Людміла Рублеўская
Карона на дне віра
© Людміла Рублеўская, 2015
© Літаратура і Мастацтва, 2008
© Распаўсюджванне. ТАА «Электронная кнігарня», 2015
Жыве бабуля Юстына на хутары, на самым ускрайку лесу. А гадоў ёй, напэўна, столькі ж, колькі самай старой сасне ў гэтым лесе. Бо памятае бабуля Юстына такія даўнія часіны, калі кветкі былі людзьмі, а людзі ўмелі размаўляць з дрэвамі і птушкамі.
Ці было ад гэта шчаслівей людзям, дрэвам і птушкам невядома. I ў той час людзі крыўдзілі адзін аднаго, і, вядома, даставалася ад іх кветкам і звярам, рэкам і лясам Нездарма каб знайсці патрэбную зёлку, бабулі Юстыне даводзіцца цяпер шукаць запаветныя мясціны, там, дзе не чуваць крыку пеўня. Бабуля зельніца, і ведае, ад якой хваробы дапамагае якая трава.
Але сёння ёсць травы і кветкі, якіх нельга зрываць зусім бо знікнуць, і збяднее Божы свет яшчэ на адну прыгажосць.
Ты скажаш, дружа, што не ўсе кветкі і травы прыгожыя?
А вось і памыляешся: як у душы кожнага чалавека схаваная дабрыня, так у кожнай жывой істоце схаваная прыгажосць і дзівосная гісторыя. Трэба толькі ўмець убачыць, умець пачуць.
А калі не ўмееш распытай зельніцу Юстыну. Яна пасадзіць цябе за накрыты вышываным абрусам стол, паставіць перад табой кубак з духмянай гарбатай, настоенай на верасе і чаборы, і раскажа, адкуль узнікла якая кветка, якое чароўнае паданне за кожнай травой
Мечнік Ярмол, альбо Меч-трава
Кажаш, бег каля возера і парэзаўся аб такую брыдкую, калючую траву Ну, па-першае, ты ўжо вялікі, і не варта плакаць ад драпіны. Зараз прыкладзем да парэзу лісцік трыпутніка, і ўсё зажыве. А трава, якая цябе парэзала, зусім не брыдкая. Але праўда, што вострая, як лязо.
А калісьці на берагах нашых блакітных вазёр раслі толькі мяккія, пяшчотныя травы і кветкі. I так прыемна было збягаць проста з лясной сцяжынкі ў прахалодныя, чыстыя, як шклянка, хвалі. Ты ж ведаеш, што нашы, беларускія, вазёры самыя прыгажэйшыя ў свеце? Ці не таму на нашу зямлю увесь час прывабліваліся хціўцы-нападнікі?
На беразе гэтага возера стаяў замак. Паўз яго, паміж возерам і лесам, ішла дарога да багатых і прыгожых беларускіх гарадоў. Князь і яго воіны, што жылі ў замку, ахоўвалі дарогу ад ворагаў. 3 аднаго боку ў гэтым ім дапамагалі хвалі возера, з другога сцяна пракаветнага лесу. I самі воіны былі дужыя, як карабельныя сосны, і нястрымныя, як хвалі. Самым моцным сярод іх быў княскі мечнік, дужы рыцар па імені Ярмол.
Насамрэч паходжання быў ён зусім не рыцарскага, а нарадзіўся ў той самай вёсачцы, у якой жывуць зараз вашы бабуля і дзядуля. Але рос Ярмол такім кемным і дужым, што патрапіў на службу ў княскае войска, адразу як просты жаўнер, а потым сваёй адвагай заслужыў прыхільнасць князя і ўрэшце рэшт рыцарскае званне.
Бо рыцарам можна нарадзіцца і ў курной хаце, і не меч, нават выкаваны найлепшымі майстрамі, дае воіну моц а мужнае сэрца. Не раз біўся Ярмол паперадзе дружыны. Не раз ратаваў жыццё свайму князю.
Каханне таксама не ведае званняў. Ніхто не падазраваў, чаму мечнік Ярмол так часта просіцца ў начную варту. Думалі хоча паказаць, як верна службу нясе. I толькі поўня, якая заглядала ў пакой адзінай княскай дачкі Галены, ведала таямніцу.
Ярмол і Галена сустракаліся так часта, як маглі, але досыць рэдка, каб прага новай сустрэчы палала ярчэй за самую зыркую паходню на сценах вартавых вежаў.
У каханні, вядома, вялікая сіла. I вялікая слабасць у ім жа.
Князь атрымаў звесткі, што зноў ворагі збіраюцца ісці праз наш лес на сталіцу вялікага княства. Пакуль што дарогі не пылілі, напад чакаўся праз некалькі дзён. I як заўсёды, Ярмол выклікаўся вартаваць ад поўначы да світання на вежы, якая стаяла над самым возерам і ў якой былі пакоі князёўны. А іншых веяў прызначыў на тыя вежы, з якіх праглядалася дарога.
На гэты раз ворагі не пайшлі ні па дарозе, ні праз лес. Яны апоўначы прыплылі на чоўнах да сцен замка і закінулі на вышчарбленыя падчас шматлікіх аблогаў муры моцныя вяроўкі са сталёвымі крукамі.
А Ярмол, лепшы княскі рыцар, нічога не чуў. Ён глядзеў у бяздонныя вочы сваёй каханай, у якіх люстравался поўня, і чулася яму адна пяшчотная музыка мілосці. I толькі калі замест поўні убачыў ён у вачах каханай водбліскі пажару, зразумеў адбылося непапраўнае.
Калі Ярмол уварваўся ў бойку, палова рыцараў была ўжо забітая, князь сканаў з варожай стралой у шыі, і надзеі на ратунак не заставалася. Мечнік біўся, як дзесятак вояў. Пачуццё віны памнажала яго сілы, але і пазбаўляла абачлівасці. Бо ў бойцы таксама патрэбная абачлівасць калі, вядома, ты не хочаш памерці. Ярмол прапусціў моцны ўдар, і ўпаў ля сцяны замка, на беразе возера, якраз з таго боку, які ён мусіў ноччу вартаваць і не дапільнаваў.
Не, ён не загінуў. Але ці было яму ад гэтага радасці, калі, ачуняўшы, убачыў чорныя ад пажару муры замка, загінулых таварышаў А калі ў роспачы азірнуўся, то заўважыў на хвалях возера, якраз пад вакном князёўны, нешта светлае і быў гэта яе вэлюм
Што ж, чыстыя хвалі возера лепей, чым палон або ганьба
I тады Ярмол разам са сваім баявым мячом зайшоў у хвалі, на якіх ужо люстравалася барва ўзыходзячага сонца, і ў адчаі ўзмаліўся: "Няма апраўдання мне Няма меры віны маёй Дык няхай, Госпадзе, у выкупленне буду я вечна абараняць гэты бераг, воды гэтага возера ад ворагаў, і не буду адпачываць ані ўдзень, ані ўначы, ані ў спякоту, ані ў холад"
Словы, сказаныя ад паўнаты адчаю, не знікаюць марна. I мечнік Ярмол ператварыўся ў высокую цёмную траву, якая рэжа, як сапраўднае лязо. Паспрабуй, прабяжыся скрозь такія зарасці адчуеш моц вартаўніка. Нездарма назвалі гэтую расліну меч-трава.
Але ты не бойся ані траў, ані ворагаў. А калі здарыцца табе выбіраць паміж насалодай і цяжкім абавязкам, прыгадай мечніка Ярмола і меч-траву.
Вяселле ведзьмака, альбо Чарнакорань пурпуровы
Ты пытаешся, чаму, калі ўсе расліны прыгожыя і добрыя, сярод іх ёсць атрутныя?
Нават у атрутнай расліне няма ні дабра, ні зла дабро ці зло з яе дапамогай робіць чалавек. Нават самая моцная атрута можа быць добрым лякарствам трэба толькі правільна ёю карыстацца. Ну а злы чалавек той сапраўды з дапамогай зёлак шмат пакуты можа прынесці
Жыў некалі ў гэтай пушчы такі злыдзень. Звалі яго Нічыпор, і з усяе акругі хадзілі да яго лячыцца. Але куцы часцей, чым лячыцца, бегалі да Нічыпора па іншых патрэбах кагосьці прысушыць да сябе, прываражыць, або, наадварот, пазбавіцца непатрэбнага кахання, зрабіць так, каб суседская ніва не ўрадзіла, а суседскія куркі несціся перасталі Ды якіх толькі гадасцяў людзі адзін аднаму не зажадаюць! Нават гаварыць пра гэта брыдка.
I шмат каму дапамог спраўдзіць злыя пажаданні Нічыпор. Вось толькі людзі рэдка ўсведамляюць, што злыя пажаданні ніколі не прыносяць шчасця. Зло заўсёды вяртаецца туды, дзе было спароджанае.
Але ўсё роўна знаходзіўся нехта, хто, зваблены хцівасцю або крыўдаю, ішоў па змрочнай дарозе між сівых ялінаў да хаты ведзьмака, якая амаль хавалася ў зарасцях калючага глогу. I бедны, і бататы, і цёмны, і вучоны не ўберажоныя ад спакусы папрасіць дапамогі ў чорнай сілы. Не толькі пешкі прыходзілі да Нічыпора прыязджалі да яго і ў карэтах.
Аднойчы такая багатая карэта спынілася перад Нічыпоравым домам. Пан, гаспадар карэты, не шкадаваў залатых талераў, бо не золата было прычынай яго пакутаў, а каханне.
Ды каб сох пан па якой радавітай паненцы не так крыўдна было б. Але закахаўся ён у дачку вясковага каваля, вясёлую прыгажуню Агатку. Што праўда, нават у каралеўскіх палацах не бачылі такога хараства, як у Агаткі. Але дарэмна распісваў пан дзяўчыне, як пекна стане выглядаць яна ў панскіх строях, як паплыве лебедзем па бліскучым паркеце бальнай залі. Толькі смяялася дзёрзкая Агатка не пасуюць лясной галубіцы павіныя пёры, не нажыцца дачцы каваля ў княскім палацы.
I, вядома, нават самыя вялікія багацці не разгладзяць зморшчаны, як печаны яблык, твар яе вяльможнага кавалера.
I пан толькі зубамі скрыгатаў ад таго, што Агатка не ягоная халопка, і прамінулі тыя часы, калі панаў дзед мог паслаць пахолкаў па любую дзяўчыну ў наваколлі, і ўвобмірг тыя кінулі б сплаканую красуню гаспадару пад ногі.
Цяпер жа заставалася пану спадзявацца толькі на дапамогу чорных сілаў. Бо і не патрэбная была яму сплаканая прыгажуня хацеў ён убачыць у падобных на дзве цёмныя зоркі вачах любасць, пачуць хоць адно ласкавае слоўцаДы каб спрах той ляснік Янка, які насіў пекнай Агатцы скуркі гарнастаяў і срэбных лісіц, і не аднаму багатыру лоб разбіў толькі за тое, што той прыпыніўся з мройным выразам твару насупраць кавальскае хаты.
Выслухаў Нічыпор панскія скаргі са сваёй заўсёднай змрочнай усмешкай, нават не зірнуў на жменю золата, што сыпануў госць на стол. Папрасіў якую-небудзь рэч дзяўчыны і пан дастаў з-за пазухі пунсовую хустку. Нічыпор падвёў пана да вялікага люстэрка, кінуў хустку у чару з вадою, сыпануў нейкіх зёлак, зашаптаў таемныя словы Зашумеў за вокнамі лес, затрашчалі кусты каля хаты, нібыта нехта прабіраўся скрозь іх. Паверхня люстэрка пабегла хвалямі, як паверхня ракі, і скрозь пералівісты туман паказаўся дзявочы мілы тварык Здавалася, Агатка знаходзіцца тут, у хаце ведзьмака, але чамусьці нікога не заўважае, нешта задуменна напявае, пераплятае густую цёмную касу, часам усміхаецца патаемным думкам