Знак Вялікага магістра - Вольга Міхайлаўна Іпатава 14 стр.


Гэта сапраўды была рэдкая ўдача для паляўнічага: зубры вадзіліся пераважна ў паўночнай частцы Княства, тут, пад Луцкам, іх было няшмат. Таму не дзіва, што Васіль, раптоўна ўбачыўшы вялізнага, ніколі раней не бачанага звера, разгубіўся. Лук у ягоных руках ацяжэў, як ператварыўшыся ў камень, сам жа ён як быццам па калені ўрос у зямлю.

Ніхто не паспеў нават вокам міргнуць, як звер, што прыпыніўся на імгненне, раптам заўважыў проста перад сабой чалавека і кінуўся да яліны. Прасвісталі дзве ці тры стралы, але толькі адна, мабыць, Вітаўтава, трапіла ў бок зверу. Ды гэта яго не спыніла: з нечаканай вёрткасцю разюшаны волат абагнуў яліну і вострыя, як смерць, рогі ўжо дакрануліся да выстаўленага наперад луку, якім княжыч нібыта спадзяваўся абараніць сябе. Ніхто не паспеў сказаць ані слова, як, адштурхнуўшы Васіля і высока ўзняўшы сякеру, перад зубрам раптоўна паўстаў Вітаўтаў драбант Костка. Магутны, як сам зубр, ён з нечалавечай сілай усадзіў проста ў лоб зверу, адразу раскраіўшы яму чэрап, бліскучую сякеру.

Зубр яшчэ паспеў таргануцца наперад, дзіка зараўсці (здавалася, здрыганулася пушча) і заваліцца ўсёй сваёй агромністай тушай на смелага ваяра, але тут схамянуўся Васіль, і ягоная сякера канчаткова разваліла магутны чэрап звера надвое. Аднак і ён не ўтрымаўся на нагах, і паваліўся на мох, зачапіўшыся ботам за пругкую зялёную дзеразу.

 Ты жывы, дзякуй Перуну!  толькі і сказаў уражаны Вітаўт, забыўшыся, што ён хрышчаны і нягожа князю ўзгадваць даўніх дзедаўскіх багоў.

 Жывы-ы  прастагнаў княжыч. Да яго з усіх бакоў кінуліся княскія слугі, і Вітаўт, пераканаўшыся, што ў будучага зяця цэлы хрыбет і рукі-ногі, адразу пераключыўся на тое, што адбывалася вакол. А было тое, што гоншчыкі якраз падагналі да засады тых лясных насельнікаў, што не змаглі выбрацца з іхняй жорсткай аблогі.

Калі княжыч падняў галаву, пабачыў: стрэлы паляўнічых лятуць хмарай, несучы смерць незлічонай колькасці дзічыны, што сцяной ломіць маладзенькія дрэвы і вытоптвае зеляніну травы і моху пад сабой. Костка тым часам тузаўся пад магутным сцягном зубра, спрабуючы ўстаць на ногі. Васіль сам выцягнуў свайго ратавальніка з-пад акрываўленай, гарачай тушы вялізнага звера, абмацаў яго хрыбет, таму што ўсё астатняе зажыве, загаіцца, а калі пашкоджаны хрыбет, то чалавек не доўга працягне да дубовай калоды.[47] Той са стогнамі выпрастаўся, паспрабаваў сагнуць руку, ды заенчыў, яна ў яго, мабыць, была паламаная.

 Калі даеду да Масквы, узнагароджу цябе як мае быць, а пакуль што толькі падзяку і магу выказаць,  сказаў княжыч, глянуўшы на зубра і сцепануўшыся ўсім целам.

 А галаву вазьму з сабою, калі ў вас ёсць умельцы засушыць яе. Няхай нашыя маскавіты паглядзяць на гэткае дзіва.  Сказаўшы гэта, ён азартна схапіўся за лук, таксама адразу забыўшыся на ўсё, захоплены тым, што адбывалася на паляне. А там падалі пад лесам дзідаў і стрэл усе, каго ўзялі ў сваё шчыльнае кола дагоншчыкі і каго выгналі на засаду: жаўтавокія ваўкі з аскаленымі пашчамі, карычнева-жоўтыя гнуткія рысі з вушамі-пэндзлікамі, шэрыя тлустыя зайцы, танканогія алені з высокімі ўзорыстымі рагамі. Іх ірвалі, ашалеўшы ад крыкаў і стрэлаў, дужыя выкармленыя ганчакі (некаторыя з іх у агульнай гарачцы таксама палеглі пад таропкімі, неразборлівымі стрэламі), дабівалі слугі, перадаючы здабычу на вялізныя фурманкі, якія адразу ж адязджалі некуды, мабыць, кіруючыся ў замак.

Апянелыя ад крыві і забойстваў, стомленыя ад бесперастаннага нацягвання цеціваў, кідання дзідаў, паляўнічыя нарэшце сабраліся разам. Адно Вітаўт выглядаў гэткім жа спакойным і сабраным, як і раніцай. Васіль жа пачуваў сябе зусім змораным. Ні разу не бачыў ён столькі дзічыны, сабранай разам, не даводзілася яму бачыць жывымі і звяроў, чыімі футрамі былі падбіты ягоныя адзежыны, калі жыў у Маскве.

Тым часам да паляны падехалі жанчыны, якія назіралі за паляваннем з недалёкага адсюль бяспечнага пагорку, зверху. Наперадзе ўсіх ехала княгіня Ганна высокая, танклявая, у бабровым кабаце і высокай аксамітавай шапцы, за ёю трымалася сястра Вітаўта Рынгайла румяная, бялявая прыгажуня. Амаль поруч з ёю ехала на попельна-сярэбранай кабыліцы шаснаццацігадовая Софя, доўгая каса яе была перакінутая на плячо і вілася чорнай змяёй па чырвонаму сукну плашча. Яна трывожна азірала паляну і, пабачыўшы спатнелага, расхрыстанага Васіля, спачатку недаўменна ўскінула шырокія бровы, пасля, зразумеўшы, што ён не паранены, усмешліва пазірала, як ён шырака ўсміхаецца ёй насустрач, забываючыся на процьму людзей, што немаведама адкуль узяліся на паляне. Сярод іх быў і мітрапаліт Кіпрыян, які з радасцю блаславіў заручыны дачкі Вітаўта з княжычам маскоўскім, спадзеючыся стаць духоўным валадаром абедзвюх земляў (і стаў ім пасля смерці маскоўскага мітрапаліта Пімена ў 1389 годзе).

Тым часам з забітага зубра вырвалі стралу, якая спыніла ягоны шалёны скачок на княжыча.

 Твая, гаспадар!  выкрыкнуў галоўны лоўчы Гуз, і дадаў, разглядаючы жалезны наканечнік: Ці не ў сэрца ты яму адразу патрапіў, гаспадар? Гэта ж першы раз такое бачу!

Вітаўт з цікавасцю зірнуў на стралу.

 Гаспадар, ты страляеш лепей за сваіх братоў!  голасна мовіў баярын Кучка, і ўсе засмяяліся: успомнілі пра вядомы рыцарскі турнір у Троках, калі Вітаўт перамог усіх княжычаў, а Ягайлу пакінуў далёка ззаду, бо той толькі аднаго разу патрапіў у цэль.

Успамін пра Ягайлу быў непрыемны. Усе ведалі, што Луцк быў аддадзены Вітаўту для таго, каб адправіць яго надалей ад Вільні. Кароль Ягайла не выканаў ніводнага абяцання, дадзенага пасьля першага паходу Вітаўта да крыжакоў у 1384 годзе: не вярнуў яму бацькавы княствы, не ўвёў яго ў склад паноў-рады і тым не даў магчымасці ўзьдзейнічаць на палітыку Княства. Ягайла накінуў на шыю Вітаўта пятлю і павольна, але няўхільна, стараўся сцягнуць яе на шыі стрыечнага брата. Таму князь адвярнуўся і адразу загаварыў да жонкі, вітаючы яе, затое маскоўскі княжыч узяў з рук Гуза стралу са словамі:

 І табе, гаспадар, век не забуду сённяшняга палявання! Каб не ты ды не твой ахоўнік, ляжаў бы я прапораты гэтымі вунь рагамі, ён кіўнуў на зубра, якога не змаглі падняць некалькі слугаў і якія адразу ж пачалі лупіць з яго скуру, каб пасля рассячы звера на колькі кавалкаў ды хаця такім чынам вывезці з лесу гэткі груз.

Вітаўт пранікліва зірнуў на яго. Не частая праз усё іхняе знаёмства ўсмешка асвяціла ягоны хударлявы твар, і Васіль зразумеў, чаму нават ворагі гэтага разумнага і дасціпнага чалавека казалі, што ягоны позірк зачароўвае і вабіць сэрца кожнага.

 Глядзі, княжыч, не кідай словы на вецер! Яны, словы, могуць вяртацца да нас і стукаць па патыліцы ў самы нязручны час! Можа, лёс нас з табой не пасварыць, мы не сыдземся з табой у баі, хаця ўжо амаль што родзічы.

Прысутныя заварушыліся. Яшчэ не ўсе з іх ведалі пра дамову княжыча з Софяй: аб гэтым было ўголас сказана ўпершыню.

 Вы, ліцьвіны, кажаце: Пакуль сонца ўзыдзе, раса вочы выесць! Вось ажэніцца тады і будзе родзічам!

 падаў голас Марквард Зальцбах.

Усе з дакорам пакасіліся на крыжака: такая прымаўка як нядобрае прадказанне ці пажаданне! Але не зачыніш рот палонніку, які жыве тут на правах амаль што госця.

 Будзе ў нас з табой якая завалока, то спачатку ты, калі сапраўды пра сённяшняе паляваньне згадаеш, пашлі да мяне пасла!

 Гаспадар  пачаў быў княжыч, але Вітаўт махнуў рукой, засмяяўся:

 Праўда, ты яшчэ не гаспадар Масковіі, і невядома, ці я дачакаюся твайго княжання на Маскве, але дачку маю ты мусіш берагчы! Яна, каб была мужчынам, мяне б пераўзышла!

(Васіль праз усё жыццё не забываўся, як Вітаўт прымаў яго, і многіх спрэчак у будучыя гады паміж Масквой і Вільняй пазбеглі зяць і цесць, хаця варагаванне краінаў нарастала ўжо незалежна ад іх саміх: расла Масковія, патрабавала новых прастораў і людзей. Софя ж (так распарадзілася Гісторыя) нарадзіла спадчынніка маскоўскага княства і пасля ранняй смерці мужа заўсёды была поруч з сынам. Калі супернікі-родзічы асляпілі сына, не дала яму ўпасці ў адчай і нават, у яго адсутнасьць, здолела выратаваць Маскву ад татараў, арганізаваўшы магутную абарону гораду, хаця тады ёй было за восемдзясят).

Неспадзяванка

Праз колькі гадзінаў пасля таго палявання па дарозе на Кракаў ужо ляцеў непрыкметны, бедна апрануты луцкі месціч. Калі б хто абшукаў яго, то нічога падазронага не знайшоў бы: ну едзе і едзе сабе кудысьці чалавеча А між тым вёз ён надзвычай важнае паведамленне аб тым, пра што хутка даведаюцца ў многіх дзяржавах, а менавіта навіну аб заручынах маскоўскага княжыча з дачкой Вітаўта. Навіна была сапраўды надзвычай важнай, таму, калі пасланец перасёк памежжа, ён пакінуў загнанага каня ў мястэчку, а сам перасеў на новага. Таму ўсяго праз чатыры дні данясенне аб тым было дастаўленае польскаму каралю.

Ягайла, дазнаўшыся аб заручынах, болей не сумняваўся: Вітаўт напраўду рыхтуецца да вайны. Масковія пасля перамогі на Куліковым полі падымаецца, яна можа даць такому блізкаму родзічу патрэбную колькасць вояў, спадзеючыся перахапіць Вітаўтавы землі пасля ягонай смерці. Праўда, у князя ёсць двое сыноў, але ж, магчыма, знойдзецца нешта і для Масквы. А гэта ўжо справа яго, Ягайлы. Бо найперш цэласнасць Княства галоўны клопат вялікага князя і гаспадара ўсіх яго земляў.

Назад Дальше