Сівая легенда - Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч 2 стр.


 Яны пойдуць. Я гэта ведаю. Ім няма іншага шляху, акрамя таго, што вядзе праз Кісцяні. Праз мяне.

 І ўсё адно мы адседзімся. Вашы мужыкі, вядома, не зусім прыемная рэч. Але гэта не рэгулярная армія.

 Гэта горш,  ён пачынаў злаваць.  Чаму?

 Таму што сёння ў іх ёсць галава.

Па маіх вантробах прабег мароз: гэта сапраўды горш. Але я ведаў, што гэтага чалавека яшчэ ў раннім юнацтве да смерці напужалі зверскія морды, сякеры, паходні, труп епіскапа, які валачылі за ногі па вуліцах, вынішчэнне яго гвардыі. Неразумна было б палохаць яго. Таму я адмахнуўся ад яго слоў.

 Глупства,  сказаў я,  галава ў час вайны рызыкуе не менш, чым ногі. На што ўжо быў хітры шведскі кароль, а і той не мінуў кулі.

 О, Канрад, вы ж біліся з ім,  раптам загарэўся ён.  Што гэта быў за чалавек?

Я ўсміхнуўся сам сабе. Клянуся касой Маці Божай, на гэтай зямлі кожны марыць аб славе. Нідзе не чытаюць і не распытваюць так прагна пра Аляксандра, Цэзара і іншых разбойнікаў. Нават гэты, якому сядзець бы дома і пладзіць дзяцей, чалавек хутчэй люты, чым мужны, загарэўся, ледзь патыхнула дымам вайны.

Я паціснуў плячыма з прытворнай абыякавасцю: Гэты галандскі мазіла Ван Дэйк напісаў партрэт шведа, але ён не падобны. Ён на ім чысценькі, як хлопчык, якога мама вядзе ў царкву. А гэта быў здаровы мужалап, які лаяўся мужыцкімі словамі, як залатар з Вюрцбурга.

Яго зноў перасмыкнула пры слове «мужыцкі», але я супакоіў яго: Нават такая галава нічога не магла зрабіць з мужнасцю праціўніка. Будзем біцца.

Мы спусціліся ў другі ўнутраны двор. Тут, пад павеццю, віселі на сцяне кірасы, пырхалі коні і ля агнёў сядзелі кірасіры. На каменных плітах двара сям-там дыміўся гной. Худы мужычок у світцы падмятаў ляніва і непаваротліва.

Гаспадар, відаць, знайшоў, на кім спагнаць гнеў. Дамінік,  сказаў ён,  калі двор будзе запаскуджаны раніцай, я пастаўлю цябе вышэй за сябе.

Я ведаў гэты брыдкі выраз. І мімаволі паглядзеў на верхні двор, дзе вялізным «пакоем» вымалёўвалася на сінявата-зялёным месячным небе шыбеніца.

 Зробім, паночак,  сказаў Дамінік, і я ўбачыў у цемры яго светлыя, трохі прытушаныя вейкамі вочы. Яны былі незвычайныя, гэтыя вочы.

У Еўропе я толькі аднойчы бачыў такія вочы, у мужыка пад Вольмірштэтам, калі нямецкія сабраты ў кірасах забіралі ў яго сена. Праз хвіліну ён торкнуў віламі ў бок сяржанту. Калі я ўпершыню зявіўся тут, то штохвіліны асцерагаўся такога ўдару: у іх ва ўсіх былі такія вочы. Але потым супакоіўся. Гэта ціхманы і вельмі цярплівы народ.

І толькі цяпер зноў штосьці непрыемнае варухнулася ў мяне ўнутры.

 Я б адправіў гэтага мужыка ў роднае сяло,  сказаў я.

 Зусім застацца без іх нельга,  раздражнёна сказаў Кізгайла,  а гэты яшчэ і католік. Я павінен яму верыць.

Я ўсміхнуўся сам сабе і падумаў, што чалавек, які аднойчы здрадзіў веры, можа здрадзіць і другі раз. Але я спахапіўся і не сказаў гэтага ўголас, з боязі абразіць гаспадара.

Сам гаспадар таксама быў свежы католік, а жонка яго, Любка, заставалася праваслаўнай. Жонак няма чаго прымушаць. Ды і сам Кізгайла я ўпэўнены ў гэтым адчувае сябе ў новым храме, як пяны ландскнехт сярод святош.

І ўсё ж у замку ёсць невялічкі касцёл, патрон якога святы Антоній, і царква Пакрова Маці Божай. Іх падзяляе палац, і з яго вядуць у храмы дзве галерэі, кожная ў свой бок. Калі палац спаляць храмы ўбычаць адзін аднаго і вельмі здзівяцца. Зрэшты, гэта не перашкаджае абедзвюм рэлігіям спаць на адной падушцы

Ад гэтых гуллівых і, прызнаюся, не вельмі пачцівых думак мне стала весела. Ну які з гэтага чалавека католік?! Ён не ведае па-латыні ні inibus, ні atibus. І добра, бо я таксама ведаю ненашмат больш.

Ды і адкуль мне ведаць? Я не поп, я салдат. Я Канрад Цхакен, і я трыццаць год крывёю плачу за свой хлеб.

Шырокімі драўлянымі сходамі мы прайшлі ў малую залу замка. У гэтай малой зале маглі б учыніць папойку ўсе мае малайцы, ды яшчэ з дзеўкамі. І нікому не было б цесна.

Шэсць вялікіх, бы ў царкве, акон. У іх, акрамя звычайных зашклёных пераплётаў, уштукаваны яшчэ і вітражы. Зрэшты, іх пачалі ўжо вымаць, відаць, для таго, каб перанесці ў бяспечнае месца. Таму палова залы ў чырвоных, сініх і карычневых плямах, а другая заліта месячным святлом.

Каменная гладкая падлога, сцены, абабітыя цяжкай тканінай, фіялетавай з золатам. Каля сценак цяжкія і доўгія, як труны, разьблёныя скрыні, яны ж услоны. Паміж імі шафы, знарок адчыненыя, каб быў відаць залаты і срэбны посуд.

Як хутка яны пераймаюць ад фальшывых нямецкіх і італьянскіх купцоў, ад хлуслівых тамтэйшых дваран! Навучыліся і іншаму, зусім недарэчнаму: у пярэдняй сцяне камін. Гэта пры тутэйшых страшных маразах! Ды я ні на што ў свеце не змяняю мясцовай печы!

У часе італьянскага паходу а зіма была надта суровая для Ламбардыі мне аднойчы давялося ўсю ноч праляскаць зубамі ля такога каміна. Я напалову засмажыўся і напалову змёрз, як пекар.

Затое я з асаблівай прыемнасцю ўбачыў ужо накрыты стол, крэслы без спінак каля яго, полымя свечак у шасцёх пяцісвечніках.

І яшчэ жанчыну ў крэсле, у баку ад стала.

Яны былі зусім непадобныя адно на аднаго, муж і жонка. У яго сухі жоўты твар, які пачынаў друзнуць, вочы фанатыка, шалёныя і вартыя жалю, валасы да плячэй. А яна з яе анёла можна было б маляваць. Толькі, ведаеце, не дужа добрага анёла. Каса доўгая, залацістая, вочы цёмна-блакітныя і таксама трошкі шалёныя, як ва ўсіх тутэйшых. Рот ружовы і вельмі прыемны для пацалункаў, вясёлы і прынадны.

А сама як літая: усё на месцы, што павінна быць у жанчыны, па думцы ўсякага добрага швейцарца. Я, праўда, не ведаў, якая ў яе хада. У мясцовых жанчын вельмі зграбная хада. І яшчэ рукі, такія, як у гэтай: белыя, не худыя, з тонкімі пальцамі, якія звужаюцца пад канец.

Але што іх асабліва рабіла непадобнымі, дык гэта вопратка.

Да вопраткі трэба прывучваць не адно пакаленне. І, можа, толькі ўнукі пана прызвычаяцца да адзення, якое насіў ён сам. Шырокая і вельмі кароткая аксамітная безрукаўка на куніцах. Ярка-чырвоная сарочка, якая гладка прыставала да цела. Карункавы каўнер і з-пад яго, на жывот, залаты ланцужок. На поясе цацачны кінжальчык. (Божа, ды гэтым людзям толькі доўбня і з рукі.) І куды яму, да дябла, з яго худымі нагамі і таўставатымі каленнымі суставамі, насіць гладкія, у абцяжку, залацістыя панчохі і мяккія боцікі з доўгімі наскамі?

Дражняць нас бусланогімі, а самі вучацца.

А на пані Любцы ўсё дарэчы. Шырокая ў падоле блакітная з золатам сукня. Пояс, што завязваецца па клубах і падае спераду двума канцамі, быццам падзяляючы ногі. Тонкая ў поясе казнатка, таксама блакітная.

І што лепей за ўсё на галаве іхні «караблік», быццам ляжачы маладзік, быццам рожкі над вушамі. Рожкі тыя залацяцца, а на іх зверху накінуты рантух, зусім празрыстае блакітнае пакрывала ніжэй каленяў.

Сядзіць, бы ў воблаку.

І на каленях скруціўся свойскі белы гарнастай.

Яна ўстала мне насустрач, усміхнулася злёгку жарсткаватай і прыемнай усмешкай. Гарнастай паспрабаваў быў учапіцца за сукню, але не ўтрымаўся і скаціўся ўніз.

У мяне сівізна ў галаве, і тут я ўпершыню пашкадаваў аб гэтым. А сам сабе падумаў, што мужа як мужа, а гэту буду бараніць да самага скону. У мяне ж, каб я не валачыўся па свеце, а жаніўся, як усе добрыя людзі, магла б быць вось такая дачка. І я абавязкова назваў бы яе Гертрудай.

Я падышоў да яе і схіліўся, каб пацалаваць руку. Не дала рукі.

 Гэта ўжо, бацька, па нашых звычаях зусім без патрэбы.

 У іх свой звычай,  сказаў пан Кізгайла, але я пабачыў, што ён узрадаваўся.

А потым я пераканаўся, што ён яе і наогул неяк безнадзейна раўнуе. Я злавіў сябе на думцы, што стаў думаць на іхняй варварскай гаворцы, і крыху раззлаваўся. Я ўсё ж з кантона Швіц, чорт мяне пабірай!

Праўда, тут усе, акрамя палякаў, вельмі памяркоўныя да любога народа і любой веры, так што мне тут добра.

 А вы сядайце за стол, пан Кандрат,  сказала яна, і я не раззлаваўся за перакручанае імя,  зараз усе прыйдуць.

 Ваенную раду ўчынім,  сказаў муж.

Я падзівіўся толькі, якія дзіўныя тут норавы. Я не перастаю здзіўляцца дзевяць год. За ежаю і ваенная рада.

Я, грукочучы, падышоў да стала і сеў з імі. Першым прыйшоў пан Фелікс, капуцын,  і надзіва чысты для свайго ордэна. Зрэшты, я ўсё адно лепей сядзеў бы з дзесяццю смярдзючымі капуцынамі, чым з адным езуітам. Душэўны смурод горшы.

Гэты, выяўляецца, мыўся, і нават дужа старанна, бо прыстаўлены быў, акрамя выканання службы, яшчэ да варкі мёду. Капуцыны разумеюць у выпіўцы.

Потым зявіўся попік, айцец Іякінф (язык зломіш на гэтых імёнах!), ускудлачаны, сухі і хітранькі.

Кожны сеў з боку «свайго» гаспадара, у канцы стала, і, на маё здзіўленне, надта мірна прывітаўся з законным ворагам.

 Прыгразілі, што іначай выганім,  шапнула пані Любка.

 А зараз іх наогул вадою не разальеш,  буркнуў Кізгайла,  пюць разам і зневажаюць Бога. Такія блюзнеры. Нядаўна пан Фелікс, напіўшыся, крычаў, што з беларускай зямлі трэба павыганяць і папоў, і ксяндзоў, а богам прасіць на цараванне Бахуса. А разумны ж і бывалы чалавек: у Венецыйскай зямлі быў і яшчэ недзе.

Назад Дальше