Ягайла, дазнаўшыся аб заручынах, болей не сумняваўся: Вітаўт напраўду рыхтуецца да вайны. Масковія пасля перамогі на Куліковым полі падымаецца, яна можа даць такому блізкаму родзічу патрэбную колькасць вояў, спадзеючыся перахапіць Вітаўтавы землі пасля ягонай смерці. Праўда, у князя ёсць двое сыноў, але ж, магчыма, знойдзецца нешта і для Масквы. А гэта ўжо справа яго, Ягайлы. Бо найперш цэласнасць Княства галоўны клопат вялікага князя і гаспадара ўсіх яго земляў.
Дарэмна многія праваслаўныя баяры голасна папракаюць яго, караля, у тым, што ён падпісаў у Крэве саюз з палякамі і тым нібыта інкарпараваў, уцялесніў свае землі ў склад чужой дзяржавы. Але унія 1385 году найперш выгадная Княству: яно зараз больш магутнае за Польшчу, якой мацней пагражаюць крыжакі, і, калі павесці справу так, як думаецца, магчыма, яго нашчадкі будуць каранавацца ў Вільні, а не ў Кракаве, і цэнтр адзінай дзяржавы будзе не тут. Таму ён не хацеў аб тым радзіцца з найвышэйшымі панамі Польшчы. Найперш трэба было рыхтаваць да чарговага змагання Літву. І, вядома, крыжакоў. З імі лягчэй дамовіцца. За кавалак Княства, напрыклад, родавую Вітаўтаву Жмудзь, яны гатовыя будуць дапамагчы. Калі Вітаўт не апярэдзіць яго і не прапануе тую ж Жмудзь за дапамогу яму самому Гэта ўжо занадта! думаў Ягайла, і злосць закіпала ў ім, як вада ў вялікім катле. Мала таго, што ён украў скарб баярына, завешчаны мне, дык яшчэ і сасватаў Софю за маскоўскага княжыча, каб заручыцца падтрымкай Масквы! Вядома ж, прымусіў ці ўгаварыў таго маладога дурня не хто іншы, як Вітаўт. І ўсё гэта змова, не што іншае! Змова за маёй спіной! Разлютаваны, ён не заўважаў, што, не дачакаўшыся вынікаў расследавання, сам ужо абвінавачвае стрыечнага брата ў крадзяжы завяшчанага яму, Ягайлу, скарбу.
Таму, калі ў Кракаў нарэшце прыехаў пасланец ад самога Вітаўта баярын Кучка і прывёз паведамленне аб заручынах Васіля і Софі, якое луцкі князь суправадзіў лістом, дзе хлусліва, як падалося каралю, яшчэ раз згадваў аб міры і сяброўстве паміж імі, Ягайла не сцярпеў: загадаў катаваць баярына, пакуль той не скажа праўды аб усім, што адбылося ў Луцку. І аб перамовах з Масквой. Але баярын Кучка памёр пад час расцягвання на дыбе ў кракаўскіх падзямеллях, нічога не паведаміўшы аб скліканні Вітаўтам войска ці якіх-небудзь яго ваенных планах.
Дарадчыкі дакаралі караля за гарачлівасць, але справа была зробленая: смерць пасла азначала разрыў хаця і вельмі нетрывалых, але рэальных зносінаў з небяспечным праціўнікам Польшы і уніі. Вітаўт цяпер мог пісаць у іншыя краіны аб тым, што кароль першым пачаў вайну.
Паны каронныя былі надта незадаволеныя: так патрэбнае ў гэты нялёгкі час пераміре было парушанае, і цяпер заставалася толькі адно канчаткова задушыць Вітаўта, размесці і расцярушыць яго сілы, яго падтрымоўшчыкаў. Але як зрабіць гэта, калі сярод прыхільнікаў барацьбы такія знатныя і важныя асобы, як родныя браты караля? Кожны з іх паасобку супраць Вітаўта, але яны прагнуць волі і незалежнасці Княства, яны спяць і мараць зноў адрэзаць сваю краіну ад Польшчы і таму пакуль што застаюцца праціўнікамі і караля, і Кароны.
І ў самой Польшчы ў Вітаўта ёсць родзічы той жа Януш Мазавецкі, муж сястры Дануты. Ён, вядома, ня дасць Вітаўту прытулку, але ж можа пазычыць грошы, спадзеючыся на паслабленне прышлага караля, які ўсе гады, што сядзіць на троне, нялітасціва ставіцца да яго, Вітаўтавага швагра.
Разблытваць усе гэтыя клубкі заселі ў Вавелі палітыкі Кароны, і напружаная цішыня павісла над замкам, нават кухары стараліся цішэй стукаць сваімі катламі ды тарэламі. А па начах, казалі людзі, над Вавелем быў бачны чырванаваты водбліск, нібыта гэта пад гарой сапраўды варочаўся цмок і спрабаваў сваім агнём выплавіць выхад на белы свет, да дзеяў
Примечания
1
варцобы шахматы
2
малжонка жонка
3
панцырныя баяры баяры-воі, якія называліся так таму, што ў час вайны былі абавязаныя абараняць радзіму ў складзе войска (сваім панцырам).
4
гаспадар так у ВКЛ называлі вялікага князя
5
Вітаўт быў сынам Кейстута(па некаторых крыніцах, Кейстут быў родным братам вялікага князя Альгерда па маці Вользе) і, такім чынам, пляменьнікам Альгерда і стрыечным братам Ягайлы
6
бедзявеі верхавыя коні, рысакі
7
паводле археалагічных раскопак, у самым лідскім замку не было гаспадарскіх пакояў. Мяркуецца, што пакоі ўладальнікаў былі непадалёк ад самога замку.
8
печнікі, людзі, што паляць печы. На мой погляд, памылковае азначэнне гэтага слова прывяло да таго, што забойцамі Кейстута ў некаторых крыніцах называюцца БРÀТÛ ÆÛБЯНÖЯІ Кучук ды Лісіца, у той час як гэта былі проста печнікі з такімі імёнамі.
9
вялікакняскі трон
10
замкі і двары даваліся гаспадаром княства ў так званае дзяржанне выкарыстанне на пэўны час.
11
чарніла
12
некаторыя беларускія даследчыкі абвяргаюць сцверджанні польскіх даследчыкаў, што Ягайла быў непісьменным
13
Свідрыгайла (у праваслаўі Ëеў, у каталіцтве Баляслаў, каля 13701452). Ïасля смерці Вітаўта вялікі князь літоўскі (1430-32).
14
трасяніца, трасца малярыя
15
месца горад, мястэчка
16
дзякло прадуктовая рэнта за выкарыстанне зямельнага надзела. Àддавалася пераважна прадуктамі
17
гаціць класці гаці на балоцістых участках дарогі
18
абозны займаўся раскватараваньнем войска (ці атрада), выбарам месца пад лагер і яго ўмацаваньнем
19
рэйзы кароткія паходы немцаў углыб чужой тэрыторыі
20
рэзаны кароткія пасечаныя (абрэзаныя) кавалкі серабра
21
ручайкі нітак складзенае ў некалькі нітак прадзіва
22
пра волатаў: археалагічныя даследванні гавораць пра знойдзеныя шкілеты волатаў (адсюль, мабыць, пайшла і назва валатоўкі). А. Мулдашаў, усьлед за К. Блавацкай, піша пра сваю тыбецкую эксьпедыцыю, якая пацьвердзіла факты існа- ваньня папярэдняй цывілізацыі і веліканаў, называючы іх лямура-атлантамі
23
карзно плашч
24
корд кароткі кінжал
25
Добра, вельмі добра!
26
рабакі чарвякі
27
віслены гуляшчыя жанчыны.
28
урокі заданні, якія даваліся ў гаспадарцы слугам
29
пенязі грашовая адзінка ў ВКЛ
30
паны зацныя паважаныя людзі гораду
31
клямры шнуркі
32
Лель і Лада бог і багіня кахання ў старажытных язычнікаў- славянаў
33
ірый у дахрысьціянскія часы так называлі рай
34
у порты ўлез звычайна хлопчыкі да 12 гадоў хадзілі ў ка- шулях без портак
35
гуфы вялікія атрады. Ïочат мог быць зусім невялічкім атрадам.
36
галузь вецце
37
Род і Парадзіхі старадаўнія славянскія багі плоднасці
38
Кёльнская вада адэкалон
39
брок ахвяра
40
усе яны гістарычныя асобы
41
чадзь простая чадзь сяляне, дробныя рамеснікі, залеж- ныя ад баяраў
42
комтур маршал Ордэну. Магістр кіраўнік Ордэну. Конрад Валенрод быў спачатку маршалам, пасля вялікім магістрам.
43
клікун вяшчальнік, глашатай
44
грэбельнае падатак на грэблю на дарогах воласьці.
45
гэта гістарычны факт: сапраўды, Гневаш быў асуджаны сядзець пад лавай і гаўкаць па-сабачы, час ад часу выгукваючы, што ён аблаяў каралеву, як пёс.