Дні пралятаюць віхурай у спешцы наведаць модны літаратурны салон, канцэрт, прэмеру ў тэатры, мастацкую выставу Але маладая душа пакутуе, думкі раздзіраюць спакой вячэрняй адзіноты і кладуцца «на паперы сумнымі радкамі»
Паэту цяжка са сваімі думкамі, якія «ліха на свет на смех спарадзіла». Ён пытае ў сябе, у свайго лёсу: навошта любіў, навошта даглядаў іх свае кветкі, сваіх дзяцей, навошта з імі плакаў? Ці знойдзецца ў свеце хоць адна душа, адно «дзявочае сэрца», «што аплача гэтыя думы»?
Адну слязу з вачэй карых
І пан над панамі!..
Шаўчэнка хваравіта перажывае, куды падзець свае думы, якія ён так любоўна гадаваў, даглядаў?
Ва Ўкраіну йдзіце, дзеці!
У нашу Ўкраіну,
Бы няшчасныя сіроткі,
А я тут загіну.
У пачатку 1840 года паэт прароча сведчыць: яго паэтычныя думы, яго песні, яго кветкі-дзеці пойдуць ва Украіну, а сам ён тут, у імперскай сталіцы, загіне.
Тады ж Шаўчэнка малюе алейнымі фарбамі першы аўтапартрэт. Рамантычны, пышнавалосы, з вострым позіркам вялікіх цёмных вачэй, рэзкія «хвалі» неспакойных броваў, моцна сціснутыя вусны колькі душэўнага напружання, валявой рашучасці і творчай дзейнасці выпраменьвае гэты пластычна дасканалы вобраз мастака! Сіне-зялёныя тоны адценьваюцца чырвоным пробліскам гарачага дыхання неўміручасці.
У канцы 1839 года Я. Грэбінка пазнаёміў Шаўчэнку з украінскім памешчыкам П. Мартасам, якому захацелася мець свой акварэльны партрэт. Падчас сеансаў П. Мартас убачыў рукапіс вершаў маладога мастака і вырашыў аплаціць выданне твораў Шаўчэнкі.
18 красавіка 1840 года ў Пецярбургу зяўляецца на свет першы зборнік паэта пад назвай «Кабзар», рукапіс якога да друку падрыхтаваў Я. Грэбінка. У кнігу ўвайшло восем твораў: «Думи мої, думи мої», «Перебендя», «Катерина», «Тополя», «Думка» («Нащо мені чорні брови»), «До Основяненка», «Іван Підкова», «Тарасова ніч». Нягледзячы на цэнзуру і выкрэсліванні ў «Катерині», у вершы «До Основяненка» і паэме «Тарасова ніч», гэта была вялікая духоўная перамога паэта над маўчаннем, якое неміласэрнай перашкодай стаяла на шляху да творчага самаздзяйснення. Шаўчэнка стварыў кнігу духоўнага ваяра, якому даверыў барацьбу за чалавечыя душы, здранцвелыя ў бяздзейнай адзіноце. Адпраўляў малады Шаўчэнка свае думы «кветкі мае, дзеці!» ва Украіну ў вобразе народнай кнігі, напісанай на мове свайго народа. Адпраўляў у надзеі-перакананні:
Стрэнеце там шчырасць сэрца
Са словам ласкавым,
Стрэнеце там шчырасць-праўду,
Яшчэ, можа, й славу
Унутрана самотны паэт уяўляў сябе кабзаром, старым Перабендзяй, які спявае ў стэпе на кургане, сумуючы, што вецер па полі развее яго словы.
Каб людзі не слухалі Боскае слова,
Што сэрцу пра волю ад Бога гучыць,
І сэрца шчабеча Гасподнюю славу,
А думка на хмары па свеце ляціць.
Няма ў Шаўчэнкі ўпэўненасці ў тым, што ягонае слова запаліць у сэрцах людзей іскру сумненняў і разважанняў аб сваім нявольніцкім лёсе. У снежні 1844 года ён піша вершаванае пасланне Гогалю, якога не аддзяляў ад украінскага этнакультурнага арэала:
Каму ж яе пакажу я,
І хто тую мову
Прывітае і пазнае
Вялікае слова?
Людзі зглухлі і паніклі:
У ярмах не ў лаўрах
Ты смяешся, а я плачу,
Вялікі мой сябра.
Каб, у надзеі на даверную размову, бліжэй прыхінуцца да чытача, малады Шаўчэнка перадавярае свае думы «бяздольнаму старому кабзару», якога прывыклі слухаць па вёсках, верылі яго кобзе, яго думе. І сёння гэты стэрэатып успрымання Шаўчэнкі у вобразе старога кабзара ў смушкавай шапцы, у цяжкім кажусе, змрочнага і сярдзітага гайдамацкага мсціўца, пераважае. А паэту было ўсяго дваццаць чатыры гады, калі ён напісаў «Кацярыну», «Гайдамакі» былі завершаны на 26-м годзе жыцця.
Гайдамаччына гэта апошняе парыванне ўкраінскага народа атрымаць свабоду, гэта трагедыя даведзенага да роспачы прыгнечанага народа, які ў шалёнай празе помсты за здзек губляе маральныя засцярогі і не зважае на Божыя запаведзі. Шаўчэнка хваравіта перажывае гэты немы крык заняволенага народа, што выбухнуў гневам «за святую праўду-волю» і асудзіў сябе на шматгадовыя бязмежныя пакуты:
Слова, якое толькі плача, у смутку і тузе калыша ўспаміны, а не акрыляе дух, не напаўняе чалавека і нацыю энергіяй самаздзяйснення, для паэта мёртвае.
Шаўчэнкавае слова ўваскрашае гістарычныя падзеі, факты такімі эстэтычнымі сродкамі, каб спачатку разбурыць стэрэатыпы іх успрымання, а затым гэтую падзею або факт падаць у новай інтэрпрэтацыі. Для гэтага паэт пашырае карціну першапрычын і развіцця зявы. Вымярэнні гісторыі, іх свядомае сутыкненне ў Шаўчэнкі накіраваныя на тварэнне цэласнага ўяўлення аб той ці іншай падзеі, зяве, фігуры (Хмяльніцкі, разбурэнне Сечы, Калііўшчына). Асэнсоўваныя Шаўчэнкам падзеі нібы ахутваюцца духоўнай энергіяй унутранага ўгадвання-спазнання ім сапраўдных глыбінь і зместу гістарычных зяў і працэсаў. Так, у паэме «Гайдамакі» паэт «паварочвае» падзеі мінулага трагічным бокам і пераасэнсоўвае ўражанні і «сведчанні» ўдзельнікаў Калііўшчыны. Ён перарывае плынь гістарычнага аповеду, каб, уплятаючы ў яе тканіну глыбокія аналогіі, асацыяцыі і ўласны ацэначны погляд, стварыць рухомую сістэму мастацкіх сувязяў, якая нараджае новыя ўспрыманні і ацэнкі.
Гайдамацкі «чырвоны баль» па ўсёй Украіне для Шаўчэнкі не толькі справядлівая помста за прыгнёт і здзекі, але і глыбокая рана ў душы і свядомасці ўкраінскага народа. Яго трагедыя заключалася таксама ў супрацьстаянні праваслаўнай і ўніяцкай веры, у рэлігійнай разяднанасці этнічных украінцаў, якую ўсяляк узмацняла і культывавала польская шляхта. З глыбокім болем піша паэт пра жорсткае ліхалецце:
Не спыніла завіруха
Пякельнае кары
. . . .
Пекла мала!.. Людзі, людзі!
Калі ж досыць будзе
Таго дабра, што маеце?
Дзіўныя ж вы, людзі!
Не спыніла вясна крыві,
Ні злосці людское
Шаўчэнка славіць правадыроў свайго народа за іх ахвярнасць, мужнасць і сілу духу, за веру ў незалежную Украіну і адначасова папракае за разлад і неапраўданыя кампрамісы, за паражэнні, якія прывялі да нацыянальнага бяссілля, палітычнай пасіўнасці:
Гетманы, гетманы, калі ж бы вы ўсталі,
Калі б паглядзелі на той Чыгірын,
Што вы будавалі і дзе панавалі!
Заплакалі б цяжка, бо вы б не пазналі
Казацкае славы нікчэмных руін.
Паэт рыдае, успамінаючы «справы незабытыя дзядоў нашых». Гэта «цяжкія справы», бо пралівалі яны кроў сваю, свайго народа «за Маскву і Варшаву» і перадалі сынам «свае кайданы, сваю славу!».
Вялікія творчыя намеры маладога Шаўчэнкі і Шаўчэнкі-старэйшага, бязлітасна прыгнечанага шматгадовай няволяй, жывуць таксама на старонках яго вядомых на сёння пяці альбомаў нататнікаў «штамбухаў» для малюнкаў, эскізаў і запісаў. «Я малюю цяпер Украіну, піша Шаўчэнка 29 чэрвеня 1844 года Восіпу Бадзянскаму. Намалюю краявіды, што ёсць ва Украіне, ці то гісторыяй, ці прыгажосцю адметныя; у другі раз як сённяшні народ жыве, у трэці як ён калісьці жыў і што вырабляў».
Пакінуць Пецярбург Шаўчэнка змог толькі ў траўні 1843 года, хоць мара ўбачыць Украіну ўзбуджвала яго творчае ўяўленне і нецярпліва зазывала ўзнавіць вобраз роднага краю ў серыі афортаў «Живописна Україна».
Ён просіць грашавітых людзей, тых, хто мае «і сілу і славу» і любіць «тую краіну, што я цяпер узяўся маляваць», дапамагаць яму. Шаўчэнка верыць, што калі «добрыя людзі скінуцца і дапамогуць, тады ажыве наша краіна хоць на паперы».
Планы мастака Шаўчэнкі велічныя і патрыятычныя: «Калі б мне Бог дапамог закончыць тое, што я цяпер пачаў, ужо тады склаў бы рукі і ў труну. Было б з мяне: не забыла б Украіна мяне мізэрнага», піша ён у лісце да Міколы Цэртэлева 23 верасня 1844 года.
Ён спадзяецца наведаць роднае сяло Кірылаўку, бліжэй пазнаёміцца з культурнымі людзьмі Украіны, пабываць у сяброў нашчадкаў казацкай старшыны Чарнігаўскай і Палтаўскай губерняў, убачыць новаствораны ўніверсітэт у Кіеве.
На Чарнігаўшчыне паэта-мастака чакаў Г. Тарноўскі гаспадар знакамітай Качанаўкі, дзе была сабраная вельмі каштоўная бібліятэка і вялікая карцінная галерэя.
Прайшло пятнаццаць гадоў з таго часу, як ён пакінуў Украіну. Вярнуўся вольным чалавекам, знакамітым паэтам і жывапісцам. Канец вясны, усё лета і ўсю восень 1843 года Шаўчэнка правёў ва Украіне.
На Палтаўшчыне Шаўчэнка пабываў у прыяцеля і сябра па Пецярбургу Я. Грэбінкі уладальніка хутара Убежышча, які прывёз маладога мастака і паэта на імянінны баль памешчыцы Т. Валхоўскай, які яна давала штогод у сваім маёнтку ў вёсцы Мойсеўка. Там, на гэтай штопаўгадавой сустрэчы-свяце тагачаснай эліты Украіны, Шаўчэнку сустракалі з захапленнем як нацыянальнага паэта. Там Шаўчэнка пазнаёміўся з такімі дзеячамі ўкраінскай літаратуры, навукі і мастацтва, як А. Афанасьеў-Чужбінскі, А. Капніст, М. Маркевіч, Я. дэ Бальмен, М. Башылаў, В. Закрэўскі, П. Лукашэвіч. У Мосеўцы ён сустрэў Ганну Закрэўскую можа, найбольшае каханне ў яго жыцці.