Нічога, Бог за легкадумнасць даруе, сказала гаспадыня.
Яшчэ манахі ёсць? спытаў я.
Цяпер ужо другі тыдзень служаць запрошаныя. Уратаванне каралевы на вадзе. Тры тыдні будуць выць, скрывіла яна губку.
Якія?
У шэрых расах.
Я ўвесь пахаладзеў. З гэтай кампаніяй я зусім не хачу мець спраў. І я вырашыў паспрабаваць заўтра справадзіць «сыноў Ісуса», указаўшы ім на небяспеку.
З-за мяркуемай рады запрошаных да стала было мала. Прыйшлі яшчэ толькі два: капітан конных кірасіраў, сапраўдны разбойнік з закручанымі вусамі і ў ботах, падобных на вёдры, а сам ні даць ні ўзяць картачны ніжнік.
І яшчэ выбраны камандзір шляхты ў чузе з буркацелі таннай парчы, і ў шэрым футры паўзверх яе, нягледзячы на вясновы час. У гэтага былі маленькія вочкі і маленькія крывыя далонькі. Хай мяне Бог шасне, калі я не ўспомніў крата.
Калі мы сунялі першы голад а на гэта пайшоў немалы час, я спытаў, калі чакаецца прыход ворага да муроў і ці не абяцаў канцлер Сапега ўзброенай дапамогі. Яны ўзялі Рагачык з налёту, хрыпла сказаў капітан. А цяпер кудысьці зніклі.
Рыхтуюцца, з прыкметным хваляваннем сказаў Кізгайла, разумеюць, што тут нечаканасцю нічога не зробіш, і нешта рыхтуюць. Сядзяць недзе ў пушчы як павукі.
Сапега ж абяцаў падмогу, з адценнем пагарды сказала гаспадыня.
Кату ён пад хвост вырас, твой Сапега, ускіпеў пан, ці можна яму верыць? Сама памятаеш, як ён за народ беларускі распінаўся. А цяпер надта ўжо скора па-польску пачаў балбатаць. Пярэварацень.
Дый ты ж, усё з той самай лёгкай і жорсткай усмешкай сказала яна.
Твар Кізгайлы так па-пакутніцку скрывіўся, што я пашкадаваў яго.
Ён першы перабег, скрыпнуў пан зубамі, а за ім іншыя разышліся на ўсе застаўкі. Як пацукі з карабля. А астатнім чыняць уціск.
Нобілі не бягуць, сказала яна.
Таму і галеюць. Ды і гэтых, верных, тры чалавекі засталося. І тых бы для спакою на плаху.
Сапега прышле дапамогу. Сапега вораг яму.
Не веру, сказаў пан, я і на сябе не спадзяюся пасля «схілення». І хто ведае, ці не пакарае мяне за гэта Пан Бог.
Што такое, не зразумеў я, каму вораг Сапега?
Галаве мужыкоў, ваўкавата гледзячы ў падлогу, сказаў Кізгайла. А ён хто?
Нобіль. Раман Грынка з Ракутовічаў, адказаў пан.
Прызнаюся, што я даволі непачціва свіснуў.
Справа паварочвалася зусім дрэнна. Нобілі самыя знатныя і самыя паважаныя народам людзі на гэтай зямлі. Яны не проста маюць дрэва продкаў, яны вядуць яго ад якога-небудзь слаўнага чалавека.
Іхні закон гонару: кожнае пакаленне павінна прымножыць славу гэтага продка сваімі дзеяннямі. Таму большасць з іх вызначаецца справядлівасцю, шчырым норавам і неўтаймаванай адвагай у баі.
Гэтыя тры добрыя якасці я заўсёды казаў гэта зусім не садзейнічаюць працвітанню. Таму гэта парода належыць да ліку выміраючах. Зніклі нашчадкі князя Вячкі, няма прамых нашчадкаў Андрэя Полацкага, нястомнага ворага Крэўскай уніі. Іх забылі. І па заслузе няма чаго дарэмна геройстваваць. Чалавек створаны на тое, каб пладзіцца, а не на тое, каб знішчаць сябе. Які толк у тым, што іх імёны занесены ў які-небудзь Гарадзельскі прывілей або першы Статут, калі носьбітаў гэтых імён не засталося на зямлі.
Але я заўсёды казаў, што ў гэтага народа галава змайстравана не так. Я не ведаю, мякіна ў іхняй галаве ці інакшыя мазгі (калі здарыцца выпадак, трэба будзе паглядзець), але яны абкружаюць гэтую пароду ўвагай і пяшчотай. Мужыкі асабліва любяць іх, бо тыя амаль заўсёды небагатыя і лічаць празмернае багацце за ганьбу.
Аднойчы, пасля разгрому татар пад Крутагорем, трэцюю частку здабычы прапанавалі аднаму з Ракутовічаў (не памятаю ўжо, што ён зрабіў, здаецца, закалоў ці ўзяў у палон хана Койдана), і ён аддаў яе мужыкам, якія прыйшлі пад яго сцяг. Тыя потым маліліся на яго, як на Бога, і калі іхні бажок паклікаў іх з сабою ў паход на яцвягаў кінулі ўзбагацелыя гаспадаркі і пайшлі за ім. Вядома, гэта ўсё скончылася дрэнна з правадыра-завадатая знялі скуру, узяўшы яго ў палон.
І даніну з гэтых яцвягаў можна было ўзяць толькі венікамі для лазні і лыкам. Неразумная рызыка!
Я ведаў усё гэта ад аднаго быхаўскага манаха. Ён пратрубіў нам усе вушы гэтай мінулай славай.
І ўсё ж я ўстрывожыўся. Кіраўнікі яны нядрэнныя, і, калі чуткі спраўдзяцца, значыць, у мужыцкага цела вырасла някепская галава.
Гаспадар з гаспадыняй між тым сварыліся. Ён крычаў на жонку: А ўсё ты! Патрэбна мне была тая халопка. Вось зараз і расхлёбвайце кашу, пані Любка.
Я ведаў усё гэта ад аднаго быхаўскага манаха. Ён пратрубіў нам усе вушы гэтай мінулай славай.
І ўсё ж я ўстрывожыўся. Кіраўнікі яны нядрэнныя, і, калі чуткі спраўдзяцца, значыць, у мужыцкага цела вырасла някепская галава.
Гаспадар з гаспадыняй між тым сварыліся. Ён крычаў на жонку: А ўсё ты! Патрэбна мне была тая халопка. Вось зараз і расхлёбвайце кашу, пані Любка.
Тая ласкава гладзіла гарнастая, які ляжаў у яе на плячы, ляніва выгнуўшыся, і лашчыўся галоўкай. Потым сказала холадна: Не бойся, ён цябе адсюль не дастане. Ён не мацнейшы за цябе.
І спытала ў капітана: Тую дзеўку адправілі ў Магілёў?
Капітан ледзь не ўдавіўся кавалкам і пачырванеў.
Праз гадзіну адправяць. Разам з астатнімі. Загадайце берагчы яе. Калі з ёй што-небудзь здарыцца ў дарозе і той даведаецца ён не пакіне ад Кісцянёў каменя на камені.
Слухаю вас, буркнуў капітан.
Я не пытаў ні аб чым. Занадта многа таямніц на адзін вечар.
Потым мы спехам вырашылі, каму які мур абараняць, а Кізгайла даў загад трымаць напагатове смалу і дровы і змазаць падёмнік другой рашоткі.
Загадзя ведаючы, што гэта бескарысна, вырашылі ўзняць на супраціўленне мужыкоў з замкавых вёсак Кізгайлы.
Потым Кізгайла прачытаў загад збароўскім мяшчанам, на якіх таксама маглі напасці. Ім належала: «Стрэльбу ўсякую, то бок гакаўніцы, ручніцы і сагадайкі, і іншую абарону, то бок шыбні і што іного да той абароны належыць, у дамех сваіх маці; а хто не можа больш, іно хаця адну ручніцу і рацішча няхай маець, а без абароны такавое ў даму няхай не мешкае».
Не атрымаецца і гэта, усміхнуцся Крот. Гэта чаму? узвіўся Кізгайла.
Крот выцер ільсняныя губы.
Яны ў нас пра падатак прасілі?
Ну, прасілі.
А ты не зняў?
Не зняў Таму і не атрымаецца. Скажуць, як пюць ды ядуць, дык нас не завуць, а як с.. і д., дык нас ішчуць.
Не лайся, Іван, скрывіўся гаспадар, баба за сталом.
Калі яна баба, нахабна адказаў той, няма чаго ёй за нашым сталом сядзець. А калі села, няхай слухае. Воінам без лаянкі нельга. Прыцерпіцца.
І тут пані Любка мяне здзівіла. Глянула на Крата цёмна-блакітнымі вачыма і сказала цвёрда: Калі пан хоча лаяцца, няхай пакіне замак і за мурамі лаецца з тым, хто ідзе.
Крот наліўся крывёй.
А ці не хоча пані, каб дваране і яе адправілі за муры сустракаць гэтага чалавека?
Добра, усміхнулася яна, пагроза за пагрозу.
І раптам устала.
Пан Цхакен, клікніце сваіх людзей. Я загадваю вам выкінуць гэты зброд за браму. Няхай абараняюцца ў чыстым полі.
Любка, уступіўся муж, гэта ж кожны трэці абаронца.
Спалоханы сваркай гарнастай шмыгнуў пад рантух і хутка ўжо высоўваў сваю трохкутную мордачку з рукава гаспадыні.
Нам не патрэбен такі трэці, сказала яна, здрада крочыць цераз самыя высокія вежы. Пан Цхакен
Я ўстаў і бразнуў шпорамі. Гарнастай зашыпеў на мяне з рукава, як васіліск.
Але Крот ужо звяў. Ён раптам усміхнуўся гаспадыні.
Добра, пані. Даруйце мне. Добрыя мы будзем, распачаўшы бойку, калі справа зайшла аб скуры. Паасобку будзе дрэнна і вам і нам.
Воблака рассеялася. Вячэра цягнулася далей. Вырашылі паспрабаваць заўтра выслаць Дамініка лазутчыкам, каб даведацца, дзе вораг.
Усё астатняе для абароны было падрыхтавана. Мы толькі не ведалі колькасці ворага. Мяцеж, выяўляецца, узгарэўся ў наваколлі Зверына. Адтуль не ўцёк ніводзін дваранін. Было гэта за тры тыдні, а першая чутка аб бунце прыйшла тыдзень назад, калі паўстанцы ўзялі Рагачык. І тады ўжо на чале іх быў гэты Раман.
Дрэнна, вельмі дрэнна. Я ніколі не верыў людзям, якія занадта доўга церпяць. Калі іх нянавісць загарыцца, яна гарыць, пакуль не спапяліць праціўніка або самога сябе.
І толькі цяпер я даведаўся нарэшце, у чым рэч, і сам сабе падзівіўся неразумнасці Кізгайлы.
А расказаў мне гэта попік з цяжкавымоўным імем.
Аказваецца, паўтара года таму назад Раман прапанаваў пану Аляхну пяцьдзясят бітых талераў за тое, каб ён адпусціў на волю сваю халопку Ірыну.
Яны сядзелі і пілі разам, і Аляхно спытаў Рамана, нашто яму гэта. Той адказаў, што паспрабуе пасля гэтага завалодаць яе сэрцам і ажаніцца з ёй. Сэрца, як я мяркую, табе без патрэбы, ласкавы пане, легкадумна адказаў нежанаты тады пан Аляхно.
Аднак ты ж прынёс сваё да ног панны Любкі.
Гэта зусім іншая рэч. Яна высокага роду. А нобілю сорамна браць за сябе халопку.
Ажаніўся ж з дачкою смерда мурамскі Пётр, сказаў Ракутовіч.