Мастак. Да 200-годдзя з дня нараджэння Тараса Шаўчэнкі (зборнік) - Тарас Шаўчэнка 2 стр.


Няма падставаў не верыць Г. Данілеўскаму, які ўспамінае размову В. Бадзянскага з М. Гогалем восенню 1851 года. На пытанне В. Бадзянскага, як Гогаль ацэньвае талент, паэзію Шаўчэнкі, той адказаў: «Нам, Восіп Максімавіч, трэба пісаць па-руску, трэба імкнуцца да падтрымкі і ўмацавання адной, пануючай мовы для ўсіх родных нам плямёнаў. Дамінантай для рускіх, чэхаў, украінцаў і сербаў павінна быць адзіная святыня мова Пушкіна».[3]

Выкупаны ў імперскай славе Н. Кукальнік заадно з вядомымі літаратарамі і дзяржаўнымі чыноўнікамі напаў у 1840 годзе на П. Мартаса за выданне «Кобзаря» Шаўчэнкі, таму што яго кірунак, маўляў, шкодны і небяспечны, і прапаноўваў забараніць «польскую, маларасійскую і ў остзейскіх губернях нямецкую»[4] мовы.

Галасоў у абарону ўкраінскай мовы як літаратурнай, прыдатнай для фарміравання нацыянальнай літаратуры, было амаль не чуваць. Ва ўніверсітэцкім Харкаве, дзе адрадзілася ўкраінская перыёдыка, часопісы «Украинский вестник» і «Харьковский Демокрит» публікавалі толькі асобныя творы на ўкраінскай мове, а «Украинский журнал» наогул не надрукаваў ні аднаго. Усё гэта сведчыла аб поўным непрыманні літаратурнага статусу ўкраінскай мовы і прымушала ўкраінскіх аўтараў шукаць сваю нішу ў рускай літаратуры, а значыць, губляць творчыя магчымасці для ўласнага нацыянальнага самавызначэння. Ігнараванне ўкраінцамі роднай мовы перашкаджала разгортванню найважнейшага працэсу стварэння ўкраінскага грамадства. Пасля, знаходзячыся ў 1847 годзе ў Седневе, Шаўчэнка піша прадмову да другога, на жаль, не ажыццёўленага выдання «Кобзаря», у якім выкладае свае думкі адносна сучаснага стану ўкраінскай літаратуры і перспектыў яе развіцця. Ён настойвае на ўзняцці ўзроўню нацыянальнай літаратуры шляхам глыбокага пазнання жыцця народа, валодання роднай мовай і дзякуючы незалежнай, нацыянальна свядомай пазіцыі літаратараў, абавязак якіх забяспечыць самастойны шлях развіцця ўкраінскай літаратуры: «А на маскалёў не зважайце, хай яны сабе пішуць па-свойму, а мы па-свойму. У іх народ і слова, і ў нас народ і слова. А чыё лепш, хай судзяць людзі».[5]

Тых пісьменнікаў-украінцаў, якія адракліся ад роднай мовы, служылі чужой культуры, Шаўчэнка асуджае і супрацьпастаўляе ім сапраўдных патрыётаў Караджыча і Шафарыка: «Чаму У. С. Карадж[ыч], Шафар[ык] і іныя не пастрыгліся ў немцы (ім бы зручней было), а засталіся славянамі, шчырымі сынамі маці сваіх, і славу добрую здабылі?».[6]

Шаўчэнка адчуваў і духоўную, і матэрыяльную падтрымку ў сваіх памкненнях выказаць на роднай мове тое, што нябачна пульсавала ў сасудах нацыянальнага арганізма, з боку Я. Грэбінкі, які пісаў на ўкраінскай мове, украінскага землеўладальніка П. Мартаса, цэнзара П. Корсакава, які ўхваліў да друку «Кобзаря» і надрукаваў станоўчую рэцэнзію ў часопісе «Маяк», мастака І. Сашэнкі, канферэнц-сакратара Акадэміі мастацтваў, украінца па паходжанні, В. Грыгаровіча, кампазітара М. Віельгорскага, мастакоў К. Брулова і А. Венецыянава, паэтаў В. Жукоўскага, П. Вяземскага І ўсё ж пецярбургская атмасфера нацыянальнага абязлічвання прыгнятала Шаўчэнку. Ён усведамляе, што адзінае выратаванне ад растварэння ў асяроддзі рускай культуры і літаратуры, у прыватнасці, заключаецца не проста ў звароце да мовы, але і ў стварэнні на ёй нацыянальнай літаратуры, якая б спрыяла фарміраванню ўкраінскай нацыі, вызначэнню гістарычнага сэнсу і перспектыў яго быцця, этнакультурнай унікальнасці ўкраінства. «Яго перапоўненасць Украінай была ўнікальнай зявай у інтэлектуальнай гісторыі таго часу,  заўважае Ю. Луцкі, і ў сваёй адзіноце і палкасці ён быў фігурай, якая амаль не ведала паўтонаў».[7]

Шаўчэнка ўсведамляе і сваю адзіноту, і сваю прароцкую місію ўваскрашэння Слова, месіянскую прызначэнне Паэта як выразніка волі Госпада. Слова павінна набыць асаблівую духоўную сілу, інакш яно не адкрые рабскія вусны, не сагрэе астылых душ, не запаліць святым агнём творчасці, не стане духоўным пастырам роднага народа. Паэт адчувае ў сабе гэтае слова, яно нараджаецца ў ім, выспявае і просіцца ісці «паміж людзей». Ён ведае, што Слова, як духоўная эстэтычная сіла, здольнае выратаваць чалавека ад ганебнага абязлічвання. Слова для Шаўчэнка духоўная і маральная аснова, крыніца энергіі дзеля самасцвярджэння.

А пакуль, на працягу першага года сваёй волі, ён суцяшаецца свабодай і сваю радасць выказвае ў лісце да брата Мікіты ад 15 лістапада 1839 года: «Дык вось, бачыш, жыву, вучуся, нікому не кланяюся і нікога не баюся, акрамя Бога,  вялікае шчасце быць вольным чалавекам, робіш, што хочаш, ніхто цябе не спыніць».[8]

Можна было ўліцца ў стыхію рускай літаратуры, апрацоўваць украінскую гісторыю, міфы, паданні, легенды, казкі і хоць бы такім чынам абуджаць цікавасць да Украіны. Але Шаўчэнка не прымае такога кампрамісу, не сумняваецца, якая ў яго душа, тады як Гогаль у лісце да А. Смірновай з сумневам прызнаў: «Сам не знаю, какая у меня душа, хохлацкая или русская»[9]

Руская моўна-культурная атмасфера пагражальная яго творчаму «я». Шаўчэнка гэта ўсведамляе, абдумваючы перспектывы акадэмічнай кареры (ліст да Г. Квіткі-Аснаўяненкі ад 19 лютага 1841 года) і адначасова клапоцячыся адчуваннем неабходнага і непазбежнага адчужэння ад імперскай культуры. Заняткі толькі жывапісам, прадчуваў Шаўчэнка, утрымлівалі ў сабе пэўную небяспеку растварэння ў імперскай культуры, у той час як славесная творчасць на роднай мове пакідала яго са сваім народам у жывых дыялагічных зносінах. Турбавала Шаўчэнку і тое, што творчае самаздзяйсненне ўкраінца ва ўмовах дамінуючай рускай культуры прадугледжвала авалоданне пэўных рытуалаў сацыяльна-палітычнага прыстасавання, у прыватнасці дэманстрацыі падзякі цару за выкуп з прыгону, а гэта непазбежна прывядзе, усведамляў ён, да страты максімальна поўнага самавыяўлення, адмовы ад праўдзівага адраджэння нацыянальнай гісторыі і быцця роднага народа.

Шаўчэнка смела глядзеў у тую панадліва таямнічую бездань нацыянальнага абязлічвання, якой была імперская моўна-культурная атмасфера, выпрабоўваючы яе прыцягальную сілу і сваімі жывапіснымі творамі, і расійскамоўнымі аповесцямі, «Дневником», але адчуваў-усведамляў, што гэтая прорва яго не праглыне, што яму не пагражае распяцце на імперскім крыжы творчага і светапогляднага «дуалізму», раздваенне на «імперскую» і «маларасійскую» формы самавыяўлення. Зразумела, што трывога напаўняла яго душу, сумневы прыгняталі свядомасць, але гэта не былі сумневы адносна таго, на якой мове і для якога народа паэт павінен тварыць. Ён нібы біблейскі Прарок пасланы на зямлю Богам

Сваю любоў дабравясціць!
Святую праўду абвясціць!

Трывожыць Шаўчэнку іншае сам шлях яго Слова да народа Украіны. Шлях перш за ўсё духоўны, бо прызначэнне Слова трансцэндэнтнае і інтэгральнае, накіраванае ў будучыню, такім чынам, надзеленае місіяй нацыетварэння цераз разгортванне духоўнай гісторыі Украіны. Толькі ў нацыянальным слове, толькі ў духоўных рамках нацыянальнага свету Шаўчэнка імкнуўся самаздзейсніцца, рэалізаваць сваё высокае прызначэнне: духоўна кансалідаваць украінства.

Таму так прыцягвае Шаўчэнку магія паэтычнага слова, якая валодае здольнасцю абуджаць міфапаэтычнае мысленне, выклікаць з глыбіняў памяці пачуццёвыя асацыяцыі, бачныя ва ўяўленні вобразы, патухлыя галасы Слова творыць сістэму духоўнага ўзаемадзеяння паміж паэтам і яго народам. Шаўчэнка адчувае эстэтычную неабходнасць абуджэння індывідуальнай духоўнай энергіі, якая ўлівалася б у працэс нацыянальнага самаўсведамлення народа. Таму ён пасылае свае думы ва Украіну, туды, дзе яшчэ жывая народная душа, сагрэтая родным словам, хай і не друкаваным, але моўленым, спяваным, малітоўным

Сваё духоўнае «я» ён нібы аддзяляе ад сябе, асуджанага на фізічнае быццё ў халодным ненавісным Пецярбургу, і адсылае яго ва Украіну з прароцкай місіяй абуджаць нацыянальную свядомасць.

Шаўчэнка ведае, што ён абавязаны гэтым вышэйшым, боскім поклічам адбыцца ва Украіне,  вяртанне ў «нашу Украіну» непазбежнае. Успомнім «Запавет». Але для яго яшчэ больш важна вярнуць, паслаць ва Украіну сваё Слова.

Дні дваццаціпяцігадовага Шаўчэнкі, вучня Акадэміі мастацтваў, кіпяць прагай пазнання ён вывучае французскую мову, наведвае тэатры, мноствам кніг пашырае межы свайго гістарычнага мыслення. Чытае пра мінулае Украіны ў працах Д. Бантыш-Каменскага («История Малой России»), М. Маркевіча, творах Гогаля, вывучае «Історію Русів», захоплена перачытвае І. Катлярэўскага, Г. Квітку-Аснаўяненку, Я. Грэбінку Яго трывожыць забыццё народам свайго слаўнага і свайго няшчаснага мінулага.

Дзе падзелася казацтва
Ў жупанах чырвоных?
Куды гетманы прапалі
Разам з доляй-воляй?

Дні пралятаюць віхурай у спешцы наведаць модны літаратурны салон, канцэрт, прэмеру ў тэатры, мастацкую выставу Але маладая душа пакутуе, думкі раздзіраюць спакой вячэрняй адзіноты і кладуцца «на паперы сумнымі радкамі»

Назад Дальше