След часам губляўся, гэтыя дні паспелі ўжо выпрастаць прымятую траву, крыху зацягнуць вырваныя кавалкі пругкага зялёнага моху. Моцная, як вяроўкі, дзераза вілася паверх ігліцы. Аднак следчы кожны раз знаходзіў шлях некага, хто тут не ішоў поўз. Сляды таго, што тут адбылося, пятляючы, няўхільна вялі яго да дуба. Пад вываратнем пясок захаваўся сухім, і можна было разгледзець выразныя сляды чалавечых рук і ног, а таксама выбоіну ад галавы.
Абышоўшы вакол дуба, Сухта, схіліўшыся над зямлёй, адшукаў ланцужок глыбокіх ямак скачкоў, якія падымаліся са схілу. Некалькі з іх выразна выдзяляліся на зямлі гэткія сляды робяць не лапці, не поршні, а толькі боты. Боты на добрай падэшве, не надта вялікага памеру.
Агледзьце ўсе дрэвы, усю галузь![36] кінуў памочнікам і, амаль паўзучы, пакраўся па скачках, якія вялі назад, адтуль, адкуль прыйшоў ён сам. Калі ж, пасля доўгіх поўзаньняў пошукаў, ён зноў выйшаў да паляны, вочкі яго блішчэлі тым захапленнем і зацятасьцю паляўнічага, калі ён выходзіць на патрэбны след.
Адзін з дваіх! прашаптаў ён. Каторы? Гердзень ці Даніла?
Вечарам, вярнуўшыся ў Ліду, разам з памочнікам Драздом ён сядзеў у прызамкавай карчомцы. Усе ў карчме ўжо ведалі, што чужынцы прыехалі з самой Вільні, каб даследаваць забойства ахоўнікаў і рабаванне куфра з каштоўнасцямі, таму спачатку людзі толькі назіралі збоку, як ядуць і пюць прыезджыя. Але затым выжлуктанае піва дадало людзям смеласці, і да Сухты пачалі падыходзіць зямяне. Менавіта на гэта разлічвалі дазнальнікі, таму і адправіліся вячэраць у карчму, адмовіўшыся ад гасціннасці кашталяна: нідзе так не ахвочы да словаў чалавек, як там, дзе ён разам з іншымі вышынкоўвае хмельмае пітво. Паступова каля прыезджых сабраўся натоўп, і кожны выказваў свае думкі наконт здарэння, так што падыходзіла да поўначы, калі следчы нарэшце выправіўся ў пакоі, якія адвёў ім кашталян. У галаве яго гудзела, звесткі, якія з ахвотай накідалі ім у карчме, віліся вакол галавы, як надакучныя мухі.
На замчышчы ўсё спала, толькі вартавыя мерна хадзілі каля брамы. Іхнія крокі гулка аддаваліся ля калодзежа, што месціўся ўнутры двара, і, нібы адштурхоўваючыся ад сценаў, вярталіся зноў да варотаў. Дрозд адстаў, гаворачы з яшчэ з нейкім словалюбным месцічам, і Сухта прайшоў па двары адзін, асветлены смалякамі, што кідалі няроўныя цені на драўляныя прыбудовы ля усходняй сцяны.
У адну з іх ён зайшоў, марачы толькі аб адным легчы на ложак і заплюшчыць вочы. На заўтра заставалася яшчэ процьма розных справаў, бо размовы з замкавымі людзьмі яшчэ і не пачыналіся. Учора, ледзь прыехаўшы, ён спяшаўся на месца здарэння. І не дарэмна: пярліна якраз на тым месцы, дзе нехта дапоўз да дарогі, была важнай следчай знаходкай. Трэба таксама дазнацца, якія гузікі маглі быць на адзенні Гердзеня ці данілы. І яшчэ, і яшчэ
У канцы калідору, што пахнуў сьвежай драўнінай, да яго пасунулася чыясьці белая, як прывід, постаць. Возны схапіўся за тонкі кінжал мізэрыкордыю, з якім быў неразлучны.
Хто тут?
Гэта я, маці Данілы! Таго, каго вы зараз шукаеце!
прашалясцела насустрач, і ў дрыготкім святле светляка, што матляўся ў зажыме за яго спіной, Сухта ўбачыў нестарую яшчэ кабету ў доўгай сукні і камізэльцы, з белай наміткай на галаве. З ёй, маці зніклага Данілы і жонкай забітага Сокала ён збіраўся гаварыць у самую апошнюю чаргу. Маці заўсёды будуць абараняць сваіх сыноў
Чаго ты тут?
Хачу толькі запытацца, дзеля Рода і Парадзіх:[37] ці вы штосьці знайшлі?
Што і знайшоў, дык табе не скажу.
Я хачу ведаць адно, толькі адно: ці жывы хаця мой сын?!
Адкуль жа мне ведаць? прабурчаў Сухта, трохі аслабіўшы кулак, што сціскаў кінжал. Вось знойдзем, тады высветлім, хто забіваў Твайго мужа, між іншым, таксама!
Мой хлопчык не такі! застагнала яна. Ён ня выдзерца! Не, не, ён не рабаўнік! І любіць любіў, паправілася яна бацьку, ён ня мог яго прадаць!
Сухта ўздыхнуў. І прадавалі, і забівалі, і пераступалі праз самыя страшныя клятвы, не баючыся ні багоў, ні людзей. І плакалі маці, малжонкі, дочкі, і раўлі, як быкі, ашуканыя мужы ці бацькі Ён нагледзеўся на тое ўдосталь, таму не верыў нікому. Аднак гэтая кабеціна магла яму дапамагчы і як ён сам не даўмеўся, папракнуў ён сябе! Адклаў на заўтра, а трэба было высветліць тое сёння!
Якія гузікі былі на каптане твайго сына ён жа быў ў каптане?
Так, я сама прасіла майстра нашыць на той каптан палосы ад свяшчэннага дзіка
Якія гузікі былі на каптане твайго сына ён жа быў ў каптане?
Так, я сама прасіла майстра нашыць на той каптан палосы ад свяшчэннага дзіка
Дык якія былі гузікі?
А-а, гузікі Металічныя, якія ж яшчэ!
А ў Гердзеня?
У Гердзеня? Не памятаю. Вось у Сокала
У Сокала не трэба. У што быў абуты твой Даніла? Няшчасце іншых, нягледзячы на яго суровасць і вопыт, усё яшчэ выклікала ў ім спагаду. І як не спачуваць, калі вось такія глыбокія, спакутаваныя вочы глядзяць на цябе з болем і надзеяй. Яна страціла мужа, але спадзяецца, што жывы адзіны сын. Ёй не пазайздросьціш: шмат якія лідскія людзі вераць, што сын мог забіць бацьку і схавацца разам са скарбам і сваім хаўруснікам.
Яна глядзела няўцямна, і ён прыкрыкнуў:
У што быў абуты? Што было ў яго на нагах?
Ён ён у боты. У добрыя казловыя боты.
А старыя боты ёсць? Нясі іх сюды!
Боты?
Яна не разумела.
А навошта? Ботаў у яго болей няма. Толькі лапці і поршні.
Нясі! Лапаць ці поршань усё роўна! Мне патрэбны памер нагі! рыкнуў ён. І не пытайся болей ні аб чым!
Зараз! Нясу!
Яна прашмыгнула міма яго да дзвярэй, выскачыла, нібы растварыўшыся ў цемры.
Ён уздыхнуў, зноў выйшаў з прыбудовы. На цёмным вераснёўскім небе ярка гарэлі Стажары, Мілавіца ж зорка багіні Лялі як зачапілася за бляшаны караблік на флюгеры вежы і маркотна міргала з невымернай для смяротнага чалавека вышыні. І Сухце таксама стала маркотна і скрушна на душы. Можа, усё ж трэба было пачакаць да заўтра, каб сёння адпачыць як след? Але заўтра яго закруцяць справы, клопаты, версіі. А сёння ён патрымае ў руках прадмет, які належаў чалавеку, якога шукае, і загадае сабе сон. Калі добра настроіцца на яго і ўсё тое, што бачыў і чуў за дзень, то, магчыма, вешчы сон і сапраўды прыйдзе да яго і многае стане зразумелым. Не часта, але такое з ім бывала, нібы рэчы, якія ён кранаў, самі пачыналі гаварыць аб тым, што з імі здарылася. Але для гэтага трэба было ўсёй душой паспачуваць некаму, як вось зараз гэтай няшчаснай кабеце, чыя душа з магутнай сілай любові да сына прасіла яго знайсці і разабрацца І ён цярпліва, нягледзячы на стому, чакаў і думаў.
Трэба было загадаць, каб такі ж лапаць ці поршань забралі з хаты Гердзеня. Таму што нехта з іх ці Даніла, ці Гердзень не быў наводчыкам на скарб. Ён сам бег ад стрэлаў, як загнаны заяц, ён, сцякаючы крывёй, прыпоўз да дарогі і яго падабраў вазок, у якім сядзела багатая пані, якая носіць абшыты пярлінамі галаўны ўбор. Ён ужо не сумняваўся, што след уцекача, якога падабрала карэта, супадзе менавіта з Данілавым абуткам. Але гэта правераць заўтра яго памочнікі.
Узгадваючы Лядашчыка і спатыкаючыся, прайшоў браму яго памочнік Дрозд. Вартавы пільна агледзеў яго, каб не памыліцца. Сухта не стаў шмат размаўляць з дзецюком. Усё раскажа яму, калі той прачнецца і вытхне з сябе сляды добрай чвэрткі бочкі, з якой карчмар цадзіў і цадзіў цёмнае піва, якое ў Лідзе вараць, аказваецца, лепей, чым у самой Вільні
Ягайла
Залачоныя клямры балдахіна варушыліся ад лёгкага вераснёўскага ветру, што шчэміўся ў прыадчыненую аканіцу. Кароль любіў спаць пры свежым паветры, таму каралева мела другую спальню, дзе аканіцы заплішчваліся да апошняй шчылінкі і дзе з вечара на шпалеры пырскалі духмянай нямецкай вадой з Кёльну,[38] як прывыкла да таго Ядвіга ў Будзе, пры венгерскім двары свайго бацькі.
Каралю не хацелася ўставаць, хаця ў Вільні ён прачынаўся першым з усёй вялікакняскай сямі і любіў снедаць у ложку, для чаго з вечара прыносіліся да лажніцы хлеб, кавалкі халоднага мяса і грушкі. Тут, у Кракаве, такое немагчыма. Перш чым дабрацца да стала, трэба прайсці праз рукі апранальшчыка і памочніка кашталяна, праз агульную з каралевай малітву, прычым чытае яе ня хто іншы, як сам біскуп кракаўскі Пятро Выш. А галоўнае зранку трэба прымаць то ваяводу, то канцлера, то маршалка, і для кожнага трэба знаходзіць пэўнае рашэнне, якое тут жа запішуць у кнігу, якую трымае перад сабой пісар каралеўства, і гэтая кніга як прысуд Кона канчатковы. Бывае, што хочацца адмяніць сваё рашэнне, адцурацца яго, аднак жа не табе няўмольна прачытаюць яго роўным і бязлітасным голасам, і яно прыліпне да цябе як смала навекі.
Пачуўшы, што кароль заварушыўся, ціха зайграў на цымбалах за дзвярыма музыка Жыж, заспяваў любімую каралеўскую песню-баладу:
Была зямля не свячона,
Былі людзі не хрышчоны,
Не верылі Госпаду Богу,
А верылі люту-цмоку.
Люту-цмоку далі броку[39]
Кожны дзень па чалавеку
Гэтую песню Жыж, у хрышчэнні Андрэй, спяваў яшчэ пры бацьку Альгерду ў Віленскім замку, а маці, Юльяна, не любіла яе, крычала: Навошта палохаць дзіця! Ды бацька казаў: Хай любіць нашыя песні ды паданні, хай шануе старыя часы і слаўныя дзеі вайсковыя!. Няўжо адчуваў бацька, які быў не толькі слаўным воем, але, як казалі, умеў часам зазіраць у будучыню, што ягонаму сыну давядзецца жыць побач з такім вось цмокам ды не дзе-небудзь, а ў Польскім каралеўстве, у Кракаве, на самім Вавелі?