Сівая легенда - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч


Уладзімір Караткевіч

Сівая легенда

© Алена Сінькевіч, 2015

© ТАА "Электронная кнігарня", 2015

І

Светлейший отец, подавай нам деньгу,
Иль скарб твой достанется в руки врагу.

К. Меер

На пачатку мая ў Быхаў прымчаў на ўзмыленым кані ганец.

Конь зваліўся ля самай брамы замкавай вежы, а коннік пераляцеў цераз яго галаву і, як мёртвы, расцягнуўся ў пыле.

Гэты ледзь жывы чалавек прывёз мне загад майго гаспадара, пана Аляхно Кізгайлы. Я, Канрад Цхакен, павінен быў не марудзячы пакінуць Быхаў і на чале сваіх трох соцень швейцарцаў спяшацца ў замак Кізгайлы. Разам з граматай прыбылі грошы на куплю новых коней і вусны загад аб тым, што жывёлы не трэба шкадаваць.

На пытанне, што прымусіла пана быць такім паспешлівым і марнатраўным, ганец ледзь здолеў прахрыпець: Воўк вырваўся з логава

Яму ўжо сядлалі другога каня, і праз хвіліну ён памчаў у трэці замак Кізгайлы, у Збароў.

Я не ведаў, хто быў гэты воўк. Але швейцарац, калі яму добра плацяць, не патрабуе паўторнага загаду.

Кізгайлу было пажадана, каб мы загналі коней,  мы загналі іх і роўна праз суткі прыскакалі ў Кісцяні, дзе нас гэтак нецярпліва чакалі і дзе чагосьці так моцна баяліся. Баяліся, аднак мост, на наша здзіўленне, быў апушчаны.

Коней мы загналі бязлітасна, да дыхавіцы. Кізгайла страціў на гэтым не менш за сотню залатых. Але гэта была не мая справа. Я, Канрад Цхакен, ураджэнец кантона Швіц, вядома, не так раскідаўся б, але я ўжо дзевяць год бачыў гэтых людзей і ведаў, што ад іх заўсёды можна чакаць самых варяцкіх учынкаў, за іх ніколі нельга паручыцца, таму што ў іх вецер свішча ў галаве.

Я жыў сярод іх дзевяць год, часам пачынаў нават думаць па-беларусінску, а ўсё ж ведаў іх ненашмат лепей, чым у першы дзень.

Яны будуць крычаць: «Воўк вырваўся з логава» і ніколі не зробяць ласкі толкам растлумачыць, што здарылася, каб добры хрысціянін зразумеў іх. Як быццам гэта наш абавязак разумець іхнія тропы і іншасказы? Крый божа, калі сярод іх зявіцца першы паэт яны затопяць вершамі ўвесь свет і нікому не дадуць спакою.

Яны трацяць шалёныя грошы на цэлы табун загадзя асуджаных коней і пакідаюць падёмны мост апушчаным.

Іхнія старыя крэпасці, як Смаляны, Ворша, Магілёў, страшныя. Я не згадзіўся б абараняць іх нават пад пагрозай пазбаўлення раю (я ўсё адно, бадай што, туды не траплю), нават калі б мне плацілі не пяцьдзясят талераў, а сто. Сапраўды, каб выстаяць за такім плотам, патрэбна вялікая мужнасць і вялікая легкадумнасць. А яны не толькі выстойваюць, але і наносяць страты ворагу.

Яны ўмудрыліся, седзячы ў гэтых быдлячых загонах, адбіцца ад татар і сто год, абяскроўленыя, супраціўляліся Літве гэтага досыць.

Я кажу вам, ніхто не назваў бы такія загарадкі крэпасцямі.

Аднак гэта не датычыцца замка Кізгайлы. Хто панюхае паветра каталіцкага храма, той ніколі не будзе такі, як раней. А новая знаць нюхнула яго ў ахвоту. Яна будуе такія замкі, быццам у кожны з іх вось-вось могуць прынесці крыж Пана Бога, які давядзецца абараняць ад усіх язычнікаў зямлі. Ёсць славуты горад Кёльн. І ў гэтым славутым горадзе ёсць помнік дурасці і непасільнаму пачынанню недабудаваны сабор. І ёсць паэт Газельберг, які хоць і размаўляе са мною на адной мове, а даволі-такі немалы дурань.

Дык вось, ён напісаў, гэты дурань, аб тым саборы:

Dem Wunder kann ich аuch nachlаufen.
Sah nie kein größeren Steinhaufen!

Паглядзеў бы ён на замак майго гаспадара ў наваколлі Кісцянёў!

Над шырокім лянівым Дняпром узвышаецца ўзгорак. Пяць тысяч тутэйшых мужыкоў нацягалі на яго зямлі, узвысілі і ўмацавалі. Цяпер рэчка ўпадае ў Дняпро двума рукавамі. Пасярэдзіне іх груд-капец. Ён абведзены падвойным валам. А на яго верхавіне шэры каменны гмах.

Часам мне здаецца, што Сатана менавіта тут абараняўся ад Усявышняга і што менавіта гэты пагорак бамбардавалі каменнямі яго анёлы. Чалавеку цяжка ўзвесці такое.

Падёмны мост, брама з падвойнымі кратамі, муры вышынёю ў сорак пяць локцяў. А над імі, яшчэ вышэй, тры вежы.

Імя ім: Саляная, Стралецкая і Жабіна.

Унутры хапае месца для жылля, стайняў, палаца, дзвюх цэркваў і іншага, чаго і не злічыць. І гэта звачайны замак двараніна, нават не першага па багацці і знатнасці. Бог няроўна дзеліць: ён дае порткі менавіта таму, у каго яны будуць спадаць з мізэрнага азадка.

У гэты вечар над вежамі свяціў месяц такі пяшчотны, аліўкавы, ружовы,  так бы і зеў яго. А ў байніцах таксама сям-там гарэлі агеньчыкі. І на сэрцы было лёгка, таму што ў нас, ваякаў, ад нараджэння заўсёды лёгка на сэрцы, калі мы жывыя.

У адказ на трохкратны гук нашага рога з вежы над брамай тройчы праспявала дуда, і гукі яе ў майскім вячэрнім паветры таксама былі асабліва сумнымі і празрыстымі. Гэта было такое паветра, што яго хацелася піць. Хрушч ударыўся аб маю кірасу і ўпаў на грыву каня, бездапаможна перабіраючы лапкамі.

Хрушчы на гэтай варяцкай зямлі зусім такія, як на маёй радзіме,  гэта трохі прымірае.

На майго каня ўпаў прамень святла са спадзорнага акна.

 Хто ідзе?

 Святы Юры і Русь,  сказаў я звычайны кліч воінаў гэтай зямлі.

 Дзякуй богу,  стаў жагнацца вартаўнік брамы.  Чакалі вас.

Пачалі круціць калаўрот, разышліся акаваныя жалезам дубовыя форткі, павольна папаўзла ўгору рашотка.

Нас сустрэў сам гаспадар рэч небывалая. Я недарэмна намякаў на людзей, у якіх спадаюць порткі. Кізгайла якраз такі. Яму трыццаць чатыры гады, і ён худы, як бядняцкая каза. Але моцны і жылісты. Ён паспрабаваў узяць майго каня за повад здорава яму прыперла, калі ён аказвае наёмніку такую павагу,  але я спешыўся і сам павёў каня.

Кізгайлу мне давялося бачыць не больш як тры разы, я быў толькі яго кулаком у Быхаўскай акрузе. Нядаўна ён ажаніўся, я яшчэ не бачыў яго жонкі.

Але нават я здзівіўся той змене, што адбылася з ім. Спіна сагнулася, твар жоўты не па-чалавечаму, вочы, як у варята. А быў жа ладны і станісты. І пастава высакародная.  Ты добра зрабіў, што паспяшаўся, Канрад,  сказаў ён,  у мяне вялікая бяда.

І змоўк. І маўчаў, пакуль хлопцам не адвялі жылля, пакуль не выкацілі ім бочку віна і не накармілі тлуста і смачна.

Я глядзеў на яго высокі вузкі лоб, на валасы, ледзь падвітыя на канцах, але без бляску, бы ў сухотніка якога-небудзь, на вузкія карыя вочы і думаў: «Вось і зразумей цябе, чорта, што ў цябе ў галаве».

Гэтых людзей нельга зразумець. То яны маўчаць, то загадваюць без дай прычыны загнаць добрых коней.

Калі ўсіх напаілі і накармілі, ён падаў мне знак ісці за ім. Мы ішлі бясконцымі пераходамі і вісячымі галерэямі, ён ціха, як кот, я грукочучы, як вядро на цыганскім возе.

На вісячай пляцоўцы, вельмі прыдатнай для агляду, ён раптам спыніўся.

 Як ты думаеш, Цхакен, ці доўга можна абараняць такі замак?

Я паглядзеў на гмах, заліты месячным святлом, на кучы каменняў, што абцяжарвалі забрала, на вежы, што лёгка і трывала стаялі на зямлі.

Я ведаў, што на гэтых мурах устаноўлены два дзясяткі гармат і пры іх, як сцвярджае роспіс, ёсць дзесяць custodes arcis et bombardarum magistros.

А каб жэрці і піць, дык гэтага ў склепах хопіць на ўсіх хоць год сядзі.

І ўсё ж я спытаў, якія сілы ёсць у замку акрамя маіх малайцоў. Ён адказаў, што на другім замкавым двары стаіць сотня конных кірасіраў.

 Нядрэнна,  сказаў я,  але ж гэта для вылазак, гаспадар. А нашто нам іхнія коні? Хіба што жэрці, калі будзем галадаваць? Вядома, гэта ежа для басурмана, але голад не цётка.

 Ёсць яшчэ каля дзвюх соцень дваран.

 Адчайныя і кончаныя душы,  сказаў я,  але зноў-ткі для бою ў шырокім полі.

Словам, я зразумеў, што муры павінны абараняць мае хлопцы.

 Не нам жа каменне цягаць, пан Кізгайла? Дайце нам на гэтую работу з паўсотні мужыкоў.

 Нельга мужыкоў, амаль ускіпеў ён.  Іх зусім не будзе.

Я паціснуў плячыма.

 У чым усё ж справа, гаспадар?

 Пытаць будзеш потым. Кажы, колькі тут можна пратрымацца?

 Год,  суха сказаў я,  год я пратрымаюся тут нават супраць Сатанііла. Два гады я пратрымаўся б тут з гаспадаром, які мне давярае. І я не паручуся нават за тыдзень абароны, калі гаспадар не давярае сам сабе.

 Цхакен, прыяцель,  сказаў ён трохі мякчэй,  я проста не хацеў пасяляць у тваёй галаве скажоных меркаванняў наконт лёгкасці і цяжкасці гэтай аблогі.

 Дык хто ўсё ж ткі ідзе?

 Хамы ідуць.

Мне не спадабаліся гэтыя словы. Швейцарцы ўсе былі мужыкамі яшчэ сто год назад. Але ён пакрыўдзіў не маіх землякоў. Акрамя таго, ён плаціў грошы. Таму я змоўчаў.

 Хамы ідуць,  паўтарыў ён.

 Гэта не вельмі страшна,  сказаў я, злёгку пакрывіўшы душою.

 Ты не бачыў іх у Віцебску,  сказаў ён,  калі там была смута. А я дагэтуль памятаю набат.

 Але ж трыццаць год у гэтым краі быў спакой.

 А цяпер яны ўзялі замак. У Рагачыку.

 Сорак міль па рацэ адсюль,  усміхнуўся я.  Хто паручыцца, што яны пойдуць у гэты бок?

 Яны пойдуць. Я гэта ведаю. Ім няма іншага шляху, акрамя таго, што вядзе праз Кісцяні. Праз мяне.

 І ўсё адно мы адседзімся. Вашы мужыкі, вядома, не зусім прыемная рэч. Але гэта не рэгулярная армія.

Дальше