Як можна зразумець на падставе захаваных арыгіналаў, асаблівай адметнасцю кампазіцыйных матываў таленавітай мастачкі зяўляецца іх вобразная шматзначнасць. Раслінныя формы ўтвараюць між сабой такія дзівосныя спалучэнні, што выглядаюць зусім інакш, чым на звычайным лузе, і ўвесь час прачытваюцца па-новаму, у нечаканых рытмічных і фармальных канфігурацыях. Яны сімвалізуюць пераход да свабоднага светабачання, у якім знікаюць межы натуралізму і эстэтычнай зацуглянасці. У гэтым праявіўся непараўнальны творчы дар Элізы Ажэшкі узвысіць кожную раслінку, кветачку роднай зямлі да наватарскага сімвала красы і дасканаласці.
Ад Смілавіч да Парыжа
Да 100-годдзя Хаіма Суціна
За апошнія гады сталася відавочным, што нашае мастацтва ўжо не замыкаецца ў лакальных геаграфічных межах. Раней за беларускае афіцыйна прызнавалася толькі існуючае ў рэспубліцы ды адпаведнае патрабаванням так званага сацыялістычнага рэалізму, з усталяванай іерархіяй, сваімі патрыярхамі і класікамі. Але нечакана гэтыя межы зніклі, і сёння мы спрабуем выпрацаваць крытэрыі, якія ўжо не дазваляюць абысці ўвагай усё тое, што па многіх прыкметах да беларускага мастацтва таксама мае самае непасрэднае дачыненне. Таму цяпер мы назіраем працэс адкрыцця імёнаў класікаў сучаснага мастацтва, беларусаў з месца паходжання, якія нарэшце вяртаюцца да нас, слынныя і даўно прызнаныя ў свеце. Але найважнейшае прызнанне заўсёды вядомасць на радзіме. Бо ці не тут фармуюцца першыя ўражанні, што потым насычаюць творчасць скразной настальгічнай прыгажосцю. Як пісаў Скарына: люди игде зродилися и ускормлены суть по Бозе, к тому месту великую ласку имають. Хоць лічаныя гады дзяцінства жыў тут чалавек, але ж ці можна яго адлучыць ад беларускага паходжання? А калі вучыўся ў Мінску ці Вільні, пачаў тут маляваць свае першыя карціны? Не нам пазбаўляць мастака яго творчага грамадзянства. Але чаму энцыклапедыі сусветнага мастацтва, не абмінаючы імёны выдатных творцаў, якія паходзілі з беларускіх зямляў, называюць іх радзіму, напрыклад, Расіяй? Мы ўсё ніяк не адважваемся казаць сабе і свету пра свае правы і абавязкі стасоўна землякоў, за якіх нашай радзіме гонар між народамі?
Адметнасцю беларускага мастацтва ёсць шматканфесійнасць і шматнацыянальнасць. Больш за 600 гадоў жывуць з намі татары, габрэі, жамойты і іншыя этнічныя супольнасці з агульнымі ўжо культурнымі здабыткамі, прасякнутымі духам беларушчыны. Натуральна, што, напрыклад, мастак-габрэй будзе ўносіць у агульную панараму настроі і формы драматычнай змрочнасці ці гратэскавай іранічнасці, уласцівыя яго псіхалагічнаму светаўспрыманню, а мастак-татарын акцэнтуе свае эмацыянальныя перажыванні праз кантраснасць, сакавітасць колераў, дынаміку вобразных адлюстраванняў і да т. п. Але гэта ніяк не супярэчыць іх беларускасці, толькі ўзбагачае, паліфаніруе, развівае, дадае беларускаму мастацтву адметнасці і разнастайнасці.
Усе гэта сказана, каб падвесці чытача да гутаркі пра творчасць класіка авангарда, выхадца з Беларусі, жывапісца парыжскай школы Хаіма Суціна. Як і ў іншых дзеячаў беларускай культуры габрэйскага паходжання з местачковых семяў, цяжка цяпер дакладна аднавіць месяц і дзень яго нараджэння. Пэўна, згубіліся метрычныя запісы пры сінагозе, а сам мастак не меў дакладных сведчанняў пра свае народзіны. Таму пачатак яго жыцця звязваюць з канцом 1893 ці 1894 г. Якраз цяпер мы адзначаем яго 100-гадовы юбілей.
Няма сэнсу паўтараць ужо вядомыя старонкі біяграфіі творцы, пісаныя і перапісаныя ў капітальных выданнях на французскай і англійскай мовах, а тым больш на рускай, дзе па стандартнай завядзёнцы аўтары фарбуюць у самых змрочных колерах і радзіму мастака, і цемрашальства местачковага габрэйскага жыцця. Хоць даўно вядома з абектыўных гістарычных крыніц, што жыццё габрэяў на Беларусі на пачатку ХХ ст. па многіх крытэрыях было ўзорнаталерантным у параўнанні з внутренними губерниями.
Адкуль тут узяцца фанатызму, пагромным настроям, дзікунству, калі нават на кірмашы цяжка было сустрэць чалавека на моцным падпітку. Калі ж у сямі Суціных, як высветлілася, не хапала ладу паміж дзецьмі розных узростаў ды інтарэсаў і паразумення адносна захаплення мастацтвам аднаго з іх, дык з гэтага аніяк нельга рабіць высновы пра культурную абмежаванасць цэлай краіны. Вызначальнае і галоўнае сувязі з зямлёю, на якой мастак нарадзіўся, вырас, яго вобразнае ўспрыманне наваколля, духоўны патэнцыял, з якім рушыў у вялікі свет.
Факты нараджэння і жыццё на Беларусі гэтага выдатнага творцы мусяць быць усебакова і ўважліва даследаваны, каб выключыць з іх традыцыйныя штампы савецкай даведачнай літаратуры з абавязковымі спасылкамі на голад, крыўду, знявагі, пабоі. Маўляў, толькі і заставалася зацкаванаму хлопчыку ўцякаць як мага далей з такога дзікунскага краю ажно ў Парыж.
Але хопіць пра дурное. 7 лістапада 1993 г. аўтар гэтых радкоў выправіўся ў Смілавічы.
Дваццаць пяць кіламетраў ад Мінска ў бок раённага цэнтра Чэрвеня (у мінулым Ігумена) кароткая дарога, аднак вельмі запамінальная. Па меры набліжэння да мястэчка ўсё больш ясна прыходзіла разуменне, што гэта надзвычай прыдатныя мясціны дзеля фарміравання тонкай і ўражлівай асобы.
Наведаць суцінаўскую малую радзіму больш варты занятак для даследчыка, чым рэтрансляцыя меркаванняў іншамоўных аўтараў, якія лічаць, што мастак нарадзіўся ў Літве, недзе пад Вільняй і да т. п. Невядомым яшчэ еўрапейскім гісторыкам шляхам набліжаемся да Смілавіч. Па добра накатанай шашы ды на экспрэс-аўтобусе дарога прамінае за 20 хвілін! Але мастацтвазнаўчае набліжэнне да Смілавіч доўжылася амаль 100 гадоў. Давайце будзем шчырымі. Не ведалі або не лічылі сваім і не жадалі даследаваць (ці не мелі на гэта афіцыйнага заказа), бо не ўпісваўся вялікі зямляк у прынятыя нормы, не падлягаў ідэалагічнай кананізацыі. Таму цяпер наш агульны абавязак перад уласным сумленнем і гісторыяй выправіць памылку.
Смілавічы прыгожы куток нашае Бацькаўшчыны. Праўда, многае яны страцілі за ваенныя і пасляваенныя гады, але жыве, цепліцца ў іх чулы і лагодны беларускі дух, які немагчыма выдаліць ніякімі бетоннымі новабудамі і абсурдам бязбожнага існавання. З былой мэблявай крамы смілавічане збудавалі царкву, рупяцца, каб на вуліцах і на падворках быў парадак. Добрым ладам заўжды жылі тут беларусы-праваслаўныя і беларусы-католікі. А побач з імі цэлымі вуліцамі месціліся татары, габрэі. Але потым здарылася бяда. У 1943 г. карнікі знішчылі местачковае габрэйскае насельніцтва, мала хто ацалеў. І, відаць, ужо не адродзіцца тое асяроддзе шчыльна злучаных з беларушчынай местачковых габрэяў, што стагоддзямі жылі тут па-свойску і з якіх выйшаў вялікі мастак. Не так проста знайсці тое месца, дзе быў яго дом. Але як напамін захаваліся старыя габрэйскія могілкі. Мо там спачываюць продкі мастака пад якой-небудзь урослай у зямлю плітой з паўсцёртай вяззю выцятых надпісаў?