Пакахай мяне, калі ласка (зборнік) - Коллектив авторов 3 стр.


Вясна ўсталявалася позняя, чым далей, тым больш мокрая: спачатку доўга таяў снег, пасля над горадам навіслі амаль нерухомыя, набрынялыя вільгаццю воблакі-цэпеліны, з якіх амаль без перастанку церусіў не па-вясноваму занудлівы дожджык. Паветра пахла нябеснай вадой упярэмешку з духам вільготнай зямлі. Вяртаючыся з працы, Соня найперш зачыняла фортку, з якой цягнула вільгаццю, але шчодры пах вады не знікаў з кватэры і праз усю ноч.

Новае жытло мала што змяніла ў Сонінай штодзённасці. Сястра па-ранейшаму адмоўчвалася, затое апошняя паездка ў Заслаўе да бабкі пасяліла ў душы шчымлівую пяшчоту. Старая, прытуліўшыся да яе на развітанне, раптам зашаптала, зазіраючы ў вочы: «Зафейка, ці памятаеш той грабеньчык, што ляжаў у нас на камодзе, то гэта ж яго Рагнеда згубіла, калі на кані праз роў скакала, а я яго і падняла. Во там тыя равы!»,  махала рукой кудысьці ўбок. Бабуля вядомая мудрагелька ды прыдумшчыца. З дзяцінства стаіць у Соніных вачах карцінка: баба Ядзя сядзіць жнівеньскім надвячоркам на ганку, узіраецца пільным вокам у край далягляду, услухоўваецца ў маўклівы ўжо без птушак сад, і сама сабе кажа весела так: «Лецейка-та брык». Шмат чаго памятае Соня, не памятае толькі, з чаго тое сталася, што расцягнула іх усіх па розных кутах, сцёршы да белаты мінулае, пакінуўшы хіба адно горкае шкадаванне.

Ужо дома, выкладаючы з торбы бабчыны гасцінцы, на вочы трапіўся тэкст з газеты, у якую быў загорнуты кавалак заслаўскага цвёрдага сыру. «Паездкі ў Беларусь асацыююцца ў мяне з навуковай фантастыкай. Гэта нейкі сюжэт пра расшчапленне рэальнасці ці пра паралельныя сусветы. Я пачынаю разумець, што жыццё гэта нейкая вадкая субстанцыя, якая можа набываць мноства розных нечаканых формаў» Пісаў гэта вядомы «чалавек-аркестр» з Украіны, які быў праездам у Менску, і словы гэтыя чымсьці моцна ўразілі яе і зноў вярнулі памяць пра сны, якія апошнімі часамі трывала запанавалі над яе думкамі.

У гэтую ноч вільгаццю патыхала наймацней. Адчуваючы на сабе цёплы дотык коўдры, Соні тым не менш падалося на паўкроку ад засынання, што яна простатакі патанае, правальваецца ў мяккае воглае воблака, і раптоўная зеляніна шпалераў была апошнім, што здзівіла яе тут. А там ізноў быў спакой, цурчанне вады і раптоўнае дакрананне сухіх шурпатых вуснаў да яе, Соніных, крыху прыадкрытых у сне.

Прачнуўшыся, Соня ляжала, баючыся паварухнуцца, страсянуць штосьці ўнутры, таму што тое, што там цяпер знаходзілася, ціснула такім салодкім цяжарам, пякло такім нясцерпным агнём, што на хвілю яна перастала адчуваць свае межы. У сне хтосьці проста падышоў да яе і правёў далонню ўздоўж цела па валасах, плячы, сцягну, па нагах, дакрануўшыся да самага мезінца. Пры гэтым другая частка цела заставалася халоднай і нямой на дотык, у той час як іншая залілася імгненнай гарачынёй. Чые гэта былі далоні Соні не было дадзена ведаць, таму што гэты хтосьці быў адначасова ўсімі яе знаёмцамі адразу. І тым не менш нейкі выразны ўспамін з мінулага проста прыціснуў яе да канапы.

Яны сустрэліся вачыма ў бібліятэцы і неяк адразу скіраваліся да выхаду. Была сярэдзіна восені, апошні яе цёплы дзень, і гарадскі краявід з акна, да якога яны падышлі не змаўляючыся, здзівіў абодвух. Дзве нерухомыя вялікія цёмна-зялёныя елкі завостранымі вершалінамі ўтыркаліся проста ў блакіт, ствараючы ўражанне маўклівых пірамідаў на тле адыходзячай на час прыроды. Карціна за акном рабіла дваістае ўражанне. Здавалася, што елкі са сваёй стромкай вертыкальнасці, не скранаючыся з месца, выпростваліся да кругагляду і ператвараліся ў шлях, указвалі напрамак. Трэба было проста задоўжыць на іх погляд, а, можа быць, гэта называецца змяніць гледзішча. Дарога клікала, і яны пайшлі на гэты покліч.

Пазней жыццё чыніла ім сітуацыі, калі змена арыенціра абрынала на іхнія плечы невядомыя дагэтуль адчуванні. У каго з іх першага зламаўся гэты каштоўны пачуццёвы механізм невядома, але тады, калі, здавалася, свет належаў толькі ім, адбылася страта. Елкі з акна бібліятэкі яшчэ паказвалі шлях для абраных, але кожны з іх ужо вандраваў па сваім.

Соня ледзь перажыла той год. Зрабіла ўсё магчымае, каб вызваліцца ад успамінаў. Пераезд у новы дом быў адным са спланаваных крокаў у гэтым накірунку. Разлад у яе сямі таксама, мусіць, быў водгуллем на гэта. (Як бы Соні ні хацелася так думаць.) Проста немажліва было тлумачыць сястры ды і старой тое, што ёй самой не ўкладалася ў галаве. Хацелася ўнікнуць усяго. З успамінаў таго перыяду найбольш выразным запомнілася пачуццё, калі даводзілася выходзіць у ноч з чужых асветленых пакояў. З якой асалодай твар акунаўся ў выратавальную немату. Цемра рабілася прыязнай, сваёй. Нарэшце можна было адпачыць, загаіць стаптаны цікаўнымі паглядамі твар.

Прахалода, якая цяпер амаль заўсёды панавала ў доме, была насамрэч патрэбна Соні. Жарсць і спакуса, гэтыя два пякучыя словы, з шыпеннем правальваліся ў нейкія сцюдзёныя воды, не пакідаючы нават бурбалак, ці, можа быць, адно бурбалкі і пакідаючы. Таму, прачнуўшыся пацалаванай, Соня баялася паварухнуцца. Каб не спужнуць, каб успомніць.

Тое, што пачало адбывацца з Соняй пазней, не мела для яе ніякіх тлумачэнняў. Чароды вобразаў цяклі ў яе душу амаль без перастанку, прынамсі, калі яна заставалася ў доме. (Хіба што апоўначы на кароткі час свядомасць вызвалялася, расцякалася спакойнай роўняддзю па-за ўласныя межы.) Пад млынавы грукат да яе даносіліся галасы ўзброеных людзей. Змест гаманы было не ўцяміць, гаворка нагадвала птушыныя перагукванні. Варта было пасунуць галаву на падушцы трохі ўбок, і відзежа квітнеючай яблыні запаланяла сабой усю прастору яе пакоя (ці быў то пакой?). Дрэва, што ўвабралася ў самы росквіт, абтрасала ружовыя пялёсткі на цёмную галоўку малога пастушка, што сядзеў пад ім. Грукат млына раптоўна змешваўся з нарастаючым гулам падаючага з неба жалеззя, і пасля Соня ўжо не бачыла, але чула плач і стогн многіх людзей. Ізноў чула плюскатанне вады ды бачыла збялелыя вершаліны ўспоратага чароту, зялёныя пагоркі і горад на даляглядзе

Аднойчы ўначы праз сон ёй падалося, што хтосьці пазваніў у дзверы. Соня дасюль не ведае, ці падхапілася яна насамрэч, ці ўсё адбывалася падчас яе сну. Але калі яна ўзялася за клямку, дык раптам зразумела, што адчыніць дзверы не здолее, а калі б і магла, то забаялася, што ўяўная вада вырвецца з яе кватэры навонкі ды проста змые начнога госця. І гэта было відавочна. Адно што ранкам Соня не магла ўцяміць, як жа сама яна магла знаходзіцца тут, да таго ж унізе таксама жылі людзі. Пасля той ночы Соня заўважыла змены ў сваёй кватэры. Яе белыя шпалеры пакрыліся тонкім, бы павуцінне, малюнкам, падобным на выявы вадзяных раслінаў, а пад босымі нагамі дзе-нідзе шамацеў белы рачны пясочак, бы хтосьці знарок рассыпаў змесціва шклянога гадзінніка. Соня баялася паверыць самой сабе.

Начны госць прыйшоў наступным разам. Сон аказаўся ў руку: на парозе стаяў чалавек з мінулага. Яе нарачоны. Раптоўная хваля радасці ледзь не збіла Соню з ног. Усё адбылося амаль з дакладнасцю да наадварот. Толькі цяпер гэта была зусім не хваля сцюдзёнай, звыклай вады яе асяроддзя. Мяккі штуршок у грудзі прымусіў Соню зрабіць крок назад ад расчыненых дзвярэй, у паўцемру свайго пакоя, якая сцялася ў яе за спінай у прытоеным чаканні.

Яны сядзелі на кухні і згадвалі сваё жыццё. Вечар успамінаў. Цяпер не праз сон, не праз мрою, а наўпрост словамі, вачыма, вуснамі твар у твар.

Горад запальваў ліхтары, і яны сустракаліся на месцы Старога рынку. Амаль заўсёды на адным і тым жа месцы. Пасля выбіралі кірунак сваіх блуканняў. Менск датуль застаецца халодным і маўклівым для людзей, народжаных наводдаль ад яго, пакуль яны не ўбачаць яго вачыма свайго кахання. Мураваныя лаўкі не здаваліся халоднымі, калі яны сядалі на іх, а святло чужых вокнаў сагравала тады, калі на начных вуліцах у твар дзьмуў ледзяны лістападаўскі вецер. Прытулкам былі чужыя падезды на праспекце і ў Старым горадзе, а варажба па сценках пустых кававых філіжанак абяцала абодвум бясконцы працяг іхніх вандраванняў. У канцы доўгага калідора ў будынку старога уніяцкага кляштара яны грэліся адной каляднай ноччу ля гарачай батарэі. Пахла ваўнянымі Сонінымі рукаўкамі, сплеценымі заслаўскімі вечарамі бабуляй, а ён расціраў яе тонкія пальцы, разпораз цалуючы кожны паасобку. «Твае белыя пальчыкі барабанныя палачкі»,  шаптаў і дзьмуў горача ў яе жменьку той малады музыка, аматар Малера і партугальскага джазу.

Ён сышоў уначы, пакінуўшы ў падарунак ракавіну, даўгую, з зазубрынамі, якія спіраллю ўкручваліся і знікалі ў сярэдзіне глыбокай адтуліны. Зусім нетутэйшая, з далёкіх выспаў.

Рэшта ночы цалкам перакуліла Соніны ўяўленні пра свет і пра сябе. Яна цягнулася бясконца доўга і адначасова прамільгнула, як бы яе і не было зусім. Але ці было насамрэч праўдай тое, што адбылося гэтай ноччу з Соняй, яна не ведала. Цяпер яна ўвогуле нічога не ведала! Той, хто абдымаў яе ў сне гэтай ноччу, быў самой музыкай, што ўвабрала ў сябе пошум і гукі ўсяго наваколля. Толькі адкуль поруч са спевамі невядомых ёй птушак грукат і пляскат вадаспаду? А можа, гэтак грукоча і рыпіць вялізарнае кола вадзянога млына ў кіпучай вадзе глыбокага ставу? Ці хтосьці вялікі і невядомы разгойдвае з самога дна азёрную паверхню. Пырскі ахіналі Соню з ног да галавы, але былі яны народжаныя хвалямі такой асалоды, што можна было знікнуць. Самой стаць мелодыяй, ветрам, вадой Проста знікнуць.

Назад Дальше