Знак Вялікага магістра - Вольга Міхайлаўна Іпатава 2 стр.


Княгіня Марыя з сілай сашчапіла рукі, паднесла да падбародка. Костачкі ейных кароткіх пальцаў занылі ад напругі, і яна аслабіла намаганне. Мінулае зараз апанавала яе з надзвычайнай сілай шкадавання ад таго, што нічога з таго, што ўжо адбылося, вярнуць нельга. Яна адна, без мужа, без падтрымкі, а брат Ягайла далёка і яму не да сястры, не да ейных клопатаў. А чаму адна? Па чыёй віне? Па віне Кейстута, стрыечнага дзядзькі, які, праязджаючы праз Ліду па дарозе ў Ноўгарад-Северскі, спатоліў сваю даўнюю нянавісьць і загадаў сьцяць горлам павесіць ейнага мужа Вайдылу! Даўно тачыў ён зубы на Вайдылу, даўно абвінавачваў у тым, што той, яшчэ з часоў, калі быў любімым служкам вялікага князя Ягайлы і сьцяліў яму ложак, нагаворваў на яго, Кейстута, усялякую пошасьць і служыў крыжакам.

Узгадалася, як страшна крычаў перад смерцю муж, спачатку нялюбы і нежаданы, а пасля звыклы і зразумелы да апошняе жылкі. Так, раней, і праўда, быў ён усяго вялікакняскім пекарам, які дагадзіў яе брату не толькі смачнымі пірагамі, і найперш ня імі, а адданасцю і любоўю ў паходах. Стаў ён любы Ягайлу клопатам пра яго, малодшага з княжычаў, сыноў Альгерда, на якога старэйшыя браты ніколі асабліва не зважалі, лічылі яго нікчэмнікам. Бацька, Альгерд, радзіўся толькі з імі, слухаў толькі іх: ганарыстага Андрэя, буйнага Свідрыгайлу, асабліва ж даўгалыгага Вітаўта, пляменніка, празванага рыцарам. А Вайдыла дагаджаў маладому княжычу дзе і як мог, усюды падкрэсліваў, што менавіта Ягайла самы разумны і дабрадзейны з усіх. І таму, атрымаўшы па смерці бацькі вялікакняскі сталец,[9] узвысіў Ягайла Вайдылу, ды так, што ажно аддаў яе, сястру, у той час удаву, у жонкі гэтаму пекару. Колькі яна пераплакала, колькі спачувальных, здзіўленых, пагардлівых позіркаў джалілі яе да самага сэрца! Ды выбіраць яна не магла: удавіцы трэба было толькі радавацца, што не зьвякуе астатак жыцьця адна.

Аднак, калі пераехалі яны сюды, у Ліду, у княства, якое атрымаў ад бацькі Альгерда і аддаў ёй і Вайдыле ў карыстанне Ягайла, думкі яе перамяніліся.

Вайдыла абкружыў сваю княгіню пашанай і любоўю. Кожнае жаданне, нават самае мімалётнае, стараўся выканаць. Запрасіў у замак спевакоў менестрэляў, глумцоў-актораў, блазнаў. Вучыў яе адрозніваць заечыя слядкі ад сабачых, а таксама паказваў розныя паляўнічыя штукарствы: прыкладам, як нацкаваць ганчакоў на аленя. Яна палюбіла паляванне, палюбіла летнія вечары, калі ўдваіх з мужам сядзела ў высокай вежы, адкуль далёка бачыліся палі і пожні, праз якія вілася сіняй змяёй рэчка Лідзянка, прападаючы ў вечаровай смузе, ледзь пафарбаванай у ружовае. Яны ўдваіх марылі, што іхнія дзеці могуць некалі заняць вялікакняскі сталец у Вільні. Так, яна, Марыя, марыла аб тым чаму і не? І ўжо не думала пра тых валадароў, з якімі яна магла б быць каралевай альбо вялікай княгіняй. Таўставатай і караткапалай нарадзілася князёўна Марыя, і ня раз папракнулі б яе ў тых далёкіх землях залоўкі ці сама сьвякроў, што толькі з-за пасагу, земляў ды славы бацькі Альгерда, узялі яе і тым ашчаслівілі. А тут, у Ягайлавай вотчыне, узяўшы Лідскую зямлю ў дзяржанне,[10] сама яна зрабіла сябе шчасьлівай разам з Вайдылам, які нястомна гаспадарыў на гэтых землях і крок за крокам прыбіраў да рук занадта пыхлівых суседзяў баяраў.

Кейстут! Ці толькі з-за няславы вялікакняскай сямі павесіў ён былога пекара, улюбёнка Ягайлы? І ці толькі таму, што варагаваў з Ягайлам, не давяраў яму, убачыўшы пляменнікавую здраду? Але няма ў князёў спадчыннікаў здрады, бо ў кожнага з іх вяршыня там, дзе ён сам.

Другі раз засталася Марыя ўдавой. І хаця брат яе вялікі князь, што ўжо пяць гадоў як стаў яшчэ і каралём польскім, наўрад ці хто зноў возьме яе за сябе: пабаіцца. Няшчасце вісіць на ўдаве, як торба з нядоляй, і нікому не перадасі яе. Таму вось ужо тры гады збіраецца яна выехаць адсюль, з Ліды. І выехала ўжо, ды вярнуў яе назад з Вільні Ягайла. Цяпер жа, пасля многіх просьбаў, Ягайла схіляецца перадаць Ліду іхняму роднаму брату Дзмітрыю Карыбуту, князю новагародскаму, тым вызваліўшы яе ад клопатаў. А іх не пералічыць!

Вось і зараз як напісаць вяльможнаму брату, што пасланыя ў сталіцу скарбы зніклі? А што, калі Ягайла падумае на яе? Нічога не скажа, а падумае. І тады тады не схавацца ад яго ні тут, у бацькавым замку ў Лідзе, ні на краю зямлі. Нелітасцівы ён да бліжніх Таму што якраз сваякі далі яму найбольш клопатаў тут жа сярдзіта азваўся ў ёй другі голас. Гэты самы голас учора загадаў ёй не пакідаць сабе, як спярша хацелася, а пакласці назад у куфэрак залаты з пярлінамі бранзалет, які так пасаваў да вавёрчынай аблямоўкі ейнай аксамітавай сукні. Можа, не варта было яго слухацца? Цяпер бы мела пры сабе хаця б бранзалет, што ўчора выкралі чужынцы

Вось і зараз як напісаць вяльможнаму брату, што пасланыя ў сталіцу скарбы зніклі? А што, калі Ягайла падумае на яе? Нічога не скажа, а падумае. І тады тады не схавацца ад яго ні тут, у бацькавым замку ў Лідзе, ні на краю зямлі. Нелітасцівы ён да бліжніх Таму што якраз сваякі далі яму найбольш клопатаў тут жа сярдзіта азваўся ў ёй другі голас. Гэты самы голас учора загадаў ёй не пакідаць сабе, як спярша хацелася, а пакласці назад у куфэрак залаты з пярлінамі бранзалет, які так пасаваў да вавёрчынай аблямоўкі ейнай аксамітавай сукні. Можа, не варта было яго слухацца? Цяпер бы мела пры сабе хаця б бранзалет, што ўчора выкралі чужынцы

І цяпер, калі яна, размінаючы свае кароткія пальцы, наморшчыўшы лоб, разважала, хто б мог напасці на яе слуг, той жа голас раптоўна падказаў ёй: Вітаўт! Сын Кейстута!. І яна адразу паверыла яму.

А можа, гаварыла ў ёй даўняя віна, і яна імкнулася перакласці яе на таго, перад кім сама была вінаватая? Бо ні цяпер, ні раней не хацела ўзгадваць лідская княгіня, што менавіта яна, Марыя, дабілася-ткі колькі гадоў таму ад Ягайлы злашчаснага загаду, згодна з якім палонены Вітаўт ужо ня выйшаў бы з Крэўскага замка жывым, гэтак жа, як і перад тым ягоны бацька Кейстут. Як радавалася яна смерці Кейстута! Але мусіў бы заплаціць за ейнае няшчасце і ягоны сын!

Так, яна, і толькі яна (праўда, пры падтрымцы маці, княгіні Юльяны), угаварыла брата напісаць той ліст да кашталяна Крэўскага замка Прокшы. Ягайла, нягледзячы нават на просьбы маці, не хацеў яго падпісваць: ён слабы духам, малодшы ейны братка!  але знайшлася ўсё ж хвілінка, калі яны ўдваіх з матуляй змаглі дабіцца свайго.

Заплюшчыўшы вочы, яна ўзгадала той верасень 1382 году густы, як гарбузовая каша, туман завіс за слюдзяным вакном высокай вежы ў вялікакняскім замку ў Вільні, ліпнуў да вокнаў і свечкі не маглі разагнаць шэрай імжы ў пакоі, кідаючы бледна-жоўтыя плямы святла на залатую аблямоўку Ягайлавага каптана, на яго бледны, чамусьці таксама жаўтаваты твар. Яна ціхенька пагладзіла брата па мяккіх русявых валасах. А левай рукой моцна, нібы ён мог зваліцца з дубовага стала, трымала пергамент са злавеснымі словамі, якія неслі смерць гэтаму паганцу Вітаўту, народжанаму ад чараўніцы. Ягайла глядзеў на пергамент той, нягледзячы на сьвятло, чамусьці таксама выглядаў шэрым, як туман за вакном, і пяро ў яго руцэ мелка трэслася.

 Ён вучыў мяне скакаць на кані!  яго словы былі, як стогн.

 Ягоны бацька пазбавіў цябе стальца! Ён сілай узяў замак і абявіў сябе вялікім князем! Кім бы тыў быў сёння, каб я не штурхала цябе ў бок і не патрабавала дзейнічаць?  ад вакна азвалася Юльяна. Высокая, грузная, у зялёнай, пад колер вачэй сукні, аблямаванай рудой лісой, яна лашчыла пушыстую котку, што ляжала на каленях, і ў такт сваім словам прыстуквала нагой, абутай ў жоўтыя скураныя бачуркі чаравікі. У ёй была заўсёдная сіла, і ён, як мог, імкнуўся не паддацца ёй. Усё ж ён вялікі князь і ўладар, а яна ўсяго толькі княгіня маці!

 Бог не папусціў, я вярнуў сабе трон і ўсе правы!

Брат злаваўся, яна, Марыя, гэта бачыла і ведала, аб чым ён думаў: усе яго словы чамусьці гучалі як стогн.

 Але патраціў на тое два гадавыя даходы!  парыравала Юльяна. Яна прывыкла ціснуць на сына,  каб не яна, ён бы так і застаўся простым князем, якога са стальца скінуў Кейстут. І тады навошта ўсе гэтыя гады, калі яна разам з мужам умацоўвала праваслаўную частку Княства ў процівагу жамойцкай, Кейстутавай?

 Вітаўт брат мне!

 Сцеражыся, сын! Ён будзе помсціць за бацьку такі закон жыцця! І ты хочаш пакінуць яго жывым?!

Марыя дзівілася гэтай братавай слабасці. Ну і што, што Вітаўт стрыечны брат? Родзічы якраз і ёсць самыя небяспечныя. І Вітаўт ім радня, і Кейстут ім дзядзька. Але ж менавіта дзядзька другі раз зрабіў яе ўдавою!

Марыя, нібы зноў перанёсшыся ў той дзень, нанова, як старонні сведка, слухала няўмольны голас маці, якім тая нібы схіляла сына над пергаментам, што ляжаў перад ім. І зноў памятала тое помслівае, гарача-радаснае пачуццё, з якім трымала ліст загад аб смерці Вітаўта, на якім Ягайла павольна, сагнуўшыся, нарэшце выводзіў чорным атрамантам[11] сваё імя.[12] Яны былі, разам з пісарам, што трымаў напагатове пячатку і воск, учатырох у пакоі. Кашталян віленскага замка з двума памагатымі стаяў за дзвярыма, гатовы тут жа паслаць ганца ў Крэва. Аб тым таксама паклапацілася яна, Марыя,  каб ніхто не дагнаў ганца, калі раптам брат зноўку перадумае

Назад Дальше