаваны сімвалічнымі адлюстрававннямі слуцкіх паясоў, а ў экспазіцыі знайшлі сваё месца творы ўраджэнцаў Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі, якія працавалі ў перыяд нацыянальнага адраджэння другой паловы ХІХ пачатку ХХ ст. Французскі ўрад узнагародзіў арганізатара выставы, прафесара Віленскага ўніверсітэта вышэйшай дзяржаўнай адзнакай Ордэнам Ганаровага Легіёну.

Не забываў Ф. Рушчыц і вялікія традыцыі навучання ў Пецярбургскай Акадэміі мастацтваў, якая ў ХІХ ст. дасягнула вышэйшага еўрапейскага ўзроўню. Пад яго кіраўніцтвам у Віленскім універсітэце ў 1920-х пачатку 1930-х гг. развіваецца так званы стыль віленскага неакласіцызму, які быў скіраваны да засваення лепшых еўрапейскіх мастацкіх традыцый розных стагоддзяў. Студэнтамі яго факультэту станавіліся шматлікія здольныя маладыя людзі з розных мясцін Віленскага краю і Заходняй Беларусі, сярод якіх былі Пётра Сергіевіч і Міхась Сеўрук, сапраўдныя класікі беларускага мастацтва ХХ ст. Поруч з класічнымі відамі мастацтва на факультэце ўпершыню выкладалася фотамастацтва, чым займаўся вельмі блізкі сябра Ф. Рушчыца. Гэта пачынальнік сучаснай беларускай, польскай, літоўскай фотамастацкай школы Ян Булгак, які быў родам з Навагрудчыны. У другой палове ХХ ст. мастацкі факультэт пераўтварыўся ў Віленскі мастацкі інстытут, а потым і ў Акадэмію мастацтваў, выпускнікі якіх прынеслі еўрапейскую вядомасць сучаснаму літоўскаму мастацтву.

У вольны час ад мастацкай і педагагічнай працы Ф. Рушчыц з 1894 па 1932 гг. з пэўнымі перапынкамі вёў змястоўны дзённік свайго творчага і прыватнага жыцця. Спадкаемцам спадчыны мастака ўдалося выдаць 2 тамы гэтых каштоўнейшых рукапісных нататак, запісаў, развагаў. Існуе спроба перакладу першага тома дзённікаў на беларускую мову.

У 1920-х гг. Ф. Рушчыц працягвае займацца сцэнаграфіяй, афармленнем кніг, прыкладной графікай. Яму належыць праект новай пячаткі Універсітэта, ганаровы Рэктарскі ланцуг, урачыстыя віньеткі для дыпломаў розных факультэтаў і інш. Менавіта ў графіцы праявіліся яго выключныя партрэтныя здольнасці мастакапартрэціста. Былі і асаблівыя святочныя дні ў яго багатым на падзеі жыцці. 28 красавіка 1929 г. Ф. Рушчыц як прадстаўнік Віленскага ўніверсітэта ўдзельнічае ў адкрыцці помніка А. Міцкевічу ў Парыжы, чытае там урачыстую прамову на французскай мове. Нечаканай падзеяй, якую мастак выкарыстаў з вялікай прафесійнай адказнасцю, было адкрыццё ў 1931 г. каралеўскіх пахаванняў у падзямеллях Віленскага кафедральнага сабора. Знайшліся нейкім дзіўным чынам прыхаваныя падчас войнаў XVII ст. дамавіны караля Аляксандра Ягелончыка (Ягайлавіча), а таксама дзвюх жонак Жыгімонта Аўгуста Альжбеты Габсбуржанкі і Барбары Радзівіл. Не да канца давяраючы гістарычнай уражлівасці тагачасных дакументальных фотаздымкаў, мастак з натуры малюе захаваныя парэшткі каралевы Барбары Радзівіл, чало якой аздабляе залатая карона, а таксама іншыя сведчанні гісторыі з максімальнай дакладнасцю і мастацкім піетэтам. Аналагаў такой выразнай графічнай вобразнай дакументацыі яшчэ не ведала гісторыя еўрапейскага мастацтва.

Сапраўды тытанічнай актыўнасцю ўражвае шматбаковая грамадская дзейнасць сталага мастака. У 1919 г. ён арганізаваў Таварыства Аматараў Вільна, стаўшы яго душой і сумленнем. Рушчыц праводзіў вялікую вытлумачальную работу, каб яго землякі па-новаму ўбачылі той спадчынны цуд, які ўяўляе сабой Вільня, а таксама яе бліжэйшае і далёкае наваколле, ажно да руін-муроў Навагрудскага замка ды іншых маўкліва-векапомных сведкаў гісторыі. Многія з іх дзякуючы кансервацыі 1920-х1930-х гг. захаваліся да нашых дзён. Нават свой мастацкі факультэт Універсітэта ён вырашыў размясціць у былым бернардынскім кляштары, каб выхоўваць студэнтаў у адпаведным гістарычным асяроддзі. На факультэце сфармавалася вельмі шчырая атмасфера ўзаемаадносін паміж настаўнікамі і студэнтамі, інспіраваная паводзінамі самога дэкана. Гэта былі сяброўскія стасункі без прыкметаў прафесарскай вышэйшасці, але і без уседазволенасці. Моладзь з энтузіязмам уключалася ў самыя розныя мерапрыемствы, якія ладзіў Настаўнік. Так званыя акадэмічныя вечары-балі пад яго кіраўніцтвам пераўтвараліся ў жывыя гістарычныя імправізацыі з масавым удзелам віленскіх аматараў усяго нязвыклага і рамантычнага, як, напрыклад, Гульні на Ніжнім замку з часоў Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл (1923) і інш. У 1928 г. Рушчыц арганізоўвае ў мурах Універсітэта яшчэ адну Рэгіянальную выставу народнай творчасці і калекцыю віленскага мастацтва за мінулыя сто гадоў. У тым жа годзе, 15 снежня, у дзень адкрыцця віленскага радыё ён прымае ўдзел у перадачы, прысвечанай Крымскім санетам А. Міцкевіча. Зрэшты, ці можна пералічыць усе вялікія і малыя грамадскія справы, якія атрымалася здзейсніць?

30 кастрычніка 1932 г. мастак цяжка захварэў, у яго была паралізавана правая рука, ён страціў магчымасць размаўляць. Гэта змусіла яго адсланіцца ад грамадскіх і педагагічных абавязкаў, каб сканцэнтравацца на мастацтве і ўпарадкаванні сваіх архіваў (з вялікімі намаганнямі ён маляваў і пісаў левай рукой). У 1935 г. Ф. Рушчыц назаўжды пакідае сваю дарагую Вільню і вяртаецца ў Багданаў, дзе і завяршыўся зямны шлях вялікага творчага Аратага (30 кастрычніка 1936 г.) і дзе ён быў пахаваны на высокім пагорку непадалёк багданаўскай сядзібы. Над яго сціплым надмагіллем праносяцца велічныя аблокі і спяваюць свае адвечныя мелодыі стогадовыя бярозы і сосны.

Доўгі час імя і справа жыцця Фердынанда Рушчыца былі ў Беларусі малавядомымі. Мастака адносілі да польскіх ці літоўскіх творцаў, наўмысна забываючы пра яго беларускае паходжанне. Таму ў суседзяў адбываліся выставы, пісаліся артыкулы, але вось пра яго багданаўскія вытокі казалася мімаходзь, без асаблівай увагі. Але пакрысе адносіны пачалі змяняцца, прычынай таму сталі грунтоўныя мастацтвазнаўчыя працы беларускіх даследчыкаў. З кожным годам усё больш актыўна адбываецца вяртанне Памяці і Пашаны да Рушчыца на яго роднай зямлі. Праходзяць міжнародныя навуковыя канферэнцыі, мастацкія пленэры, намаганнямі музеяў Кракава, Варшавы, Вільні і Мінска ладзяцца выставы. Квітнее і род Рушчыцаў, прадстаўнікі якога жывуць у суседняй Польшчы і з вялікай любоўю ставяцца да захавання спадчыны легендарнага багданаўскага творцы. У яго сына Эдуарда ў 1959 г. нарадзіўся сын Фердынанд, які атрымаў імя дзеда. Ужо дарослымі сталі праўнукі мастака Караліна (1981 г.н.) і Эдуард (1982 г.н.). Жыццё працягваецца, і каму зараз прыйдзе ў галаву недарэчная ідэя зноў дзяліць вялікага Рушчыца паміж палякамі, рускімі, літоўцамі і беларусамі ды іншымі народамі, культурамі, мастацкімі школамі. Яго вялікасць не змяшчаецца ў вузкім коле гістарычнай краёвасці. Ён будаўнік культурных мастоў паміж братнімі народамі і ён жа заснавальнік наватарскага мастацтва Беларусі, Расіі, Польшчы і Літвы. Мы ўсе яднаемся вакол яго мастацтва, якое ўсім нам дае творчыя перспектывы, дазваляе адчуць пад нагамі трывалую Зямлю, а над галавой высокае Неба.

Сцэнаграфічны дэбют

Пачынаючы з 1970-х гг., усё больш слоў прызнання і захаплення сярод беларускіх даследчыкаў выклікаюць жывапісныя творы славутага мастака (1, 2). Але толькі ў 2007 г. зявіліся першыя згадкі ў айчынным гістарычным друку пра важкі ўклад Ф. Рушчыца ў віленскі перыяд 1900-х1920-х гг., у станаўленне і развіццё тэатральна-дэкаратыўнага мастацтва (3, с. 33).

Актуальнай задачай бачыцца цяпер пашырэнне інфармацыі пра сувязь са сцэнай мастака-жывапісца, які па ўласнай ініцыятыве, разумеючы значнасць тэатральных пастановак у справе культурнага адраджэння, пераключыўся з сімвалічных пейзажных твораў на стварэнне шматасацыятыўных тэатральных дэкарацый, касцюмаў, праектаванне розных сцэнічных рэквізітаў і да т. п. Фердынанд Рушчыц не меў спецыяльнай (як мы б цяпер сказалі) сцэнаграфічнай падрыхтоўкі, але валодаў прыродным дарам вобразнага паглыблення ў кожны новы творчы праект у розных відах выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтваў, што і вызначыла надзвычайную вартасць вынікаў яго дзейнасці як тэатральнага мастака.

Назад Дальше