Ракавіна ляжала на стале, павернутая да святла маціцовым пляскатым бачком, роўна так, як яе паклалі. Праз шчыльна загорнутыя фіранкі тачылася рэдкае святло. Калі памірае чалавек, жыццё працягваецца ва ўсіх сваіх вялікіх і малых дробязях, выяўляючы поўную абыякавасць да зніклага, але не абражаючы сваім бадзёрым працягам таго, хто выпадае з кола. Калі ж памірае каханне, усё навокал таксама застаецца на ранейшым сваім месцы, адно чалавек робіцца памерлым, жывучы сярод жывых.
Нарэшце яна знайшла адказ
З працы вярталася амаль весела. Пазваніла з пошты бабулі. Здзівілася, наколькі родным падаўся яе голас. Адразу ў цеснай кабінцы запахла водарам бабчынага хвартуха часнок, кроп, сухая меліса, упярэмешку з махоркай, якой тая ўпарта пасыпала зямлю хатніх кветак, што буялі ў яе на падвоканнях нават узімку. Бабуля клікала на Каляды ў Заслаўе, абяцалася штосьці падараваць. Не верылася, што, павесіўшы цяпер слухаўку, Соня ўжо распачынае сыход уніз па калодзежных прыступках з гэтай паверхні, дзе згубілася і ніяк не знаходзіцца яе радасць. «Хто сказаў табе, што мы нараджаемся дзеля таго, каб быць шчаслівымі?» запытаўся ў яе аднойчы знаёмы з дакорам у голасе. Гэтага дакору ёй хапіла з каптуром, каб больш не бачыцца з сапраўды разумным чалавекам, бо яна ўжо добра ўмела розніць сэнс сказанага ад інтанацыяў, з якімі яны былі прамоўленыя.
Зімовае сутонне панавала ў кватэры. Соня не стала запальваць святла. Лягла на спіну на канапу і заплюшчыла вочы. Пошукі радасці былі цяпер яе клопатам. Дзе яе гнёзды, прычыны, фарбы? Якія птушкі прыносяць яе ў дзюбах для спакутаваных? А можа сама Соня пераблытала і расказала сама сабе другую гісторыю, зусім не з тым канцом. Яна ж была народжаная ў каханні. Бабуля казала ім з сястрой, што яны проста абавязаныя быць шчаслівымі, бо бацькі пражылі свой век, трымаючы адно аднаго за рукі. Проста сама Соня, падросшы, похапкам ускочыла не на той човен ды адплыла ад свайго берага, забыўшыся запрыкмеціць шлях да вяртання. Колькі год яна адчайна грабе, каб наблізіцца да самой сябе, але, здаецца, човен рухаецца па коле. Тады, седзячы за спінай бацькі ў чаротавым зарасніку, яна цвёрда ведала, што ён абавязкова выруліць да патрэбнага месца, абмінаючы перашкоды. Цяпер жа каторы год яе самотны човен шчэпкай гойдаецца па жыцці. Перастаць варушыцца, лавіць плынь? Скарыцца волі хваляў, каб патануць у пластах вады, якая з такой настойлівасцю грукаецца ў зачыненыя дзверы яе памяці? Патануць, каб дастаць дна, шчакой дакрануцца да зыбучага пяску? Дык вось значыць, як шарасціць час, сцякаючы паміж пальцаў Марудна і хутка адначасова.
Здаецца, яна адчувае глыбіню гэтай прорвы споду года, гэтую нізіну, куды звальваюцца нязручнасці, непамыслоты, незавершаныя спадзяванні. Цёмная пара датуль, пакуль не ўвабецца ў сваю сярэдзіну снежань, не падбеліць прастору навокал, не наваліць гурбаў на чорную зямлю, усё вышэй і вышэй, пакуль яны не дастануць зімовага сонца
Соня ўжо не мела сілаў нацягнуць на сябе коўдру. Імгненнае жаданне ўхутацца ў раптоўна схаладнелым пакоі згасла, ледзь паспеўшы ўзнікнуць. Ніжэй, глыбей, туды, дзе гучыць голас, поўны пяшчоты і спагады. У забыццё.
Вада змяняе аблічча чалавека. Змывае напругу з твару, расслабляе цягліцы, вызваляе ўсмешку, ярчэйшым робіць пагляд. Нібыта з неўсвядомленай радасцю мы кідаемся ў абдоймы свайго пачатку. І калі гульба з вадой прытоміць цела да салодкай знямогі, выпрастае яго нерухомым лістком, свядомасць расцячэцца па вадзяной роўнядзі і адлюструецца ў ёй усё-усё, да самай апошняй драбніцы. Бо няма дробязі, не вартай увагі, ёсць панаванне марнасці, якое робіць сэрца пустым.
Соні падалося, што яна ўжо даўно ляжыць на глыбокім дне, хаця да паверхні дня, у якім яна прылягла надвячоркам на спіну на канапе, варта было толькі працягнуць рукой Цела перастала слухацца і згубіла ўшыркі і ўдоўжкі свае межы. Ёй падалося, што яна пачала распускацца ў вадзе і вось-вось знікне сама, страціць сваё імя, але зрабіла глыток і адчула яго, значыць была яшчэ тут. Тут. А там знеадкуль пачуўся далёкі вокліч яе бабулі: «Зафейка!» Раптам мяккі, моцны штуршок чыіхсьці вялікіх далоняў скрануў яе з месца, надаў яе целу рух і форму, і гэтая форма ізноў заняла сваё ранейшае месца ў прасторы. «Зафейка!» бабуля наблізілася і ласкава паманіла яе да сябе, дастала з кішэні хвартуха драўляны грабеньчык ды правяла па доўгіх валасах унучкі. Раз, другі, трэці «Густыя валасы, як ва ўсіх кабет з нашага роду, Зафейка». Бабуля гладзіла ды гладзіла няроўнай, шурпатай далонькай яе галаву, перабірала нягнуткімі пальцамі шаўковыя пасмачкі ды нягучна спявала сваё:
Зафея прыслухоўвалася да гучання свайго новага імя. Як з мінулага жыцця. Знаёмыя спалучэнні гукаў. Усё неяк пачало станавіцца на свае месцы. Яна павольна вынырвала з уласных глыбіняў, з радасцю прыслухоўваючыся да гукаў навокал. Надыходзіла раніца: ізноў сутаргава закалацілася старэнькая лядоўня на кухні, забрахаў унізе ля падезда сабака, па мокрым асфальце пранёсся легкавік, зашаргацела пруцяная мятла ў руках дзядзькі Язэпа, вымятаючы з лужынаў позняе лістападаўскае лісце
У Зафеі сёння было шмат справаў. Упершыню за апошні час. Яна азірнулася на свой дом, стромкі белы хмарачос, падобны адначасова на вежу і чымсьці на карабель, калі была ўжо на другім баку вуліцы.
Аліса Бізяева
Нашы з табой падарожжы
Зорны дождж
Сёння ноччу дамовіліся не спаць, а ісці збіраць зоркі. Каб не заснуць, сядзелі ля каміна, гледзячы на тое, як іскры, нібыта зоркі, ляцелі ўверх, пад дах. Выйшлі на вуліцу пабачыць, што ўсе яны праз комін ляцяць у неба. Зразумела, зоры, нібыта пара з вады, узнімаюцца ад гарачага вогнішча, а потым праліваюцца на зямлю метэарытным дажджом.
Зоркі падалі адна за адной. Мы ўладкаваліся ў садзе і шукалі агеньчыкі ў траве. Я збірала іх на празрыстую ніць, каб увіць у твой летні капялюшык. Хутка атрымалася нізка такой даўжыні, што я абгарнула яе вакол сваёй таліі дванаццаць разоў.
Мора было неспакойнае. Хвалі звіваліся скруткамі і неслі да нас зоркі аскепкі люстэрка і начныя дрыжыкі. Добра купацца ноччу, калі нікога няма на пляжы, калі вада не цёплая, як у ванне, а прахалодная, крыху пякучая, як малочны кактэйль, што трэба піць хутка. Я ўзяла толькі самае неабходнае: кнігі, дыванок для медытацыі, калекцыю каменьчыкаў і раслінаў з розных краінаў, слоўнік, сухія фарбы, універсальную дошку для гульняў.
Поруч мы пайшлі па вадзе, каб там, на глыбіні, падскочыць разам і апынуцца пад вадой па самыя плечы. Ты ішоў крыху наперадзе і пакідаў за сабой на вадзе бліскучы след, які змывала апераная хваля. Мой след бачылі толькі самотныя медузы. Мы ішлі насустрач поўні па вогненнай дарозе, каб не заблукаць вяртацца будзем тым жа шляхам, калі зойдзем за гарызонт на той бок Зямлі і поўня апынецца за намі. Мы мінулі кароткую пярэспу; яшчэ некалькі крокаў, і можна ныраць. Падскочылі і ўвайшлі ў ваду, густую, як кісель, і аскепкі вадзянога люстэрка разляцеліся ўва ўсе бакі, ізноў нагадаўшы пра зоры. Вада свяцілася. Было прыемна плыць, адчуваючы, як кожны наш рух рассыпаецца бразгатлівымі срэбнымі званочкамі рукі нібыта ў брыльянтавых пальчатках па самы локаць, на шыі каралі з каштоўных камянёў, якія змяняюцца няспынна.
Я ўсміхнулася табе, а ты ў адказ паглядзеў добрымі глыбокімі вачыма. І падалося, так можна плыць цэлую вечнасць, незважаючы на тое, што ногі паступова пачыналі сцюдзянець. Я ведала, калі пачну стамляцца, магу ўхапіцца за твае валасы і плыць далей, трымаючыся за цёплую шыю. Мы плылі так усю ноч і ўвесь наступны дзень, чакаючы цемры і месяцавай сцяжынкі, якая паказала б нам дарогу. Хутка мы пабачылі супрацьлеглы бераг.
Гэта быў такі ж самотны пляж, як наш. Па ім вецер ганяў пялёсткі ўчарашняга туману. Вечар ужо адаслаў наперад свой прахалодны подых. Мы выйшлі з вады і, каб хутчэй абсохнуць, расклалі вогнішча з пакінутых ластаўчыных гнёздаў. Твае сляды былі падобныя да кітайскіх іерогліфаў. Гэта былі «сэрца», «рот», «маці», «сонца», а апошні нагадаў медытатыўны невымоўны гук цішыні.
Нехта заўважыў дым ад нашага вогнішча. Мы пачулі галасы і крокі людзей. Гэта маглі быць памежнікі, якія будуць прасіць нашы візы. Вырашылі перачакаць пад вадой. Вельмі не хацелася пакідаць наш утульны агмень, але гэта быў адзіны выхад пазбегчы непрыемнасцяў.
Мы паплылі ад самога берага, калі галасы пачуліся блізка, нырнулі і затаіліся. Потым апусціліся на дно і сталі глядзець праз ваду на неба. Па-над намі праплылі юная камбала з вачыма па адзін бок цела, маленькая рыбка-голка, некалькі рознакаляровых медуз. Нарэшце пачало цямнець, і на небе паказаліся першыя зоркі. Калі Млечны Шлях стаў выразна бачны, мы асцярожна падняліся на паверхню і пабачылі за сабой яскравую поўню. Нашае вогнішча было раскіданае, толькі дагараючыя іскры засталіся напамінам пра тое, што кожную летнюю ноч мы ходзім збіраць зоркі ў свой яблыневы сад.
Горад К
Мы ішлі ажыўленай вуліцай горада К., і ўсе на нас глядзелі, таму што мы былі вельмі прыгожай парай. Мабыць, нехта нам зайздройсціў, бо па маёй патыліцы бегаў халадок нечых позіркаў. Горад К. быў вельмі стары і вядомы. На вуліцы мітусіліся натоўпы людзей, і чарада машынаў, ледзь рухаючыся ў заторы, марудна прасоўвалася. Мы з цяжкасцю пракладвалі сабе шлях сярод гэтай блытаніны людзей ды аўто, а калі-нікалі нават даводзілася кранацца мінакоў рукой. Нейкі хлопчык, які нёс сваёй дзяўчыне вялізны букет парніковых бязводарных кветак і вельмі спяшаўся, нават наступіў мне на нагу. Мы вырашылі пайсці далей ад цэнтра і нечакана набрылі на звярынец.