Пачуўшы, што кароль заварушыўся, ціха зайграў на цымбалах за дзвярыма музыка Жыж, заспяваў любімую каралеўскую песню-баладу:
Была зямля не свячона,
Былі людзі не хрышчоны,
Не верылі Госпаду Богу,
А верылі люту-цмоку.
Люту-цмоку далі броку[39]
Кожны дзень па чалавеку
Гэтую песню Жыж, у хрышчэнні Андрэй, спяваў яшчэ пры бацьку Альгерду ў Віленскім замку, а маці, Юльяна, не любіла яе, крычала: Навошта палохаць дзіця! Ды бацька казаў: Хай любіць нашыя песні ды паданні, хай шануе старыя часы і слаўныя дзеі вайсковыя!. Няўжо адчуваў бацька, які быў не толькі слаўным воем, але, як казалі, умеў часам зазіраць у будучыню, што ягонаму сыну давядзецца жыць побач з такім вось цмокам ды не дзе-небудзь, а ў Польскім каралеўстве, у Кракаве, на самім Вавелі?
Ізноў узгадалася даўняе паданне пра вавельскага цмока, які палохаў насельнікаў пякучым агнём ды смерцямі, калі выпаўзаў наверх і якога польскія рыцары загналі глыбока да гарцукоў. А гарцукі падземныя духі наклалі на цмока закляцце, каб той нідзе не знайшоў шчыліны і не выпаўз адтуль. Цяпер пачвара сядзіць унізе і толькі час ад часу страсае гару, на якой польскія каралі пабудавалі замак.
Падлога, выкладзеная дубовымі новымі дошчачкамі, якія складаюцца ў цёмна-карычневыя кругі, была халоднай, таму Ягайла спусціў ногі, шукаючы цёплыя мехавыя чуні, у якіх зручна нагам і, не ўбачыўшы іх, зноў нацягнуў на сябе коўдру, не жадаючы клікаць апранальшчыка, які дзяжурыць ля дзвярэй. Пасьцельнічы Судзімонт, якога ўзяў з сабой у Кракаў з Вільні, учора захварэў, а без яго каралю няўтульна.
Тры гады ён у Кракаве, а пачувае сябе тут чужынцам, за кожным крокам якога пільна сочаць сотні вачэй, а за кожным рашэннем тысячы. Вядома, зямянам і Вялікага Княства, і Польшчы ёсць справа да караля толькі тады, калі нешта змянілася ў іхнім жыцці ў горшы бок, але шляхта абедзвюх дзяржаваў не зводзіць з яго дзеяў, як кажуць у народзе, і вачэй, і слыху. Ёсць, вядома, і палякі, якія гатовыя служыць каралю і дапамагаць яму, і ён з мноства выбраў тых, каму больш-менш давярае: падэўскі доктар дэкрэтаў Дабрагост, біскуп пазнанскі Седзівой з Шубіна дый Ян з Тэнчына.[40]
Найбольшы клопат караля на сёння гэта стрыечны брат Вітаўт. Калісьці бацька Альгерд і бацька Вітаўта падзялілі паміж сабой уладу ў Княстве, мяркуючы, мабыць, што дзеці зробяць гэтак жа. Але часы прайшлі, вялікакняскі пасад павінен быць адзін, а цяпер, пасля уніі, тым болей. Яму, Ягайлу, аддаў бацька вялікі сталец, і за яго ён мусіў учапіцца, як за жыццё.
Кожны з братоў, унікаючы хіба Свідрыгайлу, які сядзіць у Віцьбеску разам з маці Юльянай, таксама ня супраць стаць вялікім князем. Праўда, Скіргайла якраз задаволены: ён у Троках застаўся замест вялікага князя, але ж не вялікі князь, а ўсяго толькі намеснік. У астатніх жа Альгердавічаў, асабліва ў сыноў Марыі Віцебскай, моцы няма, каб падняць усе тыя сілы, якія былі супраць уніі і асабіста яго, Ягайлы. Нават у Андрэя Полацкага, колькі б ні абяцала яму дапамагчы Масковія. Праўда, брата Андрэя, што дапамагаў Дзмітру маскоўскаму ў кулікоўскай бітве, давялося ўтаймоўваць доўга. Утаймавалі цяпер сядзіць унізе ў цямніцы, яму там да цмока бліжэй. І ў Вітаўта такіх сілаў няма. Пакуль што. Але якраз менавіта Вітаўт здольны на тое, каб павесці за сабой усіх незадаволеных і каб справіцца з ім, Ягайлам, хаця ён сёння не толькі вялікі князь, але і кароль Польшчы.
Пакуль Вітаўт сядзіць у Луцку, але гэта зацішак перад навальніцай. Абое яны ведаюць гэта і рыхтуюцца да рашучага двубою. Бо паміж імі не толькі сталец Княства, але і кроў бацькі Вітаўта Кейстута, задушанага ў крэўскай вязніцы, і парушэнне клятвы, дадзенай некалі Кейстуту не ваяваць супраць яго. Хаця біскуп Ян Радліца патлумачыў, што клятва тая цяпер, калі ён перайшоў у каталіцтва, нядзейсная, усё ж добра памятае пра тое Ягайла. Паміж стрыечнымі братамі як стаіць і павешаны Кейстутам Вайдыла, і маці Вітаўта Бірута, якую кароль загадаў утапіць разам з усёй раднёй, і сотні іншых, менш значных людзей, шляхціцаў і зямянаў, вяльмож і простай чадзі,[41] пра якіх яны абое нават не ведаюць. Бо нехта і зараз імчыцца з Кракава са звесткамі пра тое, што ўчора сюды, да караля, прыслаў чарговы ліслівы ліст сам вялікі комтур[42] ордэну Конрад Валенрод, а ў Кракаў ці Вільню ляціць чалавек з Луцка, каб перадаць, хто з Вітаўтавых людзей вярнуўся з Мальбарка ад вялікага магістра фон Цольнера, бо ордэн вядзе сваю гульню на ўсіх шахматных дошках, пачынаючы ад Залатой Арды і Масковіі.
Ваша каралеўская міласць, ганец з Вільні, ад канцлера, пачуўся мяккі голас апранальніка. Ці Ваша каралеўская міласць прыме яго тут, у ложку, ці няхай пачакае?
Пра воўка памоўка, а ён і тут! буркнуў сабе пад нос Ягайла і неахвотна злез з ложка, калыхнуўшы балдахін і цягнучы за сабой прасціну з тонкага нямецкага палатна.
Што вы сказалі, ваша пачаў слуга, але Ягайла нецярпліва махнуў рукой:
Дай апранаху, сказаў! Не хапае яшчэ, каб мяне ў ложку заспелі ў такі час! Пасля будзе расказваць, што ў мяне мох з грудзей вылазіць!
Узгадаў падзеі свайго жанімства ў 1385 годзе, калі паны палякі ўгаворвалі яго ажаніцца са сваёй валадаркай ды заняць трон Польшчы, для чаго гвалтам выганялі ранейшага жаніха Ядвігі, аўстрыйскага эрцгерцага Вільгельма, з якім яна разам расла пры венгерскім двары ды якога кахала з дзяцінства. Ягайла быў для іхняй краіны выгаднейшым за кволага таго эрцгерцага, палякі памяталі пераможныя паходы на Польшчу і бацькі Альгерда, і яго самога. Тады біскупы Пятро Выш і Ян Радліца нямала пастараліся, каб Ядвіга згадзілася на шлюб з няведамым ёй ліцьвіном, старэйшым ледзь не ўдвая. Упрошвалі яе і іншыя, нават маці старалася як магла. Ды, узгадаў Ягайла з гумарам, як бы ні была гэтая дзеўчынёха засмучоная стратай Вільгельма, усё ж паслала свайго даверанага Завішу Алясьніцкага праверыць, ці праўда, што валадар Літвы, за якога прыйдзецца ёй ісьці, падобны да калматага звера. Разгадаўшы, чаго баіцца Ядвіга, Ягайла запрасіў даверанага ў лазню, і той мог на свае вочы агледзець усё, чым цікавілася маладзюткая, але надта ўвішная каралева. Аднак байкі пра калматага ліцьвіна ўсё не змаўкалі, і гэта, разам са многімі іншымі драбнюткімі ўколамі, злавала Ягайлу і надавала яму той пастаяннай, несьціханай злосьці, якая прарывалася пакуль што адно ў адносінах з жонкай-каралевай, здольнай у кожным, нават самым пачцівым слове свайго мужа пачуць глыбока затоенае, але здзеклівае адценне.
У тонкай кашулі, што бялюткай хваляй выбівалася з-пад зялёнага адамашкавага жупана, падперазаны шаўковым пасам з залатой гафтоўкай, выйшаў Ягайла ў прыёмны пакой, і ганец ў доўгім суконным каптане, запырсканым гразёй, схіліўся перад ім у нізкім паклоне, трымаючы ў правай руцэ пергаментны скрутак з пячаткай, на якой выразна выдзяляўся герб Пагоня.
Загадана ва ўласныя рукі, вашая каралеўская мосць, сказаў ганец, і Ягайла раптоўна пазнаў яго. Гэта той панцырны баярын, які трымаў харугву князя ў час іхняга стаяньня пад Куліковым полем у 1380 годзе, калі Ягайла, нягледзячы на абяцанне, так і ня выйшаў на дапамогу Мамаю супраць князя Дзьмітрыя і маскавітаў. Разлічваў на тое, што ў бітве саслабеюць абое і Мамай, і Дзмітрый маскоўскі, і тым узмоцніцца Вялікае Княства, на якое квапяцца і той, і другі.
Ён уздыхнуў. Там, перад тым полем, давялося стаяць і супраць памочнікаў князя Данскога, уласных родзічаў Андрэя полацкага і Баброка з Валыні, сына валхва, які, кажуць, прадказаў Дзмітрыю вялікую перамогу
Ты гэта ці не Арабей часам? запытаўся, гледзячы на ганца, кароль, і той, уражаны, заззяў шэрымі, ужо пачырванелымі ад пастаянных вятроў вачамі, засвяціўся ўсмешкай, паказаўшы адсутнасць кутняга зубу:
Ваша мосць памятае Не забыліся, як далі мне з уласных рук бортніцу з півам!
Ягайла пра тое ня памятаў, але задаволена ўсміхнуўся: ён любіў агаломшваць людзей сваёй незвычайна чэпкай памяццю, тым здабываючы іх прыхільнасць. Настрой у яго палепшыўся: перад гэтым як яго? Арабеем можна было б і ляжаць у ложку, ён прыхільнік, свой, і такіх у Вільні ўсё ж хапае. Дык, можа, ня варта гэтак трывожыцца?
Але прачытаны ліст зноў апусціў яго на зямлю і нават не на зямлю, а ў балота, у дрыгву, дзе даўно ўжо хаваліся іх з Вітаўтам сцежкі. На ганцоў, што везлі ў Кракаў завешчаны каралю скарб лідскага баярына, нехта напаў і забіў суправаджэнне! Але хто рабаваў? Калі напад на лідскі почат здзейснілі людзі Вітаўта, як піша сястра Марыя, дык гэта, лічы, усё роўна што клікун[43] месца Віленскага абвясціў пра вайну. Ліда родавае княства Ягайлы, якое перадаў яму сам бацька Альгерд і якое ён сам аддаў на ўтрыманне свайму парабку Вайдылу, ажаніўшы яго з сястрой. Вайдыла меўся забіраць сабе ўсе падаткі, нават грэбельнае,[44] але пры неабходнасці браўся даць у войска вялікаму князю гуф не меней за тысячу вояў. Пасля гвалтоўнай смерці Вайдылы гэтыя стасункі змяніліся: Ліда, якая наўрад ці выставіла б столькі вояў, цяпер наўзамен штогод давала асабіста яму нядрэнны даход, бо Марыі даставалася толькі чвэртка ад тых падаткаў і выплатаў, якія ішлі ў замкавую казну. Напасці на лідскі почат гэта горай, чым на гуф віленскі, бо Вільня не належыць Ягайлу, хаця ён і вялікі князь, Вільня усіхняя сталіца.