Ажаніўся ж з дачкою смерда мурамскі Пётр, сказаў Ракутовіч.
Рабы татар могуць рабіць, што ім хочацца.
Не папікай, сусед. Падобна на тое, што прыйшла чарга нам трапіць у рабства. Варшава задушыць нас, мы згубілі памяць. І невядома, чыё рабства будзе даўжэйшае.
І ўсё ж гэта ганьба для нобіля мяшаць сваю кроў з халопскай. Ты дазволь мне самому меркаваць пра гэта.
Слухай, Раман, усміхнуўся Аляхно, можна пакінуць сытымі ваўкоў і цэлымі авечак. Бяры яе, на колькі спатрэбіцца. Ты ведаеш, я пряцель твой і сусед і ніколі не запатрабую яе назад. Мне вельмі не хочацца, каб ты ажаніўся з ёю.
Не, сказаў Раман.
Сурёзна, вазьмі яе, калі ўжо так захацеў. Зрабі ёй дзіця і супакоішся.
А калі яна мяне ненавідзіць?
А хто пытае пра гэта ў быдла?
Не да ладу кажаш, сусед, сказаў Раман, дзяўчат гэтага «быдла» таксама нядобра псаваць, як і ўсякіх другіх. Гэтае быдла адкінула і збіла татарскую конніцу, седзячы на конях, узятых ад сахі. Ды і Ірына паважаная дзеўка.
Ну і вазьмі яе сабе, засмяяўся Кізгайла.
Браць сілком, браць у ланцугах гэта трэба не паважаць сябе.
Ды хто ж табе кажа сілком? Ты ўлашчы яе падарункамі.
І ўсё адно яна зняволеная. Не хачу. Брыдка. Трэба каб па любові, іначай якая ж тут радасць?
Гм Дык ты ж яе ў другую няволю цягнеш. Бо калі дазнаюцца, што ты яе адкупіў, дык зноў звязанай будзе. І сабака хвастом віляе, калі кінеш яму кавалак.
Вось я і хачу цябе прасіць, каб ты адпусціў і маўчаў. Быццам сам адпусціў.
Кізгайла падумаў крыху.
Не, не адпушчу, сказаў ён. Хочаш бяры, не хочаш не бяры. Нобілю нельга быць жанатым з халопкай.
Ён занатурыўся, і Раман паехаў пакрыўджаны. Яшчэ раз ён паспрабаваў завесці размову аб гэтым і ледзь не маліў Кізгайлу, але той стаяў на сваім.
Пасля гэтага Раман пакінуў ездзіць да Кізгайлы. Той перапалохаўся суседзі сталі коса глядзець на яго. Яму зусім не хацелася варагаваць з Ракутовічамі, і ён вырашыў адпусціць Ірыну на волю. Але вяселле яго з паннай Любкай, што неяк раптоўна згадзілася пайсці за яго, вось-вось павінна было загрымець на ўсё ваяводства званамі і шамкамі коней. І ён, як варты павагі жаніх, спытаў у нявесты, ці трэба даваць Ірыне вольную.
Любка ж была ўжо амаль гаспадыняй. А тая раптам уся страпянулася і холадна сказала: Не.
Ён паглядзеў на яе халодны твар, на прыжмураныя вочы, што глядзелі ўбок.
Не, паўтарыла яна. Нобіль і халопка? Калі ты гэта зробіш, пра мяне можаш не думаць. І Аляхно не паехаў да Ракутовіча.
А неўзабаве пасля вяселля Кізгайлы з Любкай да яго прымчаў на кані стрыечны брат Рамана, Якуб.
Аляхно, маліў ён Кізгайлу, зрабі гэта, дзеля пакут Хрыстовых, калі не хочаш, каб Раман памёр. Ён зусім зваряцеў, мы вынеслі з яго пакояў усю зброю. Ён раве, як грэшная душа ў пекле, і лае караля, Літву і палякаў. Ён пагражае разнесці ўсё. Ты ведаеш, ён і раней ненавідзеў уціск, на які нас прыракаюць. Цяпер ён ненавідзіць яго стакротна. І гэта твая дзеўка штурхнула яго на гэта. Адпусці яе. Разумееш, я яшчэ не бачыў, каб чалавек так кахаў і шкадаваў.